Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Дзядзька зніякавеў, нос пашчыкаў:

–  То што — так там і напісана?

–  Так.

–  Па-нашаму ўсё ж?

–  Не… — пляменнік усміхнуўся. — З польскай гэта ўжо вось зараз едучы пералажыць паспрабаваў…

–  То й спраўна ж ты гэта… Малайцом, верабей! Будзе, пэўна, толк з цябе. Не то, што мой вось дылда. — І падпіхнуў локцем сына. — Хаваўся йшчэ… Думаеш, не бачыў, што порах купляць сённячы бегаў на кірмашы? Давядзецца ўсё ж прадаць стрэльбу…

І ўсе надоўга змоўклі. Як і раней, пляменнік марудна перагортваў тонкім пальцам старонку за старонкай — а дарога зімовая роўная, не дрыготкая, і чытаць спраўна было. Шахцеў пад санямі снег, глуха тупацеў каняка… Высмелілася нарэшце і студзеньскае сонца…

А хто гэта дарогаю са Слуцка чытаў вершы Міцкевіча? Уладзімер Жылка, сын Адама Жылкі, швагра дзядзькі Кастуся з слуцкага Падлесся. Апошні і ўзяў пляменніка сёння на слуцкі кірмаш. Дагэтуль Жылка з бацькамі ў Менску жыў, летась хварэў моцна — горлам кроў хлынула, тры месяцы з ложка ўстаць не мог. Летам бацька і прывёз сына на Случчыну, напачатку да свайго брата ў Клецішча, а затым і ў Падлессе — да жончыных родзічаў, - сілы «на малацэ й прыродзе» набрацца.

Думаў, маркотна ў кутку незнаёмым будзе, аж не — спадабалася тут, зачаравалі краявіды случанскія! Паланілі — раўніны лясныя з узбалоткамі, з крутлівай Вужанкай і грацыёзнай Лакнэяй (і як толькі, дзівіўся, назву такую атрымала?). Бліжэй да Слуцку рэчкі зліваліся, і далей яшчэ з кіламетраў дзесяць Лакнэя адна, перамогшы, бегла — у Случ.

Летам за вёскай ля сажалкі ўся малеча збіралася, а яны з братам за кіламетры два хадзілі — каля лесу возера невялікае з яйкам-востравам пасярод было. Вада чыстая, прахалодная… І рыбы безліч — ці не з Вужанкі, што саматужным канальчыкам з возерам злучалася? А далей — балоты, багнішчы. У лесе — грыбоў, ягадаў! Вось толькі зімою, праўда, сумна тут адзінотцам рабіралася…

«…Упяршынь пра Уладзімера Жылку я пачуў ад Макара Краўцова. Правільней, напачатку верш ягоны ў красавіцкім нумары «Беларусі» прачытаў — і тады Макару Краўцову й абазваўся:

–  Слухай, як моцна хтось піша:

Беларусь, Беларусь — гэты зык Паліць душу маю, як агнём… 

— і газэту Макару даў. Той нетаропка ўвесь верш прачытаў, і калі да подпісу — крыптоніма Ул. Ж.
– дайшоў, бровы ўзьняў, «Малайцом. Уладзя!» — нечакана выгукнуў.

–  То ведаеш, хто? — нясьцерп мне стала.

–  А як жа… — і зноў Макар спакойным зрабіўся. — Той, хто і гэта напісаў:

Пад штандар бел-чырвона-белы Гартуйся, раць, адважна, смела Адважных, храбрых ваякоў!

–  Ну гэта ж таксама з «Беларусі», колькі месяцаў таму!..

