Пляц Волі
Шрифт:
Езавітаў пачаў вывучаць гісторыю Беластока. І ўжо на самым пачатку — неспадзеўка: праз год гораду споўніцца 600 гадоў! Заснаванне Беластоку ў 1320 годзе прыпісвалася князю Гедыміну, у часы якога над прытокам Супраслі — рэчкай Белай — была толькі маленечкая вёска. Беласток пачаў хутка развівацца. Напачатку ён дастаўся земскаму чыноўніку беларусу Весялоўскаму. Пры Яне-Казіміры, польскім і беларускім-літоўскім каралі, места было падорана ваяводзе Стэфану Чарнэцкаму — за заслугі ў вайне са шведамі. Ад Чарнэцкага Беласток у спадчыну перайшоў да Браніцкага, які ў 1749 годзе ад караля Аўгуста ІІІ-га дамогся для Беластока гарадскіх правоў. Браніцкія пабудавалі ў горадзе вялікі мастацкі палац, які — як пачалі гаварыць і пісаць паўсюд — па прыгажосці на той час не ўступаў знакамітаму Версалю. Напрыканцы ХVIII стагоддзя да самай смерці ў Беластоку жыла сястра караля Станіслава-Аўгуста Тышкевічовая, якая таксама спрыяла росквіту горада.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Беласток адышоў да Прусаў і быў выкуплены з прыватнага валодання. У 1807 годзе пасля заключэння ў Тыльзеце міру горад далучыла да сябе Расія. З 1808 года ён стаў цэнтрам Беластоцкай вобласці, якую скасавалі ў 1842-ім — і Беласток пачалі лічыць павятовым горадам Горадзенскай губерні. Цэнтрам павета ён быў ажно да 1915 года, пасля чаго — пры нямецкай уладзе — стаў галоўным горадам Упраўлення Беласток-Горадня…
Здаралася, Езавітаў выходзіў з бібліятэкі, а на Ратушы гадзіннік адбіваў сем разоў. На сон часу не заставалася, і начальнік горада паволі накіроўваўся да белай царквы і касцёла з вострай гатычнай вежкай над франтонам (царква і касцёл месціліся насупраць Ратушы), ішоў, бадзёра ловячы марозныя подыхі ветру, да рынка (ён яшчэ не пачынаў працы) і, сустракаючы заспаных дворнікаў, якія адкідвалі з тратуараў начны снег, вяртаўся — ужо шпарчэй — назад у свой кабінет…
Прамысловасць у горадзе развівалася паспяхова і не патрабавала асаблівых высілкаў камісарыята, і Езавітаў імкнуўся найперш актывізаваць у горадзе культурнае жыццё. Пачалася распрацоўка мерапрыемстваў па святкаванні 600-годдзя Беластока — з удзелам грамадскіх дзеячоў, харавых і драматычных гурткоў (Езавітаў хацеў запрасіць трупу Францішка Аляхновіча). Па школках прайшлі гістарычныя чытанні — у гонар 170-годдзя ад часу надання Беластоку гарадскіх правоў. Беласточчына, здавалася, абуджалася ад няпэўнасці.
А ў лютым 1919-га у горад увайшлі жаўнеры легіёнаў Пілсудскага. Езавітаў мусіў пакінуць горад. Па даручэнні міністэрства беларускіх спраў ён прыняў ад камісара Іваноўскага Плянтова-Шчучынскі павет, а праз два месяцы вярнуўся ў Горадню.
Першыя дні ў Горадні Езавітаў, пакуль не знайшоў сабе кватэры, начаваў у вайсковай казарме — разам з братамі Новікамі.
– Дык што ж гэта будзе? — часта не браў сон Стася.
– Усё паправіцца, вось толькі б з сіламі сабрацца… — малодшаму Апанасу не пазычаць упэўненасці.
– А вы пра ЛітБелССР чулі? Цяперака ажно дзве дзяржавы-спарышы паўсталі — Літоўскае Гаспадарства і гэта вось ЛітБел… — не маўчалася Стасю.
– А бальшавікоў раней і адна Заходняя вобласць задавальняла, — адказваў Апанас. — Яе ж лягчэй потым да Расіі прыляпіць было б…
– Тут, хлопцы, — не ўтрываў і Езавітаў, - як у марыянетачным тэатры разыграна. Самі ж бачыце: 1 студзеня абвесцілі БССР, а ўжо 16-га ЦК бальшавіцкай партыі на чале з Леніным вырашыла адкарнаць ад яе Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні. І засталося ў той БССР толькі часткі Менскай і Горадзенскай…
– А беларускія камуністыя й ня пікнулі на гэта — лісліва ў рот Леніну і глядзелі! — паківаў галавой Стась.
– Так. А затым і зусім той БССР не стала… — працягваў Езавітаў. — А як неахвотна Масква нават тую абкарнаную рэспубліку прызнавала?! Усерасійскі ЦМК пастанову пра прызнанне БССР абнародаваў толькі на Усебеларускім з'ездзе саветаў 2 лютага, і тады ж, з падачы Свярдлова, і вырашылі стварыць Літоўска-Беларускую ССР.
– Дык што гэта… Масква прызнала БССР як дзяржаву ўсяго на… некалькі гадзін — і зляпіла новую? — здзівіўся Апанас.
– Так.
– А праз месяц пасля свайго абвяшчэння Жылуновічаўская БССР страціла нават права на аўтаномнасць, — падрахаваў Стась.
– А што ў сённяшняй ЛітБеліі засталося? Кавалкі Віленшчыны, Меншчыны і Ковеншчыны?
– Бо амаль уся Літва засталася пад юрыспрудэнцыяй незалежнага дэмакратычнага ўрада, — канстатаваў далей Езавітаў. — А ў кіраўніцтва ЛітБеліі з беларусаў патрапіў адзін Чарвякоў. Вы можа й не чулі аб тым, што пасля ўжо ўзгаданага Усебеларускага з'езда саветаў бальшавікі арыштавалі ледзь не ўвесь урад былой БССР — і Жылуновіча, і Дылу, і Шантыра…
– Дагуляліся. — Стась цмокнуў — і ўсе замаўчалі.
На пачатку 1919 года ў занятым бальшавікамі Менску былі закрыты створаныя пры немцах навучальныя ўстановы, перасталі выходзіць беларускія газэты. Начальнікам гарадскога гарнізона стаў добравядомы Крывашэін, Ландэр застаўся ў Маскве — стаў камісарам дзяржаўнага кантролю.
Яшчэ ў снежні на першым мітынгу шчыраваў камісар Бэрсан. Выступаючы на Пляцы Волі перад чырвонаармейцамі, не прамінаў выкрыкваць, трасучы вастраватым кулаком:
– Смерць тарыбам і радам!
Напачатку салдаты не зважалі на сутулаватага акулярыка ў шэрым паліто, скураной — не па марозе — шапцы, — ён павольна праціснуўся паміж няроўнымі шыхтамі памятых шынеляў, падсунуўся да трыбуны, счакаў, уважліва слухаючы, канца прамовы Бэрсана — і жвава скочыў на прыступку драўлянага ўзвышэння:
– Таварышы! Я, сябра беларускай Рады, вітаючы сённяшні ваш прыход, ганаруся, што ўрэшце нямецкага акупанта выгналі з нашага краю. У Радзе я быў толькі таму, каб карыстацца ёю як трыбунаю і наагул ведаць, што ў ёй робіцца. Сёння…
– Гані пана з Рады!
– Вон падбрэхіча!
Крыкі чырвонаармейцаў, здалося, аглушылі акулярыка. Ён паціснуў плячыма, паспрабаваў яшчэ штось выкрыкнуць, але ўбачыў перад сабою настаўлены зіхоткі штых…
– Злазь, а не — здыму! — чырвонаармеец жартаваць не збіраўся.
Вялы акулярык злез з прыспупак, зноў неўразумела паціснуў плячыма і павольна паклэпаў з Пляца Волі — уніз да моста над Свіслаччу..
Хоць урад Жылуновіча абвясціў быў Раду БНР без абароны законаў, у Менску засталіся шмат яе сябраў. Алесь Гарун, Язэп Лёсік, Іван Серада, Сымон Рак-Міхайлоўскі і Вацлаў Іваноўскі напачатку займалі нават немалыя пасады. Але былі і арышты — праўда, бальшавікі не ўсвядомілі яшчэ, каго і за што садзяць: Мамоньку арыштавалі як расійскага эсэра, Іваноўскага і Трэпку — як… палякаў (бо брат першага — Юры — быў на той час у Варшаве польскім міністрам, а бацька другога збіраў для вывазу ў Польшчу беларускія старадаўнія рэчы і лічыўся старшынёй нейкай польскай арганізацыі). Арыштавалі і Сераду — ды праз суткі вызвалілі.
Колішні камандуючы Заходнім фронтам Аляксандр Мяснікоў, не дамогшыся сабе ўлады на Беларусі (бо стварылася ЛітБелССР), паспрабаваў асталявацца ў Вільні, куды навіны з Менска амаль не патраплялі…
Камендант Горадні
Пасля пераезду з Вільні ў Горадню фармаванне беларускага палка замарудзілася. Выправіў становішча Кастусь Езавітаў, якога Рада прызначыла камандзірам Горадзенскага гарнізона. Праз два тыдні з падтрымкі Антанты ён атрымаў зброю і першую фінансавую дапамогу на ўвесь полк. Да Езавітава ў Горадзенскую камендатуру пачалі наведвацца прадстаўнікі замежных місій. Падчас прыезду адной з іх, антантаўскай, усе разам — Езавітаў, французскі і амерыканскі афіцэры — сфатаграфаваліся перад дзвярыма камендатуры, — у шыкоўным адкрытым самаходзе…