Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Ён не баяўся капітана, хоць ведаў яго крутаваты нораў, бо сам ваяваў у гэтай роце з зімы, ведаў кожнага байца, таксама як яны ведалі яго. Арлавец жа быў чалавек новы, і хоць у баязлівасці яго ніхто не папракнуў бы, але ўсё ж з першага дня байцы неўзлюбілі капітана за яго, бадай, празмерную жорсткасць. Цяпер ад усёй гэтай сутычкі Клімчанку зрабілася прыкра, і ён, стараючыся стрымаць сябе, пачаў абцасам збіваць з абрыву глыжы. Земляныя камякі, падскокваючы, навыперадкі каціліся да ўмерзлага ручая, за імі церушыла жарства. Ротны, які стаяў побач, самкнуўшы бровы на худым, счарнелым ад сцюжы і шчаціння твары, праз зубы кінуў:
— Ану, прыкусі язык!
Нервова крутнуўшыся да яго, Клімчанка ўскінуў галаву.
— Што? Праўда вочы коле?
— Ах, праўда! Дык я табе скажу праўду. Твой узвод самы горшы. Самы марудлівы. Ён затрымаў роту. Ён сарваў тэмп наступлення.
Клімчанка ўскочыў на ногі, локцем піхнуў назад туга набітую кірзавую сумку.
— Мой узвод сарваў? Немцы сарвалі! Вось! Шэсць іхніх кулямётаў сарвалі. Вы што, не бачылі? — перастаючы сябе стрымліваць, закрычаў лейтэнант.
Сувязіст, уражаны гэтай сутычкай, разявіўшы рот, нерухома сядзеў ля апарата. Зубкоў сагнуўся яшчэ ніжэй і старанна калупаў свой кірзавы бот. На беразе рова з ямак-акопаў высоўваліся і застывалі ў нямое цікаўнасці галовы ў шапках і касках.
— Гэта што такое? — тупнуў Арлавец сваімі парудзелымі ад падпалін валёнкамі. — Вы на гулянцы ці ў арміі?..
Ён не дагаварыў, як наверсе на ўзгорку, мусіць, нехта неасцярожна высунуўся, і доўгая кулямётная чарга з вышыні шалёна разанула паветра над іх галовамі. На тым баку рова пасыпалася жарства, і калі вецер здзьмуў пыл, у мерзлай зямлі на абрыве сталі відаць некалькі ямак ад куль.
Арлавец, па-ранейшаму бычачы голаў, павярнуўся да ўзводнага.
— Ты ў мяне дачакаешся! Я цябе прымушу з адным узводам вышьшю браць. Тады запішчыш. Разумнік…
Лейтэнант крыва ўсміхнуўся.
— Ну і што ж! Трэба — пайду з узводам. Толькі вазьму — вам дакладваць не прыйдзецца. Сам у полк далажу.
— Ах, так?
— Так!
Капітан на паўхвіліны застыў, знямеўшы тварам і штось напружана вырашаючы, а Клімчанка, стоячы побач, чакаў. Сапраўды, ён гатовы быў атакаваць вышыню і з адным узводам, страху ад таго не адчуваў і хоць надзеяй на поспех таксама сябе не цешыў, але цяпер больш за ўсё астатняе не хацеў у чымсьці ўступіць капітану.
Арлавец тым часам, цяжка ступаючы валёнкамі, узлез на адхон і сеў на сваё ранейшае месца каля тэлефаніста.
— Ну, дзе агонь? — успомніў ён пра непадпаленую цыгарку ў пальцах.
Сувязіст зноў пачаў стукаць крэсівам.
— Вось што! — сказаў ротны падумаўшы. — Я такога не дапушчу. Балбатунам я жалезам языкі папрыпякаю. Іш, разгільдзяй той распусціў роту!
Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты, старшага лейтэнанта Драніцына, параненага тыдзень назад. У палку аб ім гаварылі рознае, але Клімчанка на гэты конт меў сваю думку і цяпер сказаў:
— Каб усе ротныя такія былі, як Драніцын, дык ужо на вышыні паабедалі б.
— Што? Абараняеш? Канечне! Два боты — пара.
Клімчанка прамаўчаў.
— Ладна, — мякчэй ужо сказаў Арлавец. — На тым кропка. Каб мне ні-ні… Зразумела? А цяпер давай сюды.
Зубкоў, чагосьці не разумеючы ў перамене настрою камандзіра роты, марудна ўстаў, абціраючы з полаў пясок, а Клімчанка, насупіўшыся, стаяў унізе. Капітан тады, мяняючы тон, знарок грубавата прыкрыкнуў:
— Ну, што надзьмуліся? Давай бліжай!
Зубкоў, прыгнуўшыся, хуценька шмыгнуў да капітана, і Клімчанка, трохі памарудзіўшы, таксама палез угору.
Па голым схіле рова дзьмуў сіверкі марозны вецер, разгарачанае нядаўняй беганінай цела пачало астываць, лейтэнант тужэй падцягнуў дзягу і неахвотна пасунуўся да камандзіра роты. Твар узводнага быў па-ранейшаму змрочны.
Капітан тым часам прыкурыў, глынуў дым. Коратка бліснуўшы на лейтэнанта выпрабавальным, але ўжо нязлым позіркам, ён выцяг з-за пазухі карту.
— Так. Усё. Слухай задачу. Атакуем зноў…
2
Праз пятнаццаць хвілін атакавалі.
Без аніводнага стрэлу, моўчкі, усе разам высыпалі з рова і кінуліся на вышыню.
Немцы спачатку маўчалі, — можа, не заўважылі іх, а можа, чакалі, і з хвіліну ў ветраным сакавіцкім прасторы чуцён быў толькі бязладны дыхавічны тупат паўсотні пар ног. Людзі настылі за ранак на гліністым умерзлым доле, таму адразу рванулі дружна, аднак шлях іх пралягаў угору, бегчы было багата і такога імпэту хапіла ненадоўга. Правы фланг першага ўзвода неўзабаве загнуўся і пачаў адставаць; гэта было дрэнна, але лейтэнант Клімчанка не наважыўся парушыць цішыні, каб закрычаць на малодшага сяржанта Галаногу, які там камандаваў. Сцяўшы ў кулаку пісталет з раменьчыкам, прычэпленым да дзягі, ён бег з усімі як мага хутчэй туды, угору, дзе, нарыхтаваўшы кулямёты, чакалі, каб разам ударыць, немцы. Злева ад яго і далей пад лес, крыху марудней, адстаючы, трухаў з ардынарцам Арлавец. Час ад часу ён паварочваўся да першага ўзвода і на хаду трос кулаком — хутчэй! Клімчанка, аднак, не дужа зважаў на гэта; цяпер у ланцугу ён нейкім чынам стаў незалежны ад ротнага, сам ведаў, што трэба хутчэй, толькі салдацкія сілы не дужа падпарадкоўваліся і яму. Лейтэнант бег, адчуваючы, як датлявае ў ім рэшта ранейшае злосці, што прарвалася там, у рове. Ён пачаў ужо звыкацца з думкай, што капітан «арап» і «гарлапан», што ён не пашкадуе бацьку, каб выслужыцца — выпнуцца перад начальствам. Але ўсё ж ён мусіў слухацца ротнага і нават больш: пасля ягоных абраз быў поўны рашучасці ўварвацца ў траншэю ў што б там ні стала. Таму ён і бег так. Гэта быў разлічаны на адну толькі нечаканасць рывок, ад яго імпэту залежала, ці палягуць яны тут, на голым умерзлым схіле, ці, калі пашанцуе, возьмуць вышыню.
«Шась-шась… Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі, гамашы з зялёнымі, шызымі, чорнымі абмоткамі, тупалі каляныя англійскія чаравікі, стаптаныя кірзачы. Паблізу ў некага на рамяні ці ў рэчмяшку мерна і нудна лязгаў пусты кацялок. «Не мог прыладзіць, разгільдзяй!» — злосна азірнуўся Клімчанка. Людзі беглі абапал яго; расшыраныя вочы боязна мітусіліся па вышыні; хакалі асіплыя ад стомы і прастуды грудзі; матляліся почапкі аўтаматаў. Вецер курэў у ржэўніку пасмамі пылу, угары ў непагодным небе плылі і кудлычыліся шэрыя хмары. Ветраныя парывы раздзімалі запэцканыя зямлёю полы паўшубка ўзводнага, дзьмулі праз дзірку ў бок, сцябалі па разгарачаным твары матузамі ад шапкі, але Клімчанка не прыкмячаў таго — бег. Адна толькі думка кіравала цяпер ім — хутчэй. Хутчэй, пакуль не ўдарылі немцы, пакуль ціха, прабегчы б хоць лішні дзесятак метраў да гэтай вышыні, куды, ведаў ён, шлях вось-вось абарвецца шквалам агню.
Рота выбягала з-за пагорка на адкрытае. Клімчанка ўжо ўбачыў перакапаную траншэяй вышыню — усю, ад лесу да пакатага схілу ў бок вёскі, на якім па разорах і пад узмежкамі бялелі рэдкія плямы бруднага, змерзлага ўранні снегу. I тады згледзеў, як скрозь на брустверы матлянуліся ў бакі і замерлі пляскатыя каскі. У той жа момант вецер данёс аслаблены адлегласцю ўскрык:
— Фойер!..
Раней, чым канчаткова згас у паветры гэты ўскрык, цішыня ўзарвалася громам, які праглынуў каманду і тупат ды цяжкі змораны соп людзей. Першыя чэргі рванулі тугое паветра над іх галовамі, побач нехта тоненька, не па-мужчынску ўскрыкнуў. Клімчанка хіснуўся ніжай, прыгнуўся, але зараз жа выпрастаўся, азірнуўся — на пяць крокаў ззаду, расчырванеўшыся маладым белабрысым тварам, бег з аўтаматам ягоны ардынарац Косця. Каска раптам гайданулася на яго галаве, пэўна, збітая куляй, саўганулася на вуха; хлопец піхнуў яе назад рукавіцай, зноў падхапіў за ствол аўтамат і кароценька, аднымі вачмі, усміхнуўся камандзіру. Аднак лейтэнант ужо не заўважыў тае ўсмешкі, ён бачыў, што правы фланг адставаў усё болей. Нявёрткі стары Галанога з падапхнутымі пад дзягу поламі шыняля, відаць, прыставаў, то бег, то спыняўся — кідаўся ўбок, нечага крычучы на байцоў, якія ўсё болей замаруджвалі бег і, відаць, гатовы былі залегчы. Гэтага дапусціць было нельга, і Клімчанка, адчуваючы, як ззаду крычыць і лае яго Арлавец, таксама ўскінуў угору абедзве рукі і затрос імі, крыкнуўшы сарваным, асіплым голасам:
— Галанога! Такую тваю… Уперад! Бягом!
Але словы яго глухлі ў віхуры бою, ён і сам не пачуў іх і, зразумеўшы гэта, яшчэ некалькі разоў патрос у паветры кулаком з пісталетам. Пасля рвануўся за ротай. Кулі густа нізалі паветра, зыўкалі, верашчалі, на ўсе галасы скуголілі, дзяўблі мерзлы дол пад нагамі, пырскаючы жарсцвянай зямлёй. Хмарнае паднябессе гуло, галасіла, пішчала; здавалася, нейкая ашалелая сіла раз’юшана буяніла ўгары, і нават не верылася, што ўсё гэта грымотнае страхоцце скіравана супраць рэдзенькага ланцужка ўшчэнт змораных людзей, якія падалі, ішлі і трухалі па шэрым схіле, марудна набліжаючыся да вышыні.