ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Hі на што не спадзеючыся, чакалі, аднак, адказу. Некаторыя пачалі жартаваць: ну, цяпер мову ўзаконяць, прымусяць кіраўніцтва загаварыць па-беларуску. Iншыя толькі крыва ўсьміхаліся. Выказвалася такая думка, што Машэраў, калі б не загінуў, вярнуў бы мову ў канстытуцыю БССР. Але іншыя казалі, што не вярнуў бы, бо сам яе і вывеў. Ды і наогул невядома, ці ведаў ён хоць бы слова пабеларуску…

Якраз на той час у Менск прыехала на гасьцяваньне група касманаўтаў і разам — стары Панамарэнка. Для сустрэчы зь імі на Вайсковы завулак былі запрошаны некаторыя дзеячы культуры, патэлефанавалі і мне. Я трохі зьдзівіўся — навошта? Бо ніколі не захапляўся космасам, мала каго з касманаўтаў ведаў. Але змушаны быў пайсьці. Там ужо былі Клімук, Кавалёнак, Церашкова з дачкой, яшчэ нехта. Гасьцей, як і належыць, пасадзілі на ганаровыя месцы за сталом, пачаліся тосты і размовы. Празь нейкі час чынны парадак парушыўся, сфармаваліся «групы па інтарэсах». На адным канцы стала ў акружэньні захопленых дамаў прыгожыя касманаўты вымаўлялі добра пасоленыя анекдоты, а на другім — штось ціхім голасам распавядаў Панцеляймон Кандратавіч. Я прыслухаўся. Падобна, то была старая байка пра тое, як Панамарэнка ордэры на арышт беларускіх пісьменьнікаў замяніў у Сталіна на ордэны для іх. Тое далося яму вельмі складана, сам змушаны быў ратавацца, — праз Слуцак і Бабруйск таемна дабірацца да Масквы і там дамагчыся прыёму ў Сталіна. Сталін уратаваў ад Берыі гонар беларускай літаратуры Купалу, Коласа, Броўку з Глебкам. Той расповед старога боса меў посьпех, нехта прапанаваў тост за здароўе дарагога Панцеляймона Кандратавіча. Пасьля пра яго гераічны ўчынак напісалі газэты, ня раз распавядаў Барыс Сачанка (які неўзабаве надрукуе артыкул, як «незавязаныя шнуркі», а зусім не кадэбісты згубілі жыцьцё Янкі Купалы). Панамарэнка пры жыцьці рабіўся высакародным героем беларускай гісторыі.

Аднак неўзабаве сталася працьверазеньне, гераічная аўра Панамарэнкі прыцьмела. «Вучоны крот» адкапаў у бяздонным партархіве засакрэчаныя раней лісты Панамарэнкі да Сталіна, дзе беларускі гаўляйтар сьлёзна просіць дазволу як найхутчэй арыштаваць ворагаў народу, нацыяналістаў Янку Купалу, Якуба Коласа і яшчэ некаторых шкоднікаў, «вредящих успешному строительству социализма в БССР». Чаму Сталін ня ўважыў ягоную просьбу, засталося невядома, але наўрад ці ў тым ёсьць якая заслуга Панамарэнкі.

Як вядома, паперка ў сучаснай папяровай цывілізацыі — вялікая сіла. Рукапісы не гараць, але ня ўсе гараць і даносы, што ўвогуле памагае ісьціне, да якой імкнецца літаратура. Прынамсі павінна імкнуцца.

Між тым адказу падпісантам з ЦК КПСС доўга не было, хаця ніхто яго дужа і не чакаў. I раптам навіна — прыехала камісія ЦК КПСС разьбірацца з праблемай мовы ў Беларусі. Пачалі выклікаць, як і належала — сакрэтна, па адным, у асобны кабінэт будынку ЦК. Мяне паклікалі ці не адным зь першых. У кабінэце сядзелі два надзьмутыя чыноўнікі са Старой плошчы, тут жа прыткнуўся Iван Антановіч. Гутарка скіроўвала такім чынам, што падпісанты не разабраліся, прыватныя факты («факцікі») выдалі за тыповыя і ў выніку напісалі няпраўду, што кладзе пляму на партыйную палітыку ў Беларусі. Мова беларусаў нармалёва функцыянуе, пасьпяхова разьвіваецца, агульныя тыражы беларускамоўных газэтаў у параўнаньні зь мінулай пяцігодкай узрасьлі на… працэнтаў. 80 працэнтаў усіх школаў у Беларусі беларускамоўныя. «Ды няма ніводнай беларускай школы!» — не ўстрымаўся я. Чыноўнік адразу змоўк. Ён не прывык, каб яму пярэчылі ці нават яго перапынялі. Памаўчаўшы, сказаў, што заўтра яны паедуць па абласьцях і на месцы пазнаёмяцца з моўнай абстаноўкай.

Праз колькі дзён паклікалі зноў. Другі раз Антановіча не было, у кабінэце сядзелі толькі масквічы. Яны бадзёра паведамілі, што езьдзілі на Гродзеншчыну, асабіста зайшлі ў выпадковую на іхнім шляху школу, і тая школа аказалася цалкам беларускай. «Якая гэта школа? — запытаўся я. — Напэўна, у Гудзевічах?» Чыноўнік зьбянтэжана ўставіўся на мяне: «А вы адкуль ведаеце? Хто вам сказаў?» — «Каму ж не вядома, дзе ў нас беларуская школа напаказ? У Гудзевічах. Там і настаўнік такі — беларускі энтузіяст Белакоз». Тыя два зазірнулі ў паперку — так, Белакоз, ага…

Здаецца, я ім штось сапсаваў, ці, можа, мне так здалося. Наўрад ці іхні спэктакль можна было чымсь сапсаваць…

Як і трэба было чакаць, карысьці з нашага ліста было няшмат, нічога ў моўнай праблеме не зьмянілася. Змаганьне за яе даўно набыло хранічны характар, то разгаралася, то затухала безь якіх-небудзь вынікаў. Але на той раз нікога не пасадзілі, ня звольнілі з працы — і то вынік. Усё ж, здаецца, набліжаліся іншыя часы, якія несьлі надзею.

102. Італія. Бергаміні

Улетку пасьля Купальля зьявілася нагода паехаць у Iталію. Зьезьдзіць у Iталію я заўжды быў рады, памятаў яе з даўняй паездкі ў Рым, яна запомнілася мне як жаданае сонечнае сьвята. На гэты раз запрашала мэрыя гораду Тэрні, сталіцы правінцыі Умбрыі. Ехала нас трое — апроч мяне яшчэ Дайнека з Таварыства дружбы і вядомы Iван Iванавіч Антановіч з ЦК.

У напаленым летняй гарачынёй аэрапорце імя Мікелянджэла нас чакаў жвавы гаваркі італьянец з імем Джорджыо, які на новенькай «Альфа-Рамэа» паімчаў усіх у Тэрні.

Летняя Iталія нават праз шкло аўтамабіля выглядала цудоўнай, казачнай краінай, мы імчаліся па новай аўтастрадзе з хуткасьцю 120 кілямэтраў у гадзіну. Побач мільгала кустоўе прысадаў зь белымі і жоўтымі кветкамі, здаля велічна праплывалі хвойныя парасоны пініяў. На схілах абпаленых сьпёкай гораў грувасьціліся каменныя будыніны старажытных гарадкоў з касьцёламі пасярэдзіне, замкі, абстаўленыя кіпарысамі вілы. Тэрні як горад з сучаснай індустрыяй быў меней прывабны, затое вадаспад на ягонай ускраіне, знакаміты Каскадо, незвычайна ажыўляў увесь навакольны ляндшафт.

З гораду Джорджыо павёз нас у свой курортны гарадок Педылюка, дзе жыў зь сям’ёй. Крывая дарога доўга вілася паміж белых скалаў і прывяла да невялікага ўтульнага пасёлачку, што прыткнуўся да крутаватага схілу на беразе горнага возера. Над пасёлкам грувасьціліся руіны старажытнага замку, а па той бок высілася белая скульптура Мадонны на зялёным пагорку-сопцы. Усё тое маляўніча адбівалася ў ціхай азёрнай вадзе.

Мы пасяліліся ў прыдарожным матэлі, і Джорджыо Бергаміні пачаў нас вазіць на ўласным старэнькім дызелі, які ў яго ўвесь час псаваўся. То пацячэ вада з радыятару, то выбухне шына… Мы зьезьдзілі ў Тэрні, за Тэрні на сядзібу ягонага прыяцеля-мастака. Сядзіба тая, званая студыяй, была збудавана з старога млыну, пасярод памяшканьняў па каменнай падлозе цёк чысты і сьцюдзёны ручай. Стары бацька мастака частаваў нас віном і распавядаў, як працуе сын. Паводле прафэсіі ён мэталюрг, а мастацтва — ягонае хобі. Зьезьдзілі ў горную вёсачку Паліна, зь якой адкрываўся цудоўны пагляд на шырокую, завалочаную шызай дымкай даліну. Тая вёска ў сусьветную вайну была партызанскай базай, і яе насельнікі мелі пляны завязаць сяброўства зь беларускімі партызанамі.

У Тэрні давялося прысутнічаць на адкрыцьці беларускай мастацкай выставы, то было ўвогуле сорамнае відовішча. Тузін старадаўніх (40–50-я гг.) карцінаў на тэмы ўздыму льнотрасты ці заключэньня дамовы аб сацспаборніцтве, партрэтаў перадавікоў вытворчасьці, разьвешаных у невялічкай зальцы, рабілі гнятлівае ўражаньне на рэдкіх наведвальнікаў. Сапраўды, паказваць тое ў краіне высокага клясычнага мастацтва было для арганізатараў выставы вялікай саманадзейнасьцю, мабыць, і яны разумелі тое. Пасьля яе закрыцьця ўсе экспанаты былі безгаспадарча пакінуты, ніхто імі не апекаваўся. Назад на радзіму іх прывёз усё той жа Джорджыо — паводле ўласнай ініцыятывы і за свой кошт.

Сьвяточнай нядзеляй паехалі ў Флярэнцыю, то была, мабыць, самая незабыўная мая паездка. Я ўбачыў сапраўдную статую Давіда на плошчы перад саборам, у якім калісьці спатыкаліся героі несьмяротнага Дантэ, а ў знакамітай галерэі Уфіцы цяжка было стрымаць сьлёзы перад палотнамі Сандра Бацічэлі, якія я памятаў з рэпрадукцый пары сумнага майго юнацтва. У невялічкай утульнай траторыі выпілі па пары бакалаў к’янці, якое тады палюбілася мне на ўсё жыцьцё. Джорджыо паслугоўваўся намі і за шафёра, і за гіда, і за клапатлівага гаспадара. У асобе гэтага італьянца мы набылі тады вернага і шматгадовага сябра. Ці ня кожны год пасьля ён прыяжджаў у Менск — то са спартоўцамі, то з турыстамі, то зь ветэранамі-партызанамі, а то як дарадца італьянскай фірмы па рэканструкцыі аўтадарогі Брэст — Масква. Я дапамог яму наладзіць супрацоўніцтва з Таварыствам дружбы, і Арсен Ваніцкі заўсёды з радасьцю прымаў яго за філіжанкай кавы. З Антановічам ягоныя адносіны ня надта ладзіліся, увесь час нашага гасьцяваньня ў Iталіі яны аб чымсьці спрачаліся. Джорджыо належаў да італьянскіх камуністаў, а Антановіч, як вядома, да савецкіх, — мабыць, у тым і палягаў канфлікт паміж імі. Усё ж італьянскія камуністы былі іншай пароды, чым нашы, савецкія.

Джорджыо стараўся падтрымаць мяне эканамічна ў пару, як у нас разгулялася палітыка-эканамічная крыза, ня стала ні гарэлкі, ні харчу. Аднойчы патэлефанаваў з Менскага матэлю, кажа: прыяжджай па гасьцінец. Толькі на аўтамабілі. Я паехаў, усё думаючы, які то гасьцінец, што па яго трэба ехаць на аўтамабілі? Аказалася, то была цэлая скрынка к’янці, схаваная ў Джорджыо пад сядзеньнем ягонага мікрааўтобуса. Я зьдзівіўся: як жа ты тое прывёз? Джорджыо толькі ўсьміхаецца: «Iтальяно — буно кантрабандысто!». Што ж, дзякуй табе, вопытны кантрабандысто, мы доўга ўспаміналі цябе, п’ючы зь сябрамі тваё цудоўнае к’янці.

Поделиться с друзьями: