Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Назаўтра раніцой Адамовіч быў ужо ў мяне, я падрыхтаваў фотаапарат, купілі штось выпіць. Салжаніцын прыйшоў зь невялікім спазьненьнем. Мы пазнаёміліся асабіста, а ў літаратурным сэнсе Аляксандр Iсаевіч сказаў, што чытаў нас абодвух і падзяляе наш пафас. На зьезд ён ня пойдзе, бо ня мае запросінаў, але чакае, што мы там выступім у духу ягонага ліста. Адамовіч паабяцаў тое зрабіць (але яму слова не далі), я ж падрыхтаваў выступленьне ў некалькі іншым духу. Наконт літаратуры Салжаніцын сказаў, што працуе зараз над творам пра імперыялістычную вайну 1914 году і, магчыма, улетку паедзе ва Ўсходнюю Прусію. Па дарозе мог бы заехаць у Беларусь, дзе ваяваў у 44-м годзе. Вядома, мы запрашалі. (Тое, на жаль, не ажыцьцявілася.) Падчас размовы мы з Адамовічам усё азіраліся на сьцены, што таілі пэўную небясьпеку, Салжаніцын жа паводзіў сябе ўпэўнена і сьмела, ад алкаголю адмовіўся. Напрыканцы сфатаграфавалі госьця — па чарзе з Адамовічам і Быкавым.
На зьезбдзе ў залі славутага Крамлёўскага палацу я сядзеў мала, болей бавіў час у кулуарах, а то ў буфэце. Але ў вялізнай залі буфэту можна было хіба пад’есьці, выпіць жа там не было нічога. I тое абурала шмат каго з прыезджых пісьменьнікаў. Асабліва абураўся Віктар Астаф’еў, зь якім я ўжо быў знаёмы, і мы займелі намер абмыць сустрэчу. Ды не было чым. I Віктар гучна, бянтэжачы выкшталцоную гэбісцкую абслугу, абвяшчаў, што без гарэлкі не перамаглі б і ў вайну — нават з грымотнымі заклікамі палітрукоў. I беларускія партызаны тое ведаюць — праўда, Васіль? — жартоўна зьвяртаўся ён да мяне. Я пагадзіўся і напомніў Віктару, як на банкеце папярэдняга зьезду ён уратаваў Канстанціна Сіманава. Той тады вальяжна праходжваўся між шэрагамі сталоў зь нейкім замежнікам, а за імі, бы хвост, віўся падазрона гэбісцкі тып, усё стараўся ўчуць іх размову. Як тыя спыніліся, спыніўся і ён, падскочыўшы да нашага стала, якраз насупраць Астаф’ева. Павел Нілін, які быў з намі, зразумеўшы, у чым справа, аднак, запытаўся, з якой арганізацыі тып? Але той бы ня чуў пытаньня, — уся яго ўвага была скіравана на Сіманава. Тады Астаф’еў гучна, каб перамагчы п’янаватую гаману, мовіў: «Ды з арганізацыі Сямічаснага, азірніцеся, Канстанцін Міхайлавіч!». Той і праўда азірнуўся, і тып, утуліўшы галаву ў плечы, моўчкі шаснуў убок. Увечары ў гатэлі мы абмяркоўвалі той выпадак, і Астаф’еў даволі нэрвова напомніў, дзе мы жывём. Ён сказаў, што ў 30-я гады ў СССР было 10 мільёнаў сэксотаў, пра гэта сьведчыў сын Г. Малянкова, а ўжо ён штосьці ведаў. Ды й сам Хрушчоў, выкрываючы Берыю, сказаў, што ў СССР кожны пяты — сэксот. Чаго ж вы хочаце ад пісьменьнікаў? — пытаўся Віктар Пятровіч.
Як ужо было сказана, пры шыкоўнай закусі ў Крамлі не было чаго выпіць, а буфэты ў гасьцініцах ламіліся ад выпіўкі, ды не было закусі. Як заўжды, з закусьсю ў краіне была напруга. Раніцай за сьнеданьнем мы доўга вырашалі задачу: як пранесьці на зьезд бутэльку. Бураўкін спрабаваў засунуць яе ў кішэню — выглядала падазрона, нібы там бомба. У маёй нутраной кішэні — яшчэ горш. Спрабавалі пакласьці ў імпазантную Гілевічаву папку, зь якою той нідзе не расставаўся, — таксама нядобра. Маглі адабраць ды яшчэ што прышыць. Правяралі ж нас не адзін раз, у кожных дзьвярах, дзе гэбісты звычайна дзяжурылі парамі: пакуль адзін правяраў дакумэнты, зьвяраючы фота з арыгіналам, другі рабіў «візуальны вобыск», пільна азіраючы кішані і рукі. Выйсьце знайшлі самае простае — выпіць у гасьцініцы, а закусваць бегчы ў Крэмль.
Але па дарозе нас чакала неспадзяванка. Не пасьпеўшы перабегчы праезд Спаскай вежы на зялёнае сьвятло сьвятлафора, спыніліся. Толькі адзін (ня з нашай кампаніі дэлегат) — стары туркмэнскі пісьменьнік — пасьпяшаўся на пераход і быў затрыманы гэбістам у форме, які груба рвануў яго за плячо і пачаў адчытваць. Таго не стрываў Рыгор Бакланаў, што пераходзіў з намі. Я ніколі ня бачыў Рыгора такім разьюшаным, як ён накінуўся на гэбіста ў абарону старога пісьменьніка-туркмэна, на вачох дзясяткаў прахожых ён бэсьціў яго і сарамаціў. Але той таксама разьюшыўся, патрабаваў у Бакланава пропуск, пачаў крычаць:
«Я табе яго зараз парву, і ты болей не пабачыш ваш зьезд». Бакланаў на тое адказваў з выклікам: «Ну парві! Парві, ну! Рві…». Аднак не парваў, — мабыць, добры папаўся.
Той учынак Бакланава шмат што растлумачыў у ягоным характары, цьвярдым і ўпартым. Сталі зразумелыя яго некаторыя пасажы ў друку і ў выступах. Асабліва бліскучая, бескампрамісная прамова на ўсесаюзнай партканфэрэнцыі ў Маскве, калі прававерная аўдыторыя спрабавала сагнаць яго з трыбуны. Мне запомнілася яго рэзкая сутычка з камунапатрыётамі ў прысутнасьці члена гарбачоўскага палітбюро А. Якаўлева. I яшчэ некаторыя праявы адвагі і прынцыповасьці, зь якімі ў нас мог параўняцца хіба адзін Алесь Адамовіч.
Беларускія пісьменьнікі, за малым выключэньнем, былі памяркоўныя, трымаліся моўчкі і разам. Памятаю толькі адзін выпадак, калі на самым пачатку, як уладкаваліся ў гасьцініцу, пачалі сварыцца Куляшоў з Макаёнкам. Пілі і сварыліся — доўга і зацята, ад абеду да вечару і ці ня ўсю ноч. Я спрабаваў іх уціхамірыць, угаворваў і мірыў, і ўсё — марна. Але сварыліся так адмыслова, што зразумець сэнс канфлікту было немагчыма. Iншыя, што былі пры гэтым, па адным разыходзіліся спаць. Урэшце не стрываў і я. А раніцай дазнаўся, што Макаёнак сьпіць, а Куляшоў выпісаўся з гасьцініцы і зьехаў у Менск.
80. Дзядкоў. Сеўрук
На зьезьдзе, як заўжды, гучалі прамовы, звыкла сумаваў прэзыдыум. У кулуарах было цікавей. Недзе пад канец дня паявіўся Віктар Някрасаў, якога на той час цкавалі ў яго родным Кіеве і ў Маскве таксама. Завітаў ён на зьезд з выглядам парыжскага клашара — у няновай расхрыстанай тэнісцы, старых джынсах і разношаных сандалетах на босую нагу, зь якіх вытыркаліся жоўтыя старэчыя пазногці.
Сярод параднай, з усіх сілаў выкшталцонай публікі тое выглядала выклікам. Затое яго хутка абкружылі маладыя, і зь іх цеснага кола на лесьвіцы доўга чуліся гоман і сьмех. Гэбісты ў штацкім змушаны былі прычыніць дзьверы ў залю.
Важна, што сустрэчы і знаёмствы прадаўжаліся і пасьля зьезду, у гатэлях і рэстаранах. Увечары на кватэры Валянціна Аскоцкага ўпершыню спаткаўся зь вельмі мною шанаваным крытыкам Iгарам Дзядковым. Той даўно жыў у Кастраме, у сталіцы паяўляўся рэдка, але друкаваў глыбокія і разумныя артыкулы пра сучасную літаратуру, у тым ліку і беларускую. Часам ён прысылаў мне цёплыя лісты ў Горадню, а праз колькі год напісаў грунтоўнае дасьледаваньне пра маю творчасьць. Бачыўся я зь ім рэдка, але заўжды адчуваў ягоную прысутнасьць у маім пісьменьніцкім лёсе.
Пра пісьменьніцкія зьезды ў Маскве можна ўспамінаць доўга і шмат. Ці з нудой ад іхняй руціны, ці, здаралася, і з захапленьнем ад некаторых сьмелых і разумных выступаў. Асабліва падчас перабудовы, калі жалезна арганізаваны СП пачаў прыкметна развальвацца. Але і тады партыя ўпарта трымала яго ва ўласных руках. Паспрабавалі рэфармаваць кіраўніцтва, у праўленьне паўводзілі нядаўна яшчэ адыёзных пісьменьнікаў. Кіраваць зьездам даручылі Юрыю Бондараву, аднаго разу нават мяне пасадзілі за ганаровы стол прэзыдыума. Аляксандр Якаўлеў меў з намі спрыяльную гутарку ў кулуарах. Але і тады ў ЦК прадаўжаў сядзець Шаура і ягоны зямляк Сеўрук, які пад той час зрабіў найвышэйшую для сябе кар’еру — кіраваў усесаюзным галоўлітам, практычна ажыцьцяўляючы цэнзуру над усёй савецкай літаратурай. Гэты ўчэпіста трымаўся за свае цэкоўскія пасады нават пры Гарбачове і канчаткова рухнуў толькі тады, як рухнула партыя КПСС. Перабраўся ў гасьцінную лукашэнкаўскую Беларусь, дзе і дагэтуль заняты сваёю звыклаю справай.
Недзе яшчэ ў брэжнеўскія часы Масква нечакана для сябе знайшла дзіўнаватага аўтара зь яго ня меней дзіўнаватым творам пад назовам «Москва-Петушки». Прозьвішча аўтара было Веніямін Ярафееў або проста Венічка, як яго з сымпатыяй клікалі сябры і чытачы. Мне гэтую кніжку даў пачытаць Адамовіч, якому яна дужа спадабалася, можа, з тае прычыны, што, не парываючы з гуманізмам, несла ў сабе зачаткі будучага постмадэрну. Пасьля мы даведаліся, што аўтар працаваў на пракладцы газаправоду, быў дужа хворы і сябраваў з групай маскоўскіх літаратараў, якія выдалі на той час скандальны «Метрополь». Аднойчы Адамовіч мяне зьдзівіў, папытаўшыся ў тэлефоннай размове, што такое мэніск? То быў не філялягічны тэрмін, і далёкі ад тэхнікі Адамовіч не павінны быў ім зацікавіцца. Я ж прыпамятаў зь фізікі, што меніск — крывалінейнае нацяжэньне паверхні вадкасьці. У наступнай размове высьветлілася, што ў адным інтэрв’ю, надрукаваным, здаецца, у «Литературной России», Венічка вельмі прыхільна адгукаўся пра нас з Адамовічам і сказаў, што Адамовічу наліў бы пры сустрэчы поўную шклянку, а Быкаву — нават з мэніскам. Бедны алкаш Венічка, мабыць, ня ведаў, што Адамовіч ня п’е, і тым павесяліў апошняга. А ўсё роўна ягоны маральны жэст быў куды болей прыемны для нас абодвух, чым ідэалягічная пахвала якога-небудзь «літаратураведа ў штацкім».
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
На пачатку 70-х гадоў, калі маё літаратурнае рэнамэ пайшло на папраўку, зноў павярнуўся да мяне кінематограф. На Ленінградзкай кінастудыі зьнялі фільм на сюжэт «Дажыць да сьвітаньня» — фільм няўдалы ва ўсіх адносінах. Я тады некалькі разоў зьездзіў на «Ленфільм», папрацаваў з рэжысэрам, але адразу зразумеў, што вялікага толку ня будзе. Ня той рэжысэр. З ранейшага вопыту ведаў, што рэжысэру-пастаноўшчыку патрэбны ня так розум і густ, колькі характар і воля. Умельства выбіваць і дамагацца. Рэжысэр Віктар Сакалоў быў чалавек разумны і сумленны, але не валодаў усім наборам неабходных для таго якасьцяў. Зноў жа дадаліся недахопы сродкаў, абмежаванасьць матэрыяльна-тэхнічнай базы. I ў дадатак да ўсяго падвяло надвор’е — раней часу растаў сьнег, што для патрэбнай зімовай натуры было пагібельлю. Рэжысёра зьнялі, дазьнімаць даручылі іншаму, усё пайшло наўкось і скончылася поўным фіяска.