Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
За Чумаком я таксама бегаў не ўпершыню — гэты Чумак быў проста насланнё наша. Праз яго Піліпенка ледзь не кожнага дня атрымліваў наганяй ад начальства — то ён згубіцца, то стане не ў свой узвод на пастраенні, то не паспее ў час паабедаць, бо не мае лыжкі, або пад агнём вылезе на самае ўбойнае месца — ідзі тады заганяй яго ва ўкрыцце. Лапаткі, вядома, у яго не вадзілася. На маршы ж ён адставаў ужо мо дзесяты раз.
Прабягаючы міма аўтаматчыкаў, я ўсё ўзіраўся ў іх цьмяныя, аблепленыя снегам постаці, аднак байцоў усё менела, і нарэшце на дарозе не засталося нікога. З прыцьмелага неба па-ранейшаму парушыла дробным дажджом і снегам. Я спыніўся, паслухаў: не, здаецца, яшчэ нехта брыў ззаду. Тады я памалу прайшоў насустрач, і сапраўды праз хвіліну з прыцемак паказаліся двое: Чумак, які, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля, ледзьве валокся па гразі, і наш замыкаючы — сяржант Цвяткоў. Відаць, Чумак і яму ўжо даўся ў знакі, бо Цвяткоў зморана, не хаваючы свае прыкрасці, дакараў байца:
— Усё вам трудна, да? Толькі ля кухні, мабыць, не трудна, так? Ану, шырай шаг!
Я саступіў убок, і Цвяткоў, пазнаўшы мяне, узрадаваўся:
— Ты не за гэтым?
— Ну а за кім жа?
— Ужо абрыдла штурхаць! Як бязногі… — паскардзіўся сяржант.
Я разумеў яго, але такія ўжо былі абавязкі замыкаючага ў калоне, каб штурхаць тых, хто адставаў. Звычайна гэта рабіў старшына, які цяпер, на бяду, недзе прапаў разам з падводай.
— Што, падводы няма?
— У тым-та і справа, — уздыхнуў Цвяткоў. — Што рабіць з ім?
Сапраўды, што было рабіць з гэтым Чумаком, які яўна выбіўся з сілы і далёка ўжо адстаў ад роты? Не несці ж яго на руках! I тут, нібы адчуўшы ўсю безвыходнасць нашага становішча, Чумак заклапочана азірнуўся.
— Хай бы вы ішлі. Я ўжо сам як-небудзь.
— Ага! — сказаў Цвяткоў. — Мы хай бы ішлі, так? А ты — у кусты. Знаем такіх!
— Яй-богу не! Я паціхеньку. Мне б толькі вадзіцы глынуць. Няма ў пляшачцы, га?
— Няма, — сказаў я.
Чумак недаверліва агледзеўся — нізенькі, крываногі, у абвіслым мокрым шынэлку, з апалым рэчмяшком на спіне — і зусім ужо жаласна папрасіў:
— А, мусіць, у сяржанта е. Дай, будзь ласкаў!
— То не вада, — сказаў Цвяткоў. — То гарэлка.
Чумак змоўчаў, у немалай натузе выцягваў з гразі ногі, па-качынаму валюхаючы з боку на бок. I раптам з нечаканай для яго рашучасцю папрасіў:
— А дай гарэлкі!
— Яшчэ што прыдумаеш!
Цвяткоў шырока сігануў цераз лужыну, бліснуўшы з-пад палаткі меднай камсастаўскаю спражкай, якую ён акуратна кожнага дня націраў спецыяльна для таго прыдбанай фланелькай. Таксама кожнага дня ён знаходзіў магчымасць падшыць свежы каўнерык, выдраіць боты. I наогул сваім знешнім выглядам гэты сяржант хутчэй нагадваў якога-небудзь дбайнага штабнога пісара, чым санінструктара роты аўтаматчыкаў, якім ён быў.
Трохі заклапочаны ягонай няўступчывасцю, я на хвіліну завагаўся. Было шкада прысталага небараку, але ў мяне не было ўпэўненасці, што будзе карысць, калі даць яму выпіць. I ўсё ж нешта трэба было рабіць з Чумаком.
— Ладна, — сказаў я прымірэнча. — Дай. Можа, падужае…
— Што — дай? Мая гэта хіба? Старшынова пляшка, — крыўдліва азваўся Цвяткоў.
— Глядзі, які чэсны! — сказаў я. — Абыдзецца твой старшына. Не апошняя, мабыць.
— А можа, і апошняя. Калі ўжо яе прывозілі? У суботу?
— Аднак жа збярог. Дык падзяліся.
Цвяткоў зусім ужо надзьмуўся і адышоў ад нас далей.
— Чаму ж ты не падзелішся? Дык, мабыць, сваё выпіў, так? А ў вас там і гарэлачка, і дадатковы паёк…
— Успомніў! Хіба я атрымліваю той паёк?
— Хапае і табе.
Ось жа зануда, падумаў я, раптам амаль збянтэжаны гэтым яго папрокам. Для старшыны або камандзіра роты ён бы знайшоў выпіўку пад зямлёй, а небараку Чумаку шкадаваў глытка.
Напаткаўшы ў змроку доўгую снегавую лужыну, мы разышліся па абодва яе бакі, і, калі зноў сышліся ў канцы, Цвяткоў адшпіліў ад дзягі трафейную абшытую лямцам пляшку.
— На. Толькі глыток — не болей…
— Не, не…
Чумак задраў голаў — у пляшцы ціхенька булькнула, і Цвяткоў тут жа схапіўся за яе. Але раней, чым ён паспеў адабраць, булькнула яшчэ раз.
— Я ж сказаў: глыток! — амаль закрычаў санінструктар. — А то — дарваўся!..
Я маўчаў — што ўжо там адзін толькі глыток? I Чумак, мабыць, заўважыў гэта маё маўклівае заступніцтва.
— От дзякуй, — сцішана сказаў ён, выціраючы рукавом падбародак і амаль не заўважаючы Цвяткова. — Дзякуй табе, таварыш ардынарац.
— А мне за што? — сказаў я. — Яму дзякуй.
Чумак змоўчаў. Цвяткоў пачаў прышпільваць пляшку, ды нешта запоркаўся там з баранчыкам на дзязе. Мы зноў спыніліся. Ніколькі ўжо не тулячыся ад снегавой макрэдзі, што ляпіла ў твар, Чумак падступіў да мяне.
— У вас кірзоўкі, ага?
— Кірзоўкі. А што? — Чумак валюхаста пераступіў на дарозе.
— Ды гэта… У мяне, во — нішто боты! Нямецкія, праўда. Калі што, дык гэта… Няхай вам будуць.
Я зірнуў на яго аблепленыя гразёю, мокрыя, звычайныя трафейныя салдацкія боты з нізенькімі халявамі і яшчэ не зусім зразумеў сэнс яго слоў, як Цвяткоў побач іранічна хмыкнуў.
— Хахмач! Хіба на фронце ўгадаеш! Вось заўтра ляпне, і — абодва дагары капытамі…
— Дык я кажу…
— Тожа ты скажаш! — пагардліва абарваў яго санінструктар. — Маўчы лепш.
— Ладна, — сказаў я. — Пабачым. Давайце даганяць.
Мы хутка пайшлі па дарозе. Увогуле Цвяткоў казаў праўду. Толькі кожны раз, калі заходзіла аб тым гаворка, рабілася не па сабе. Хто раней, хто пазней — не адгадаеш, але няварта і кпіць з гэтага дзядзькі, які па прастаце душэўнай памкнуўся за дабро адплаціць дабром, вядома, у межах свае не надта вялікай салдацкай магчымасці.
Чумак заклыпаў трошкі хутчэй. З усяе нашай гамонкі ён, мусіць, мала што зразумеў і нібы апраўдваўся на хаду:
— Не, я ж не тое, каб… Калі што, дык… Харошыя ж боты.
3
Толькі ён сказаў гэта, як угары ярка пыхнула: неба над пагоркам дрыготка асвяцілася вялізнаю агнянай плямай. На некалькі секунд у паветры замітусіўся рой мільготкіх сняжынак, пляма паніжэла, хісткае святло атуліла край неба, пагарэла трохі, пасля неяк хутка прыцьмела і згасла. Мы прыпыніліся.
— Ого! — у думках ці, можа, уголас сказаў я, адразу разумеючы, што гэта для нас азначае.
— Напароліся! — паныла пацвердзіў Цвяткоў.
Я тут жа спахапіўся, згадаўшы, што павінен быць там, наперадзе, ля камандзіра роты, і, пакінуўшы двух ззаду, апантана пабег па дарозе. Ракета была не дужа блізкая, пры такой непагадзі наўрад ці яна здолела б асвятліць калону, але, пэўна, немцы ўсё ж нешта згледзелі. Значыць, трэба неўзабаве чакаць стрэлаў. Звычайна ў такіх выпадках страляніна клала канец трывожнай невядомасці і пачынала знясільваючую агнявую барацьбу, што ўвогуле на вайне было чымсь дужа звычайным, хоць і кожны раз новым. Але стрэлаў у гэты раз нешта не было, і пэўна таму Ананьеў не спыняў роту, якую я неўзабаве дагнаў у прыцемках.