ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Перш чым адказаць, Грыневіч зноў памаўчаў.

— Нас гэта не датычыць. А вось брэша зусім недарэчы.

— Калі на Піліпенкавых, дык дарэчы, — нязгодна падхапіў ротны. — Камандзір узвода не камандуе, дык хоць Пулька…

Я ішоў ззаду за ўсімі і згледзеў, як Піліпенка, варухнуўшы каскай, неяк крыўдліва насцярожыўся пад мокрай палаткай.

— Усэ вам Пылыпэнка! Шо, я буду гнаты кожнага? Бачытэ, яка дарога! — сказаў старшына, і твар яго зморшчыўся амаль у пакутніцкім выразе. Ананьеў рэзка азірнуўся.

— Пры чым тут дарога! Камандзір размазня!

— Камандзір…

— Ага, камандзір! Бо камандаваць трэба! — выпаліў ротны.

Усе непрыемна змоўклі: як заўжды ў такіх выпадках, злосць старшага лейтэнанта чапляла не толькі вінаватага, але і тых, хто быў побач. Здавалася, пасля Піліпенкі Ананьеў возьмецца за наступнага, і кожны адчуваў сябе гэтым наступным. Па схіле рота выходзіла на пагорак, вецер памацнеў; мокры снег з дробным дажджом сек па плячах і касках. Мы хуткім крокам абміналі калону.

— Недзе паблізу немцы, — пасля гнятлівае паўзы паспакайнелым голасам сказаў камроты. — Падцягніце людзей. Падвоіць назіральнікаў па баках. Назначце слухачоў. Піліпенка, вам змяніць галаўны дазор!

Старшына, адтапырваючы полы палаткі, здзіўлена развёў рукамі.

— Так моі ж од півдня ішлы… Шчэ ёго час не выйшаў, — павярнуўся ён да Ваніна.

— Што — ёго! — павысіў голас Ананьеў. — Я табе загадваю. Ці не зразумела?

Камандзір роты злаваў, але я думаў, што прычынай тае злосці наўрад ці быў Піліпенка. Старшы лейтэнант нерваваўся ўвесь надвячорак, з таго самага часу, як роту аўтаматчыкаў вылучылі з палкавога рэзерву і павярнулі ўбок, каб заткнуць нейкую прарэху на фланзе. Батальёны пайшлі па бальшаку, а мы ўлезлі ў гразь на прасёлку, перайшлі балота, вымаклі, намарыліся ды яшчэ, у дадатак, засталіся без фурманкі з такім-сякім ротным майном, мяшком сухароў і патронамі. Праўда, ПНШ абяцаў, як пад’едуць тылы, паслаць фурманку следам за ротай, але, мусіць, здарылася няўпраўка, фурманка нас не дагнала, і мы, апроч таго што згаладнелі, маглі яшчэ і застацца без боепрыпасаў.

Піліпенка бурчаў:

— Кого я назначу? Попрыставалы усі.

— А мне напляваць! — строга абарваў яго Ананьеў. — Хоць сам ідзі, калі назначыць не маеш каго.

— Ну і піду, — змрочна гааабяцаў Піліпенка.

— Толькі без «ну»…

Старшына памарудзіў і адстаў на крок, апынуўшыся са мной побач. Выгляд яго зрабіўся зусім пакутніцкі, як заўжды, калі ён атрымліваў вымову ад начальства, што ўвогуле здаралася нярэдка. Справа ў тым, што Піліпенка служыў у дывізійнай АХЧ і толькі перад наступленнем за нейкую правінку быў пераведзены ў роту аўтаматчыкаў. Яго паставілі камандзірам узвода, але ўзводны з яго, здаецца, атрымаўся ніякі, і ён часта камандаваў недарэчы, а галоўнае — зусім не мог змаўчаць перад начальствам, калі тое, як яму здавалася, рабіла што-небудзь няправільна ці несправядліва.

Як заўжды, даўшы выказацца камандзіру роты, у спрэчку ўступіў яго намеснік.

— Як гэта вы дзіўна разважаеце… — азіраючыся, сказаў Грыневіч, — У вас жа ўзвод.

— Якый цэ взвод? Двадцяць чоловік та й ті не ідуць, а валакуцця.

— Быццам адны вашы так валакуцца… — папракнуў Ванін.

— Так у тэбэ скількы? Трыццаць два. А у мэнэ двадцяць тры.

— Мае ноч у ахраненні былі.

— А мае копалы.

Увогуле, слухаць гэта было не дужа прыемна, але спрачаліся ўзводныя не першы раз, і Ананьеў глядзеў на тое не строга. Праўда, ён заўжды быў на баку Ваніна, які, зрэшты, і сам мог абараніць сябе, толькі часам у малодшага лейтэнанта не хапала на тое ўпартасці. Піліпенка ж мог спрачацца бясконца.

— Ладна, — ні да кога не звяртаючыся, сказаў Ванін. — Я сам змяню. Толькі трэба б і совесць мець.

Ненастойлівы, быццам між іншым выказаны папрок малодшага лейтэнанта, аднак, зачапіў Піліпенку.

— А што я для сэбэ выгадую? Вы глянтэ, які в мэнэ ваякі. Та й бісова дорога…

Угінаючы голаў ад ветру, Грыневіч азірнуўся на старшыну.

— Ну і што ж: баявая абстаноўка. А ў прысязе як сказана: стойка пераносіць усе цягаты і лішэнні ваеннай жызні.

— Та чулы, — буркнуў Піліпенка.

— Ось і кепска, што чулі, а байцам не ўнушаеце.

На тое Піліпенка не адказаў. Мы прыпыніліся, бо камандзір роты, адвярнуўшыся ад ветру, з трафейнай цыгарэтай у зубах, пачаў шукаць па кішэнях запальніцу. Вецер апантана рваў полы ягонай накідкі, пад якой у старшага лейтэнанта быў кароткі шынэлак, падпяразаны абвіслай камсастаўскай дзягай з трафейным «вальтэрам» у кабуры. Іншага рыхтунка — партупей, сумак, компасаў — Ананьеў не прызнаваў і хадзіў ва ўсім салдацкім, вылучаючыся хіба што пагонамі з адною палоскай без зорак ды даўгалыгім ростам. Мы пачакалі, пакуль ён, заціснуўшы між калень палку, прыкурыў пад палою накідкі.

— Што мараль чытаць, — холадна сказаў камроты. — Сам не ўломак. Адставакі ёсць?

— Няма, — трошкі паспешлівей, чым звычайна, адказаў Піліпенка.

З-пад капюшюна накідкі Ананьеў падазрона скасавурыўся на яго.

— Правяраў?

— Ну… — насцярожана адказаў старшына, і ўсім стала зразумела, што не правяраў.

Камандзір роты хуценька акінуў позіркам байцоў, што, хлюпаючы абуткам, праходзілі міма.

— Дзе Чумак?

— Тут був, здаецца…

— Був? А цяпер дзе?

Піліпенка дужа пакутна хмурыўся, надзімаўся, і мне міжволі стала шкада старшыну. Як-ніяк з усіх камандзіраў у роце ён быў самы старэйшы, паводзіў сябе стрымана, з нейкаю нават годнасцю, але Ананьеў чамусьці не зважаў на тое і спаганяў са старшыны, мабыць, болей, чым з іншых. Ідучы побач, я напружана ўзіраўся ў постаці ягоных аўтаматчыкаў. Аднак дарма. Чумака, як на тое ліха, нідзе не было, і Ананьеў з прыкрасцю тыцнуў палкай у гразь.

— Ось так і палучаецца! Знайсці і далажыць! — са злосцю загадаў ён і вылаяўся.

Піліпенка моўчкі павярнуўся і валюхаста зашлёпаў па гразі. Ананьеў крыкнуў:

— Адставіць! Вядзі ўзвод! — і штурхануў мяне ў плячо: — Васюкоў — бягом! I заадно глянь падводу.

2

Распырскваючы снегавую слоту, я пабег краем дарогі ўніз. Засцерагацца макрэдзі не мела сэнсу: і так на мне ўсё было мокрае да пояса і нават болей — не ратавала і старая, куцая нямецкая трохкутка з абкладзенымі бляхай петлямі. Насустрач зморана брылі аўтаматчыкі — знаёмыя, што ўцалелі ад зімовых баёў, і навічкі, якія за тыдзень да наступлення прыбылі ў роту. Я ведаў далёка не кожнага. Мяне ж тут ведалі, мабыць, усе: як-ніяк я быў у іх на віду, заўжды з камандзірам роты, — хоць у калоне, на прывале або ў ланцугу. Пры Ананьеве яны, вядома, паводзілі сябе стрымана, а цяпер, убачыўшы мяне аднаго, далі волю сваёй гарэзнай цікаўнасці.

— Што, Васюкоў, немцы?

— Куды бяжыш? Можа, заначуем, ага?

— Ардынарац, ком перакурым!

Я нікому не адказваў, толькі ўзіраўся ў іх нястройныя рады, стараючыся ўбачыць Чумака. Але яго нідзе не было, і я бег усё далей па схіле пагорка ўніз.

Ардынарцам да Ананьева я трапіў нечакана ў той самы дзень, як прыбыў у роту. Не ведаю, чым я прыглянуўся яму, але калі толькі нас пачалі размяркоўваць па ўзводах, Ананьеў прайшоўся ля строю прыціхлых, у каляных шынялях навічкоў і, спыніўшыся ля мяне, загадаў: «Пайдзеш ардынарцам. Паняў?» — «Паняў», — сказаў я, хоць у той час амаль нічога не разумеў у гэтай нечаканай для мяне пасадзе. Пасля, аднак, прывучыўся: хітрага ў ёй было нямнога. Часам толькі было неспакойна, часам боязна, асабліва пад агнём, калі ўсе ляжалі, уціснуўшы галовы ў ямкі, а Ананьеў пасылаў мяне ў які-небудзь узвод, ці да кулямётчыкаў, або з данясеннем да камандзіра батальёна ці проста паглядзець, хто займае лясок, або паклікаць старшыну роты. Але ён і сам не дужа бярогся і бегаў не менш за мяне, часам разам са мной. Рызыкавалі мы з ім нароўні, так што ў гэтай справе былі, мабыць, квіты.

Поделиться с друзьями: