ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Сука! — крыкнуў Цвяткоў ужо з маім аўтаматам у руках.

— Тыркні ты ёму! Шо з ім важдатыся! — крычаў Піліпенка.

— Спакойна! — сказаў Ванін і стаў паміж імі і немцам. Звыклым рухам рукі ён паправіў на сабе тоненькую планшэтку. — Спакойна, фрыц. Хочаш здохнуць — нічога не выйдзе. Цвяткоў, бяры бінт!

Рашуча сігануўшы, Ванін наваліўся на немца, згроб яго, перавярнуў і прыціснуў тварам уніз. Немец задрыгаў нагой у боце, пракапаў земляную баразну ў доле і сціх.

— Перавязвай!

— Я? — амаль спалохана здзівіўся Цвяткоў.

— Ты, а хто ж! — ускіпеў Ванін, ашчаперваючы немца.

З прыкметнай нерашучасцю падступіўшыся да яго, Цвяткоў здзёр з параненай немцавай нагі скрываўленую суконную шкарпэтку і таропка абматаў лытку бінтом.

— Ось так! — сказаў Ванін, устаючы на ногі.

Немец ваўкавата і моўчкі сеў, забіўшыся далей у кут.

У бліндажы не мог супакоіцца Піліпенка.

— Шчо вам утэмяшылася ёго перэвязуваты? Бінта тількі папсувалы, а свайму Івану не хопіць! Тыркнуць ёго, і ўсэ! — махаў ён рукой.

Ванін, не паднімаючы позірку, сказаў:

— Вы б менш балбаталі, старшына!

— А шчо, нэ правда? Пэрэвязуваты ёго! Можа, шчэ тушонкай корміты будэтэ?

На момант затрымаўшы на старшыне клапотны позірк, Ванін уздыхнуў.

— Мы за ім ледзь не да станцыі беглі. Ён у мяне ўвесь парабелум разрадзіў. А вы — тыркнуць. Заўтра ў полк адправім.

— Нэ бачылы ў палку такэй гныды, — бурчаў трохі паспакайнелы Піліпенка.

Цвяткоў, штось затаіўшы ў сабе, маўчаў. Малодшы лейтэнант падняў з-пад ног стаптаную шапку.

— Ладна. Пільнуйце, я пайшоў.

Ён тры раз чвякнуў ботамі і вылез з бліндажа. За ім выбегла Пулька. Пасля выйшаў Піліпенка, які ўсё бурчаў на немца. Але не паспеў ён змоўкнуць у траншэі, як сюды ўлезла аж трое параненых, якія шукалі санінструктара.

У бліндажы стала цесна і холадна, сесці не было дзе. Цвяткоў па-начальніцку прыкрыкваў на байцоў — то не там сталі, то не так павярнуліся. Я не мог сабе знайсці месца і, праклінаючы новую для сябе долю параненага, накінуў волкі яшчэ шынель і вылез у траншэю.

6

Неба як быццам пасвятлела, дажджу не было, сняжынкі ўсё лёталі ў паветры, пранозліва дзьмуў вецер. Бой ужо ўсюды сціх, немцы, мусіць, уцяклі на станцыю, і я падзівіўся, як усё ж лёгка ўдалося іх выбіць з вышыні. Канешне, ударылі знянацку, яны праваронілі нас на падыходзе. Але наўрад ці яны прымірацца са стратай гэткага зручнага ва ўсіх адносінах апорнага пункту.

Плячо, не перастаючы, балела ўсё мацней, у вуху надакучліва гуло, нешта замінала там, як бывае, калі, купаючыся, набярэш вады, і я падумаў, што, мабыць, сапраўды адваяваўся. Не мінаваць санбата, гэта — пэўна. Але перад тым, як адпраўляцца туды, усё ж, мусіць, трэба было пабачыць Ананьева, каб хоць развітацца, ці што.

Траншэя была доўгая, з няроўным брустверам, ужо добра прысыпаным снегам. Праз пэўныя прамежкі, аднак, бруствер чарнеў свежай зямлёй — у тых месцах, дзе аўтаматчыкі абсталёўвалі сабе ячэйкі. Некаторыя ўжо зморана стуліліся ў іх, скурчыўшыся ў тры пагібелі, іншыя, данятыя сцюжай, сноўдаліся па траншэі, прытупваючы абцасамі ў доле. Над прыцьмелаю вышынёй ляжала маўклівая ноч. Ракет немцы не кідалі.

Мне сказалі, што Ананьеў далей у траншэі, я мінуў яшчэ некалькіх аўтаматчыкаў і тады пачуў яго голас, якім старшы лейтэнант звычайна размаўляў уначы з байцамі — разважліва, па-хатняму сцішана (занепакоены агульнаю справай і не хаваючы таго непакою). Ноччу, як я заўважыў, камандзір рабіўся прасцей, бліжэй і спакайней, чым заўсёды. Крыклівы пехацінскі камандзір у гэтую пару сутак у ім знікаў зусім. Я ціха падышоў бліжэй.

— Канешне, могуць лупануць, — казаў камроты. — Ну, але не на голым полі. Хай паспрабуюць… Вось пераначуем, а заўтра ранічкай усіх параненых у тыл. К абеду ў медсанбаце будзеш.

Хтосьці аслабелым голасам вяла пярэчыў:

— Не, ужо — усё… Не дажыць мне…

— Ды ну, кінь ты, ядрона вош! — нецярпліва супакойваў яго Ананьеў. — Не дажыць, не дажыць… Дажывеш! Трапіш у шпіталь — праз месяц-два такі герой будзеш!

Выйшаўшы з-за павароту траншэі, я адразу наткнуўся на іх. Тут быў недабудаваны, кінуты немцамі бліндаж — яма збоч ад траншэі, без даху і без дзвярэй, з чатырма бёрнамі-стаякамі ў кутках. У гэтай яме на шынялі ляжаў нехта, спавіты бінтамі, ля яго ў нагах сядзеў і курыў Ананьеў. Таксама хтось нерухома застыў ля галавы. Грыневіч з Піліпенкам маўкліва стаялі ў траншэі, ля іх прысланіўся да сцяны аўтаматчык з другога ўзвода Зайцаў. Згледзеўшы гэтага Зайцава, я міжвольна адчуў у сабе нешта нядобрае: чаму ён тут? Зараз жа з’явілася здагадка, ад якой крыўдліва зашчымела ў душы — усё ж я яшчэ быў у роце і нават яшчэ невядома, можа, абышоўся б і без санбата. Аднак той, што ляжаў у доле, мяркуючы па ўсім, быў цяжка паранены, і я, зацяўшы ў сабе раптоўную прыкрасць, запытаў напаўголаса:

— Хто гэта?

Ананьеў падняў галаву.

— А, Васюкоў! Ну як?

— Ды нічога, — стрымана адказаў я. — У плячо вось…

— Магло быць горш, — сказаў камандзір роты. — Я дык падумаў — табе хана…

Падумаў, ну і хай! I так дзякуй, не кінуў, паклапаціўся. Што ж было надта тужыць пра гэта? I ўсё ж дакучлівая туга не міналася, засела недзе ў свядомасці і патроху занепакоена там ныла.

— Васюкоў, — слабым голасам паклікаў мяне паранены. Я падышоў бліжэй і ў змроку ледзьве пазнаў небараку — то быў Крывашыяў. — Васюкоў… і ты таксама?

— Папала. Толькі мяне лёгка, — сказаў я з трошкі робленай бадзёрасцю ў голасе і гучней, чым было трэба.

— А я вось… — вьшыхнуў, не дагаварыўшы, Крывашыяў.

Ананьеў устаў і паглядзеў па-над брустверам.

— Нічога. Будзеш жыць. Не такія выжывалі.

Не, тут жа падумаў я, наўрад ці яму прыйдзецца выжыць. Не ведаю чаму, але я адразу зразумеў, што Крывашыяў на гэтым свеце ўжо не жыхар. Побач ціха ўздыхнуў той, што сядзеў у глыбіні бліндажа. Прыгледзеўшыся, я пазнаў у ім Гумянюка. I тады прыпомнілася, што яны з Крывашыявым землякі, здаецца, з аднае вёскі — калісьці ў адной камандзе і разам мы прыйшлі ў роту. Ад тае каманды засталося, мабыць, чалавек дзесяць, а цяпер будзе яшчэ на аднаго меней.

— Ну, дзе той разгільдзяй Цвяткоў? — вылаяўся камроты. — Што гэта за гадства такое!

— Цвяткоў у бліндажы, — сказаў я. — Там трое параненых.

— Цяжка?

— Лёгка, здаецца.

— Лёгка, лёгка… Тут во гэтага ратаваць трэба. А то перавязаў і кінуў. Ну, пачакай: прыйдзе — я яму дам разгон!

— Пасля, — ціха сказаў з траншэі Грыневіч.

Ананьеў ускінуў голаў.

— Не ўжо. Без адкладу. Я яго навучу, як радавога байца любіць. А не — дык к чортавай матары: аўтамат у рукі і — у ланцуг!

Паранены слаба заварушыўся ў доле.

— Таварыш старшы лейтэнант… Не трэба. Не трэба ўжо. Што ён…

— Як гэта не трэба, Крывашыяў? Кінь ты панікаваць. Трапіш у шпіталь, у цяпло, на белыя прасцінкі — ураз палепшаеш. Дактары, яны цяпер такія, — налаўчыліся за вайну — разарванага на кавалкі сшыюць, залечаць — будзь здароў… Яшчэ лепшы атрымаецца. Сам прайшоў праз іхнія рукі, знаю.

Гумянюк трудна, працяжна ўздыхнуў.

— Я як чуў, — гаротна сказаў ён. — Малодшы лейтэнант як клікнуў, ёкнула маё сэрца. То былі заўжды разам, і нічога. А тут адлучыўся, і вось…

Поделиться с друзьями: