Пляц Волі
Шрифт:
Калі за ім закрыліся-бразнулі турэмныя вароты — уздрыгануў, сцяўся. Пастаяў няўцямна з хвіліну і рушыў да бліжэйшых пабудоў, нават лужыны й гразь не абыходзячы. Стрэўся жандар з зіхоткімі знакамі на галунах — кінуўся да яго, вочы выкаціў, праслінявіў:
– Міця я, Буба Міця!.. Ні ведаю нічога, адпусцеце… Міця я… Міця Буба…
Адштурхнуў яго жандар, сплюнуў і далей пашыбаваў, а Міця да гандляра з тытунёвай лаўкі кінуўся:
– Вы ж ведаеце мяне! Я Міця Буба… Нічога ні ведаю…
Даліся бедалагу турэмныя катаванні, розум прымутнеў у каваля Міці Жалязовіча. На вязня-волата — і здзекі ўтрая мацнейшымі былі. Прывязвалі за ногі да столевых крукоў і білі-дапытваліся па чарзе: хто, з кім знаёмы з бандытаў, што рабіць збіраўся, хто вучыў?! Стамляўся кат — другога зваў, а сам у карты гуляць садзіўся. У тым жа фельчарскім пакоі. Так і здзекваліся «кругам», у сямёх — хто прайграваў у карты, той «на высадку» да каваля на дапыт ішоў, - мацюкаўся, жылы рваў, пазногці ціснуў, па вушах і вісках тоўк. Слабеў каваль, непрытомеў — пярэрву рабілі, і — зноў усё з пачатку. А катавы сябрукі тымчасам у карты люта рэзаліся: «Паненка бубова!.. Холера ясна! На туз буба!! Ха-ха…»
Вось і стрэліла неяк у галаве каваля… забыў і прозвішча сваё, і хто ён, і чаго ён… Толькі і ўзгадвалася гэтая «буба» праклятая. А што яшчэ, крыўда якая — ніхто не мог уведаць, замерзлі вочы кавалёвы, памутнелі, як сажалкі ўскаламучаныя…
У абед яго бачылі на гарадскім кірмашы. Хто пазнаў прошчыцкага каваля, кінуўся быў здароўкацца: што ты тут робіш, Жалязовіч? А ў тога вочы ўраз шклянелі, дрыжэў усім целам: «Буба я, Міця Буба!» — і ледзь біцца не кідаўся. З тога часу ўсе і сталі зваць яго Бубам…
Дзе ночы, дзе ранкі праводзіў — ніхто не ведаў, толькі стаў ён штодзень апоўдні на кірмашы з'яўляцца — злітасцівіцца хтось з хворага, сала абрэзак падасць, другі — яйка, жанкі перажагнаюцца й з кварту малака адальюць… І добра Міцю, перакусіць — і на воз да каго-небудзь прымастаколіцца, на саломку — і вочы да неба, твар брудны ў барадзе нячэсанай — да сонейка выставіць, і ажно чмыхае ад задавальнення, сапе, як кот. Перадрэмле — і зноў да апоўдня ніхто не бачыць яго.
З месяц цягнулася так, пакуль не стрэўся Міця з жандарам, падбег па-заліхвацку, выструніўся, руку да віска, збітымі ботамі прыстукнуў:
– Міця Буба я… Буба, ваша благародзь!
Скрывіўся паляк, аж уздрыгануўся — і кулаком па твары Міцю… Раз, другі… А Міцю адно кроў у скроні бухнула, пад сэрцам запякло, дых знячэўку перахапіла. Скруціў ён жандарыка, стоўк у яблык горкі, з ног збіў і другога, на падмогу да таварыша падаспелага, высока кулачынай памахаў над імі і — пад прылаўкі, за вазы, за плот… Увомірг знік, і ні на кірмашы, ні на вулках горада пасля таго больш не з'яўляўся.
Адны сумныя весткі прывёз тады ў Менск Алесь. І самога нібыта падмянілі: цвёрдым стаў, хмурным, маўклівым. Гарун адразу змену заўважыў, падтрымаць памкнуўся, расхмарыць:
– Не кісні. Думаеш, аднаму табе нудна? А як мне тады на свет глядзець?! Салодкімі дужа сталі… То, можа, чакаць, што так вось, на талерачцы паднясуць волю? Нат калі хто й паднясе, дык атрутай перад гэтым густа пасыпаўшы!
– Не кісну я… Глядзець адно і на палякаў не магу. Ці не паслугачы мы іхнія?
– Вунь куды бярэш! А ці ведаеш, што два гады назад я пісаў пра іх? У «Водгуках» у «Вольнай Беларусі»? Супраць экспансіі гэтых самых легіёнаў наўсюд выступаў! — Гарун кінуўся да стала, дубовага, з крыху сцёртым лакам — зранку на ім ужо былі стахтораны новыя дакумэнты, лісты, газэты (потым у абед іх браў чытаць Алесь), высунуў ніжнюю шуфляду. — Чакай, зараз… — Раскрыў зялёную папку і стаў таропка перагортваць выразкі. — Зараз прачытаю… Каб не думаў, што ў аднаго стрэмка засела… Вось, слухай… — І да вакна, дзе святлей. — Выступаць — выступаў, а як «экспансію» і з усходу зведалі — і цюкнула тады, што расейцы-бальшавікі глынуць і аблізнуцца нават забудуць… А Пілсудскі ж сваё дэкляраваў, і ледзь не маімі словамі! Слухай (і нарэшце пачаў чытаць): «Як вольны з вольным, роўны з роўным…» — успамінаеш зварот ягоны? Ён жа, Пілсудскага зварот, так — паўтараючы маё — і пачынаўся! (Гарун усхваляваўся не на жарт.) Вось… «Як вольны з вольным, роўны з роўным, пойдзе ён, беларускі працоўны народ, поруч з другімі народамі. А ў тым ліку і з польскім, а не з вамі, прыхваснямі польскага імпэрыялізму, хоць бы вы былі і тутэйшымі здраднікамі і перакінчыкамі, забыўшымі бацьку і мацяр сваю». — Гарун зірнуў на Алеся і працягнуў чытанне. — «Не, — Масква і Варшава не святы, а страшны выраз для беларуса, і не Расію і Польшчу назаве ён маткаю сваею! Маткаю народу Беларускага будзе яго «тутэйшая», Беларуская зямля, вольная, незалежная Народная Беларусь…» — Ён адклаў выразку на падваконне — на стос кніг, і гаварыў ужо, гледзячы скрозь шкло шыбаў на вуліцу. — Не выстаўляючыся перад табою зачытваў я гэта… Каб паказаць проста, што не табе першаму шчыміць… што галаву апускаць з гэтага ня трэба! Усе малыя народы праз такое ці прайшлі, ці праходзіць мусяць. І мы пакуль вымушаны за «саладзейшае» хапацца, хоць яно, як бачыш, з апечынамі… Ды, урэшце, я ўжо казаў табе пра гэта… А тут летам, летась, Пілсудскі згоду даў на стварэнне беларускага войска. І паўстала БВК, і загадам таго ж Пілсудскага я на яе чале стаў. І як было не натхніцца: падпісалі пагадненне аб пастаўках амерыканскай зброі на 400 мільёнаў даляраў! Можаш уявіць? Антанта фундаваць мелася… Праўда, у яе свае мэты найперш наўвеце былі — каб бальшавікоў і Саветы супыніць… Ды народ наш не правядзеш… Студзень гэтага года ўспомні, паўстанне антыпольскае ў Рудабельскай воласці. Сяляне ж на крыўдзіцеляў з пяяннем «Ад веку мы спалі…» йшлі! Прачынаюцца ж! Хоць і разбегчыся мусілі, і дванаццаць Бабруйскую турму зведалі… Тады ж Ігнатоўскі з Булатам і братамі Сташэўскімі Беларускую камуністычную арганізацыю і стварылі — каб супраціў антыпольскі далей распальваць. Толькі ж не для ўсяе грамады беларускай шлях той…
– Дык што ж рабіць тады?! — не стрымаўся Алесь.
– Што рабіць? — і Гарун нечакана ўсміхнуўся. — Не спаць!…
Не мог не ўсміхнуцца ў адказ і Алесь — і нібыта ільдзіна ў ягоных грудзях растала. Сеў за свой стол (на той час ён ужо ў Вайсковую Камісію да Гаруна перайшоў), паперы расклаў, а калі Гаруна некуды паклікалі, перапыніў, у вочы гледзячы — вышчадрыў:
– Не праспім, дзядзька Алесь… Паваюем.
Кабінет Гаруна ў Беларускім доме, неўздалёк ад прыступак на другім паверсе, быў сэрцам вербунковага адзьдзелу Беларускай Вайсковай Камісіі. Спраў не паменшала і ў Школьнай радзе, але і там, і там патрэбен быў сакратар-справавод, і Алесю даводзілася пакуль працаваць «на двух сталах».
Што ён рабіў у той дзень? Ці не абвестку складаў ад Вайсковае Камісіі для «Руні» — новага літаратурна-грамадскага часопісу, рэдактарам якога меўся быць выздаравелы Купала. Тэкст абвесткі (яна друкавалася затым на першай вокладцы «Руні» ў некалькіх нумарах запар) пісаўся адразу — на «чыставік»:
«Беларусы! Хто хоча незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны, у кім бьецца беларускае сэрца, каму неўмагату зьдзек чужынцаў, хто можа трымаць у руках стрэльбу — запісвайцеся ў беларускае войска!
Беларуская Вайсковая Камісія.
Запіс у Беларускай Вайсковай Камісіі, гатэль Гар і рог Фэліцыянскай і Міцкевіча.»
Затым ён адшукаў стосік старых улётак, перачытаў верхнюю:
«Менчане! Варожая навала, што пагражала нашаму старому Менску, адбіта дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера. Але ня кінулі маскоўскія тыраны каваць путы на нашу волю, на волю Беларусі. Зьбіраюць яны з усяго сьвету дзікіх, ахвочых да рабунку, людзей і пасылаюць катаваць нашую Бацькаўшчыну. Гараць вёскі і месцы. Тысячы братоў нашых уцяклі з-пад родных стрэх і гаруюць. Такая ж доля чакае і ўсіх нас. Хто-ж павінен бараніць нас, як ня мы самі, як ня нашае войска, БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА?
Устаньма ж на абарону радзімага краю!
Пад штандар Пагоні, у Беларускае Войска!
Хто дужы і малады — да зброі!»
– перачытаў ён улётку, і радок «дзякуючы адвазе і ахвярам польскага жаўнера» тлуста выкрасліў — і ўвесь стосік назад схаваў.
– Дзень добры пану Мядзьведзю, — у дзвярах, усміхаючыся, стаяў Макар Краўцоў (па прозьвішчы — Касьцевіч — яго ніхто і не зваў), работнік «рэгулямінова-школьнага» адзьдзела БВК, ён жа — найперш — малады, але ўжо вядомы беларускі паэта, прыгожы, па вайсковаму падцягнуты, з вялікім, крыху выцягнутым тварам, далікатна ўкладзеным назад пышным чубам, нізкімі густымі брывамі, што крыху адцянялі яго сінія вочы, і без таго заўсёдна змуленыя вусны цяпер меншыла ўсмешка - і пакідала на ягоных мякка-выгаленых шчоках дзве зморшчынкі-баразёнкі ўпаўкруг.
– Добры і, па ўсім, вясёлы? — адказаў на прывітанне.
Макар прысеў побач, закінуў нагу на нагу. Бліснуў наваксаваным чаравікам.
– Ды сёння запісвалі добраахвотнікаў… Ну і дзяцюк зайшоў адзін. Імя, прозвішча… І тут з лямантам мажная кабета ўрываецца, маці ягоная, як аказалася. Бразь дзвярыма — і да нас: «А мае ж паночкі! Ня пішэце яго ў войско!»
— «Чаму?» — пытаемся.
— «А як жа — чаму?.. Гэткі сарві-галава! Пойдзе ваяваць, заб'е каго, а тады мне цёгайся па судох ды следствах…»
Усміхнуўся і ён, але адразу ж зсур'ёзнеў, уздыхнуў:
– Трэба, бачу, і мне да вас перабірацца, а то за гэтымі паперамі й свету людзкага не бачу…
– Во-во, давай. Статут перакласці й выдаць трэба…
– М-да…
– Слухай, а ці й праўда не заседзеліся мы з табой тут?! — Макар раптоўна падскочыў — і да вакна: — Кажуць, сама сок пайшоў… То, можа, адскочым, бярозавіку спусцім? — нізкія бровы яго ўзняліся, вочы гарэзна засвяціліся.
– Як жа… Да ночы ў лес, раніцаю з вёдрамі назад?