Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Езавітаву пасля сходу ў «Беларускай Хатцы» даручылі разаслаць тэлеграмы. Снег суняўся, і да дзвярэй тэлеграфа вяла яго ўжо расчышчаная сцежка. Барадаты дворнік, апіраючыся на драўляную лапату, курыў і здаволена мружыўся — на вуліцу вызірвала далёкае сонца.

Каля апарата Бадо — прыгожая чарнявая дзяўчына. Езавітаў прывітаўся, і яна манерна ўсміхнулася:

–  Адну хвілінку, хай пройдуць папярэднія паведамленні…

І тады толькі Езавітаў заўважыў дзецюка ў вайсковай форме, з выцертым скураным партфелем: дзяцюк энергічна падхапіўся, забраў праз вакенца нейкую паперку — і адышоў.

–  Будзьце ласкавы, вось гэта — Беларускай вайсковай радзе ў Кіеў, гэта — у Гомель і Смаленск… — Езавітаў злавіў здзіўлены позірк дзецюка, павярнуўся: той неўразумела ўталопіўся ў партфель, штось пераклаў, шчоўкнуў замочкам і падаўся да дзвярэй.

У дадатак Езавітаў паслаў падобныя тэлеграмы беларускім вайсковым радам у Адэсу і Віцебск.

А назаўтра Варонка расказаў яму, што на той жа самай пошце сустрэўся з Ландарам — гаварылі ў суседніх кабінках «простым провадам»: ён — з Кіевам, Ландар — з Масквою.

А той дзяцюк з партфелем, што дзівіўся беларускім тэлеграмам, быў ад'ютантам «главкомзапа» Мяснікова…

Праз адзінаццаць дзён — нечаканы ўдар. Загадам начальніка Мінскага ЧК Разацкага ноччу з 31 студзеня на 1 лютага былі арыштаваны сябры Рады Першага ўсебеларускага кангрэса і Беларускай вайсковай рады. Сярод іх — Мамонька, Захарка і Езавітаў…

…Пра рэзервовы 289-ы пяхотны полк Менскага гарнізона Кастусь Езавітаў даведаўся ад свайго сябра Стася Новіка — аднаго з палкавых афіцэраў. Праз некалькі дзён пасля сходкі ў «Беларускай Хатцы» полк чыгункай дабраўся да Менска, дзе Беларуская вайсковая рада пачала яго перафармаванне. Найперш пазбаўляліся «чужароднікаў». Стась прапанаваў («як доказ вернасці») перанесці на кватэру Беларускай вайсковай рады васемнаццаць кулямётаў, вінтоўкі й скрынкі з ручнымі гранатамі. Аднак адбылося непланаванае: праз сваіх агентаў бальшавікі дазналіся пра «мяцежны» полк і загадам па фронце накіравалі яго ў Арол на… ахову чыгункі. Частка салдат не падпарадкавалася загаду: «Мы беларусы, а таму хочам служыць на бацькаўшчыне. Нікуды не паедзем!»

Пасля такой заявы адразу ж палку перапынілі выдачу правіянту. Сродкаў на яго ўтрыманне Беларуская вайсковая рада не мела — нават на некалькі дзён, якіх было б дастаткова для здабыцця ўлады ў горадзе.

«Пры такой слабасці бальшавікоў пераварот можа адбыцца за адну ноч!» — запэўніваў Варонку Езавітаў (яны і працавалі, і жылі побач — у памяшканні Беларускай вайсковай рады).

Рада і палкавыя дэлегаты вырашылі дэмабілізаваць полк — каб зліквідаваць яго і як сілу бальшавікоў. Усе салдаты-патрыёты раз'язджаліся дамоў з дакумэнтамі Беларускай вайсковай рады. Стась Новік захацеў застацца пры Радзе.

План збройнага паўстання «замарожваўся»…

Вечарам 31 студзеня Беларускую вайсковую раду атачылі салдаты і матросы (пазней высветлілася, што іх — пасля забойства генерала Духоніна — спешка перакінулі з Магілёва). Не стукаючыся, трое ўвайшлі ў пакой.

–  Кто из вас старший по званию? — голас зайшлы ў чорнай скуранцы.

Беларусы — Варонка, Езавітаў, Макар Краўцоў, Смоліч, Захарка — пераглянуліся.

–  Старшыня ў ад'ездзе. Я — ягоны намеснік. — Езавітаў узняўся з-за стала і наблізіўся да няпрошаных гасцей. — Што вам патрэбна?

–  У нас — ордер, — чалавек у скуранцы выцягнуў з унутранай кішэні складзеную напалам паперчыну.

Езавітаў нахмурыўся, нетаропка ўзяў і пачаў чытаць.

«Советъ Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ гор. Минска. Отделъ по борьбе съ контрреволюцией и спекуляциями. 31 января 1918 г. № 39.

Товарищу Ярошевичу.

Ордер

Предписывается Вам отправиться въ Белорусскую Войсковую Раду, домъ 12, кв.10, по Полицейской улице, для производства обыска и ореста всехъ лицъ, там находящихся, въ том числе и посыльнаго мальчика Афанасия.

Председатель Л. Резауский.

Секретарь Э. Баренс».

Твар Езавітава заставаўся спакойным. Беларусы пачалі перамаўляцца. Апанас, малодшы стрыечны брат Стася Новіка, які летась стаў сіратой і якога прытуліла Беларуская вайсковая рада (самога Стася Новіка на той час адкамандзіравалі ў Бабруйск), яшчэ не ўразумеў, што здарылася, і працягваў гартаць падшыўку старых газэт.

Езавітаў паклаў ордэр на стол і няўлоўна зірнуў у вакно: у змроку перад уваходам у дом шарэлі постаці вайскоўцаў, бліскалі вочкі цыгарэт…

–  Дык, значыцца, змагаецеся… са спекуляцыяй? — прачытаў ордэр і Варонка — і заўважыў, як чалавек у скуранцы ўзвёў курок рэвальвера.

Езавітава ж, здавалася, нічога не магло ўсхваляваць:

–  Пасыльнага сярод нас няма, ды і астатнія… — ён зірнуў на Варонку, хітнуў галавой. — Астатнія — не сябры Вайсковай рады. Яны, таварыш Ярашэвіч, — Езавітаў развёў рукамі, - сябры Сацыялістычнай грамады…

І гэта спрацавала. У «сацыялістых» Варонкі, Краўцова-Касьцевіча і Смоліча былі сябраўскія білеты Беларускай сацыялістычнай грамады.

Ярашэвіч доўга ўзіраўся ў білеты, а затым уздыхнуў і выпаліў:

–  Свободны. Троим остальным следовать за мной.

У Захаркі, сакратара Беларускай вайсковай рады, «сацыялістага» пасведчання не было, як не было яго і ў Апанаса…

На сходах паміж паверхамі таксама стаялі вайскоўцы…

Гэта было яго першае зняволенне. Езавітаў рыхтаваўся і да такога, але ж як з Апанасам? Вось, думаў, і прыгледзеў за малым…

З дакумэнтаў пры вобыску чэкісты забралі не многа — і таму адразу ж пачалі допыты (арыштаваных трымалі на гаўптвахце). Першым выклікалі Езавітава.

–  Где председатель вашей Войсковой рады?

–  Ад'ехаў, мне не далажыўшы, куды…

–  Как работала ваша организация? С кем связаны? Чего добивались?

Дапытвалі і Захарку, і Апанаса. Спрабавалі запалохваць:

–  Не расскажете всего — пойдете в расход.

Ды Апанас і ведаць нічога не ведаў, а Езавітаў з Захаркам яшчэ па дарозе ў турму змаглі дамовіцца аб маўчанні…

Старшыня ж Беларускай вайсковай рады Сымон Рак-Міхайлоўскі разам з Аляксандрам Цвікевічам былі дэлегаваны ў Брэст-Бярэсце — на мірныя расійска-нямецкія перамовы. Выправілі і Івана Сераду, ды той няведама чаго застаўся ў Менску. Дэлегаты-беларусы мелі з сабою зацверджаную 19 студзеня Выканаўчым камітэтам Рады дэкларацыю, адзін з пунктаў якой патрабаваў аднаўлення зруйнаванай вайной гаспадаркі краю коштам міжнароднага фонду ваяваўшых дзяржаў.

Рак-Міхайлоўскі й Цвікевіч перад Баранавічамі перайшлі лінію фронта і сустрэліся з кіраўніцтвам нямецкай вайсковай часткі. Беларускім дэлегатам падрыхтавалі ўжо вагон, каб накіраваць чыгункай у Бярэсце, як нечакана з'явіліся два разгубленыя афіцэры-немцы:

–  Просім паноў прабачыць, але мы зрабілі тэлефоннае запытанне… Візы на праезд даць вам не зможам, паколькі кіраўнік расейскай дэлегацыі запатрабаваў нікога больш не прапускаць.

Тым кіраўніком быў Троцкі-Бранштэйн, які аніякай Беларусі не прызнаваў і сам намагаўся прадстаўляць «Заходні край».

Поделиться с друзьями: