Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Добры дзень вам, — павітаўся Макарэвіч, падышоўшы да жанчыны. Тая адразу выпрасталася, ухапіўшыся аберуч за набалелую сярэдзіну. Гэта была сівенькая бабулька з добрым, прыветным тварам. Трохі пявучым голасам яна адказала на прывітаньне.
— Мне вядзёрачка на хвіліну не пазычыце? Я тут во — паблізу, — сказаў ён, ужо згледзеўшы каля яе налітых хваравітай паўнатой ног пластмасавае вядзерца.
— Ну, чаму ж не? Калі трэба, вазьміце. Вы ж не насаўсім, прынясеце…
Гадоў сямі дзяўчынка ў стракатым сарафаніку і белай панамцы тут жа ўскочыла ад расады і па-дзіцячы даверліва паведаміла:
— А наш дзядуля хутка прыедзе, вяргіні прывязе і флоксы, мы будзем садзіць.
— Гэта добра — саджаць флоксы, — сказаў Макарэвіч і з вядзерцам у руцэ пайшоў з пагорка.
Ахоплены канкрэтным клопатам, ён страціў жаданьне разважаць пра асаблівасьці могілак, сентыментальнае пачуцьцё адляцела, як заўжды перад справай. Насустрач яму ішлі людзі — жанчыны з дзецьмі, бабкі з кошыкамі ў руках, некаторыя несьлі вядзерцы, рыдлёўкі. Прашкандыбаў высокі худы інвалід на пратэзе з сумкай і кіёчкам у руцэ. Напрыканцы рабочага дня з горада прыехаў нячасты на гэтым маршруце аўтобус, людзі ўспомнілі пра свой абавязак перад нябожчыкамі.
Каля трубы з кранам, якая для зручнасьці была прыладжана на драўляныя казлы, ён наліў вядзерца і нетаропка панёс яго да магілы Аляксея Іванавіча. Тут, паліваючы з прыгаршчаў, абмыў фасадны бок стэлы, і твар нябожчыка быццам праявіўся з пылу, набыў першародную сьвежасьць. Рэштай вады паліў змораныя кветкі — можа, ажывуць? Усё ж было сумна, што з немалой сям’і нябожчыка так ніхто і не сабраўся за лета на гэтую магілу. Няма калі? Напэўна, і ўсё ж… Ён таксама сабраўся ўпершыню за пятнаццаць гадоў — ня густа. Але во зрабіў невялічкую справу, і стала неяк вальней на душы — быццам дзеля жывога. Для нейкае яго зручнасьці. Хаця нябожчыку ўжо ўсё роўна, значыцца, для сябе гэта, дзеля ўласнага задавальненьня. Дзіўнаватае ўсё ж пачуцьцё, капрызьлівая патрэба душы. Які ў тым сэнс? А які наогул сэнс у жыцьці?
Зрэшты, мабыць, дарма шукаць сэнс там, дзе яго, можа стацца, і не было ніколі. Не па сваёй волі паявіўся на сьвет і жывеш не па сваёй волі. А прыйдзе пара зьнікаць — катастрофа! Быццам несправядлівасьць якая. А даўно ж і дакладна сказана: нішто ня вечнае на зямлі. Усё, што мае пачатак, павінна мець і канчатак. Іначай і быць ня можа. Вельмі гарманічна, справядліва і надта дэмакратычна. Вечна жыць немагчыма, а пры нашых завядзёнках знайшліся б выключэньні і прывілеі. Для начальства, найболыл заслужаных, дэпутатаў і карупцыяністаў — за грошы, вядома. Не, ужо лепш хай будзе, як ёсьць. Адбыў свшо чаргу на зямлі і ідзі. Дай месца наступнаму.
Нядоўга спачыўшы ля загародкі, ён надзеў у рукавы пінжак, узяў вядзерца.
— Ну пакуль, Алёша, да новага. Тут або там, — сказаў ён і адразу адчуў пранізьлівае шкадаваньне да сябе, успомніўшы класічнае: я ўжо дома, а ты яшчэ ў гасьцях…
Аднёсшы вядзерца, паставіў яго ля чорнай, нядаўна па фарбаванай абгародкі, за якой высіліся тры аднолькавыя абеліскі, кожны з невялічкай клумбачкай унізе, ужо занятай пасаджанай расадай. Бабуся ахвотна паднялася насустрач і тут жа зьнямогла апусьцілася на лаўку.
— Во дзякуй, прыбраў і паліў…
Перш чым пайсьці, беглым позіркам сьлізгануў па абелісках — на першым былі два прозьвішчы з імёнамі і датамі, на другім — адно, а трэці бялеў чыстым, падрыхтаваным для надпісу квадратам. Ягоную ўвагу прыцягнулі надпісы з нячастым у тутэйшых мясьцінах прозьвішчам Доўжык. Аднекуль, можа, з глыбіні падсьвядомасьці, вынырнула забытая фраза, і ён мовіў услых:
— Доўжык з Малых Доўжыкаў.
— Ага. Доўжыкі мы. Не тутэйшыя — з-пад Полацка. Тут мы пасьля вайны, як брат прыйшоў з арміі і пачаў на трактарным рабіць, — ахвотна загаварыла бабуля.
— Доўжык з Малых Доўжыкаў, — паўтарыў Макарэвіч. — Гэта хто? Муж?
— Не, гэта дзядуля. I бабуля. Ведаеце, яны ў адзін год памерлі. Тут, ужо на трактарным…
— А во цёця Наста пахавана, — паведаміла дзяўчынка, паказваючы на сярэдні абеліск, дзе лаканічна значылася: «Доўжык Анастасія Іванаўна. 1936–1967». — Яна на самалёце пагібла.
— На самалёце?
Бабуля ўзялася распавядаць, як нявестка паляцела па турыстычнай пуцёўцы ў Чэхаславаччыну і загінула з усімі разам, прывезьлі запячатаную урну…
Няўважліва слухаючы яе, Макарэвіч утрапёна пазіраў на трэці абеліск з чыстай табліцай і баяўся спытаць. Ды спытаць усё ж давялося.
— А там што? Ці хто пахаваны?
Бабуля сьціпла схавала пад фартушок напрацаваныя рукі і ледзь чутна сказала:
— Ніхто.
Здаецца, ён зразумеў. Так часам робяць асабліва запасьлівыя — ладкуюць участак, ставяць помнік з прозьвішчамі і дзьвюма лічбамі даты, астатняе пакідаючы на пасьля.
— Тут для сябе пакінула і для брата Валодзі.
— А брат жывы?
Дзяўчынка зводдаль, каля сярэдняга абеліска адразу насупілася, бабуля вярнулася да лаўкі і, перш чым адказаць, прысела на яе.
— Прапаў. На вайне. Пісалі — нідзе няма, ні ў сьпісах забітых, ні ў сьпісах параненых. Можа, знойдзецца…
— Валодзя? — заклапочана запытаў Макарэвіч. — Валодзя Доўжык?
— Ну. Дваццаць гадкоў было хлопцу.
— А дзе прапаў? На фронце? У партызанах?
— У партызанах, ага. Пайшоў і прапаў. Пісалі ў архіў камандзірам — ніхто ня ведае, нідзе ня чысьліцца. Можа, у палон папаў, можа, яшчэ што. Можа, вы дзе страчалі? — з раптоўнай надзеяй у вачах запытала бабуля, напэўна, адчуўшы ягонае хваляваньне.
— Я? Ды не, не…
Ён стрымана разьвітаўся і пайшоў між магіл на дарожку. Ягонае хваляваньне паволі перарастала ў гняўлівае раздражненьне, і ён ціха сам сабе казаў: сволачы! Гэта ж трэба! Нават і са сьпісаў выкрасьлілі. Ці і не запісвалі? У жмуркі гуляюць…
Сьпярша Макарэвіч гатовы быў усумніцца, не адразу паверыўшы сваёй здагадцы — усё ж мінула столькі гадоў. Але во падкорка, глыбіня падсьвядомасьці паслугавалі наўзьдзіў дакладна. (I што там хаваецца, якія працэсы адбываюцца ў яго старэчай галаве?) Ён даўно ўжо забыўся на тое прозьвішча, калі б трэба было прыпамятаць, мабыць, не прыпамятаў бы. А тут рэфлекторна, нібы стрэліў хто, як толькі слыху дапяла даўно забытае слова Доўжык, умомант выскачыла ўся знаёмая фраза: Доўжык з сяла Малыя Доўжыкі. І праўда, ён ведаў і Валодзю, і ягоную вёску, калі ўначы хадзілі каля яе на «жалезку». Зрэшты, ведаў, як і шмат каго іншых жывых і памерлых партызан, з якімі давялося калісь дзяліць хлеб, жыцьцё; хіба ня даў Бог падзяліць толькі сьмерць. Доўжык… Хаця ведаў, — можа, занадта па цяперашнім часе, калі, працуючы ў адной арганізацыі, ня вельмі ведаеш чаланека. Або жывеш дваццаць гадоў у адным доме і хіба што вітаешся з ім пры выпадковай сустрэчы ў пад’езьдзе. Там жа ўсё было інакш, час там імкнуў паводле іншых, асаблівых законаў. З гэтым Доўжыкам ён прабыў побач няпоўныя два дні, а во запомніў, як аказалася, на ўсё астатняе жыцьцё. I нават не па ўласнай волі, — можа, насуперак ёй. Падкорка зафіксавала калісь і выдала ў пэўны для яе момант.
…Мокрай туманнай ноччу васямнаццацігадовы партызан Макарэвіч стаяў на пасту ў бліжняй ахове і зьмяніўся перад сьвітаньнем. Ранкам яго не адразу пабудзілі, ён прыпазьнеў са сьняданкам і не пасьпеў даесьці халоднае сёрбава ў кацялку, як пачулася каманда на пастраеньне. Хапаючы зброю і майно, у буданах затаўкліся партызаны іх атрада імя «…наццатага зьезда ВЛКСМ», няласкава паціху лаючыся з прычыны няўрочнага пастраеньня. Сапраўды, з нейкага часу яны амаль кожнага дня строіліся — для агляду, палітгутарак, а болей для суровых вымоў не заўжды цьвярозага камандзіра атрада. Ранейшы камандзір, якога яшчэ застаў Макарэвіч, быў не такі, але ранейшы месяц таму загінуў. Вяртаючыся з разьведгрупай з другога атрада, натрапіў на паліцэйскую засаду, іх абстралялі, і выпадковая куля, выпушчаная ў ноч, забіла камандзіра. Усе астатнія вярнуліся жывыя-здаровыя, а камандзіра па другі дзень закапалі. Неўзабаве, аднак, паявіўся новы — дзесьці і кімсьці прызначаны, у атрадзе нікому не знаёмы. Партызаны яшчэ не пасьпелі перажыць сьмерць ранейшага, што арганізаваў атрад і год праваяваў з ім, сустрэлі новага моўчкі і насьцярожана. Вядома, камандзір адчуў тое і, падобна, затаіў зло.