–  Так-так Жылка гэта, Уладзімер. З ім мы яшчэ пры бальшавіках пазнаёміліся. Ад чразвычайкі іхняй я прыхоўваўся… Сам разумееш: былы афіцэр, не з імі — то дэзерцір… Пра вобыскі чакістых мяне загадзя папярэдзлі. Неяк, было, Чароту абмовіўся. А той — «Паехалі да мяне ў Весялоўку, за настаўніка сойдзеш…» Ну й паехалі. Гэта недалёка ад Менску… Чарот тамака гаспадарку ўзначальваў, а Жылка і за агранома, і за настаўніка быў. У Весялоўцы і пазнаёмліся. Разам і елі, і спалі. Ён усё вершы мне па памяці пераказваў. Не свае, а Лермантава, Блока, Брусава, Бальмонта — гадзінамі! А як палякі бальшавікоў з Менску выкурылі, мы разьехаліся… Я і да бацькоў ягоных заходзіў. Маці нездароваю, як і сам Жылка, была, сухотнаю на выгляд. Бацькі чыстаю беларускаю моваю гаварылі. Гасьцінныя. Дзе ўсе цяперака — ня ведаю. Трэ ў Лёсіка запытацца — мо ён падкажа, адкуль Жылка яму ў рэдакцыю «Беларусі» вершы дасылае…

Не паскупіўся я тады на час — увесь адвячорак з Лёсікавага дазволу капэрты з рэдакцыйнага архіву пераглядаў — і аплацілася мая цярплівасьць! Знайшоў такі ліст ад Жылкі. Капэрта акуратным дробным почыркам падпісана, з мяккім правльным, крыху ўзьлётным нахілам управа… І ажно па ілбе сабе стукнуў ад нечаканкі: «вёска Клецішча Слуцкага павета» — адрэса Жылкава была!.. Вось тады ж і адпісаў я ў Слуцак Лістападу й Бараноўскаму: адшукайце, зьвяжыцеся, падтрымайце! Толькі Жылку ў Клецішчах — за Капылём — не засьпелі. Родзічы пераказалі, што ён у Падлесьсе, да Раманейкаў, матчыных крэўнікаў, пагасьцяваць паехаў. Але ж колькі да тога Падлесься — яшчэ ж бліжай, кіламэтраў з дзесяць ад Слуцка!

І не проста адведалі — нашы хлопцы і нанач засталіся, і нагаварыліся. А пасьля той сустрэчы на цэлую «пяцёрку» ў «папараць-кветкаўскім» ланцугу паболела. Жылка знаёмцаў сваіх слуцкіх назваў, беларусаў… І сам, як запраўдны эсэр, супраць польскай палітыкі прагнай неаднакроць выказваўся. Ён жа, зрэшты, і згадзіўся стаць на чале самім складзенай «пяцёркі»… А «Поклічам» ягоным зачытвацца тады сталі ўсе «папараць-кветкаўцы», сваім гімнам ваяцкім зрабілі!

Пад штандар бел-чырвона-белы Гартуйся, раць, адважна, смела Адважных, храбрых ваякоў! …Ня плач, ня плач па сыну, маці, Сягоньня сорам быць у хаце, Бо ўзьнят за волю грозны меч. Бо хутка будзе злая сеч, Няхай і ён, юнак адважны, Ідзе туды, дзе б'ецца кажны. За волю новую бяз сьлёз, Залепшы Бацькаушчыны лёс…

(З запісаў Алеся Ваяра)

* * *

Прыехаў дадому — нібыта й ведаў! — якраз на разгар падзей. Зранку хлопцы «Папараць-Кветкі» збіраліся ў Бараноўскага, наспех, а ў абед (толькі-толькі злез з фурманкі й чамаданік сцягнуў) сустрэўся з Сяргеем Буслом. Той:

–  Вой-ма!.. Скуль ты тут? Пэўна ж… знаеш?.. — А потым толькі — руку працягнуў. — Здароў, браце!

А й не ведаў, і не знаў, і прысніцца не магло нават: дэфензіва выкрыла некаторыя падпольныя «пяцёркі», схапілі Адама Бабарэку і Анатоля Астрэйку…

Яшчэ з зімы многія падаліся ў лес — чакалі адыходу палякаў. Ды з Бярэзіны ўжо не чутно было раскацістых грукатаў гарматаў, заціхла ўсё маразамі — толькі згаладалыя ваўкі смела вылі за вёскамі, вяшчаючы нядобрае. А ў самы напал арганізацыйнай вясновай працы да іх, пэўна, зашыўся правакатар. І павыдаваў — усіх, з кім сышоўся. Усчаліся аблавы, арышты, вышукі. П'яная аблава ўварвалася і ў вёску Бабарэкі. Хто тыцнуўся на вуліцу — хапалі і ў гумно селяніна Салановіча… Ахвяру распраналі й ніцма клалі на ток. Адзін жандар садзіўся на галаву, другі — на ногі. Трэці напярэсцік біў гарапніком, звітым з тэлефоннага дроту. Калі ж гарапнік расхвостваўся — браў другім канцом і тоўк тронкам. Немарасцевыя крыкі — па ўсёй вёсцы. Жандары адбіралі сала, яйкі, гарэлку. Самога ж Якіма Салановіча ў ягоным жа гумне і застрэлілі. Рэшту (а там і Бабарэка, і Астрэйка) звязенілі — і ў Слуцак. Па дарозе яшчэ і ў Русаках затрымаліся, ды ўся моладзь ужо ў лесе была, а на папялішчы (вёска колькі дзён перад тым згарэла) — адны старыя й бабы. Ноч у турме, а назаўтра — у нядзелю — чатырнаццаць хлопцаў расстралялі, - закутымі па руках і нагах… Астатнія ж — тыдзень ужо як у турме. Штодня — допыты ў фельчарскай камеры: і віскі абцугамі ціснулі, і пальцы ламалі, і стрэмкі — пад пазногці. Млеў хтось — вады халоднай на галаву, і — наноў. Калі ж і такое не «брала», не прызнаваліся — галавой уніз падвешвалі і гарапнікамі пяткі рассякалі. З катавальні-фельчарскай усіх потым — у бальніцу. Бабарэку, казалі, выпяклі на спіне пяцікутную зорку…

 Астроўскі — ты ж ведаеш, што з Новага году ён стаў кіраўніком Пінскага адзьдзела польска-амерыканскага камітэта дапамогі дзецям? — во-толечкі да начальніка павятовага пайшоў, трэці раз ужо… Мяне ж па перадачу… — Бусла цяжка пазнаць цяпер было: худы, вочы запалі, сінякі пад вачыма — паскамі, гаворыць хвалюючыся, блытаецца.

–  Божа ж мой! Што ж вы ў Менск не паведамілі?! Ці ж так трэба… — Алесь і сам разгубленым, зніякавелым стаў. — То айда хутчэй, перадачу возьмем — і да хлопцаў.
– І паўшэптам па дарозе ўжо, подбегам: — Дык, кажаш, ні Бабарэка, ні Астрэйка ні ў чым не раскрыліся?..

Яшчэ з паўдня правялі яны каля турмы, пакуль урэшце палову вязняў не вызвалілі — вечарам ужо, цёмначы, — усіх тых, хто не прызнаваўся ў «дзейнасці супраць Польшчы». Сярод іх — і Бабарэку з Астрэйкам. Начаваць у горадзе хлопцы адмовіліся — і ў рызыку ўводзіць сяброў не хацелі (ведалі, што шпікі яшчэ доўга будуць «праводзіць»), і далей ад турэмных сценаў, ад паліцыі быць пажадалі, - узялі з правіянту асноўнага, запалак і солі паболей, і падаліся за Слуцкі тракт, у лес.

А раніцай, калі ніхто і не чакаў, выпусцілі яшчэ аднаго — маладога каваля Міцю Жалязовіча з Прошчыцаў. (Алесь знаёмы з ім быў — і каня ў яго падкоўваць даводзілася, і па «пяцёрках» ведаўся.) Але наўрад ці хто з ягоных знаёмцаў пазнаў бы каваля зараз: вочы чырвоныя, колісь чорна-сажавы чуб — як у муцэ, у белых плямах, паўмесяца не голены, збіты твар - у драцінішчы валосся, схуднелы, прыгорблены, рукі (якія адно і выдавалі ў ім каваля: магутныя, цвёрдыя далоні — як капачы, калі сашчэпіць у кулак — як вядро) віселі як старыя цапы, вузлаватыя пальцы - пакрыўленыя, ссінелыя пазногці, разадраныя да крыві…

Поделиться с друзьями: