Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Перад тым, як труну засыпаць зямлёй, яе перахрысьціў Салжаніцын. Тое было нязвыкла ў атэістычным пісьменьніцкім асяродку, пра што доўга пасьля гаварылі і пісалі сьведкі. Арганізатары пахаваньня змушаны былі апраўдвацца — маўляў, вінаваты, не дагледзелі. Пасьля паховін усе, сябры і ворагі нядаўняга рэдактара адыёзнага часопісу, разышліся па кабаках — абмываць нябожчыка. Беларусы таксама абмылі ягоныя костачкі, асабліва Аркадзь Куляшоў, які ўвесь час плакаў. Твардоўскі быў ягоны даўні і найлепшы сябра. Я дык адчуў сябе сіратой…
Неўзабаве па вяртаньні дамоў пасьля той сумнай нагоды, як ужо выйшаў «Новый мир» з маёй аповесьцю, «Полымя» запрасіла прыехаць. Сабраліся нарэшце друкаваць, наладжвалася абмеркаваньне. Сыйшлася ці не самая прадстаўнічая рэдкалегія, — усе, апроч Барадуліна, які быў дзесь у ад’езьдзе. Я меркаваў, што будуць дробязныя заўвагі па мове і стылі, аказалася, — усчалі абмеркаваньне па поўнай праграме. На маё слабое пярэчаньне, што ў Маскве ўжо абмяркоўвалі і маскоўскі Галоўліт прапусьціў, палымянскі галоўны Павел Кавалёў адказаў, што Масква нам ня ўказ. Масква друкавала і Еўтушэнку, чаго ў Беларусі ніколі ня здарылася б, бо беларуская літаратура ідэйна здаровая, бяз шкодных ухілаў. На абмеркаваньні асабліва стараўся Анатоль Вялюгін, які, мяркуючы па ўсім, быў загадзя да таго падрыхтаваны. Ён праводзіў паралелі паміж прозай Быкава і тымі заганнымі ідэямі, што нам навязваюць зь Мюнхену, то бок з радыё «Свабода». Iншыя палымянцы выказваліся болей памяркоўна, але ўсе сышліся на тым, што аповесьць друкаваць рана, трэба дапрацаваць. Дапамогу аўтару ў дапрацоўцы было вырашана даручыць Барысу Сачанку. Сказалі, каб з тым не цягнуць.
Адразу пасьля паседжаньня рэдкалегіі, яшчэ пакуль не прастылі сьвежыя ўказаньні, мы з Сачанкам пайшлі да яго на кватэру. Там Барыс мне сказаў, што ня п’е, таму і мне ня раіць, бо рэдагаваць трэба зь цьвярозай галавой — справа сур’ёзная. Я ўжо меў вопыт Сачанкавай рэдактуры, колісь яго намаганьнямі была амаль цалкам перапісана мая невялічкая аповесьць «Здрада». Цяпер мне Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскіх закідаў да аповесьці — адсутнасьць у ёй вобразаў камуністаў. Я сказаў, што наогул пазьбягаю тых вобразаў, бо не валодаю патрэбным талентам. Мабыць, для іх увасабленьня патрэбны талент кшталту Салтыкова-Шчадрына, а ў мяне, калі і ёсьць, дык іншы. Сачанка сказаў на тое, што ён гэта выправіць у адзін момант, і, пагартаўшы рукапіс, знайшоў здатнае месца. Во тут і напішам: Сотнікаў — камуніст. А што, апроч таго, і сын камуніста, тое вынікае з кантэксту.
Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьці Барыса Iванавіча, што ўрэшце прывяла яго на высокую пасаду галоўнага рэдактара БелСЭ. Хоць мы нічога больш не зьмянілі, у тым выглядзе аповесьць пайшла ў набор. Прэтэнзіяў да яе больш не знайшлося ні ў галоўнага — Паўла Кавалёва, ні ў Галоўліце, ні ў ЦК. Што значыць мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькі аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа.
У выдавецка-рэдактарскай практыцы было прынята, што выдаўцы-рэдактары ніколі не спасылаліся на цэнзуру або начальства, рабілі глыбакадумны выгляд, што літаратурнаідэйныя хібы выявілі толькі яны. Тое ставіла аўтара ў ідыёцкае становішча, калі ён ідыётам лічыў менавіта таго, хто яму прапаноўваў ідыёцкія патрабаваньні. Напрыклад, я шмат гадоў ня ведаў, што нэгатыўныя адносіны да «Мёртвым не баліць» запачаткаваў сам старшыня КДБ СССР Сямічасны, як ён абвясьціў пра тое на сакрэтнай нарадзе адразу пасьля публікацыі твору ў «Новом мире». Вядома, вырак галоўнага чэкіста краіны быў даведзены да ўсіх ніжэйшых зьвёнаў КДБ, партыйных органаў, цэнзуры, рэдакцыяў літаратурных ды іншых выданьняў. Ня ведаў пра тое толькі аўтар, які меркаваў, што гэткі вырак знайшоў разумны шараговы рэдактар, які зь ім размаўляе. Але рэдактар найперш дбаў пра свой хлеб.
Яшчэ мне давялося быць у Маскве на саракавіны сьмерці Твардоўскага. Сабраліся ў цеснай кватэрцы Iгара Саца, былі ці ня ўсе навамірцы і яшчэ некаторыя. Лакшын з адчаем гаварыў, што раскідалі іх каго куды, нібы галавешкі з вогнішча, і цяпер ім застаецца адно: курэць, не гарэць. Гаспадар — колішні сакратар Луначарскага — жыў небагата, выпіўкі не хапіла. Тады Жарэс Мядзьведзеў зьбегаў у «Бярозку», купіў за чэкі віскі, што-нішто з закусі. Выпілі, пасядзелі і разышліся. Болей з апальных навамірцаў, здаецца, нікога і ня бачыў. Лакшын хутка памёр, за ім Кандратовіч, пасьля Сац і Берзер. Вінаградаў перайшоў на «Кантынент», а дзе і чым займаецца Міша Хітроў, я й ня ведаю.
Зь несправядлівасьцю або супрацоўнічаюць, або змагаюцца, — цытаваў некалі Твардоўскі любімага ім Камю. Ён дык змагаўся, але ўсё роўна не пазьбегнуў паразы. Несправядлівасьць перамагла.
73. Прафілактыка
Якіх-небудзь рэгулярных зносінаў з замежжам на той час у мяне не было. Зрэдчас атрымліваў віншавальныя паштоўкі ад балгараў — двух Вылчавых. Ад Марыё зь Генуі пад новы год прыйшла бандэроль — прыгожая срабрыстая елачка з музыкай. Накруціш унізе шрубку, і загучыць ціхая мэлёдыя хваласьпеву ў славу Езуса — Iсуса Хрыста. Але неяк атрымаў ад яго ліст — пакамечаны, параны-перапараны канвэрт з заштэмпэляванымі маркамі. У ім кароценькі, на паўстаронку, тэкст з прывітаньнямі і паведамленьнем, што Марыё жэніцца зь менскай беларускай. Тут жа з канвэрту выпаў і другі аркуш — на жоўтай паперыне тыпу ўлёткі было надрукавана буйным шрыфтам: «Да грамадзян Беларусі!». Далей ішоў заклік згуртоўвацца, арганізоўвацца і выступаць супраць савецкай камуністычнай улады. Гэтая ўлётка мяне зьдзівіла і зьбянтэжыла — няўжо гэты італьянец такі дурань! Навошта ён мне яе шле? Ці гэта ня ён шле? Чым болей я над тым разважаў, тым усё болей прыходзіў да высновы, што гэта — правакацыя. I м спатрэбілася мая рэакцыя.
Вельмі нялёгка было мне прыняць пэўнае рашэньне, ды мусіў. Ня стаў дамагацца сустрэчы з маім «загадчыкам» Дубавінкіным, вечаровай парой пайшоў у КДБ. Даўно на дзьвярох там вісела прыгожа напісаная аб’ява «Прием посетителей круглосуточно», і я аддаў канвэрт дзяжурнаму пры ўваходзе. Калі той папытаўся, ад каго, сказаў: ад Быкава — і ўсё. Як ні дзіўна, ні назаўтра і ніколі ніякіх размоў пра тую ўлётку не было. Але па нейкіх ускосных прыкметах я зразумеў, што ўлётка сталася пэўнай мяжой маіх адносінаў з органамі. Быццам бы штосьці яны вырашылі. Празь нейкі час пазваніў Дубавінкін і папытаўся, калі я зьбіраюся паехаць у Менск. Мне тое пытаньне не спадабалася, я сказаў, што пакуль ня ведаю, ня маю там справы. Тады праз колькі дзён ён пазваніў зноў. Сказаў, што мяне хочуць бачыць у іхнім упраўленьні. «Што — прафілактыка?» — папытаўся я. Падпалкоўнік, падобна, зьбянтэжыўся, але хутка адказаў: «Не, для гутаркі. Запрашае генэрал КДБ».
Я зразумеў, што колькі ні цягні, а калі запрашае генэрал КДБ, дык прыйдзецца ехаць. Beдама ж, для прафілактыкі і за свой кошт. Так яно і атрымалася.
Аднойчы ўранку я паднімаўся па шырокіх прыступках параднага ўваходу ў палац КДБ на Ленінскім праспэкце ў Менску. Расчыніў цяжкія дзьверы і апынуўся ля стала дзяжурнага прапаршчыка. Той патэлефанаваў кудысь, — з палацавых нетраў хутка прыбег маладжавы афіцэр, павёў на паверх, у кабінэт намесьніка старшыні КДБ. Тоўсты сіваваты генэрал за сталом стрымана запрасіў сесьці.
Пачалася гаворка — даўгая і лянівая. Відаць было па ўсім, генэрал адбываў свой нумар, ягоны суразмоўца ўвогуле мала яго цікавіў, — ён ведаў пра яго ўсё. Куды ахвотней ён распавёў пра сваю вайну на Палесьсі, што аднойчы расстраляў начальніка паліцыі — «Як урэзаў яму з маўзера, толькі мазгі па сьцяне размазаліся». То быў уражлівы аповед. А пасьля генэрал прапанаваў напісаць пра чэкістаў кніжку. У Маскве ўжо напісалі шмат, а ў Беларусі мала. Я сказаў: «Што ж, напішыце, у вас такі вопыт». На што пачуў стандартны ў такіх выпадках адказ: «Вопыт ёсьць, але няма часу, — праца! Вось каб вы ўзяліся, у вас талент, а мы б маглі памагчы. Мы вам дамо матар’ял, можаце выбраць любога чалавека, любы эпізод і на яго аснове стварыць аповесьць. А яшчэ лепей раман. Toe і нам і вам было б на карысьць. А то вас там абляпалі гаўном гэтыя перараджэнцы Карпюк з Клейнам».
Генэрал націснуў кнопку, услужлівы афіцэр прынёс стос папак. «Во — на ваш выбар. Пачытайце».
Мяне адвялі ў суседні пакой і пакінулі з чатырма ці пяцьцю папкамі. З пэўнай цікавасьцю я пагартаў іх. Гэта былі не якія там справы, а акуратна перадрукаваныя выняткі з паасобных чэкісцкіх гісторыяў пэрыяду вайны. Чэкіст — у логаве зьвера, чэкіст — кіраўнік дывэрсійнай групы… Яшчэ нешта. Адна гісторыя мяне нават зацікавіла — як савецкага афіцэра-сувязіста выкарыстоўвалі па чарзе то немцы, то нашы. Ня ведаю, як там наконт гераізму, а пакутаў — можна было сабе ўявіць! Аказалася, герой гэтай гісторыі жывы, працуе на Лепельшчыне. Гарадзенскія чэкісты памогуць мне зь ім зьвязацца.
74. Агент Абверу
Не пасьпеў прыехаць дадому, як — званок ад Дубавінкіна: Касінец ужо ў Горадні, можна арганізаваць сустрэчу. Можна ў гасьцініцы. Дамовіліся, што праз гадзіну прыйду.
Спаткаў каля дзяжурнай незнаёмы чалавек у штацкім, павёў на паверх. У страшэнна накураным нумары сядзеў на ложку змрачнаваты немалады чалавек. Чэкіст пакінуў нас удвух. Я прысеў ля стала. «Дык раскажыце…» Чалавек пачаў успамінаць — трудна, неахвотна, коснаязычна. І нарэшце змоўк. «Ат, не магу я так. Каб што глыкнуць…» Я зразумеў і павёў яго ў рэстаран, дзе мы абодва глыкнулі і вярнуліся ў ягоны накураны нумар. Перадыхнуўшы, чалавек пачаў свой гаротны аповед. Цяпер гаворка лілася складна.