Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Мабыць, так ці накшталт таго разважае шмат хто ў свае 50 год. Але мяне тады болей турбавала іншае. У СП сказалі, што «есть мнение» юбілей Быкава праводзіць на двух узроўнях — рэспубліканскім і абласным. Тое мяне зусім панішчыла, нават на адзін узровень я ня меў сілы ці адвагі, а тут два разам. Але ж — сябры! Сябры прагнулі адзначыць.
Ня надта памятаю, як тое адбывалася ў Менску. Здаецца, у невялічкай залі «Мутнага вока» сабралася паўсотня пісьменьніцкіх актывістаў, з ЦК прыйшоў сакратар Кузьмін. Пра творчасьць юбіляра зрабіў паведамленьне крытык Бугаёў. Пасьля нешта блытана (п’янавата) дзякаваў я — усім сябрам і ворагам. З нагоды юбілею хацелася быць вялікадушным. Кузьмін казаў, што вось-вось павінна прыйсьці вестка пра ўзнагароджаньне, але нешта затрымліваецца ў Маскве. Ня сталі чакаць спазьнелай узнагароды, а як скончыліся выступы, пайшлі ў рэстаран, дзе разам абмылі і гіпатэтычную ўзнагароду.
У Горадні было горш. Абласное начальства, нібы ў якасьці выбачэньня за прычыненыя Быкаву ранейшыя крыўды, прызначыла ўрачыстасьць у вялікай залі палацу тэкстыльшчыкаў. Прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, інтэлігенцыі і нешматлікія сябры юбіляра. Пярэднія лаўкі заняло партыйнае кіраўніцтва вобласьці на чале з новым першым Кляцковым. На подыюм пасярод сцэны паставілі прывезенае з тэатральнага рэквізыту старамоднае, каралеўскага кшталту крэсла з высокім падсьпіньнікам і пазалочанай аздобай. Toe было самае пакутнае, што я мусіў трываць якіх пару гадзін. Я сядзеў, бы на патэльні, ледзьве слухаючы лісьлівыя выступленьні і прывітаньні і ў думках праклінаючы сябе за тое, што дажыўся да такога сораму. Тады ўжо я пэўна ведаў, што адношуся да тых людзей, якім трываць лаянку куды лягчэй, чым пахвалу. Да пахвалы не прывык і пачуваўся жахліва. Асабліва на вачох дзясяткаў знаёмых людзей, якія Бог ведае што пра мяне тады думалі.
Яшчэ праз колькі часу на маёй новай кватэры, якую я атрымаў па вуліцы Сьвярдлова, раздаўся тэлефонны званок. Далікатны жаночы голас сказаў, што з таварышам Быкавым хоча размаўляць начальнік абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У мяне ёкнула сэрца — зноў! Аказалася — не. То быў новы начальнік, які месяц таму прыехаў у Горадню, чуў шмат пра мяне (яшчэ б!) і хоча пазнаёміцца сам і пазнаёміць калектыў чэкістаў. Ці ня мог бы таварыш Быкаў у суботу прыйсьці ў камітэт і распавесьці гродзенскім чэкістам пра тое, што напісаў, над чым працуе зараз?
Прыдушыўшы прыкрасьць, давялося пагадзіцца. Празь дзень я ўжо сядзеў за сталом прэзыдыуму перад некалькімі дзясяткамі пераважна маладых людзей у форме і штацкім. Я банальна думаў: як мяняецца час! I людзі. Нават чэкісты. Яшчэ нядаўна мой сябра Iван Друцэ, ня ведаючы майго гродзенскага адрасу, прыслаў тэлеграму: Гродна, КДБ, перадаць Васілю Быкаву. Ужо гэтыя людзі, разважаў Iван, павінны ведаць, дзе ў Горадні жыве Быкаў. Тэлеграма вярнулася назад з адзнакай: месцажыхарства Быкава не ўстаноўлена. Можа, з гэтага выпадку мяне і запрасілі? Аж, мабыць, не.
Пасьля выступу і нядоўгай, ня надта ажыўленай размовы з чэкісцкім калектывам я меў размову з яго начальнікам. Тое было амаль гасьцінна, за філіжанкаю кавы, у начальніцкім кабінэце. Начальнік сказаў, што ў папярэднія гады былі дапушчаны некаторыя памылкі ў адносінах да творчай інтэлігенцыі, у тым ліку і ў Горадні. Цяпер тыя памылкі належыць выправіць. Чэкісты маюць намер наладзіць рэгулярныя зносіны зь мясцовымі літаратарамі і хутка запросяць для знаёмства Карпюка і Дануту. Што ж, думаў я, можа, і правільна. А то столькі год і — незнаёмыя. Не зважаючы на ўсе высілкі Дубавінкіна і Фаміна…
Літаральна праз тыдзень новы начальнік упраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласці раптоўна памёр ноччу на ўласнай кватэры. Ягоны плян знаёмства зь мясцовымі літаратарамі павіснуў у паветры.
А пасьля і згінуў зусім. Літаратары з абласным КДБ так і не пазнаёміліся.
83. Лазар Лазараў
Да мяне ў Горадню прыехаў мой даўні маскоўскі сябра Лазар Лазараў. Я спаткаў яго на вакзале, знарок павёў дадому цераз гарадзкі цэнтар — па Ажэшка, Савецкай, каля фары. Мне хацелася, каб ён пабачыў і ацаніў тое, што мне асабліва дорага ў Горадні — яе старажытную заходнасьць. Здаецца, ён зразумеў мой намер і пахваліў мой выбар месца пражываньня. Канешне, Горадня — не сталіца, не буйны прамысловы ці культурніцкі цэнтар, якімі звыкла ганарацца расейцы, — проста ўтульны для чалавека куточак, дзе можна прытуліцца, прагнучы жыцьцёвай адзіноты. Прынамсі, так думалася мне. Фактычна ж было не зусім так. Мастаку ці пісьменьніку ў наш час нідзе немагчыма схавацца, дзяржаўная сыстэма кантролю і нагляду нідзе не пакідае яго ў спакоі — ні ў сталіцы, ані ў правінцыі. Ані за мяжой нават.
Разумны Лазар бачыў усё і, мабыць, усё разумеў. Але ён тактоўна памоўчваў, і я быў удзячны яму за тое, што ён лішні раз не напамінаў мне пра патрэбу перабрацца бліжэй да сталіцаў. Пра тыя пярэбары мне ўжо нямала нагудзелі ў вушы мае сябры — Матукоўскі, Бураўкін і нават Адамовіч. Шмат у чым яны мелі рацыю, але я адмаўляўся. Я ня мог сказаць ім тады, што ў Горадні ў мяне, апроч іншага, ёсьць некаторая сардэчная прывязанасьць, якая мяне тут трымае.
Пасьнедаўшы ў той дзень, мы доўга гаварылі пра справы і літаратуру, тым болей, што Лазар прыехаў ня так сабе, а па інтэрв’ю для часопісу «Вопросы литературы», у якім ён працаваў. Абыходзіцца зь ім мне было лёгка і проста, як, можа, болей ні з кім іншым — мы належалі да аднаго пакаленьня і валодалі прыкладна аднолькавым вопытам вайны. Хіба што ён раней за мяне адваяваўся з сваёй цяжкой ранай, і ягоны лёс павёў яго па шпіталях, у той час як я яшчэ змагаўся зь нямецкімі танкамі. Але ён і пачаў раней — з-пад Сталінграду, дайшоў да ўкраінскай зямлі, дзе мы абодва пралілі сваю кроў. Апроч таго, і нашы літаратурныя сябры ці ня ўсе былі агульныя для абодвух. Некаторых Лазар моцна любіў, некаторых не любіў зусім, але і тое ды іншае пачуцьцё звычайна праяўлялася ў яго далікатна, зважліва і спакойна.
Пасьля я яшчэ пасьпеў паказаць госьцю два старажытныя замкі, касьцёлы, царкву, паўразбураную сінагогу ў квартале былога яўрэйскага гета. Ну а замест узарванай камуністамі царквы і разбураных у вайну ратушы і гатэлю паказаў толькі іх месцы, даўшы яму самому ўявіць, як тое выглядала калісьці. Таксама як і зьнесены квартал ліёнскіх дамкоў, што колісь былі збудаваны для тамтэйшых ткачоў. Зь нясьціхнутым сумам па былой Горадні паехалі ў летувіскія Друскенікі, якія шмат гадоў былі адхланьнем для гарадзенцаў, бы Вэрсаль для парыжанаў. Расслабленая курортная атмасфэра гэтага гарадку ўціхамірвала смутак, асабліва ягоныя паркі са старымі дрэвамі, духмяныя кавярні ды цудоўны сваёй сьціпласьцю музэйчык Чурлёніса. Каньяк у кавярнях яшчэ быў той, што пахнуў клапамі, — выдатны армянскі каньяк. Нёман там здаўся ня надта прыгожы, і я, прыпамятаўшы колішнюю прыхільнасьць Лазара да воднай стыхіі, прапанаваў яму пазнаёміцца з Нёманам заўтра. У Горадні Нёман лепшы. Рэч у тым, што госьць калісьці вучыўся на марака, ваяваў у пяхоце, а хлеб колькі гадоў еў зь літаратуры. Таксама пярэсты пакручасты лёс, як і ў ягонага гаспадара. Але, мабыць, то агульны лёс нашага пастралянага на вайне пакаленьня.
Назаўтра раніцай паплылі ад гарадзенскіх мастоў уніз — да Пышак, паўзь Мелавыя горы, Ласасянкі і далей да вусьця Чорнай Ганьчы. У мяне тады быў невялічкі маторны кацярок маркі «Прагрэс», на якім я тут аб’езьдзіў усё навакольле ўверх і ўніз па Нёмане. I цяпер з захапленьнем старажыла паказваў госьцю тое, што шмат разоў бачыў сам. Чaхаў на малых абаротах маторчык, міма праплывалі баравыя і лугавыя беражкі, пясчаныя косы і парослыя трысьнягом старыцы. У зацішных мясьцінах зьдзіўлена пазіралі зь берагу нерухомыя чаплі, а поруч боўталі ў вадзе цяжкія рыбіны. Навокал не было ні душы. Мы выбралі здатны мурожны беражок і дасталі начыньне для шашлыку. Пакуль над плёсам расплываўся смачны дымок, размаўлялі пра наша паганае жыцьцё, хоць у Маскве ці ў Горадні, за якое колісь пралівалі кроў. Мы дык хоць выжылі, а нашыя таварышы (97 з сотні) — даўно ў братніх магілах, раскіданых па зямлі ад Сталінграду да Эльбы. Пагінулі, так і не дазнаўшыся, калі скончылася вайна — тое найбольш для іх крыўдна. Можа, думаюць, што мы ўсё ваюем? Як той партызан з анэкдоту, што вылез зь лесу і пытаецца ў хлопчыка: дзе немцы? Хлопец кажа: якія немцы, вайна ж даўно скончылася. Партызан расчаравана вылаяўся: а я ўсё цягнікі пад адхон пушчаю. Падобна, гэтак і мы. Вайна даўно скончылася, а мы ўсё ня можам адчапіцца ад яе — усё пішам і пішам. Можа, каму гэта трэба? Так, трэба, кажа Лазар. Пакуль будзе балець, трэба пісаць. Ды ўжо ж, ад таго болю колькі гадоў няма нам спакою. I ня будзе, кажа мой сябра. Тое — наш пажыцьцёвы боль. «Мае веды пэсымістычныя, але мая воля і надзея аптымістычныя», — хацелася мне думаць словамі Альбэрта Швэйцара.
Позна ўвечары па ціхай вадзе вярталіся ў горад. Нёман рыхтаваўся да начнога спачыну, абапал на берагах зблізку і здалёку запальваліся агні. То было маё апошняе нёманскае падарожжа, нечаканае разьвітаньне з гэтай мілай ракой, сьціплай сваёй мілосьцю, лепшаю за ўсе вядомыя мне рэкі Эўропы і Азіі.
84. МХАТ
Яшчэ калі я жыў у Горадні, неяк прыехаў туды Андрэй Макаёнак, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету па Гарадзенскай акрузе, меў з намі спатканьне. Мы з Карпюком і Данутай вадзілі яго ў рэстаран, заходзілі да яго ў гатэль. Тады ён у мяне запытаў: «Слухай, чаму ты не напішаш п’есу? У цябе такі драматычны матар’ял, — што ні аповесьць, то амаль гатовая п’еса. Напішы. Калі што, і я памагу, пачытаю…». Пасьля мяне пра тое ж прасілі з тэатру, рэжысэр Раеўскі, і я неяк міжволі пачаў прымервацца да п’есы. Вядома ж, драмы на тэму мінулай вайны. Але я ўсё ж не драматург і нават не аматар тэатру, тое, мабыць, паўплывала на працу і на яе вынік. Як празь нейкі час мяне ўгаварылі прачытаць мой твор перад калектывам Купалаўскага тэатру, стала зразумела, што шэдэўру не атрымалася. Але тут усё праз таго ж Макаёнка прыйшла прапанова з маскоўскага МХАТу, там захацелі пазнаёміцца зь п’есай. Пасьля знаёмства загадчык літаратурнай часткі паведаміў, што п’есу варта трошачкі дацягнуць і можна будзе паставіць у іхнім тэатры. Я ўзяўся дацягваць.
Тое дацягваньне доўжылася ці ня ўсё лета, я перапсаваў кіляграмы паперы, якую тады трэба было «даставаць», але мхатаўцы заахвочвалі — яшчэ трошкі… Знайшлі ўжо і рэжысэра — маладога і таленавітага Валодзю Салюка зь ягонай таксама маладой і таленавітай жонкай-актрысай. Тыя прыяжджалі ў Горадню, каб папрацаваць з аўтарам і дацягнуць п’есу, каторая атрымала назву «Апошні шанец». Нарэшце ўсё быццам было зроблена, мяне запрасілі ў тэатр, дзе адбылося абмеркаваньне.
Абмеркаваньне, афармленьне, дэкарацыі мне ўвогуле не спадабаліся; мала радасьці выклікалі, мяркуючы па ўсім, яны і ў галоўнага рэжысэра Алега Яфрэмава. Калі я ўбачыў, што ў афармленьні «абыгрываецца» вобраз падпольшчыкаў у выглядзе людзей, што вылазяць «з-пад полу», то-бок — падлогі, зразумеў, што праз той фармалізм рэалістычнага спэктаклю не атрымаецца. Так яно і выйшла. На абмеркаваньні ж, у якім удзельнічалі спрэе заслужаныя і масьцітыя маэстры, выказваліся па дробязях, а сакратарка партбюро, знакамітая Ангеліна Сьцяпанава, вядома ж, шчыравала пра палітычнае гучаньне п’есы, каб ня дай Бог, не адбылося куды перакосу ад ідэяў партыйнасьці і народнасьці. Прэм’ера мне кепска запомнілася, хіба што банкетам, дзе запрошаны мной Віктар Астаф’еў стрымана сказаў: «Столькі людзкога гора, а назва блатняцкая. Не стасуецца!». Мабыць, мог бы сказаць і болей, але з увагі да аўтара змоўчаў. З Аляксандрам Вампілавым мы разам ішлі ўвечары ў гасьцініцу і размаўлялі. Гэты сібірскі драматург тады толькі ўзыходзіў на маскоўскую ецэну, напісаў сваё «Вуцінае паляваньне», якое зрабіла яго славутым, на жаль, пасьля ягонай трагічнай пагібелі ў Байкале. А тады ён быў поўны тэатральных клопатаў і праэктаў. Ён між іншым сказаў, што рэжысэрам падабаюцца «цёмныя» п’есы, якія б дазвалялі сябе трактаваць як заўгодна і як заўгодна ставіць. Калі ў п’есе ўсё ясна і рэальна, тое для іх нецікава, бо суадносіцца з крытэрыямі рэальнага жыцьця. А яны ня хочуць крытэрыяў. Гэта былі залатыя словы. Мы гутарылі таксама пра сучасных актораў, і, памятаю, я скардзіўся яму, што сучасныя, нават самыя таленавітыя акторы ня ў стане адчуць псыхалёгію ваеннага часу і ня могуць пазьбегнуць фальшу. Ён з гаркатой зазначыў, што яны не адчуваюць і часу, у якім жывуць. Асабліва сталічныя акторы. Таму ім лепей гуляць у клясыку.