Пляц Волі
Шрифт:
– А ты б яшчэ больш наклаў… - бубнеў, піхаючы воз. — На халяву так скора і пуп развяжацца.
– То хто ж думаў, што ў гэту яміну скочу, хай яна не дачакае!
Сяменіку раптам голас старога падаўся знаёмым. Вызірнуў з-за кабіны — так і ёсць: дзед Улас з Крывога хутара!
– Ся-ядзець! — выкрыкнуў канваір на кузаве і прыціснуў вінтоўку.
І тут бухнуў стрэл, другі… Асунуўся пад воз канваір, а другі сполашна ўскінуў вінтоўку, ды ў тую хвілю на яго наскочыў Сяменік і што сілы тыцнуў плечуком. Канваір перакаўзнуўся цераз драўляны борт і гохнуўся на зямлю. Паспрабаваў ускочыць — і трэці стрэл…
З лесу выйшлі двое — колішнія «зялёнаатрадаўцы».
– Злазь, Лукаш… Далей машына не паедзе, — празвінеў адзін з іх. Моцна абняліся. Дзед Улас, спіхнуўшы аблавушку набок, бяззуба ўсміхаўся Лукашу:
– А не распаўнеў ты на казённым харчы…
– Ды ўжо зараз ад'ядацца буду. — У адказ усміхнуўся і Сяменік. — А я то думаю, як гэта дзед такі воз адзін навярнуў!
І раптам дзед спахмурнеў, тыцнуў пальцам у кабіну… Аберуч абшчаперыўшы руль, спалохана лыпаў вачыма шафёр.
– Анутка вылазь са сваёй бярлогі, - на яго наставілі вінтоўкі.
Шафёр павольна адкрыў дзверцу, выпхнуўся з кабіны і прысеў на шырокую падножку.
– Ты глядзі, а мог бы каго-небудзь з нас і падсмаліць! — Сяменік — ужо развязенены — выцягнуў з кабіны вінтоўку. — А-а?
– То я ж не стралец, а вазец… — Шафёр уздыхнуў і палез па папяросу.
Хутка абярнулі воз. Дзед Улас штурхануў Сяменіка і зноў кіўнуў на шафёра (той так і сядзеў на падножцы — курыў):
– А што з ім?
Сяменік пачухаў патыліцу, стукнуў даланёй па лёстках воза:
– Разварочвай, чалавеча, сваю жалезную каняжыну дый едзь назад з мірам.
А той лена павярнуў да яго галаву, зіркнуў з-пад густых броваў:
– А ты думаеш, што мяне там сустрэнуць з хлебам-соллю?
Сяменік змуліў вусны, задумаўся.
– У Менску ў цябе хто-небудзь ёсць?
– Ёсць… Кот, дый той надоечы да сяброўкі згарцаваў.
– А сам што рабіць думаеш?
– Я б… — шафёр зняў кепку, стукнуў ёю па калене. — Мне застаецца адно: змяніць жалезнага каня на жывога…
– Гэта што… — Сяменік здзівіўся. — З намі падацца хочаш?
– Хачу.
Сяменік агледзеў таварышаў.
– Хлопцы, а вы ці не зноў у зялёныя падацца сабраліся?
Тыя паціснулі плячыма:
– Дык сам жа бачыш: цёпла стала, зелянее ўсё наўкол…
– Што ж, калі так, то паехалі, - ажывіўся Сяменік, падышоў да шафёра: — А цябе, чалавеча, як твой кот называе?
– Ды цёзкі мы…
– З катом? — зарагатаў Сяменік.
– З табой, — усміхнуўся нарэшце і шафёр.
Пакуль мужыкі капалі магілку, каб пахаваць канваіраў, Лукаш-другі схаваў у лесе сваю жалезную канячыну — і вярнуўся з каністрай.
– Бензіна зліў. Пашкадаваў кідаць — хоць на газніцы спатрэбіцца…
Партызанскі атрад Сяменіка адрадзіўся наноў. Да ранейшых ацалелых паўстанцаў падаліся ў лес тыя, хто не хацеў ісці ў Чырвоную армію — па ўсіх валасцях была аб'яўлена мабілізацыя. Праз паўмесяца «сяменікаўцы» пачалі нападаць на чырвонаармейскія часткі, здабывалі зброю — і агітавалі новых стральцоў у сваё «зялёнае» войска.
У ліпені партызаны захапілі Халопеніцкую, Красналуцкую і Зачысценскую воласці, забралі ўсю бальшавіцкую маёмасць — між іншага шмат тэлеграфных апаратаў.
– Хай будуць, мо на што выменяем, — маракавалі мужыкі.
І тады бальшавікі напалохаліся ўсур'ёз. Каб «партызанства» не перакінулася на суседнія раёны, у Барысаў накіравалі некалькі чырвонаармейскіх рот, і «зялёнае» войска мусіла адысці ўглыб лясоў…
У траўні 1919 года галоўнакамандуючым Літоўскай арміяй прызначылі генерала Жукоўскага, пры спрыянні якога яшчэ зімой у Коўне фармаваліся беларускія вайсковыя часткі. 31 траўня ў Коўну пад бел-чырвона-белым сцягам увайшоў Першы беларускі швадрон пад ачолам афіцэра Глінскага — змог такі, пакінуўшы частку сваёй маёмасці ў Горадні, прабіцца з польскага лагеру да беларускага прадстаўніцтва.
Беларускія часткі разам з літоўскімі рыхтаваліся заняць пазіцыі на бальшавіцка-польскім фронце…
Беларускае жыццё
У палове траўня 1919 года ў Варшаве стварылася Польска-беларускае таварыства, старшынёй якога абралі Міраслава Абэцэрскага. Сябрамі таварыства сталі Павел Аляксюк, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і Эдвард Вайніловіч. Штоаўторак вечарамі яны «ладзілі» гутаркі і дыскусіі, запрашаючы на іх усіх ахвотнікаў — нават давалі абвесткі пра час і месца сустрэчаў у беларускія і польскія газэты.
А 25 траўня па прапанове Алексюка адбыўся сход беларусаў — жыхароў Вільні. Аляксюк на той час лічыўся старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Горадзеншчыны і, як выказваўся сам, прыехаў з Варшавы з мэтай параіцца з Віленскай радай наконт беларускай палітыцы.
На сходзе (і на ім ён быў старшынёй) Аляксюк трымаўся ўпэўнена, самавіта. За нейкіх паўгода (пасля сустрэчаў у Менску) ён, падавалася Езавітаву, нашмат змяніўся: хоць і тыя ж чорныя вусы і бровы, доўгі з гарбінкай нос, доўгія вушы, але вочы — у нейкай смузе-павалоцы заклапочанасці, па галаве пачыналі распаўзацца залысіны…
За день працы сход абраў Беларускі нацыянальны камітэт і прыняў тры рэзалюцыі: аб незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, аб фармаванні беларускага войска і аб безадкладным вызваленні арыштаваных палякамі «німаведама за што» беларусаў.
А праз два тыдні — 9 чэрвеня — сабраўся новы з'езд — беларусаў Віленшчыны і Горадзеншчыны. Час быў напружаным: Антанта пагаджалася прызнаць «калчакоўскую» Расію, калі толькі Калчак пагодзіцца на аўтаномнасць Літвы, Украіны і Беларусі. Усяго толькі аўтаномнасць! Многія ў той дзень — і Варонка (як літоўскі міністр беларускіх спраў), і Езавітаў, і Аляхновіч, і Кахановіч (маршалак Віленскай беларускай рады і дырэктар Першай віленскай беларускай гімназіі) — выказваліся супраць магчымага далучэння тых краін да Расіі. Але першым да трыбуны выйшаў (сядзеў у прэзідыуме) Аляксюк — і зноў настойліва загаварыў напачатку пра неабходнасць утварэння беларускага войска…
Старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны стаў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі, просты і шчыры чалавек, «поўны» незалежнік. На з'ездзе быў без гальштука, добрыя вочы хаваліся пад доўгімі вейкамі, а вусам, здавалася, не хапала месца паміж бульбаватым носам і вуснамі — тонкімі і доўгімі, - праз што твар уяўляўся багатым на ўсмешку…
Вечарам Езавітаў не мог супакоіцца. Зноў — перакладанні з пустога ў парожняе, а што да справы… Ён вінаваціў і самога сябе: чаго ў выступленні не сказаў пра гэта… Як пры «польскай апецы» можна стварыць беларускае нацыянальнае войска, калі тыя ж палякі паўтары месяцы таму інтэрнавалі-раззброілі першы беларускі полк? На што спадзяецца Аляксюк? Што за дзіцячыя гульні?