Пляц Волі
Шрифт:
Кастусь Езавітаў не толькі ўзначальваў беларускі полк, але і выконваў абавязкі міністра беларускіх спраў (міністр Варонка часта выязджаў у Коўну і на правінцыі), кіраваў арганізаваным у Горадні культурна-асветным таварыствам «Бацькаўшчына» і выдаваў беларускую газэту з такой жа назвай.
У сакавіку 1919 года намаганнямі Езавітава ўтварыліся не толькі беларускі полк і батальён жаўнераў пры беларускай камендатуры, але і кавалерыйская частка. Далейшае фармаванне беларускага войска з ініцыятывы Езавітава распачалі ў Коўне — праз месяц і там узніклі-склаліся пяхотны (пад ачолам Станіслава Новіка) і артылерыйскі аддзелы, а таксама атрад кавалерыі.
18 красавіка начальнік Горадзенскага гарнізона ў беларускай камендатуры сустрэўся з прадстаўнікамі літоўскай і французскай місій.
«Працоўны абед» расцягнуўся на некалькі гадзін. Галоўная прапанова была выказана літоўскімі прадстаўнікамі. Першым агучыў яе доктар Шаўліс, былы амбасадар Літвы ў Берліне:
— Вы, панове, ведаеце аб тым, што Польшча вядзе наступ на бальшавіцкую Расію. Папярэдне ўсе мы выказаліся за неабходнасць напрамую распытаць польскае кіраўніцтва пра яго палітыку ў адносінах да нашых дзяржаў — Літвы і Беларусі. З французскага боку падтрымаць нас у перамовах пагадзіўся пан палкоўнік Рэбоул.
– Гэта вельмі важна, паколькі Польшча мусіць выступаць ледзь не марыянеткай Антанты, — дадаў былы міністр абароны Літвы палкоўнік Велікас. — І таму пачынаць адстойваць сваю незалежнасць і непадзельнасць перад ёй мы павінны ўжо зараз — калі вызваленне толькі чакаецца.
Езавітаў, які таксама атрымаў ад беларускага ўрада ў Коўне наказ ехаць у Варшаву, бачыў, што аніякіх разыходжанняў у падыходах літоўцаў і беларусаў не было, але ўсё ж вырашыў удакладніць:
– А калі Польшча запатрабуе адначаснай мабілізацыі на незанятых бальшавікамі частках Літвы і Беларусі?
– Можам на гэта пагадзіцца толькі з адной умовай — кожнае войска дзейнічае на тэрыторыі сваёй краіны. — Доктар Шаўліс, пэўна, абдумаў ужо і такую перспектыву.
– А вы не выключаеце магчымасці падпісання праз некаторы час паміж Польшчай і Расіяй нейкай дамовы? — Езавітаў вырашыў «узважыць» усе варыянты.
– Маеце на ўвазе падзел «франтавых» раёнаў? — уважліва зірнуў на беларускага палкоўніка Шаўліс. — Тады ўжо сёння мы павінны нагадаць Пілсудскаму пра магчымасць канфедэрацыі Літвы і Беларусі. Прыклад аўтаномнай беларускай Горадзеншчыны ў складзе Літвы яго павінен насцярожыць…
У Варшаву вырашылі ехаць неадкладна. Дэлегаты аб'яднанай літоўска-беларуска-французскай місіі выйшлі сфатаграфавацца на балкон беларускай камендатуры. Езавітаў, сябра дэлегацыі ў Варшаву, стаў злева, побач з ім — камендант Горадні падпалкоўнік Дзямідаў, далей — сябры дэлегацыі: доктар Шаўліс, палкоўнік Велікас, палкоўнік-colonnel (вусач у навюткай форме) Рэбоул, беларускі вайсковы аташэ пры французскай місіі ротмістр Рыхтэр. За Езавітавым — яго плац-ад'ютант Апанас Новік. Пасярод балкона вялікі шчыт з надпісам «Упраўленьне вайсковага начальніка Гродзенскага вокругу. Камэндант г. Гродно» і герб «Пагоня» — пад сцягамі: нацыянальным літоўскім (жоўта-зялёна-чырвоным), дзяржаўным Літоўскага Гаспадарства (чырвоным з белай «Пагоняй»), беларускім бел-чырвона-белым, знізу — французскі і ангельскі сцягі (фотаздымак потым надрукуе газэта «Беларускае Жыцьцё»).
