ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Мільготкае святло зверху трывожна хіснулася ўніз, мноства выгінастых даўжэзных ценяў шаснула па зямлі ўбок. Стараючыся не згубіць Ананьева, я следам за ім сунуўся ў траншэю. Пад ногі трапілася нешта незразумела мяккае, з гідлівасцю і страхам я сігануў далей, штурхнуўся ў прыцемках аб камандзіра роты. Ананьеў стрэліў. Прысеў, ды раптам дужа тузануўся правым бокам угору — кінуў гранату. Не чакаючы выбуху, я памкнуўся наперад, але камроты дужым рыўком за палатку асадзіў мяне ўніз, у цеснату траншэі. Недзе побач ля самае галавы паветра прапарола чарга: я гэта адчуў нейкай надзвычай абвостранай часцінкай пачуцця, якая, мабыць, адна і кіравала ў баі. У той жа час зусім блізка за брустверам люта грымнула, зямля, пыл і трацілавы смурод горача пыхнулі ў твар.

— Упярод! — крыкнуў Ананьеў. — Гранатамі — агонь!

Сквозь на вышыні горсткім трэскатам зайшліся аўтаматы, у паветры знаёма дзігалі чэргі. Хто і адкуль страляў, было не разабраць. Грымнулі адзін, два разам, тры і чатыры выбухі, — мусіць, гэта нашы пачалі біць гранатамі. Ананьеў прыўзняўся ў мелкаватай яшчэ, па грудзі, траншэі, азірнуўся і зноў закрычаў:

— Упярод, такой тваёй матары! Наша бярэ! Упярод!

Натыкаючыся на павароты траншэі, чапляючы плячыма сцены, мы некалькі дзесяткаў метраў беглі яе хадамі. Нехта тупацеў папераду, не зразумець было — свой ці немец. Але вось зблізку ў траншэі стрэлілі — з цемры амаль ва ўпор востра бліснула чырвоным агнём. Ананьеў пругка ўтнуўся, нібы права-ліўся: я аж спалохаўся за яго і цераз голаў камроты наўздагад стрыкнуў туды з аўтамата. На шчасце, ён тут жа ўскочыў, і якраз у час. Нешта вялікае матлянулася непадалёк цераз бруствер, ротны торапка ткнуў у той бок пісталетам. Я, аднак, не чуў яго стрэлу — сам дрыготкімі ад хвалявання рукамі ўскінуў па-над брустверам аўтамат і даў наўздагон траскотную, мусіць, занадта доўгую чаргу. Затым яшчэ нехта скочыў з траншэі ў поле, нехта другі на бягу перамахнуў бруствер. У змроку і там і тут бліскалі чырвоныя і белыя пыхаўкі стрэлаў. Кулі нізалі паветра ва ўсіх напрамках, ваўсю ішоў бой, але падобна было — немцы ўцякалі.

Тады мы спынілі свой сляпы бег у траншэі, каленямі скочылі на мяккія глыжы бруствера. Перш чым пусціцца далей, я азірнуўся: уздоўж траншэі за намі, прыгнуўшыся, бегла двое. З кароткіх супынак яны дзігалі чэргамі міма нашых галоў у паўзмрок, дзе наўкось ад траншэі з усіх ног ратаваўся хтось у даўгаполым расхрыстаным шынялі. Мне ён быў бліжэй. Ускочыўшы, я таропка і кораценька стрэліў. Той упаў на калена, і тут жа з-пад яго рук востра бліснула ў наш бок. Ананьеў выкінуў наперад руку з пісталетам, аднак стрэлу не атрымалася: мусіць, штось сталася з яго «вальтэрам». Камроты апантана закрычаў мне: «Васюкоў, бі!», а сам, угнуўшыся, аберуч схапіўся за зброю. Прыпыніўшыся, я зноў тыркнуў кароценькай чаргой, ды, мабыць, міма: немец крутануўся, ускочыў і імкліва пусціўся ў паўзмрок. Ананьеў разлютавана лаяўся. Скрозь пырскат чэрг я выразна чуў гэтую яго лаянку, аднак у мяне таксама заела аўтамат — стрэлаў не было.

Я кляў сябе за той промах, але затвор толькі дарма лязгаў: мусіць — апаражнеў дыск. (I трэба ж здарыцца такому ў самы крытычны момант!) Прыпаўшы на калена, я выхапіў дыск з аўтамата і сунуў за пазуху. Я не паспеў яшчэ перазарадзіць, як Ананьеў рынуўся наперад проста на немца. Тады і я ўскочыў. Адной рукой я стараўся расшпіліць сумку з магазінамі і не спускаў позірку з ротнага. Той нешта крычаў. Немец яшчэ раз грымнуў таропкім вінтовачным стрэлам, аднак прамахнуўся і, прыгнуўшыся, кінуўся ў цемру. Вінтоўка яго чамусь засталася на доле. Ананьеў тут жа падхапіў яе і, шырока размахнуўшыся, шпурнуў немцу пад ногі. Немец спатыкнуўся, ледзьве не паляцеў тварам у гразь, але ўтрымаўся і азірнуўся. Мабыць, убачыўшы аднаго даганятага, ён раптам зрабіў выпад насустрач, гатовы кінуцца на камандзіра роты.

Але тут паспеў я.

Вобмацкам запхнуўшы ў аўтамат новы дыск, я ва ўпор даў па ім доўгую агняную ў цемры чаргу. Немец прутка выгнуўся і разам асеў. Я ўзрадавана кінуўся далей, але тут жа выразна сцяміў, што паспяшаўся. Мы зарваліся. Паблізу у прыцемках мільганула некалькі постацей, адначасна ў трох кроках ад мяне штось імкліва ляпнула вобзем. Я не ўбачыў, што гэта было, я адчуў толькі ўдар, тут жа ў твар пляснула гразёй, і тады я зразумеў: граната! Яна падскочыла і матлянулася дзесь пад самыя мае ногі. З незвычайнай выразнасцю, як гэта бывае толькі за імгненне да пагібелі, я адчуў: канец. Спалох штурхануў мяне ад гэтага месца, ды так апантана, што ногі не ўтрымалі гэтага выратоўчага штуршка, і я цераз голаў пакаціўся па мокрай зямлі.

Выбуху я чамусь не пачуў, — адчуў толькі, як люта дзеранула на спіне палатку і нібы зубілам звонка дзёўбнула ў каску, адно вуха адразу аглухла, шчака здранцвела, на нейкі час я перастаў адчуваць сябе і, калі падбег Ананьеў, як дурань, не мог зразумець, што здарылася і што яму ад мяне трэба. Пакуль я няўцямна курчыўся на зямлі, камроты тузаў мяне за палатку, затым нешта пракрычаў у твар — я адчуў толькі яго зморанае гарачае дыханне. Тут жа сам паспрабаваў узгрэбціся на калені і застагнаў ад пякучага болю ў плячы.

Ананьеў ускочыў, некуды пабег у цемру, затым зноў апынуўся побач, камусь замахаў рукой. I раптам, нібы вынырнуўшы з-пад вады, я пачуў яго незразумела чужы і дужа далёкі голас:

— Стой! Рота, стой! Назад! У траншэю назад!

Тады я нібы ачнуўся ад гарачай задухі, зразумеў, што жывы, і пачаў марудна ўставаць на ногі. Плячо пякотка мярцвела, рука аблівалася чымсьці гарачым, з рукава хуценька і часта закапала ў мокры дол.

5

Я чуў, як камандзір роты некага паклікаў, той неўзабаве падбег да мяне, падняў з долу аўтамат, паправіў на галаве каску. У гэты час я ўжо ўстаў і зрабіў са два крокі. Ногі мае былі цэлыя. Рану на плячы я сціснуў здаровай рукой, але з Рукава ўсё капала — штораз то болей. Баец падхапіў мяне пад паху здаровай рукі. — Пастой, Васюкоў, перавязаць трэба. Чуў я, здаецца, толькі адным вухам і па голасе пазнаў яго — то быў Лутохін з узвода Піліпенкі. Але я не хацеў тут спыняцца, — непадалёк усё яшчэ трашчалі аўтаматы, і ўгары ва ўсіх кірунках дзігалі кулі, Ананьеў прапаў недзе, мусіць, з узводам Ваніна пабег далей, на другі схіл вышыні. Частка роты, аднак, асела тут, у траншэі, я трохі чуў галасы і ішоў туды. Лутохін зважліва падтрымліваў мяне. Вецер насіў у паветры мокрыя сняжынкі.

Мы саскочылі ў гразкую траншэю, у якой ужо гаспадарылі аўтаматчыкі, трое ці болей з іх выкідвалі прэч забітага немца, але, мусіць, не дабралі сілы і ніяк не маглі ўзваліць яго здаравеннае цела на бруствер. Тады адзін вылез з траншэі, і з яго дапамогай байцы як-колечы ўзвалаклі забітага наверх. Цягнуць яго далей у іх не было ахвоты.

— Хай пруцянее. Усё ад куль укрыцце.

Баец прысеў над забітым і пачаў дзелавіта абмацваць яго кішэні, іншыя гідліва выцерлі аб шынялі далоні і далі прайсці нам. Нехта, пазнаўшы мяне, пацікавіўся:

— Што, накалолі, Васюкоў?

— Накалолі, — замест мяне адказаў Лутохін. — Не бачылі, дзе Цвяткоў?

— А хто яго… Пад гарой, мусіць.

— Ззаду, ведама, чаго яму тут быць?

Лутохін клапатліва зняў з мяне рэшткі пашкуматанай выбухам палаткі, неяк адчапіў лямкі рэчавага мяшка, таксама пасечанага асколкамі. Хістаючыся, я прайшоў яшчэ некалькі крокаў па свежавыкапанай траншэі і на паваротцы сутыкнуўся з старшыной Піліпенкам. Шорхаючы аб вохкія сцены палаткай і аддаючы каманды, той шыбаваў па траншэі. Згледзеўшы мяне, закрычаў:

— Ты куды? Ану, гэць на місцэ! — і спахапіўся: — Цэ хто?

— Гэта я, — стараючыся заставацца спакойным, сказаў я. — Дзе Цвяткоў, не бачылі?

— Васюкоў? — здзівіўся старшына. — А дэ ж камандзір роты?

— Там, — кіўнуў я ў бок, дзе ўсё яшчэ патрэсквалі чэргі.

— Тэбэ параніло? Ага? А цэ хто? Лутохін? — пазнаў Піліпенка. — Вас тэ ж параніло?

— Ён памагае, — сказаў я.

— Ніякіх памагатых! — адрэзаў Піліпенка. — Па ўставу забаронэно. Шагам марш, Лутохін. Далажыць камандзіру аддзялення.

Глядзі ты, якая строгасць, раздражнёна падумаў я. Перад камандзірам роты ён маўклівы няўклюда, а тут — такая непрыступнасць! Піліпенка, аднак, узяў у байца мой аўтамат, і Лутохін паныла паплёўся па траншэі да свайго аддзялення.

— Пішлы. Цвіткоў бліндаж асвоюе, — сказаў Піліпенка. — Такый гарный бліндаж…

Старшына павярнуўся і, па-ранейшаму дзеручы палаткай сцены траншэі, вузкаватай для яго шырокага цела, напорыста рушыў кудысьці ў змрок.

Мы прайшлі, мабыць, метраў дзвесце. Траншэя, віляючы ў бакі, цягнулася па ўсёй вышыні — ад схілу да схілу. Месцамі яна была зусім мелкай — да пояса і нават да калень, у дне валяліся кінутыя немцамі рыдлёўкі, утаптаныя ў гразь палаткі. Там і сям аўтаматчыкі з узвода Піліпенкі таропка дзяўблі яе тыльную сцяну — уразалі стралковыя ячэйкі. Скіраваныя ў другі бок, нямецкія цяпер былі без патрэбы. Піліпенка па-начальніцку пакрыкваў:

Поделиться с друзьями: