Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Наконт укараненьня нямецкага агента ў нашу разьведгрупу я ўжо штось ведаў — зноў жа з гутарак Карпюка з Вайцяхоўскім. Справа выглядала так. Улетку 44-га пасьля вызваленьня Карпюк у ліку іншых партызанскіх камандзіраў быў пакліканы ў Менск, каб напісаць справаздачу пра дзеяньні атраду. Аднойчы ён зь сябрам, таксама партызанскім камандзірам Андрэевым, ішоў уздоўж драцяной загародкі, за якой тоўпіліся нямецкія ваеннапалонныя. I раптам Карпюк убачыў там знаёмага немца, зь якім колісь сядзеў у канцлягеры. Немец таксама пазнаў яго. То быў неблагі немец, добра адносіўся да савецкіх, частаваў іх курывам. На тое зьвярнуў увагу Андрэеў, і Карпюк распавёў, адкуль у яго гэткае знаёмства. Тады Андрэеў кажа:
«Трэба сказаць ахове, хай яны яго вызваляць». Так і зрабілі. Зайшлі да аховы, і Карпюк распавёў пра аднаго з ваеннапалонных. Болей ён таго немца ня бачыў. Толькі пасьля стала вядома, што немца перавербавалі, уключылі ў якасьці перакладчыка ў нашу разьведгрупу, якую закінулі ў чэшскія Татры. Але там група загінула, і віна за тое легла на перакладчыка. А цяпер яшчэ і на Карпюка. Так усё спрытна зьвязалі.
Тое, што маёр Хамін фармуляваў як дэзэртырства Карпюка з партызанскай брыгады, было, па сутнасьці, ягонымі ўцёкамі з адной брыгады ў другую. Сталася так, што ў той першай брыгадзе, у якую Карпюк прыбег зь лягеру, яму не паверылі, западозрылі і меліся расстраляць. Уцёкшы з канцлягеру, Карпюк легка ўцёк з саплівай зямляначкі і прыбіўся да іншай брыгады, якой камандаваў Вайцяхоўскі. Той паверыў хлопцу, выпрабаваў яго ў баях і затым прызначыў камандзірам атраду сваёй брыгады. (Тады паверыў, а цяпер памагае зацягнуць пятлю на шыі колішняга свайго падначаленага.) Прыкладна такімі ж прыцягнутымі за вушы былі і абвінавачваньні ў сувязі з агентам паліцыі. Тым агентам быў мясцовы лясьнік, які адразу ж, як яго завербавала паліцыя, прыбег у брыгаду і сказаў: «Вазьміце мяне ў атрад, бо мне там нельга». А той жа камбрыг яму кажа:
«Чаго ты баішся? Працуй, інфармуй нас». Ён так і рабіў — працаваў на два фронты, а сувязь з брыгадай трымаў праз атрад Карпюка. Праўда, як заўжды, двайная гульня кепска скончылася, — пасьля вайны таго двайніка ўзялі. А цяпер за яго ж хочуць узяць і камандзіра атраду.
Мы з Клейнам меркавалі, што калі як сьлед намагчыся, дык гэтыя абвінавачаньні магчыма абвергнуць. Заставалася, аднак, галоўнае: платнае супрацоўніцтва Карпюка з фашыстамі ў Штутгофе. Хамін для доказу таго падрыхтаваў дакумэнт — старонку зь фінансавай ведамасьці, дзе значыўся подпіс Карпюка. Карпюк сам нам аб тым распавёў і сказаў: «Не магу даўмецца, адкуль тэты подпіс. Але подпіс мой». Тое ўжо было горш. Аднойчы ў Менску, улучыўшы зручны момант на нейкай нарадзе, я распавёў Кузьміну аб фальсыфікацыях супраць Карпюка. Той моўчкі выслухаў і кажа: «Галоўнае — там росьпіс за маркі. А ўжо немцы задарма грошай ня плоцяць».
З тым цяжка было не пагадзіцца.
68. «Сотнікаў»
Аповесьць «Сотнікаў» (у першым варыянце «Ліквідацыя») нарадзілася ня так «з галавы», як з пачуцьцяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасьцю. Вядома, можна сказаць, што сюжэт біблейскай прыпавесьці пра Авэля і яго брата Каіна жыве ў чалавецтве даўно і праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей. Але калі ў іншы час брат забіваў брата дзеля карысьці — спадчыны ці багацьця, дык у вайну — дзеля элемэнтарнае, біялягічнае мэты выжыць. Toe быццам апраўдвала або, прынамсі, давала штось зразумець у шэрагу тагачасных матываў і наступстваў.
У мірны ж час ужо не забівалі дзеля элемэнтарнай патрэбы выжыць, літаратарам не стралялі ў патыліцу. Затое шырока практыкавалася забойства іх твораў. Творы не друкавалі, за імі палявалі, рукапісы перахоплівалі на пошце, тайна аддавалі ў карныя органы, якія выносілі свае прысуды — і творам, і аўтарам. I рабілі тое не акупанты, ня людзі іншай нацыі ці рэлігіі, а свае — калегі, таварышы, нават сябры. Партыя не магла (а можа, і не хацела) рабіць усю няўдзячную ўвогуле працу ўласнымі рукамі, рукамі сваіх штатных функцыянэраў, усіх гэтых сакратароў-глаўлітаўцаў-цэнзараў, чэкістаў у форме і ў штацкім, актывістаў ідэалягічных камісій, таму шырока карысталася паслугамі тых самых пісьменьнікаў. Як тады гаварылі — літаратурных паліцаяў, і тое было дакладна. Усе рэдактары літаратурных (ды і астатніх) газэтаў і часопісаў, загадчыкі аддзелаў і рэдакцый, ці ня ўсе члены рэдкалегіяў і асобна давераныя рэцэнзэнты — былі зь ліку пісьменьнікаў, членаў СП, самі пісалі і друкаваліся ў тых самых органах, што і астатнія. Менавіта там яны і выкручвалі рукі ўсім іншым, хто не трапляў у іх кіраўнічае, як бы пастаўленае над літаратурай кола. Некаторыя гэта рабілі зь цьвёрдым бальшавіцкім перакананьнем, што так і трэба, што тое — у інтарэсах партыі і народу. Iван Пташнікаў, праз рукі якога прайшла ў тыя гады ці ня ўся беларуская проза, меў выключнае значэньне ў літаратуры, бо ніхто зь яе кіраўніцтва — ні Шамякін, ні Танк, ні шмат якія парторгі — ня мелі такой магчымасьці прымаць, адмаўляць, рэзаць і перайначваць, як загадчык аддзелу прозы часопісу «Полымя». Дзіўна, што тое амаль не адбівалася на якасьці яго ўласных твораў, якія выходзілі з-пад ягонага пяра зусім неблагія. Але, як часта здараецца, да ўласнага былі іншыя, адмысловыя патрабаваньні. Iншыя з рэдактараў, здаралася, разумелі сваё сабачае становішча, але ж у кожнага былі сем’і, дзецям патрэбны быў хлеб. I яшчэ было распаўсюджана юдава меркаваньне — а каго замест? Маўляў, замест нас паставяць яшчэ горшых, таму лепш — мы. Рэдка хто зь іх знаходзіў у сабе сілу і рашучасьць сказаць: не! Я ня буду. Тое амаральна. Рэзаць пісьменьніцкі твор — тое самае, што рэзаць яго дзіця. Прабачце, падаю заяву і сыходжу. Вядомы толькі адзін прыклад гэткага кшталту — расейскі пісьменьнік зь Менску — Фёдар Яфімаў. Ён жа выказаў нязгоду з задушэньнем Чэхаславацкай вясны, за што і быў выключаны з партыі.
У пэўным сэнсе «Сотнікаў» стаўся літаратурнай рэакцыяй на тагачасную рэчаіснасьць, хоць дзея там адбывалася ў іншым асяродку ды ў іншы час. Як заўжды, пасьля напісаньня падкочвалася праблема з друкаваньнем — куды адвезьці? Мне ўжо стала няёмка змушаць на тое «Маладосьць», мабыць, не адмовіла б мне і на гэты раз, але і ня надта ўзрадавалася б. Тым болей, што адносіны галоўнага рэдактара мілага Пімена з начальствам сталі даволі нацягненыя. I ў немалой ступені праз Быкава. Падумаўшы і павагаўшыся, аднёс рукапіс у «Полымя». Усё ж той часопіс быў болей аўтарытэтны, з большымі заслугамі перад партыяй, значыцца, і з большымі прабіўнымі магчымасьцямі, што тады найболей было каштоўна. Праўда, друкаваць Быкава «Полымя» не сьпяшалася, ды і я не прысьпешваў яго, памалу пераклаў аповесьць на расейскую мову, Iрынаперадрукавала і, маючы «лёгкую руку», адвезла рукапіс у «Новый мир». Надзіва хутка там прачыталі, пазваніў сам Аляксандр Трыфанавіч — будзем друкаваць. Калі? Яшчэ ня вырашана, але цягнуць доўга ня будзем. Абнадзеены, я пачаў чакаць.
69. Выключэньне Клейна
Тым часам падзеі ў Горадні разьвіваліся па адмысловым сцэнарыі. Наш сябра Барыс Клейн быў чалавек разумны і заўсёды даваў слушныя парады. Асабліва апошнім часам, як над Карпюком сабралася гэтае ліха. Болей схільны да безнадзейнасьці, я часам лічыў, што нічога ня зробіш, трэба мірыцца з тым, што ёсьць. Ён жа заўсёды раіў змагацца, некуды пісаць, езьдзіць, зьвяртацца. Толькі аднойчы я ўбачыў яго разгубленым, гатовым зьняверыцца ва ўсім.
Неяк я сядзеў за сталом, штосьці пісаў, ды ў вакно пастукаў Карпюк (я жыў на першым паверсе.) Як я выйшаў на вуліцу, Аляксей запытаўся: «Барыс табе не званіў?» — «Не, не званіў. А ў чым справа?» — «А ў тым, што яго зранку паклікалі ў гаркам і дагэтуль няма. Пойдзем у парк, там пачакаем».
Тое ўжо была навіна — кепская навіна. Мы моўчкі дайшлі да Каложы, селі пад кустом на ўзьмежак. Клейн ведаў гэтае месца і павінны быў прыйсьці. Мы маўчалі. Пра што было гаварыць?
Ён і праўда прыйшоў, гадзіны празь дзьве, ужо надвячоркам. Прыйшоў і стомлена сеў побач. «Ну, усё! Усё прапала. Выключылі і мяне… Зьнялі з работы, адбяруць кандыдацкі дыплём… Цяпер я — ніхто…»
Але што здарылася? I што прычынай таму?
Пачалося, аказваецца, не цяпер, — здаўна, пра што Барыс не здагадваўся і не падазраваў. Пры ўсёй яго памяркоўнай асьцярожнасьці, трапіў, бы вяпрук у нерат, зь якога наўрад ці было як выкруціцца.
Кандыдацкую дысэртацыю Барыс Клейн абараняў у Вільні, дзе часам сустракаўся з аднакашнікам па ЛГУ дацэнтам Д. Але на той час усчалася барацьба з літоўскім нацыяналізмам, і Клейн дачуўся, што ягонага аднакашніка звольнілі з працы і, здаецца, зьбіраюцца выключыць з партыі. Рухомы сэнтымэнтальнымі пачуцьцямі, Барыс аднойчы па дарозе зь Ленінграду ў Горадню завітаў на кватэрудацэнта. Якраз было трохі часу паміж цягнікамі, і былы асьпірант хацеў зь ветлівасьці суцешыць літоўскага навукоўца, выказаць яму свае спачуваньні. Яны няблага пагаварылі той вечар, гаспадар пачаставаў госьця чаркай каньяку. І, абняўшыся, разышліся. Па дарозе ў Горадню Барыс усё перажываў за калегу, думаў, як яму памагчы. Мабыць, і калега, застаўшыся ў сваёй віленскай кватэры, не займеў злога намеру супраць госьця, але ён баяўся. Ён дужа баяўся, што ягоны беларускі калега мог быць падасланы з беларускага КДБ, запісаў іхнюю гаворку і данясе ў літоўскую бясьпеку. Невядома, колькі часу гэтак прапакутаваўшы, Д. надумаў апярэдзіць беларускага «агента» і сам напісаў пра іхнюю сустрэчу і, вядома ж, пра крамольную размову. Літоўскі КДБ пераслаў тую інфармацыю ў Менск. Менская бясьпека даручыла гарадзенскай — разабрацца і прыняць меры.
Разьбіраліся даволі доўга і грунтоўна. Барыс гаварыў, што запісалі зь вялікай дакладнасьцю ўсе тэлефонныя размовы і нават побытавыя размовы з жонкай — на кухні і ў спальні, так што наконт выказваньняў — поўная адэкватнасьць. І наконт Карпюка і Быкава, і асабліва наконт «братняй дапамогі» Чэхаславаччыне, якую камуніст Клейн недзе назваў вераломнай акупацыяй. Абвінавачваньне сьцьвярджала, што ўжо з пачатку 60-х гадоў ён пераконваў людзей весьці барацьбу супраць сталіністаў і крамлёўскага кіраўніцтва, якое называў «групай вырадкаў», і шмат што іншае. З фармулёўкамі праблемаў не было, таму лёгка і аднагалосна выключылі. Амаль адначасна ён страціў пасаду дацэнта ў мэдінстытуце, неўзабаве змушаны будзе здаць свой кандыдацкі дыплём і сапраўды стане «ніхто».
«I ты паднімеш рукі? Здасіся гэтым душагубам? Ты ж мне раіў тузацца, бы жаба ў малочным збане? Дык тузайся! Пішы, хадзі — ня сьпі ў шапку!» — злосна раіў яму Карпюк. Сам ён усё і ўсяляк тузаўся, праўда, пакуль без жаданага выніку. Цяпер будуць тузацца ўдвух. Але тузацца ўдвух ім ніхто не дазволіць, бо тое групавуха — гэта яшчэ больш строгі артыкул. Паасобку, па адным, яшчэ дазвалялася. Тузацца.
Увечары мне хтось пазваніў, ціхім голасам сказаў, каб я трымаўся далей ад тых двух. Бо яны нібыта хочуць утапіць і мяне. У тое я слаба паверыў, але ранейшая ахвота сустракацца, абмяркоўваць, гутарыць пакрысе змарнела. Я заставаўся адзін. I я парадаваўся тады, што ня член партыі, не дацэнт, што мяне выключыць няма адкуль. Хаця, канешне, можна зрабіць шмат іншага, ад чаго ня ўзрадуешся. I я міжволі стаў чакаць гэтага іншага. Бо адчуваў — чарга набліжаецца.