Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Грыневіч, аднак, па-ранейшаму заставаўся стрыманы і нерухома стаяў збоч, уцяўшы голаў у плечы. Нібы ўслухоўваючыся ў бязладныя парывы ветру, ён з паўзамі зазначыў:
— А суседзі? Трэці батальён вунь дзе. I з другім разрыў у два кіламетры.
— Падцягнуцца ўначы твае суседзі. Не дзе дзенуцца…
Грыневіч памаўчаў.
— Ну, хай — падцягнуцца. А патронаў у нас хопіць? Дапусцім, саб’ем. А ўтрымаем?
Сапраўды, патронаў магло не хапіць, іх у нас было надта ж небагата, і гэта з відавочнаю абгрунтаванасцю пляжыла такі зманлівы намер ротнага. Ананьеў на секунду застыў, нешта прыкінуў, і мне здалося — зараз загадае разгортваць узводы ў абарону. I сапраўды, ён павярнуўся тварам у тыл, паслухаў, зноў зірнуў у бок нябачнае вышыні і, з канчатковасцю прынятага рашэння, махнуў кулаком.
— А, была — не была!.. Рубанём — пабачым! Васюкоў, дуй за ротай!
Грыневіч маўчаў: пярэчыць у такіх выпадках было бескарысна.
4
Праз дзесяць хвілін я прывёў роту. Паўсотні аўтаматчыкаў са слабым ляскатам збеглі з пагорка. Нейкі час па ўзбочыне шыбавала Пулька, але хтось у касцы выскачыў з калоны і схапіў сабачанё, мусіць, каб лішні раз не трапляла на вочы начальству. Не паспелі, аднак, мы наблізіцца да камандзіраў, як Ананьеў скамандаваў:
— За мной марш!
То хуткім крокам, то подбегам рота пашыбавала ўніз. Цяпер яна падцягнулася, сабралася ў адну купку, і зноў, нібы не было ні атак, ні страт, ні розных малых і вялікіх бядот, стала згоднай, чулай, пакорнай камандзірскай волі істотай. Яна была лепшай ротай у палку, і камандзір яе з нампалітам былі найлепшымі сярод ротных. Перад наступленнем сам генерал на мітынгу ставіў роту ў прыклад іншым. Васемнаццаць нашых аўтаматчыкаў атрымалі тады ўзнагароды, у тым ліку і я — медаль «За адвагу». Як і многія, я адчуваў у сабе ў той час ціхі і светлы гонар за свой такі ўдачлівы вайсковы лёс. Зрэшты, я заўжды быў задаволены тым, што давялося трапіць у такое падраздзяленне, да такога камандзіра, якім быў Ананьеў. Часам, праўда, гэта адчуванне слабела, часам знікала зусім, але вось у такія моманты, калі рота пачынала жыць адной мэтай, яно рабілася выразным і хвалявала. Стома, што нядаўна яшчэ атупляла, цяпер міналася, маўклівае трывожнае імкненне надавала сілы і рашучасці. Ніхто не пытаўся, што здарылася, куды бяжым, усе і без таго адчувалі, што неўзабаве штось праясніцца. I мы гатовы былі да ўсяго — перажыванняў, трывог і страт, абы толькі ў канцы была ўдача.
Ананьеў з Грыневічам і двума дазорнымі беглі наперадзе. Шапа маўчаў, а Крывашыяў узбуджаным шэптам даводзіў:
— Мы ім збоку зойдзем. Яны ўправа развярнуліся, а мы з фланга. Далібог! Так улеглі ў работу — ні чорта не бачаць. Турнём, што і не пікнуць!
— Ладна… — стомлена абарваў яго Ананьеў. — Памаўчы пакуль.
На бягу азіраючыся, камандзір распарадзіўся:
— За рэчкаю — у ланцуг! Камісар — з Піліпенкам, я — з Ваніным. I — бягом!
— Ясна.
Стойваючы дыханне, рота збегла ў нізінку. Дождж быццам пераставаў, сняжынкі ж пасыпаліся гусцей. Стала трохі відней: абапал цёмнай ад гразі дарогі туліліся сівыя, у мокрых плямах палеткі. Ананьеў увесь час пазіраў наперад, ды і Грыневіч таксама — трывожыла думка: а раптам засвецяць ракету. Нам трэба было яшчэ хвілін дзесяць-пятнаццаць. Галоўнае, каб перабрацца цераз ручай, які ўжо вірыў побач з дарожным насыпам, поўны чорнай вады.
Неўзабаве мы ўбачылі перад сабой і масток. Зрэшты, гэта быў не масток, а хутчэй тое, што ад яго засталося: высакавата над вадой ляжалі тры мокрыя палкі-бэлькі, па якіх трэба было перайсці роце. Адразу ж на тым баку аднекуль з’явілася двое — адзін у плашч-палатцы, другі ў знаёмай, падпяразанай рамянямі ватоўцы; у ім няцяжка было пазнаць Ваніна. Малодшы лейтэнант спрытна перабег па бервяне на гэты бок да Ананьева.
— Капаюць! Давайце хутчэй!
На хвіліну яны спыніліся, напаўголаса абмяняліся некалькімі фразамі, затым камроты імкліва падаўся на мост.
— Пойдзеш накіроўваючым, — падштурхнуў ён Ваніна і сам ступіў на бэльку.
Не спыняючыся, яны даволі ўпэўнена перайшлі на той бок, за імі перабег Крывашыяў, пасля, зацяўшы ў сабе страх ад магчымасці апынуцца ў ледзяным віры, перабраўся я. Грыневіч сышоў уніз і пачаў спрабаваць ботам бераг, каб перайсці ўброд; некалькі байцоў падаліся з насыпу за ім. Ананьеў жа стаў ля мастка і жэстамі прыспешваў хлопцаў. Аўтаматчыкі па адным, не вельмі, праўда, рашуча, перабягалі па двух бярвеннях, бо трэцяе было танчэйшае і не надта для таго зручнае. Мы з Ваніным хвіліну страхавалі хлопцаў у канцы іх не дужа бяспечнага шляху. Некаторыя, аднак, — тыя, што меней смелыя або не надта спрытныя, — лезлі ў ваду і следам за Грыневічам пераходзілі ручаіну ўброд.
— Хутка, хутка! — ціха падганяў Ананьеў. — I ў ланцуг.
Байцы, знімаючы на хаду аўтаматы, разбягаліся ўшыркі, ланцуг звыкла выстройваўся на касагоры. На тым беразе заставалася ўжо нямнога, і тады, не чакаючы іх, мы ад моста падаліся да роты.
Дарога павярнула кудысь управа, пад нагамі раптам заквякаў раскіслы, узараны пад зябліва палетак, у ім па шчыкалаткі загрузалі нашы боты. Нехта паціху вылаяўся. Ванін кінуўся ўбок, на сушэйшае, за ім скіравалі іншыя, але край ланцуга зблытаўся, усе збіліся ў кучу, і Ананьеў замахаў рукой, адганяючы байцоў далей. Яго, аднак, не дужа разумелі ў гэтай прамозглай цемры. Тады Ванін, амаль штурхаючы кожнага, трохі расцягнуў узвод управа і бягом вярнуўся да ротнага. Як ні дзіўна, мне з імі двума было амаль спакойна: думалася, калі яны тут, дык благога не будзе. Да таго ж, я міжвольна любаваўся Ваніным, ягонаю вытрымкай і асабліва спрытам, у глыбіні душы хацеў бы стаць такім, як гэты камандзір узвода, які, зрэшты, быў не намнога старэйшы за мяне.
Было яшчэ што-колечы бачна, снег на траве не таяў. Схіл усё падымаўся ўгору, мусіць, недалёка была вяршыня, але прыцемкі ўсё ж хавалі яе. Вецер па-ранейшаму нёс рэдкае ахлоп’е снегу, дажджу не было, хоць ад таго не стала сушэй.
Урэшце Ванін, які бег крышку ўбаку і наперадзе ад нас з ротным, у цішыні шчоўкнуў затворам аўтамата. Ананьеў дастаў з-за накідкі свой «вальтэр». Я таксама зручней перахапіў ППШ — падсвядомае адчуванне сведчыла: неўзабаве пачнецца.
Пэўна, ужо ўся рота як-колечы разышлася ў няроўны блытаны ланцуг. Праўда, той яе фланг нябачна знікаў у прыцемку, а на гэтым аўтаматчыкі зноў збіліся ў густаваты для атакі шэраг. Схіл між тым патроху выроўніваўся, бегчы стала лягчэй, але наперадзе ў шэрым заснежаным паўзмроку ўгадвалася новая круцізна, і там жа нешта чарнела — хмыззё або зноў ворыва. Магчыма, аднак, там былі немцы. Каб у такі час не аказацца за спіной у Ананьева, я трошкі аббег яго і пайшоў амаль поруч. Ён адразу заўважыў тое і раптам крута падаўся бліжэй.
— Гранаты ёсць?
У кішэнях у мяне заўсёды былі дзве «лімонкі», якія я бярог на крайні выпадак. Цяпер я мусіў дастаць адну, і камандзір роты амаль выхапіў яе з маіх рук.
Тады ўпершыню спераду данёсся чужы, трывожлівы гук. Было падобна, быццам нехта пастукаў дрэвам па дрэве — можа, насаджваў на чаранок рыдлёўку або збіваў з яе гразь. Ананьеў на секунду спыніўся, але зноў шырока засігаў па мокрай, аснежанай траве.
Так мы падбеглі да самай крутой мясціны і, хапаючыся за галлё нейкіх кусцікаў, бокам, каб не паслізнуцца, нязграбна палезлі ўгору, нехта ўсё ж паслізнуўся, упаў, але тут жа вёртка падхапіўся. Ванін, тонкі і спрытны ў сваёй ватоўцы, некалькі разоў узмахнуўшы рукамі, хуценька ўзбег на пагорак. Мы з Ананьевым трохі запазніліся і адсталі ад узводнага крокаў на дзесяць. Я стараўся як мог, але ледзьве паспяваў за камроты: у баі той таксама паказваў проста дзіўную для яго няўклюднага цела рухавасць.
На самай броўцы я, на няшчасце, таксама паслізнуўся і ўпаў. Добра, аўтамат быў на шыі і не загрымеў уначы, каска таксама затрымалася на галаве, а то б быць бядзе. Ананьеў ужо выскачыў на роўнае, папраўляючы каску, я таксама вытыркнуўся з-пад абрыву і тут жа прысеў, адчуўшы няладнае.
Наперадзе не болей чым у дваццаці кроках была траншэя.
Пэўна, мы натрапілі на яе самы фланговы канец. Раскапаная зямля выразна чарнела ў шаравата-заснежаным доле. Мяркуючы па невысокім, шырока раскіданым брустверы, траншэя была яшчэ мелкая, толькі пачатая. Чорная яе крывуліна кінулася ў вочы з першага ж позірку. Там, у ёй, варухнулася нешта жывое. Жывое гэта раптам прыпыніла свій рух і замерла. У наступнае імгненне стала зразумела, што гэта — немец і што ён ужо ўбачыў нас, але не мяне і, мабыць, не Ананьева, а некага, хто ўжо апынуўся побач з траншэяй. Немец, прыгорблены, з рыдлёўкай зямлі ў руках, змярцвеў на імгненне, затым глуха ўскрыкнуў. У той жа час да яго цераз бруствер спружыніста матлянуўся хтось з нашых (я не адразу зразумеў, што гэта Ванін), коратка ткнуў немца, і той хіснуўся на спіну, знік у траншэі. Ванін прапаў разам з ім, некалькі пакутліва доўгіх імгненняў не было відаць яго, аж потым у баку за брустверам слізганула ў змроку прыгнутая постаць з малаю пехацінскай лапаткай у руках.
Мы з Ананьевым шырокімі скачкамі кінуліся да траншэі. Але мы яшчэ не паспелі дабегчы да яе, як зводдаль хлёстка шчоўкнула ў цішы, і прыцьмелую высь над полем з шыпучым трэскам прарэзаў агняны хвост асвятляльнай ракеты. Яна распусцілася крышачку ў баку ад вышыні, неба навокал шырока запалілася сцюдзёным, ліхаманкава дрыготкім святлом. Аслепленыя яе прарэзліваю яркасцю, мы ўсё ж згледзелі, як у загінастай зяпе траншэі сям-там знерухомелі постаці немцаў. I тады недзе побач з пругкім пранозлівым трэскам ударыў аўтамат.