Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Жменьку слуцкай зямлі на ягоную магілу павёз Алесь Ганаровіч…

1995 - 1999

Кніга другая. ХТО ВОЛІ ПРАГНЕ

Мінулага баіцца той, хто не ўпэўнены ў сваім сённяшнім і заўтрашнім дні.

Якуб Колас

* * *

Гасцяванне тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага чэрвеня ад Раства Хрыстовага ў горадзе кожны заўважаў па-рознаму: пацішэлі, напяліся немцы, на рынку знікла малако, на цагляныя разваліны і крушні друзу бесклапотна ўзбеглі чубкі лебяды й асочышча, злосная талачэча загула на вакзале, у катэдральным касцёле змяніўся, святар…

Пляц Волі патанаў у сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцаю — і знікла, нібыта расталад Скразняк, слабы, няўпэўнены — ад рэчкі, праз прогу каля Святадухаўскай царквы…

…Езавітаў развітваўся з Радзімай не ўпяршынь. Напачатку былі расстанні ўзнёсла-юнацкія, калі пасля летніх вакацыяў мусіў ехаць у няветлы Дзвінск, дзе ў крэпасці служыў афіцэрам бацька. Затым — змушаны ад'езд у 1918-м разам з Радаю ў Вільню. І вось — адыход сённяшні…

Паволі перайшоў на другі бок пляца, у царкве запаліў тры свечкі, прачытаў «Войча наш» — і зусім не па-вайсковаму прашомкаў да выхаду. Прысеў на шурпаты валун (ці не з якога-кольвек падмурка?), запаліў горкую папяросіну, азірнуў на царкву — і ейны франтон з дзвюма вежамі-званіцамі ўявіліся нябеснай брамай, пракаветным уваходам з учора ў заўтра..

Частка I

Яраслаўскія сустрэчы

Вецер дзьмуў з рэчкі — вогкі, сіверны. У гарадскіх кварталах ён разбягаўся скразнякамі, гарэзіў абарванымі-абсыпанымі лістамі, гнаў-кружляў, змятаў іх у дворыкі й расцярушваў пад калёсы фурманак.

Такога шматлюдства Яраслаўль ужо даўно не бачыў. Напачатку ў горад штодня конна дабіраліся па некалькі сем'яў і незаўважна спыняліся ў пастаялых дварах. За лета ўсё было занятым, і гружаныя небагатым хатнім скарбам вазы грукацелі гарадскімі брукаванкамі далей на ўсход. Чым больш прасоўваўся фронт, тым больш люду пералівалася праз горад. Сотні паязджанаў абжывалі закінутыя ў тупіках вагоны, запаўнялі вакзалы.

Калі летам 1915 года запалыхала ў вайне Беларусь і штаб Заходняга фронта размесціўся ў Менску, у паязджанства падаліся і беларусы. Некалькі берасцейцаў Максім сустрэў пазаўчора на рынку — спрабавалі абмяняць вырабленыя аўчыны на штось з'естнае, а вось зараз — нечаканае знаёмства з менскім аднагодкам…

Напачатку на Стрэлцы, дзе месціўся Дзямідаўскі ліцэй, яго спыніла абвязаная ў цёплую хусту жанчына і боязна спытала:

–  Падкажыця, як то на ваш крэмель выйсьці? Ублудзіла ето я… — чорныя смаляныя бровы, а пад імі — натомленыя вочы, і твар, хоць і не маршчыністы, але старэтны, збялелы.

У Максіма зайшлося сэрца: «І яна ці не з нашых мясцін!?»

–  Прама па вуліцы, а як рэчка заверне, то і вам направа трэба. Праз метраў дзвесце і ўбачыце гарадскі крэмль…

–  Дзякуй, а то, знаяце, ад сваіх адбілася… Хаця б без мяне не рушылі… - жанчына перакінула ў другую руку пакрытую мехам карзіну і цяжка пасунулася на другі бок вуліцы.

–  Давайце дапамагу данесці! — Максім дагнаў жанчыну, а тая раптам асела, выпусціла карзіну (яна кульнулася, і па брукаванцы пакацілася некалькі бульбін), застагнала й хапілася за жывот.

–  Што з вамі?.. — Максім зніякавеў, нагнуўся падбіраць бульбіны, а жанчына прытулілася да слупа, патужылася ўзняцца — і не змагла.

–  Чакайце, я зараз… зараз. Вам трэба да доктара… — Максім кінуўся за ліцэйскі будынак, дзе хвілю таму бачыў рамізніка, а калі з ім пад'ехаў да жанчыны, каля яе і ўвіхаўся той хлопец…

–  Во, добра, а то я хацеў зваць каго бегчы… — голас яго быў звонкім. Нястрыжаныя валасы выбрындваліся з-пад шапкі, сам схуднелы, але рухавы, дужы.

Жанчыну моўчкі адвезлі ў шпіталь — там у жніўні адкрылі бежанскі прытулак, і толькі тады разгаварыліся.

–  А я бачу… ратаваць жанчыну трэба, а нікагуткі, як на тое… і сам горада не ведаю… Цябе як завуць? — і агледзеў Максіма: курчавыя валасы, цёмныя вочы, вусны з гарачай чырванню. — Форма шкалярская, гаворыш нібыта па-нашаму… Хоць у нашым інстытуце, здэцца, не бачыліся…

…Тыдзень таму ў Яраслаўль эвакуяваўся Менскі настаўніцкі інстытут (яго будынак заняў шпіталь), і ў горадзе на Волзе пабольшала на пяцьдзесят тры студэнты з Беларусі.

Хлопца звалі Стась. Ягоныя бацькі — Новікі — жылі на Полаччыне, а ў Менску паўдома мела ягоная бяздзетная цётка, — вось і «выпрасіла» яго да сябе. З інстытутам Стась і патрапіў у Яраслаўль. Не паверыў нават, што і ягоны новы сябар нарадзіўся ў Менску…

Гаварылі тады пра ўсё: вайну, вучобу. Максім прызнаўся, што зусім не цягне яго да той юрыдычнай навукі, якую мусіць здабываць у ліцэі — ахвотна і сам заняўся б настаўніцтвам, літаратурай.

Яны дайшлі да тога месца, дзе сустрэліся, і спыніліся.

–  Дык гэта Волга? — запытаў стоена Стась.

–  Не… Каторасль. Яна ўпадае ў Волгу… — Вось-вось пачне цямнець, а Максіму не хочацца развітвацца з земляком. — То што мы так без мэты сноўдаем? Хадзем да мяне. Тут недалёка, на Ільінскай.

Павячэралі, і Максім павёў Стася ў свой пакой — і не мог не заўважыць, як у сябра засвяціліся вочы, калі свечка высвеціла ў шафе карэньчыкі акуратна састаўленых кніжак.

–  Ого? Дык тут жа не юрыспрудэнцыя! — Стась з цікаўнасцю перагортваў кнігі Багушэвіча, Купалы, Пушкіна, Фета. — А мой збор, праўда, не такі багаты, застаўся ў цёткі…

–  А ці такая там была? — Максім дастаў з шуфляды свой «Вянок» і падаў Стасю.

–  Такую толькі ў інстытуцкай бібліятэцы браў…

–  Ну вось хай і папоўніць твой збор.

–  Так?! Дзякуй… А табе што… Багдановіч не падабаецца ці яшчэ экземпляр маеш? — госць крыху збянтэжыўся.

–  То я ж не Нарцыс, каб сам сабе падабацца!

Стась ледзь не выпусціў свечку, доўга не пераставаў дзівіцца:

–  Ты — аўтар «Вянка»?! Ты — Багдановіч? Маці Боская, і трэба ж так сустрэцца!

На ўгаворы пераначаваць Стась не пагадзіўся — «Будзе непакоіцца Ігнатоўскі, наш настаўнік і куратар».

«Кватаравалі» менскія інстытутаўцы пакуль у памяшканні гарадскога вучылішча. Назаўтра Максім браўся пазнаёміць землякоў з горадам, звазіць у Яраслаўскі крэмль, дзе знайшлі асобнік «Слова аб палку Ігаравым», паказаць Волгу, а Стасю, канешне ж, няўрымсцілася пазнаёміць Максіма з менскімі студэнтамі…

Поделиться с друзьями: