Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Паблукаўшы па ня надта дагледжаным полі, аддыхаліся ад сьпёкі пад пальмамі, потым зайшлі ў кантору. Спадар Рамон аддаў пэўны загад, паслужлівыя крэолкі прынесьлі засланкі з курацінай, гаспадар запрасіў частавацца. Алкаголю не было ніякага, і Матукоўскі дастаў бутэльку, якую разьлілі ў тузін фужэраў. За сталом яшчэ апынуліся людзі. Рамон сказаў, што ў іхнім быце алкаголь не прыняты, і тут жа запар выпіў два фужэры. Пасьля стаў апавядаць, што ў рэвалюцыі ня ўдзельнічаў, зарабляў грошы для братоў, якія вучыліся ва ўнівэрсытэтах і цяпер кіруюць. Двух рэвалюцыянэраў для сям’і даволі, ён жа просты латыфундыст. Ад часу перамогі ў казарме Манкада ня меў ніводнага дня адпачынку. Ніякіх прывілеяў таксама ня мае, працуе нароўні з усімі, а спаганяюць зь яго болей за ўсіх, бо ён — брат камандантэ. Мы паспачувалі пагарджанаму брату, напомніўшы біблейскае: Бог няроўна дзеліць. Тым суцешылі яго ды і суцешыліся самі таксама.
У горадзе-пабраціме Камагуэі нам наладзілі бадай царскі прыём — з ромам і багатай закусьсю, пасьля чаго ўсе скіравалі на гарадзкі мітынг зь нейкай важнай нагоды. Зрэшты, як нам сказалі, мітынгі тут праводзіліся ці ня кожны тыдзень і не абавязкова зь якой нагоды. Мітынг доўжыўся з поўначы да ранку, увесь той час выступаў з прамовай шэф правінцыі — мажны, таўсташыі мужчына, які, мабыць, пераймаючы сваё начальства, шырока жэстыкуляваў рукамі і кулакамі, некаму пагражаў, кагось улагоджваў. Час ад часу ён штось наліваў сабе з графінчыку, які быў уладкаваны ў яго пад палічкай трыбуны. Натоўп моўчкі і пакорліва слухаў, не разыходзячыся. Зь ветлівасьці мы цярпліва драмалі збоч.
На аканчальна-разьвітальнай імпрэзе ў Гаване з кароткай прамовай ад дэлегацыі выступіў Мікола Матукоўскі. Тую прамову па-гішпанску ён старанна рыхтаваў яшчэ ў Менску, і адзін кубінец зь ліку тамашніх гідаў, што сядзеў побач, ціха сказаў: «Во ня ведаў, што ваша беларуская мова гэтак падобна да гішпанскай». Мікола дужа пакрыўдзіўся, калі я пасьля сказаў яму пра тое — сам ён быў пра яе трохі іншае думкі.
Тая кубінская пілігрымка была ўвогуле цалкам дыскамфортная (я дужа прастудзіўся ў тропіках, да таго ж мы атруціліся айчыннымі кансэрвамі), але ў чымсь і карысная. Мы ўбачылі, што ёсьць на справе славуты Востраў Свабоды, таксама як і зразумелі пэўныя грымасы сацыялізму ва ўмовах аўтарытарнай улады. Бедаку заўжды прыемна ўведаць, што камусь яшчэ горш, чым яму. Але наўрад ці тады разумелі тое кубінцы, якія адно — спадзяваліся. Закалыханыя шматгадзіннымі мітынгамі ў гонар рэвалюцыі, яны ўсё чакалі. Мінуць гады, і, не дачакаўшыся, яны рынуцца цераз пратоку да ненавіснага капіталістычнага Маямі, дзе знойдуць нейкія магчымасьці жыць. Хіба не на сваёй — на чужой зямлі.
92. Сьмерць маці
Увосень на дзевяностым годзе жыцьця ў вёсцы Ваўчо пад Вушачай памерла мама.
Апошнія гады яе жыцьця, як і шмат якіх старых, былі азмрочаныя бытавой неўладкаванасьцю, псыхалягічнай несумяшчальнасьцю. Дзе і з кім жыць — яна вырашала шмат гадоў свае старасьці, ды так і ня вырашыла. Вядома, найлепш было б жыць у сваёй хатцы, памерці на сваім ложку. Але ў свае хатцы яна адна жыць не магла. Праўда, непадалёк жыў яе сын, мой малодшы брат Мікалай, можна б у яго. Але там была нявестка, зь якой маме было ня надта душэўна. Яе ж дачка, мая сястра Валя, пад той час выйшла ў спазьнелае замужжа за разьведзенага калгаснага мэханізатара ў Ваўчо. Той мужык быў трохі шумнаватага нораву, да таго ж любіў выпіць, мама не магла да яго прывыкнуць. У горад да старэйшага сына яна не магла і паткнуцца — не хапала адвагі на старасьці год. Мама за жыцьцё далей Вушачы нідзе не была, нават у больніцу нікуды ня езьдзіла. Як зламала шыйку бядра, месяцы тры ляжала бяз доктара, пакуль не загаілася само. Наогул калі хварэла, дык усё на хадзе, не кладучыся, пераборваючы хваробу бязь лекаў. Памятаю, у дзяцінстве быў выпадак, калі яна захварэла на рожу твару. Бацька прывозіў фельчара, ды ён не памог. Тады спакутаваная маці аднойчы кажа бацьку: звазі ты мяне да знахаркі. Бацька не пагаджаецца: што табе знахарка, калі не памог доктар? Але маці дужа баліць, і неяк у сьнежны дзень бацька запрог у сані каня і яны паехалі. Мы засталіся дома чакаць. I вось адвячоркам вяртаюцца, я адразу пытаюся: «Ну як, мама, ці палепшала?». А яна спакойна гэтак адказвае: «Палепшала, сынок». I сапраўды, знахарка памагла, мама паправілася.
Але прыйшоў час, калі не памагае нічога.
Мама пражыла шмат гадкоў і аднойчы неўпрыкмет адышла ўначы.
Альбер Камю свой апошні раман прысьвяціў маці, якая не магла яго прачытаць з прычыны свае непісьменнасьці, што, аднак, ня зьменшыла яе гонару за выдатнага сына. Мая мама таксама не прачытала ніводнага радка з маіх твораў, і таксама праз сваю непісьменнасьць. Бацька быў пісьменны, але на той час, як сын пачаў друкавацца, нічога чытаць ня мог, бо ня бачыў, а акуляраў ня меў. Прасіў каго пачытаць сынава апавяданьне, як сам калісь чытаў малому «Гой» Міхася Лынькова. Параўноўваў і казаў, што ў Лынькова было лепш — цікавей.
Маму хавалі ў цёплы сонечны дзень бабінага лета. Намесьнік старшыні райвыканкаму даў аўтамабіль і нават арганізаваў невялічкі аркестрык. На такія паховіны сышлося нямала народу. Труну павезьлі цераз Вушачу на бычкаўскія могілкі, дзе мама і лягла поруч з бацькам. Шкада, што болей там месца не засталося — далей яма. Брата Міколу, як памёр летась, пахавалі на другім канцы могілак…
Вельмі шмат цяжкога і нават беспрасьветнага зьвязана ў мяне з маёй малой радзімай, куды, аднак, езьдзіў ці ня кожны год. Але пакуль жывыя былі бацькі. Як перасталі жыць, кожны раз, вяртаючыся адтуль, казаў сабе: «Ну, гэта апошні раз, больш не паеду». Ды мінаў час, наставала лета (ці вясна, ці восень) і ехаў зноў. I зноў казаў сабе:
«Ну, гэта ўжо канчаткова апошні». Дужа мала радасьці набіраўся я там, а засмучэньня — звыш меры. Але ў тым, мабыць, і ёсьць горкая слодыч жыцьця… А можа, і яго натуральны сэнс.
93. Першае дэпутацтва
У Нясьвіжскім палацы, дзе апошнім часам быў дом адпачынку, памёр Аркадзь Куляшоў.
Нібы прадчуваючы свой блізкі канец, ён шмат пісаў, выдаў некалькі вельмі неблагіх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пісьменьнікаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае. I, мабыць, перабраў меру, сэрца ня вытрымала. Пайшоў наўздагон за сваім сябрам Аляксандрам Твардоўскім.
Паколькі ягоная выбарчая акруга засталася непрадстаўленай у Вярхоўным Савеце, наверсе вызначылі, што яе павінны прадставіць Быкаў. Трэба было зьбірацца на спатканьне з выбарцамі.
Дэпутацтва ўвогуле не было для мяне навіной, гады два я ўжо быў дэпутатам абласнога савету па Турэцкай акрузе. Памятаю, тады спаткаў мяне тамашні старшыня калгасу, які першым чынам пасадзіў кандыдата ў «Ніву» і павёз у поле. Поле было цудоўнае, пасевы стаялі сьцяной. Прыпыніўшы машыну, старшыня пытаўся: «Ты калі піў у жыце?». Я сказаў, што не. «Тады вып’ем». Ён дастаў з багажніку бутлю шампанскага і спрактыкавана стралянуў коркам у жытні палетак. Мы выпілі па пары шклянак і паехалі далей. Далей быў пасеяны авёс, і старшыня спыніў машыну. «А ты піў калі ў аўсе?» — «Не, ня піў». — «Дык вып’ем». I ён бахаў коркам далёка ў авёс. Пасьля па чарзе — у кукурузу, ячмень і буракі. Апошні стрэл з апошняй бутэлькі даручалася зрабіць мне — у бурныя хвалі бацькіНёмана, адкуль пара была ехаць на перадвыбарчы сход у Турэц.
Але тое было ўлетку, зімой у поле ня выедзеш.
З Талачына прыслалі райкамаўскую «Волгу», у якой я і паехаў у паселішча, дзе ніколі ня быў. Раённае начальства прыняло вельмі цёпла, пабедавала па нябожчыку Куляшову і павяло ў сьцюдзёны клюб, дзе сабраліся выбарцы. Першым чынам распавялі маю біяграфію, абвясьцілі, што пісьменьнік Васіль Быкаў будзе ня горшы дэпутат, чым памерлы Аркадзь Куляшоў. Далей належала даць наказы будучаму дэпутату. Доўга ніхто не хацеў браць слова, мабыць, рупілі іншыя справы. Нарэшце адзін спрацаваны мэханізатар выйшаў наперад і сказаў, прыкладам, так: «Якія ў нас да таварыша пісьменьніка наказы? Каб гэта быў міністар будоўлі, дык мы б папрасілі яго наконт недабудаваных майстэрняў. Калі б міністар шасэйных дарог, дык напомнілі б, што мост цераз рэчку хутка праваліцца, міністар адукацыі — школа ўся прагніла, цераз сьцены сьнег сыплецца. А то пісьменьнік… Хай жыве, піша, меней хварэе…».
Кароценькі той выступ даў мне зразумець маю дэпутацкую ролю і мой пісьменьніцкі кошт.
Уночы праводзіць з Талачыну выправіліся аж тры машыны. У прыдарожным беразьнячку спыніліся, увішныя шафёры хуценька распалілі цяпельца з сухіх дроўцаў, прыпасеных у багажніках. Гэпнулі на сьнег пару скрынак з бутэлькамі. I пайшла бяседа, і зазьвінелі чаркі, загучалі пранікнёныя тосты ў гонар партыі і яе ленінскага ЦК на чале з Леанідам Iльлічом. А пасьля і расказалі анэкдоты пра баб. А пасьля і прапяялі «Ручнікі»… Позна ўначы вярнуўся я на сваю Танкавую ў Менску. Наконт вынікаў выбараў не было ніякога сумневу.
Гэта было маё самае лепшае, хоць і нядоўгае дэпутацтва з найменшымі клопатамі. Тым болей, што другі раз завітаць у Талачын не давялося, скончыўся тэрмін скліканьня, пачынаўся новы з чарговымі выбарамі.
На гэты раз быў прызначаны ў родныя мясьціны — у Вушачу. Тут давялося паезьдзіць, і пасустракацца, і папіць гарэлкі зь ня меней гасьціннымі гаспадарамі раёну, землякамі і прысланымі невядома адкуль. Клопату было ў кожным калгасе, у кожным паселішчы і найперш у райцэнтры. Дарогі, школы, майстэрні, кароўнікі і сьвінарнікі, угнаеньні і будматэрыялы. Усяго не хапала, усё трэба было прабіць, дастаць, выбіць. З тае мэтай кожны дэпутат меў адмысловы блакнот з дэпутацкім грыфам, на якім і пісаў звароты ў міністэрствы і ведамствы, суды і пракуратуру. Мабыць, карысьці з тае пісаніны было няшмат, разумныя дэпутаты вырашалі справы спосабам асабістых кантактаў, у час сэсіяў. Але да міністраў і папулярных дзеячаў і на сэсіях было не прабіцца, да таго ж на перапынках яны атабарваліся ў асобных памяшканьнях, куды было не дапяцца. Хадзіць жа па іх кабінэтах было не ў маім характары. Таму за час дэпутацтва ў родных мясьцінах мне пашэнціла ня шмат што зрабіць. Галоўную вуліцу ў Вушачы не заасфальтаваў, школу на радзіме Петруся Броўкі не адбудаваў. Зь вялікай напругай ледзьве дамогся пакласьці тры кілямэтры асфальту ад Кубліч да Бычкоў, па якой і дасюль бычкаўцы гойсаюць на веласіпедах зімой і ўлетку. Трохі не хапіла асфальту да бацькавай хаты, і апошнія мэтры да яе засталіся ў гразі. Ну, але што дзе ў нас канчалі ладам?