Пляц Волі
Шрифт:
У рэдакцыю падкінулі, наадварот, пусты партфель…
У Цэнтральнай беларускай радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны ад Беларускай вайсковай камісіі з Менска прыйшла тэлеграма:
«Загад аб фармаваньні арміі падпісаны ў чацьвер. Пасылаем найглыбейшае прывітаньне ў гістарычную часіну пачатку тварэньня збройнай сілы, каторая будзе бараніць Бацькаўшчыну».
– Пэўна, у Менску Пілсудскага лепш улагодзілі, чымся тут, у Вільні, - прыцмокнуў Аляхновіч, правячы штось у газэтных гранках.
– Маеш на ўвазе ягоны прыезд у верасні? — у рэдакцыю да яго завітаў Ластоўскі, каротка падстрыжаны (што яшчэ больш адкрывала маладыя залысіны). Сівізна ўжо кранулася і пухматых броў, і курчавай бародкі. Як заўсёды — у накрахмаленай кашулі, з тонкім гальштукам, — цяпер у сінія палосы.
– Так… — і Аляхновіч сам спытаў: — Ці праўда, што Іваноўскага бальшавікі вызвалілі з турмы?
– То ён ужо ў Менску!
І раптам у дзверы ўпэўнена пастукалі. Зайшоў малады і статны вайсковец, казырнуў:
– Штабс-капітан Францішак Кушаль, намеснік старшыні Беларускай вайсковай камісіі. Маю гонар, спадары, пазнаёміць вашу рэдакцыю з адозвай БВК і дэкрэтам галоўнакамандуючага Польскай Дзяржавы…
Аляхновіч і Ластоўскі параскрывалі раты — штабс-капітан быў у навюткай вайсковай форме з беларускай нацыянальнай сімволікай!
– Зробце ласку…
– Во толькі пра БВК і ўзгадвалі…
– Вось, — Кушаль падышоў да стала, выклаў з папкі на стол паперы.
— Гэта дэкрэт Пілсудскага, якім камандзірам беларускай арміі прызначаецца запрапанаваны БВК палкоўнік Канапацкі, а месцам фармавання нашага войска абраны Слонім.
Аляхновіч і Ластоўскі хутка чыталі дакумэнты — раз-пораз, не стрымліваючыся, азіраючы афіцэрскую форму.
У дэкрэце Пілсудскага значылася:
«Дзеля арганізацыйнай і прыгатаваўчай работы назначаю Беларускую Вайсковую Камісію, якая ў паразуменьні з Камісарыятам Усходніх Земляў <…> будзе арганізоўваць беларускае войска:
1) даючы адпаведныя наказы палкоўніку Канапацкаму і
2) утвараючы адпаведныя падкамісіі.
У склад Камісіі ўваходзяць: палкоўнік Канапацкі, п. Рак-Міхайлоўскі, штабс-капітан Кушаль, палкоўнік Якубоўскі, п.п. Мурашка, Аўсянік, Прушынскі (Гарун) і штабс-капітан Якубоўскі.
Месцам працы Камісіі назначаю Менск».
А гэта — з адозвы БВК:
«Дзеля таго, што ў хуткім часе мае фармавацца беларуская армія, прапануецца афіцэрам, ваенным чыноўнікам і дактаром-беларусам зарэгістравацца. <…> Старшыня Вайсковай камісіі П. Аляксюк. Сябра камісіі А. Аўсянік».
– Спадзяюся, вы неадкладна пазнаёміце сваіх чытачоў з гэтым… — Кушаль паднёс далонь пад казырок.
Аляхновіч спалохаўся, што нечаканы зайшла знікне, і паспяшыў распытаць:
– Гэтая форма… на вас — беларуская?
– Так, — Кушаль задаволена ўсміхнуўся. — Спраектавана і зацверджана і вайсковая форма. Пашыта, праўда, толькі першая партыя.
– І ўся такая? — дапытаў Ластоўскі.
– Што ж, — Кушаль падкруціў вус, — можа й пра гэта варта напісаць… Фасон шапкі, як бачыце, — ангельскі, колер шэры, у штабных і тэхнічных аддзелаў канты чырвоныя, у пяхоты — чорныя, у кавалерыі — белыя…
– Чакайце… Зараз буду запісваць! — перапыніў афіцэра Аляхновіч, абмакнуў пёрка. — Ну…
– Аколышак шапкі ў штабе аксамітны чорны, у пяхоты шэры, у кавалерыі — блакітны. На ім ва ўсіх нашыты бел-чырвона-белы паясок, пасярод яго — у вянку «Пагоня». Ва ўсіх шапках афіцэраў пад казырком — срэбны пераплецены шнурок… — У кароткіх паўзах у расказе штабс-капітана Кушаля было чуваць спешкае шапаценне пёрка: Аляхновіч старанна запісваў пачутае. — Мундзір фасону «фрэнч», з чырвонымі кантамі-лампасамі ў штабе, з чорнымі ў пяхоты і белымі ў кавалерыі. Апроч таго, у кавалерыі блакітны каўнер і манжэты. Эпалет з той жа сукні, на ім ва ўсіх на чырвоным полі вышыта срэбная «Пагоня». У афіцэраў на каўняры срэбная пятля, у жаўнераў — бел-чырвона-белыя нашыўкі, а на іх — срэбныя нашытыя паяскі дзеля азначэння рангаў. Афіцэрская ж ранга абазначаецца толькі срэбнымі нашыўкамі на рукавах… На гузіках ва ўсіх «Пагоня»… — Кушаль памаўчаў і падагульніў:
— Здаецца, нічога не прамінуў…
– Можа, пяхоце варта было б канты зялёнымі зрабіць, а то неяк ужо ўсё шэра… — заўважыў Аляхновіч.
– Зялёнымі? — Кушаль уважліва зірнуў на гаспадара пакоя. — Яно б летам і зручна, а вось зімой, на снезе… Не, будзе дэмаскаваць!
Аляхновіч, калі развіталіся з Кушалем, яшчэ раз перачытаў атрыманыя дакумэнты, адклаў іх для пасылкі ў набор, начыста перапісаў зацемку пра форму беларускай нацыянальнай арміі і, падумаўшы, пад ёй у два радкі размашыста дадаў: «Хай жа пад беларускім мундзірам ня знойдзецца ніводнага не па-беларуску бьючагося сэрца!»
Усе матэрыялы з'явяцца ў № 19 «Беларускага Жыцьця», які аддрукуюць у суботу 11 лістапада 1919 года…
Ці ёсць у гаданнях праўда?
Цягнік моцна хістала: пэўна, звечара пачаў наганяць адставанні. Лескаталі, як енчылі, на рэйкавых стыках калёсы, сустрэчны вецер урываўся ў апушчаную фортку, сушыў прахалодай і няпэўнасцю.
– Пану не спіцца? — па-руску запытала жанчына.
Азірнуўся: цыганка ў шырокай квяцістай сукенцы, што ледзь месцілася ў праходзе між купэ і сценкай вагона; на маладой шыі ў некалькі столак — вялікія пацеркі з бурштыну, доўгія зіхоткія завушніцы… Агледзела ўважліва, вочы пад доўгімі веямі — як светлякі, з карычневым водбліскам.
– Бачу, пан смуткуе… — і сама спахмурнела, дохгія падмаляваныя бровы выгнуліся; крутнула галавой, перакінуўшы тугую касу на другое плячо. — Усё бачу наперадзе… Дарога твая далёкая, але са зваротам… І канец яе дома… — Цыганка памаўчала, яшчэ раз зірнула — як апякла — у вочы. — Дзіўна, бачу пана на белым кані ў генеральскім мундзіры…
Нахмурыўся ўжо Езавітаў: «Ці ёсць у гаданнях праўда?»
Падбег вымазаны ў павідла крываногі хлапчук, пачаў тузаць цыганку за спадніцу, штось прасіць.
– Джа дацір, сыгэ! Джа-джа… [28] — і яна нібы агоўталася, паківала галавой. — Вось і ўсё. А боль твой залечыцца… Ты ж яшчэ малады, прыгожы… Дзевак шмат вакол будзе! — зноў абнечаканіла-здзівіла.
Езавітаў дастаў кашалёк, каб аплаціць «варажбу», але цыганка павольна пахітала галавой і, прыемна ўсміхнуўшыся, крутнулася і пацокала доўгімі абцасамі…
Ён заснуў адразу — нібыта супакоены цыганчыным позіркам. Вагон хістала яшчэ больш, а яму трызнілася, што гойдаецца на хвалях Дзвіны… Потым, малым хлапчуком, бяжыць поймай рэчкі. Цёпла. Трава казыча босыя ступакі, і раптам — ажно жоўта ад кветак, маладых вясновых дубровак-ведзьміных ножак… Яму захацелася нарваць з іх букет — а кветкі не паддаваліся… У далонях заставаліся толькі адны пялёсткі.
28
Ідзі адсюль, хутчэй! Ідзі-ідзі... (цыганскае).