Пляц Волі
Шрифт:
Надгастрыў аловак, выклаў з папкі зеленаваты аркуш паперы, зверху — замест назвы — паставіў пытальнік, а пад ім пачаў густа пісаць:
«…Калчакаўская Расея для нас ня меншы вораг, чымсі была царская, Керанская ці бальшавіцкая… Прылучаныя да Расеі мы ня будзем магчы ня толькі думаць аб самабытнасьці, але ня будзем магчы рабіць ніякай культурнай работы і мора Маскоўшчыны залье, і, прынамсі, аб усходняй праваслаўнай Беларусі, можна сказаць, што яна праз колькі гадоў ушчэнт абмаскаліцца.
Але сход вынес яшчэ адну важную пастанову: ён сказаў аб канечнай патрэбе ўтварэньня беларускага нацыянальнага войска. Толькі гэта трохі неяк дзіўна было сказана. Не было сказана, як гэтае войска будзе зроблена? На кім, на якой рэальнай сіле трэба абапірацца каб атрымаць дзеля гэтага падмогу? Ня было сказана, хто вораг нам, хто не.
Гісторыя не паўтараецца <…> Нельга ўпускаць моманту, нельга праспаць вялікую хвіліну, паўтараючы быццам праз сон «непадзельнасьць», «незалежнасьць», а нічога не рабіць, каб стварыць тую рэальную сілу, якая дасьць магчымасьць правесьці ў жыцьцё гэты сьвяты ідэал».
Гісторыя не паўтараецца?..
Раніцай Езавітаў быў на кватэры Аляхновіча, які рэдагаваў у Вільні газэту «Беларускае Жыцьцё». Уважліва прачытаўшы чыставік сябравага рукапіса, Аляхновіч цмокнуў:
– Стаўлю на першую старонку. У першы ж нумар. Варта! — і, збіраючыся рыхтаваць гарбату, сунуў Езавітаву «Известия»: — А ты пакуль вось гэта чытні… як тут наш абмаскалены армянін і былы прапаршчык Мяснікоў спавядаецца…
– А дзе ён зараз?
– Меўся асталявацца ў Вільні пры бальшавіках, ды пасварыўся — пэўна, штось не падзяліўшы з Іофэ і Міцкевічам-Капшукасам, за што яго адкамандзіравалі на калчакаўскі фронт…
Зацемка Мяснікова ў маскоўскіх «Известиях» здзівіла Езавітава найперш «нахрапістасцю» — яе аўтар пераконваў: палякі захапілі Вільню толькі таму, што ён не паспеў арганізаваць у горадзе ЧК-«чразвычайкі»…
– Ты знарок мне раніцай гэту брыду падсунуў? — не стрываў Езавітаў. А Аляхновіч, ставячы на стол два кубкі чабаровай гарбаты, таксама, усміхаючыся, паспрабаваў абурыцца:
– То ж не мне аднаму гэтым вочы таміць!
1761-дзённая Сусветная вайна адыходзіла ў нябыт. У віленскіх Базыльянскіх мурах на Вострабрамскай (дом № 9), з якіх яшчэ перад прыходам немцаў эвакуявалася літоўская духоўная семінарыя, працавала беларуская гімназія (дзейнічалі два падрыхтоўчыя і сем вышэйшых клясаў). У тым жа гімназічным будынку месціліся і Беларуская рада, і Беларускае выдавецкае таварыства.
Напрыканцы чэрвеня 1919 года бурмістр Вільні паслаў усім кіраўнікам адзьдзелаў Магістрата і гарадскіх устаноў паведамленне аб тым, што ўсе дакумэнты і просьбы, якія падаюцца на імя Магістрата, могуць пісацца «ў якой-будзь з мясцовых моваў (польскай, беларускай, літоўскай, жыдоўскай). Расейская і нямецкая мовы не прызнаюцца краёвымі, і дзеля гэтага ані просьбы, ані ніякая карэспандэнцыя па-расейску або па-нямецку не прыймаецца».
Перахварэўшы вясной на беспрацоўе, летам Вільня ўбіралася ў сілу. Тэхнічная секцыя пры Магістраце падрыхтавала праект, паводле якога тысячы ахвотнікаў прапаноўваўся занятак. Былі запланаваны зямельныя работы па «ўрэгуляванні» вуліц у Звярынцы і на Салтанішках, улады выказваліся за правядзенне новай вуліцы, якая мелася злучыць Пагулянку з Юнкерскім завулкам. Планаваліся «рэгуляцыі» берагоў Віліі — ад Антокальскага моста да шпіталю Святога Якуба (на ўсё Магістрат запатрабаваў у генеральнага камісара паўтара мільёна марак).
У горадзе заклалі фабрыку бетона, з якога пачалі рабіць тратуары, — драўляныя ўшчэнт знасіліся. Домаўласнікаў абавязвалі класці бетон і ў сваіх панадворках. Цэмент на фабрыку прывозілі чыгункай з Польшчы, жвіру ж хапала і свайго.
Вырашылі пракласці ў горадзе і вадаправод. Матэрыялаў на ўсё пакуль не хапала. У Бернардынскім садзе на Буфаловай капалі вадаёмы. Пад Віленскай і Нямецкай пачалі рабіць мураваны сток для каналізацыі — спатрэбілася 120 000 вялікай цэглы…
Не хапала рэльсаў, каб чыгункай вазіць на гарадскія работы зямлю і матэрыялы — і даўмеліся выкарыстоўваць «нямецкія»: немцы, калі падчас вайны высякалі ў краі лясы (і перавозілі да сябе), пакінулі сотні кіламетраў рэльсаў і шмат вагонаў, - і яны цяпер спатрэбіліся віленчукам.
Адкрыліся танныя страўні-сталоўкі — па горадзе тулялася шмат жабракоў, сярод іх часта патрапляліся дзеці… Запрацавала хуткая дапамога — за месяц адзначалі па 120 выездаў «карэткі». Зменшылася колькасць захворванняў на плямісты тыф. Пачысцелі двары — Магістрат штрафаваў неахайных домаўладальнікаў.
Пачалі дзейнічаць віленскія банкі, ды ўсёроўна на рагу Завальнай і Рудніцкай раніцамі гудзела «чорная гелда», дзе «піжоны» ў кепках і модных сплюснутых капелюшах, з гальштукамі і без мянялі валюту. Іхнія вокрыкі часта перабівала тарахценне па брукаванцы сялянскіх вазоў…
У ліпені камісар Віленскага вокругу пан Недзялкоўскі сваім загадам устанавіў новы курс грошай: 100 царскіх рублёў прыроўнівалася да 200 думскіх ці 115 «остмарак» (столькі каштавала бутэлька гарэлкі з «прыкускай»).
Пасля гэтага зніклі цэннікі на таварах, у крамах запатрабавалі толькі царскія рублі — разрахунак на пфенігі рабіць не маглі, бо не хапала «драбязы». Кошт хлеба маркамі ўзрос неадпаведна да змены курса рубля, у некаторых гандляроў тое, што прадавалася ў марках, стала — у тых жа лічбах — прадавацца за «цяжэйшыя» царскія рублі…
Віленскія газэты пра «грашовы» загад пісалі:
«Камісар вокругу ня мае права даваць загад… Усялякія датычна грошаў загады маюць гэтак вялізарнае значэньне, што могуць іх рэгуляваць толькі агульнадзяржаўныя органы… Думаем, што апавяшчэньне п. Камісарам Вокругу выйшла з якогась непаразуменьня і чакаем, што хутка яно будзе адменена».
Аніякіх «адменаў» не было, адно камісар вокругу дазволіў віленскім габрэям гандляваць і ў нядзелі…
На Вялікай Пагулянцы запрацавала «Беларуская кааператыва». Магістрат увёў па горадзе падаткі на нерухомасць, рэстарацыі і гасцініцы, а таксама на… коней, веласіпеды і сабак. Ад кожнага веласіпеда — 15 рублёў і 2 рублі 50 капеек за «значок», за кожнага сабаку — 10 рублёў і 50 капеек за «значок», за каня — 80 рублёў у год.
13 ліпеня адкрыўся тэлеграф і для цывільных, рыхтавалася да адкрыцця фабрыка мармелада — падобная да той, што была ў часе нямецкай акупацыі. У Антокальскім лесе адвялі месца пад вайсковыя могілкі…
У ліпені патаннелі харчовыя прадукты. Фунт хлеба прадавалі за 3-4 рублі, мяса — за 7-8, сала — 11-12, масла — 14-15,5 (у чэвені гэта каштавала адпаведна 5г6, 10-12, 13-16, 16-18 рублёў. Кварту малака ў чэрвені куплялі ў Вільні за 2,5-3 рублі, дзесятак яек — за 12-18 рублёў, а ў ліпені плацілі адпаведна па 2 і 10 рублёў..
Вільня, здавалася, зноў паверыла ў сваю шляхетнасць — і бадзёра ўбіралася ў пахкую ліпнёвую квецень.
Новаабраны старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны Клаўдыюш Дуж-Душэўскі [23] яшчэ ў чэрвені выехаў у Варшаву — каб паклапаціцца пра арыштаваных польскімі ўладамі беларусаў і азнаёміцца з поглядам дзеячоў левага накірунку ў польскім Сойме. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі Польскай партыі сацыялістычнай (ППС) і «Польскім стронніцтвом людовым», якія шчыра падтрымалі ідэю існавання незалежнай беларускай дзяржавы і абяцалі спрыяць беларусам. Добразычліва глядзелі на справу адраджэння сваёй усходняй краіны-суседкі і некаторыя іншыя партыі Гуртка народных паслоў Сойму (разам з ім ППС і Народны гурток работнікаў мелі ў Сойме 180 галасоў).
23
Яго абралі і старшынёй Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (першымі старшынямі былі Вацлаў Іваноўскі і Антон Луцкевіч). Віцэстаршынёй таварыства стаў Янка Станкевіч.