Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

…многамільённы беларускі сялянскі народ мае такое ж права на ўвагу і справядлівыя да яго адносіны, як і народы Арменіі, Сэрбіі і Бельгіі і <…> ніякія прынцыпы крыві і жалеза… не прымусяць беларускі народ прызнаць права польскага панства на беларускую зямлю.

Гэдзь, за Нораў!..»

17 жніўня Язэп Варонка падпісаў і абнародаваў «Пратэст…», ён жа асобным лістом папрасіў прэзідэнта Вальдэмарыса «давесці да ведама місій Антанты, якія знаходзяцца ў Коўні, і па радыётэлеграфу ў Парыж» пра польскія здзекі з мясцовых жыхароў.

Пасля гэтага ў Вільні і Горадні запрацавала спецыяльная камісія па разглядзе падобных скаргаў. Некаторых беларусаў вызвалілі з турмаў, большасць жа беларускіх дзеячоў заставаліся пад арыштам. Польскія ўлады запэўнівалі камісію ў тым, што арыштаваныя — насамрэч расійскія шпіёны, якія працуюць на бальшавікоў.

А напрыканцы жніўня 1919 года выйшла з друку кніга Кастуся Езавітава «Беларусы і палякі», у якой сцвярджалася, што беларусам з палякамі «не па дарозе», і падавалася шмат дакумэнтаў аб польскіх гвалтах у Заходняй Беларусі. Кніга мела вялікі попыт і перадрукоўвалася ў амерыканскіх эмігранцкіх — расійскіх і беларускіх — газэтах; яе выдалі ў перакладах на многія мовы свету. Натхнёны Езавітаў пачаў працу над новай дакумэнтальнай працай — «Беларусь ад Керанскага да Пілсудскага»…

«Каб дзеці нас не пракліналі»

Верасень 1919 года у статрыццацівасьмітысячную Вільню прыйшоў багатым — кірмашовыя лавы ажно трашчалі ад яблык, ігруш, бульбы. Нават старажылы не маглі прыпомніць, калі ў горад прывозілася столькі таннага збожжа…

Абуджалася пасля леташняй спякоты і грамадскае жыццё: з верасня тройчы ў тыдзень пачала выходзіць газэта «Незалежная Беларусь». У «Беларускай кнігарні» на Завальнай вуліцы з'явілася новая кніга Аляхновіча — п'еса «ў двух актах са спевамі» «Дзядзька Якуб».

Францішак Аляхновіч на пачатку верасня займаўся газэтнымі клопатамі. «Беларускае Жыцьцё» з № 12 пачалі друкаваць кірыліцай, бо — як тлумачылася на першай старонцы газэты — польскае войска вызваліла усходнія землі Беларусі, дзе гэтыя літары ведаюць больш.

У той жа дзень — 7 верасня — Аляхновіч з друкарні (вярнуўся з Менска, каб дарабіць незакончанае) ішоў на выбары ў віленскі Магістрат. Сёмы нумар меў і беларускі выбарны спіс. Галасавалі папярэдне раздадзенымі карткамі: на іх трэба было напісаць нумар спісу, затым, паказаўшы пашпарт, атрымаць канвэрту, пакласці ў яе картку і аддаць старшыні, які канвэрту ўкідаў у скрынку…

На прыступках Магістрата сустрэў Апанаса Новіка (ужо другі год той вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі) з купкай сяброў-гімназістаў.

–  Вы што, вераб'і, ці не агітаваць сабраліся? — пацікавіўся Аляхновіч. — То далей адсуньцеся: за пяцьдзесят сажняў ад выбарнага памяшкання агітаваць забаронена.

Але хлопцы сумна паапускалі галовы.

–  Дык што здарылася? — не мог даўмецца Аляхновіч. — Галасаваць хочаце, а без пашпартоў не пускаюць?

–  Мы, дзядзька Францішак, не на выбары… — першым забурчаў Апанас. — Мы пратэставаць хочам.

–  Во як! — Аляхновіч спахмурнеў. — А нагода?

–  Палякі хочуць закрыць беларускую гімназію ў Будславе.

–  Хто сказаў?

–  Нашы інспектары ўчора казалі…

Па-праўдзе, нечаканай для Аляхновіча гэтая чутка не стала. Тыдзень таму ў Горадні ўлады выселілі са свайго будынка беларускую школу. І вось зараз — чарга іншых?..

Будслаўская гімназія запраектавалася яшчэ ў ліпені 1917 года, аб яе адкрыцці пачаў рупіцца Эдвард Будзька, які сам нарадзіўся і пачынаў вучыцца ў Будславе. Будзьку ведалі і як колішняга сябра выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», актыўнага карэспандэнта «Нашай Нівы», які за нацыянальнае выступленне на мітынгу нават сядзеў у астрозе, ведалі і як аўтара пецярбургскай газэты «Дзянніца», і як удзельніка Першага усебеларускага кангрэса, сябра Рады БНР. Будзька даводзіўся родзічам (хоць і далёкім) Паўліне Мядзёлцы і ў 1908 годзе ажаніўся на ейнай сяброўцы Валерыі. У родным мястэчку Будзька склікаў быў сход, на якім пастанавілі адкрыць у Будславе беларускую гімназію (а будслаўцы гаварылі па-беларуску і, хоць былі каталікамі, палякамі сябе не ўважалі), і забраць — на той час, пакуль не займеюць асобны будынак — памяшканне валасной управы і пачаць ахвяроўваць грошы на аплату настаўнікаў. Будзька тады ўзначаліў гімназічны апякунскі камітэт і звярнуўся да Лявона Вітана-Дубейкоўскага, знаёмага яшчэ па рэдакцыі «Нашай Нівы», які скончыў Французскую акадэмію архітэктуры, — каб распрацаваў план двухпавярховага будынка гімназіі. На Зосінскай вуліцы вылучылі пляц зямлі. Непадалёк ад Будслава быў лес пана Аскеркі, які сяляне і вазілі на пабудову…

Будзька выехаў у Вільню, каб зарэгістраваць гімназію. У рэгістрацыйным адзьдзеле ў той дзень першым чакаў чаргі сур'ёзна-хмуры мужчына ў цёмным касцюме, пры гальштуку. Сакратар-справавод пачала збіраць дакумэнты… І трэба ж так сысціся: незнаёмец таксама рэгістраваў беларускую гімназію — у Слуцку!

–  Можна падумаць, што адно беларускія школы і засноўваюцца ў нас! — не ўтрываў Будзька. Незнаёмец не без здзіўлення агледзеў яго, усміхнуўся:

–  Думаю, вы супраць не паўстанеце…

–  Ды не! Я ж сам з такім клопатам з Будслава прыехаў…

Радаслаў Астроўскі, які арганізаваў у Слуцку беларускую гімназію (а да гэтага выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце) і прыехаў яе «ўзаконіць», дачакаўся, пакуль сакратарка пераправерыла паперы і ў Будзькі, - і разам з ім падаліся на вакзал, падсілкаваліся ў чыгуначнай сталоўцы, нават замовілі з нагоды сустрэчы па шклянцы віна, а вечарам адным цягніком выехалі з Вільні…

Перад Калядамі ў Будслаўскай гімназіі пачаліся заняткі (на дзень раней адкрыліся дзверы беларускай гімназіі ў Слуцку). Пан Пянткоўскі, калі стаў бурмістрам, раскватараваў у гімназіі нямецкіх салдат, але праз некалькі дзён тыя самохаць вызвалілі яе. Пасля намаганняў Цэнтральнай беларускай рады нямецкія акупацыйныя ўлады выдалі Будслаўскай гімназіі з Менскага казначэйства грашовую дапамогу. Нямецкія афіцэры нават выкладалі ў гімназіі нямецкую мову, давалі вучням сшыткі, алоўкі… Гімназісты пад кіраўніцтвам Будзькі пачалі выдаваць часопіс «Сьветач». Склаўся свой аркестр, драматычны, танцавальны, харавы і літаратурны гурткі.

Працавала гімназія і пры бальшавіках. А восенню, калі ў Будслаў прыйшлі палякі, Будзька змушаны быў, каб пазбегнуць пакарання за скарыстанне лесу пана Аскеркі, з'ехаць у Вільню, а затым — у Коўну, Дзвінск…

І вось цяпер ад імя нібыта гімназічнага домаўласніка Аскеркі бурмістр пан Пянткоўскі пачаў вытурваць гімназістаў і настаўнікаў са свайго будынка — каб размясціць там польскую школу. Апякунскі камітэт гімназіі пагадзіўся за свае сродкі наняць для польскай школы іншы будынак, але Пянткоўскі на тое не пагадзіўся. А новапрызначаны школьны інспектар Венслаўскі загадаў беларускую гімназію наогул закрыць.

–  Будслаў, - сказаў ён, — малое мястэчка, каб тут была беларуская гімназія. Тут нават польскай гімназіі няма…

А ў Будслаўскай гімназіі працавалі два падрыхтоўчыя клясы, два першыя і — па адным — другі, трэці і чацвёрты. Вучыліся не толькі дзеці местачкоўцаў, але і з будслаўскіх ваколіцаў — больш трохсот гімназістаў…

Праз тыдзень у «Беларускае Жыцьцё» на імя Аляхновіча прыйдзе дублікат ліста з подпісамі пяціста жыхароў Будслава:

«…Дзеля таго, што народ наш толькі беларускі, якой бы ён веры ня быў, <…> дзеля таго, што нашай хатняй мовай зьяўляецца мова беларуская — спыненьне чыннасьці і працы нашай гімназіі, каторая была сьветлым праменьнем у нашым кароткім жыцьці, ёсьць для нас вельмі цяжкім горам.

Просім Цэнтральную беларускую раду <…> ужыць усіх спосабаў, каб нашы дзеці ў будучыні нас не пракліналі…».

З 12 па 16 верасня адбываліся паседжанні Беларускай цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны. Рада папоўнілася новымі прадстаўнікамі ад беларускіх віленскіх і краёвых арганізацый. Старшынёй рады застаўся Тарашкевіч, віцэ-старшынямі — Кахановіч і Карабач, сакратарамі — Ластоўскі і Ярэміч, старшынёй Вайсковай камісіі — Аляксюк. Галоўную ўвагу з'акцэнтавалі на школьнай справе. Польскія ўлады адкрывалі ў краі толькі польскія школы, са ста высланых радай на вёскі беларускіх настаўнікаў дагэтуль яшчэ ніводзін не быў зарэгістраваны!

Поделиться с друзьями: