Пляц Волі
Шрифт:
Калі зноў ішлі доўгім намерзлым трапам, можна было чуць бухценне Булак-Балаховіча:
– Запацучацца ў каюты… Іх бы ў акопы! І ўсё ж крэйсер — сіла… Бач, адных гармат колькі…
А Езавітаву, гледзячы на матросаў у цёплых скураных курціках, узгадаўся Муха — «Дзе ж ён цяпер? І што з тым атрадам Сяменніка?..»
Назаўтра, 9 студзеня, Езавітаў разаслаў усім прадстаўнікам Рады БНР пры ўрадах вядучых дзяржаў і кіраўніку рэгістрацыйна-пашпартнага адзьдзела ў Лібаве сакрэтныя тэлеграмы:
«<…> Беларусь не павінна заставацца ў сфэры французскага ўплыву і павінна перайсьці ў сфэру ўплыву ангельскага ці амэрыканскага. <…> Беларусь — найбольш выгадны плацдарм для наступу на бальшавіцкую Маскву. <…> яна яшчэ ня думае мірыцца з бальшавікамі, а яе мяжа ў 280 кілямэтрах ад Масквы. <…> Беларусь — краіна індывідуальнай гаспадаркі па эўрапейскім узоры, а таму рэзка адрозьніваецца ад вялікарускай абшчыны, якая пачынаецца на ўсход ад межаў Беларусі. <…> Калі ў адносінах да многіх нацыянальнасьцяў прымяняўся прынцып прызнаньня de fakto, то Беларусь павінна быць адразу і перш за ўсё прызнана de jure».
Аднак у грашовых субсідыях першым корпусу Булак-Балаховіча дапамагло эстонскае ваеннае камандаванне. Яно згадзілася выплочваць грошы і дастаўляць прадукты да тога часу, пакуль гэта не зможа зрабіць кіраўніцтва БНР. Паміж эстонскім штабам, Езавітавым і Дуж-Душэўскім была падпісана дамова аб тым, што вылучаная Булак-Балаховічу сума будзе лічыцца пазыкай Беларусі.
Езавітаў і Дуж-Душэўскі пасля гэтага выехалі ў Рыгу і праз некалькі дзён вырашылі даведацца аб выніках перамоў паміж ангельцамі і беларускай місіяй у Празе. Але прадстаўнік рыжскай ангельскай місіі палкоўнік Талент адмовіўся прыняць Езавітава…
Прычыны такіх паводзінаў беларускаму палкоўніку адкрыюцца толькі летам — калі да яго ў штаб прыедзе міністр беларускіх спраў у Літве Язэп Варонка.
– Ты навошта даў ангельцам адрас прадстаўніцтва ў Празе, а не ў Берліне? — спытаў ён Езавітава падчас абеда і горка ўсміхнуўся.
– Такія былі ягоныя ж указанні… А што? — насцярожыўся Езавітаў.
– То што… не чуў яшчэ пра той скандал з Вяршыніным? Місія Вяршыніна месцілася ў Празе на добрай вуліцы, у добрым доме з прыгожым пад'ездам. Кватэра невялікая, два пакоі з кухняй. Там і прымалі гасцей… І вось ангельская амбасада ў Празе атрымала тэрміновую тэлеграму: звязацца з беларускай місіяй і пачаць перамовы. Прадстаўнік амбасады на аўто і выехаў на Венскую, 4, дзе кватараваў Вяршынін. Перад уваходам — шыльда па-французску і чэшску. Ангелец узышоў на ганак, а насустрач яму Вяршыніха з трапкай… Памыла падлогу ў пакоях і цяпер хацела «акультурыць» ганак. Ангелец прайшоў у першы пакой: кухня з «ачагом», на «місію» не падобна… У другім думаў сустрэць служку, каб абвясціў пра ягоны прыход… А там — сціплы кабінецік з пісьмовым сталом, паліцамі, кніжкамі… І ўсё, больш няма куды ісці! А следам за ангельцам Вяршыніха з трапкай. Усчала лямант: «няпрошаны» госць натаптаў гразі, збаёдаў ейную работу… Ангелец у яе пра беларускага дыпламата пытаецца, а тая (мовы не разумела) на пол тыкае і яшчэ большы гвалт усчыняе… Адпаведны даклад і пайшоў у Англію… Ангельцы як анекдот пераказалі французам. А ковенскія французы — мне. — Варонка ўбачыў, як нахмурыўся і скамянеў сябар. — Што скіснуў, ты ж не вінен у тым. А з французамі мы адно пасмяяліся… Ёсць дамова накіраваць ангельцаў у наш Берлінскі цэнтр.
– Ты ж ведаеш, што яны свой адрас засакрэцілі. Хоць чаго хавацца — Matzstrasse, 21. Так? — Езавітаў двума пальцамі пацёр лоб (так рабіў, калі хваляваўся), уздыхнуў: — Значыць, тупік?
– Ну… чаго так адназначна… Пабачым.
2 лютага Эстонія падпісала з Расіяй мірную дамову і мусіла расфармаваць усе антыбальшавіцкія злучэнні, сярод іх — і Асобны атрад БНР у Прыбалтыцы пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Генерал пачаў дасылаць Езавітаву цыдулкі з адзіным запытаннем «Што новага?» А добрых навін у Езавітава не было, і Булак-Балаховіч пачаў злавацца і піць. Спрыяў таму і польскі ваенны аташэ, які «выпадкова» пазнаёміўся з генералам — і пачаў пераманьваць яго на свой бок: адразу ж прапанаваў аванс, падахвочваў узначаліць беларускія атрады, што ствараліся ў Менску. Ад яго ж Булак-Балаховіч дачуўся пра непаразуменні паміж беларусамі за мяжой і Белнацкамам у Менску і запрасіў у свайго прадстаўніка пры місіі БНР у Латвіі падпалкоўніка Мінгрэльскага тлумачэнняў.
«У Рызе пасля вызвалення з польскай турмы жыве кіраўнік беларускага ўрада Вацлаў Ластоўскі, які пацвердзіў, што ў Менску замежных беларускіх дзеячоў лічаць здраднікамі», — паведаміў Мінгрэльскі.
8 лютага Езавітаў мусіў рабіць «апераджальны ўдар» — пісаць ліст Пілсудскаму:
«Пане Галоўнакамандуючы! Як Вам, пэўне, вядома, у складзе Эстонскай арміі вёў барацьбу з бальшавікамі Асобны атрад БНР пад кіраўніцтвам генерал-маёра Булак-Балаховіча. Замірэньне эстаў з бальшавікамі прымушае Асобны атрад знаходзіцца ў спакоі ў той момант, калі яшчэ не ўся наша Бацькаўшчына-Беларусь ачышчана ад бальшавікоў.
Каб не аставацца без баявой працы, Асобны атрад зьвярнуўся да мяне з просьбай перавесьці яго на Беларусь.
<…> прашу, па моцы загаду Вашага аб фармаваньні Беларускага войска на Беларусі, прадаставіць Асобнаму атраду БНР кавалак фронту на левым флангу Польскай арміі і ўзлажыць на польскае інтэнданцтва павіннасьць адпускаць усё яму патрэбнае. Канчатковыя ўмовы па гэтьім пытаньні маюць быць зроблены паміж Вамі, Галоўнакамандуючым Беларускімі войскамі палкоўнікам Канапацкім і Урадам БНР, якім я, адначасна з гэтым, пішу належныя рапарты…».
Калі эшалоны з атрадам Булак-Балаховіча спыняцца ў Бярэсці, Менск зноў зойме Чырвоная армія. Польскае вайсковае кіраўніцтва вылучыць атраду ўчастак фронта на Палессі і прапануе распачаць арганізацыю новых беларускіх аддзелаў…
«Мы к волі йдзем»
Яны нечакана сустрэліся на Пляцы Волі — на ўзвышку, перад касцёлам. Янка Купала — у доўгім паліто, мяккай аблавушцы — узіраўся ў высокія званіцы, мружыў павекі, - з зіхоткіх купалкоў мякка ападалі матылькі-сняжынкі. Жылка, заўважыўшы Купалу, не адважыўся яго патурбаваць — і азваўся толькі тады, калі Купала падаўся да пухматых елак, яшчэ ад Калядаў выстаўленых перад уваходам у касцёл:
– Добры дзень, дзядзька Янка!
– Уладзік? — Купала абрадаваўся. — Што гэта знік некуды — ні чуваць, ні відаць было?
– На Случчыне ў родзічаў папраўляўся…
– А на Новы год, значыцца, да бацькоў прыехаў? — Купала спытаў асцярожна — ведаў, што хлопец «папраўляўся» ад сухотаў.
– Ды з тыдзень ужо ў Менску. Хутка зноў паеду…
– І вершаў з сабой мех прывёз?
– Мех не мех, а некалькі маю.
Купала ўсміхнуўся, кіўнуў галавой:
– Цудоўна! То, можа, складзеш «кумпанію» ў шпацыры?
– Ахвотна!
Дзень таму мароз апаў, недалёка было і да адлігі. Мяккі снег амаль на пядзю накрыў пляц, пасля святаў яго яшчэ не ўтапталі…
– Ну і як там слуцакі жывуць? — пацікавіўся Купала.
– Жывуць. — Жылка наструніўся, пасур'ёзнеў. — Абуджаюцца, асабліва моладзь.
– Ты пра «Папараць-Кветку»?
Жылка ад нечаканасці нават стаў, здзіўлена зазірнуў Купалу ў вочы:
– То вы ўсё й самі ведаеце?!
Пра існаванне на Случчыне культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-Кветка» Купала — і насамрэч — даведаўся ўжо даўно, і паспяшыў патлумачыць:
– Хлопцы са Слуцку яшчэ летась да мяне прыязджалі… Вершаў для сваёй часопісі папрасілі.
– «Нашай Каляіны»?
– Так. Ці выходзіць яна далей?
– На трэцім нумары палякі перапынілі…
Яны ад Ратушы дайшлі да рэчкі і няспешка вярнуліся. У скверыку заўважылі старога лерніка — жоўтыя даўно не мытыя валасы былі сцягнуты чорнай стужкай, аблезлая шапка з заечага футра ляжала перад ім на снезе, з яе нясмела вызірвалі — як птушаняты з гнязда — некалькі скамечаных пяцірублёвак.