У Польшчы ж — назаўтра яна адваюе ў Чырвонай арміі Вільню, — як выявілася, у знешне-палітычных пытаннях не было згоды. «Эндэкі» (нацыянал-дэмакраты) прапаведавалі ў адносінах да Беларусі і Літвы захопніцкія планы. Левыя ж дэмакраты запэўнівалі ў падтрымцы суседзяў. Пазіцыю апошніх 22 красавіка (на другі дзень пасля звароту Езавітава ў Горадню) выказаў у адозве да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага сам Пілсудскі:
«…Стан беларускай няволі, які я, нарадзіўшыся на гэтай няшчаснай зямлі, добра ведаю, павінен нарэшце быць знішчаны і ўжо раз і назаўсёды ў гэтай быццам праз Бога забытай старонцы павінна запанаваць свабода і права вольнай нічым не звязанай гутаркі аб сваіх патрэбах…»
Такое не магло не ўразіць, не магло не натхніць, не магло не падкупіць…
…І як гром з пасвятлелага неба — польскі загад аб раззбраенні Першага беларускага палка. Уноч 28 красавіка палякі занялі Горадню, напалі на полк і інтэрнавалі яго — амаль усіх салдатаў і афіцэраў раззброілі і вывезлі ў лагер на тэрыторыю Польшчы. На вызваленых ад бальшавікоў землях абвяшчалася мабілізацыя ў польскую армію.
Гэтыя весткі сустрэлі Езавітава перад Горадняй, пасля ад'езду місіі з Варшавы. Міністэрства беларускіх спраў мусіла пераязджаць у Коўну і мець з Горадняй толькі нелегальныя сувязі. Праз некалькі дзён Езавітаў быў у Вільні, каб на месцы разабрацца ў палітыцы беларускіх «прапольскіх» дзеячоў, якіх ачольваў Павел Аляксюк — і пачынаў усё часцей выказвацца супраць «пралітоўца» Варонкі…
4 красавіка быў абраны прэзідэнт Літоўскага Гаспадарства Антон Смэтона, у Тарыбу замест Івана Луцкевіча і Янкі Станкевіча ўвайшлі новыя беларусы — Корчыцкі і Бялецкі. На чале кабінета міністраў 12 красавіка стаў Слежэвіч. Паміж беларускімі прадстаўнікамі Тарыбы і беларускімі арганізацыямі пачаліся перамовы аб тым, каб Язэп Варонка больш не ўваходзіў у літоўскі ўрад — міністрам беларускіх спраў прапаноўвалі стаць Вацлаву Ластоўскаму (які незадоўга перад тым пакінуў сваю пасаду беларускага аташэ пры літоўскай амбасадзе ў Берліне) ці Пятру Крэчэўскаму.
Перамовы да згоды не прывялі, і Варонка застаўся міністрам.
Зялёнае войска
Яшчэ восенню — пасля адыходу немцаў — сяляне Халопеніцкай воласці абралі Лукаша Сяменіка ваенным камісарам. Але ж у першы дзень усталявання ў краі «савецкай» улады бальшавікі арыштавалі яго і пасадзілі ў барысаўскую турму, адкуль праз паўмесяца перавялі ў Менск. Сяляне пачалі збіраць сходы і накіроўваць у Менск пасланцоў з рэзалюцыямі ў абарону свайго героя. Рукапісныя «пастановы» да разгляду прымалі, але на ніводную не адказалі, - і Сяменік заставаўся за кратамі. Ды аднойчы начальніку турмы надакучылі хадакі:
– Навошта яны гэтага атаманчыка сюды з Барысава прыперлі? Тут і ад сваіх не прадыхнуць. У сябе хай у распыл і пусцяць… — І загадаў адвезці Сяменіка назад. Загадаў неасцярожна пры «хадаку», і вестка тая ўжо на другі дзень прыйшла ў Халопенічы…
27 траўня аўто «чразвычайкі» злосна гыркала, трапляючы на карэнні, што, як змеі, выпаўзалі на дарогу — нібыта пагрэцца на вясновым сонцы. На кузаве — двое з вінтоўкамі і звязаны Сяменік, у кабіне немаладога ўжо веку шафёр, абапал — лес, разлапісты, густы.
Аўто, гыркнуўшы цішэй, прытармазіла і спынілася. На дарозе — воз з бярвёнамі. Дзед у світцы і аблавушцы сцёбае каняку — тая сіліцца й ціснецца назад, хамут ледзь не налазіць на вушы…
– Дзед, давай у бок са сваёй калымагай! — не ўцерпеў канваір.
– Куды ж, дзеткі, у бок… Кола вунь… па атосу ў гразь ускочыла! І адкуль тут гэтая яміна?
Канваіры пераглянуліся: нідзе не дзецца, дарога вузкая, не аб'ехаць. Маладзейшы, закінуўшы вінтоўку за плечы, саскочыў з кузава і пацёгся да каня.