ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Гэта горш?

— Што?

Дзяўчына насцярожваецца. У яе паглядзе амаль трывога. Я стараюся ўсміхнуцца.

— Ды не, нічога. Прывыкнеце. Да стэпу, вядома.

— Праўда? Ну, што ж! Як-небудзь трэба. Сям’я ж цяпер.

Яна ўздыхае і нецярпліва пазірае ў кірунку вакзала, адкуль з плашчом на плячы ўжо бяжыць яе муж.

Неўзабаве яны прыладжваюцца на лаўцы снедаць. Яна клапатліва выкладвае з сумкі вясковы харч: яйкі, бутэльку малака, кавалак сала. Каб не назаляць ім, я адварочваюся. Міма па дарожцы сквера, палязгваючы абцасамі кірзачоў, праходзіць салдат. Напэўна, спазняецца са звальнення. Шчокі яго расчырванеліся, лоб потны. Спяшаецца. Па сабе ведаю: дужа нялёгка гэта — мірыцца службе з каханнем. Ціха перагаворваючыся аб нечым, суседзі мае пачынаюць сняданак. Я чую, ён яе называе Кацяй, і мне вельмі карціць азірнуцца. Але не, я ведаю, той Каці не будзе. Гэта другі чалавек, іншы лёс. Зрэшты, што ж, жыццё прадаў-жаецца… Нішто яго не спыніць. Як не спыніў у свой час Гітлер.

Я гляджу ў дальні канец сквера, дзе з’яўляецца яшчэ адна пара. Цесна прытуліўшыся адно да аднаго, яны марудна ідуць да апошняй у радзе лаўкі. Ён беражліва ўкрывае яе сваім пінжаком. У самога спіну аблягае мокрая сарочка. Але што там сарочка, калі цёмнавалосая галоўка аддана і шчасліва туліцца да пляча. Гледзячы на іх, я слухаю хуткія салдацкія крокі, што аддаляюцца, і думаю: хто і якія б гэтыя людзі ні былі — ім належыць будучыня, і ў тым іх перавага. Ім ствараць яшчэ ненапісаную гісторыю краіны. У загадкавым заўтра прадаўжаць жыццё. Іх чалавечнасць і мужнасць будуць вызначаць лёсы зямлі.

Няхай жа яны будуць шчаслівейшыя за нас.

Праклятая вышыня

1

Мы наступалі. Надвор’е выдалася такое, што горш не прыдумаеш: увесь дзень ішоў дождж напалам са снегам. Не падсохлая яшчэ ад вясновага разводдзя зямля зусім раскісла, гразь на дарозе перамяшалася са снегавой кашай, у якой агідна хлюпалі нашыя змакрэлыя ногі. Пад вечар, да таго ж, усчаўся напорысты, віхурны вецер. Увесь час мяняючы кірунак, ён апантана круціў над шляхам. Наперад часам немагчыма было зірнуць — золкая снегавая макрэдзь сляпіла вочы. Угнуўшы голаў, я бачыў толькі, як мільгалі заляпаныя гразёй кірзачы камандзіра роты Ананьева; мокрая плашч-накідка на ягонай спіне надзімалася крутым пухіром, камроты ўгінаўся, хапаючыся рукой за капюшон, накінуты на самаробную, з мацерчатым казырком фуражку, і, злосна мацюкнуўшы бога і надвор’е, рашуча крочыў па гразкай дарозе. Перакураў мы не рабілі.

Калі пачало змяркацца і раскіслы, у лужынах, прасёлак завярнуў на касагор, Ананьеў павярнуўся тварам да калоны і нейкае паўхвіліны прайшоў так, задам наперад. Ён зіркаў на строй, хоць, мусіць, не шмат што ўбачыў на прыцьмелай дарозе. Рота расцягнулася, і старшы лейтэнант, моршчачы хударлявы, з бачкамі на шчоках твар, нягучна паклікаў:

— Старшына Піліпенка!

Аднак Піліпенка, мабыць, не чуў і засяроджана брыў у непагодным паўзмроку акрай дарогі.

— Глушэц стары! — буркнуў Ананьеў. — Заснуў, мабыць.

Не чакаючы ягонага загаду, я выйшаў з калоны і хуценька падбег да старшыны. Піліпенка няўцямна ўскінуў насустрач немалады ўжо, не чыста голены і крыху брузглаваты твар, але тут жа згледзеў наперадзе цыбатую постаць камандзіра роты і ўсё зразумеў адразу. Са спазнелай паспешнасцю старшына крутануўся да свайго ўзвода (строй якога быў даволі бязладны, болей дакладна — не было ніякага строю). Разбрыўшыся па дарозе, аўтаматчыкі зморана валакліся ў прыцемках — хто бокам, хто ўгнуўшы голаў, а хто і адвярнуўшыся ад напорыстых парываў ветру. Брылі, дзе каму здалося зручней: па ўзбочыне, па-над шырокай, поўнай снегавой слоты канавай і нават за канавай — па краі аблепленага мокрым снегам палетка.

Пазнавата спахапіўшыся, Піліпенка сцішаным голасам, каб не пачуў камроты, пачаў падганяць байцоў. Трое ці чацвёра пярэдніх заварушыліся жывей або, можа, зрабілі выгляд, што заварушыліся, іншыя ж проста пакінулі без увагі яго каманду-прынуку. Вядома, прамінуць такое камандзір роты не мог і, са злой цікаўнасцю сочачы за марнымі намаганнямі ўзводнага, выйшаў на ўзбочыну.

— Ану, варухні нагой, ядрона вош! Жыва мые!

Камроты — не ўзводны. Аўтаматчыкі паскорылі крок, заднія пусціліся нават подбегам, усе прыкметна заварушыліся. Ананьеў болей не падганяў, толькі пачакаў-памарудзіў з прыдзірлівай строгасцю на худаватым насупленым твары, і строй памалу пачаў выроўнівацца.

Тым часам Піліпенка сышоў на ўзбочыну і пакорна спыніўся збоч ад камандзіра роты. Той, безуважны, аднак, да старшыны, зноў гукнуў у калону:

— Ваніна ка мне!

Каманду ўраз падхапілі, перадалі далей, — камроты цярпліва прасачыў за гэтым, прыдзірліва ўзіраючыся ў валюхастыя постаці сваіх аўтаматчыкаў. Ён чакаў камандзіра другога ўзвода, але, замест яго, на дарозе з’явілася Пулька, маленькае вяртлявае сабачанё, якое тыдзень назад аднекуль прыбілася да роты і якое прытуліў у сваім узводзе малодшы лейтэнант Ванін. Ананьеў выказаў цярплівасць, нават нейкую да часу затоеную цікаўнасць да гэтага, і вось ужо некалькі дзён другі ўзвод забаўляўся з гэтым кудлатым, па-маладому гарэзлівым шчанюком.

Пулька з рухавай бесклапотнасцю прабегла краем дарогі, але раптам згледзела камандзіра роты, нібы зразумеўшы штось, гаўкнула і кінулася назад да Ваніна. Баец у доўгай палатцы, рог якой валокся па гразі, знарок тупнуў ботам — снегавое слізгоцце з-пад ног шырока пляснула на сабачанё, тое крыўдліва віскнула і кінулася за канаву. Аднак канава тут была шырэй, чым здалося: Пулька да жывата правалілася ў снег, распырскваючы слоту, выскачыла на той бок і трывожна замітусілася, не ведаючы, як выбрацца на дарогу.

Ванін прыпыніў бег і крута павярнуў у строй.

— Абармот! Ты што робіш? У цябе галава на плячах ці кацялок нямыты?

— А чаго яна брэша?

— Не тваё дзела! Ану, лезь цяпер, даставай!

Лезці за канаву баец, аднак, не хацеў і памалу забіраў убок, далей ад камандзіра чужога ўзвода. Пулька некалькі разоў сунулася ў макрэдзь, але скрозь было глыбока, і яна, павіскваючы, адскоквала назад. Тады Ванін рашуча сігануў у набрынялую снегам ваду і пераняў сабачанё на рукі.

— Дарма, — сказаў Ананьеў. — Трэба б таго абармота прымусіць.

Ён, як гэта часта рабіў, неяк раптам павярнуўся і, нібы забыўшы пра ўсіх, хутка пакрочыў па дарозе.

На хаду ўжо нас дагнаў Ванін, тулячы пад ватоўкай мокрую Пульку, якая адразу сцішылася там, вытыркнуўшы з-за пазухі маленькую чорную мордачку і дзве мокрыя лапкі. Узводны не паспеў яшчэ абазвацца, як наперадзе з ветраных прыцемак з’явіўся наш нампаліт лейтэнант Грыневіч. Захутаны ў даўгаватую для яго невялічкага росту палатку, ён крыху прычакаў камандзіраў і запытаўся ціхманым, з хрынатой голасам:

— Што там здарылася?

— Ды вунь дурань адзін Пульку ў ваду загнаў, — стрымана сказаў Ванін. Нампаліт страсянуў наліплы на плячах снег і пайшоў побач.

— А наогул — нашто вам сабака?

— Як гэта нашто? — не зразумеў Ванін.

— Каб хоць сабака, а то…

— А то шчанюк карослівы… — скончыў за лейтэнанта Ананьеў.

— Вот іменна. На месцы камандзіра роты я б загадаў прыстрэліць, і ўсё.

— Хай жыве, — са змрочнай рашучасцю абвясціў Ананьеў. — Ці баішся: нас перажыве?

Поделиться с друзьями: