Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пісаў пасьлядоўна, апроч хіба ўстаўнога сюжэтнага кавалку, які стаўся нібы ядром у арэху — той уставіў пасьля. Toe ядро было важнае для тэмы, бо якраз і несла ў сабе галоўны ідэйны знак — знак нацыянальнай бяды. Так бы мовіць — мала было калектывізацыі, дык яшчэ і акупацыя. I ўсё тое наканавана было перажыць рэліктавым хутаранцам — Сьцепанідзе зь Петраком. Iнстынктыўна Сьцепаніда адчувала кірунак, зь якога ўвесь час імкнецца на іх бяда, — то быў мост. Дужа яна хацела яго панішчыць, каб канчаткова адасобіцца, ад’яднацца — тое для беларускіх хутаранцаў было важней за ўсё.
Ды менавіта таго ніколі і нідзе не ўдавалася, не зважаючы на ўвесь драматызм спробаў. Сьцепанідзіна бомба была наканавана для іншага.
Акуратна перадрукаваны экзэмпляр аповесьці панёс у «Полымя», чарговым рэдактарам якога стаў тады Кастусь Кірэенка, чалавек з абмежаванымі здольнасьцямі, але з пэўнымі амбіцыямі. У мяне зь ім не было ніякіх стасункаў, і мець іх ня надта хацелася. Як, зрэшты, і з усёй рэдакцыяй гэтага часопісу. Панёс рукапіс зранку, калі там нікога, апроч хіба карэктараў, яшчэ не было, аддаў для перадачы галоўнаму. Праз трохі часу патэлефанаваў Кірэенка, паведаміў, што рукапіс атрымаў, будзе чытаць Пташнікаў. Пташнікаў пры выпадковай сустрэчы пахваліў рукапіс — чысты, без памарак, ня тое, што іншыя. На тым усё і скончылася. Я быў удзячны абодвум, бо тое было выдатным варыянтам стасункаў паміж двума антыподамі — аўтарам і выдаўцом. Лепшага і чакаць было нельга. Неўзабаве «Знак» быў надрукаваны.
Усе ранейшыя аповесьці (да «Знаку бяды» ўключна) зазнавалі немалыя праблемы з друкаваньнем.
Пра палітычную стэрыльнасьць твораў дбаў ня толькі рэдактарат, ня толькі цэнзура, але і КДБ. Нават у часы Гарбачова таксама. Былы на той час прэс-аташэ генсека Андрэй Грачоў у сваёй кнізе «М. С. Гарбачоў» піша: «Адказваючы на паседжаньні Палітбюро В. Чэбрыкаву (тагачасны кіраўнік КДБ СССР. — В. Б.), які пярэчыў супраць публікацыі аповесьці Васіля Быкава „Знак бяды“, пільна ўгледзеўшы ў ёй „падкоп пад калектывізацыю“, Гарбачоў шумеў: „Так, перакосы будуць. Усё сплыве ў патоку, які ўтворыцца. Будуць і пена, і сьмецьце, але ўсё тое знак вясны, абнаўленьня, спадарожнікі дэмакратызацыі. А яе махавік трэба раскручваць, ня трэба баяцца…“».
Такім чынам, мая аповесьць для кіраўніка КДБ была «знакам бяды», а для Гарбачова — усё ж «знакам вясны». Здаецца, аднак, памыліліся абодва.
У часопіс «Дружба народов», куды я аддаў уласнаручна зроблены пераклад, тэрмінова паклікалі аўтара. Рэдактар Сяргей Барузьдзін выказаў агульныя прэтэнзіі, але дэталізаваць іх ня стаў — дужа сьпяшаўся на нейкую нараду (вядома ж, у ЦК). Сказаў, што астатняе давядзе намесьнік Леанід Тэракапян. Тэракапян даводзіў ня надта катэгарычна, затое падрабязна і доказна. (Ну, канешне, былі перагібы, парушэньні, але калектывізацыя была патрэбная, бо раздробленая прыватнаўласьніцкая сельская гаспадарка ня здольна была… і г. д.) Што-нішто давялося закрэсьліць, апусьціць ці замяніць на банальнасьці. Але я ўжо ведаў, што калі на першым этапе рэдагаваньня ў чым-небудзь саступіш (во тут усяго тры-чатыры месцы), дык у наступным тых месцаў будзе ўжо пяць-восем, а затым і дзесяць — пятнаццаць. Калі ў Галоўліце. Увогуле так яно ў мяне і атрымалася. Каб канчаткова ўсё падчысьціць, з рэдакцыі ў Менск быў камандзіраваны вопытны літаратурны праўшчык, зь якім мы чысьцілі аповесьць у чатыры рукі. Мелася на ўвазе праўка стылю, хаця да стылю справы было меней за ўсё — чапляла палітыка. Прытым палітыка мінулага дня, нават мінулых дзесяцігодзьдзяў, якая ўпарта не хацела сыходзіць з жыцьця. А што, калі твор назваць раманам? — прыйшла мне ў галаву недарэчная думка, на якую мой праўшчык адказаў проста: «Тады зь ім прыйдзецца вазіцца ўдвая болей, бо іншы жанр». Такое было афіцыйна-навуковае вызначэньне жанру, і я падумаў: хай ён ужо застаецца ў жанры аповесьці.
А ў выдавецтве «Молодая гвардия», дзе яго меліся выдаць асобнаю кніжкай, атрымалася і яшчэ горш. Ужо добра вычышчаную за папярэднія публікацыі аповесьць раптам завярнуў Галоўліт. Мяркуючы па ўсім, сакрэт таго палягаў у тым, што Галоўлітам стаў курыраваць мой стары «сябра» Уладзімір Сеўрук, які з кожным годам усё набываў вагу ў апараце ЦК. Відаць, зь ягонай падачы аповесьць трапіла на стол да «второго лица в государстве», якім тады стаў сакратар ЦК Лігачоў. Як вядома, новая мятла заўжды мяце чыста, у дадзеным выпадку разам зь сельскай гаспадаркай падмятала і літаратуру. У выдавецтве ўсчаўся скандал, загадчыцу аддзелу Зою Яхантаву накіравалі ў Менск — уламваць аўтара. Добрая гэта жанчына прыехала на Танкавую і распавяла пра сваю праблему. Увогуле трэба было няшмат: «Снять вот здесь, здесь и здесь. А также, если можно, отсюда и досюда» і г. д. Я шчыра хацеў дапамагчы ўвогуле слаўнай жанчыне (якой да таго ж хутка на пэнсію), бо ведама ж, што кожны рэдактар — той жа сапёр. Аднойчы памыліўся, і ўсё прапала. Я крэсьліў, выкідваў, але лёгіка твору пратэставала, даводзілася аднаўляць, мы спрачаліся. У рэшце рэшт вытруцілі надта канфліктную сцэну раскулачваньня, яшчэ нешта. Цэнзары, канешне, выдатна адчувалі, дзе быў «знак бяды», і дужа імкнуліся, каб таго ня сьцяміў чытач. Каб усё схаваць у строга засакрэчаных фондах, выкрасьліўшы з літаратуры. Але не ў іх моцы было выкрэсьліць тое з жыцьця, бо, як казалі антычныя грэкі, — нават багі ня могуць перайначыць былое. Былое вышэй за жывое, яно ўжо непадуладнае нікому.
Бальшавікі, аднак, дужа імкнуліся падначаліць сабе мінулае.
98. Высокая прэмія
Тое самае ў яшчэ болей драматычнай форме праявілася, як М. Пташук зьняў паводле аповесьці аднайменны фільм. Сьпярша быццам усё ішло добра, амаль прымальна, наколькі тады мог быць прымальным савецкі фільм. Пташук неяк умудрыўся здаць яго без вялікіх стратаў, карціну адправілі ў Кіеў на кінафабрыку рабіць копіі для пракату. Здымачная трупа была распушчаная, фінансаваньне спыненае. I тады Пташука тэрмінова выклікае загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ Iван Iванавіч Антановіч, а разам і аўтара аповесьці. Антановіч даволі нэрвова пачынае даводзіць, што фільм трэба тэрмінова перарабляць. Пташук упарціцца — няма як і няма каму. Антановіч амаль у роспачы — вы разумееце, то ўказаньне «второго лица в государстве»… — «А я не магу і ня буду…» — «Тады вам не працаваць на кінастудыі». — «Ну што ж, маю правы, пайду баранку круціць». Доўга Антановіч уламваў Пташука, апеляваў да аўтара. Але трэба аддаць належнае гэтаму рэжысэру — той стаяў, бы скала.
Тым часам у Маскве насьпелі новыя падзеі, «второе лицо в государстве» перастала ім быць, Антановіч зьехаў зь Беларусі на падвышэньне, — стала не да карціны Пташука і Быкава. На гарызоньце замаячыла вялікая для КПСС пагроза ў асобах Гарбачова і Ельцына. Пэўна, што зьяўленьне на краявідзе аднаго, а затым і другога, таксама як і разумнага Аляксандра Якаўлева, пачало зьмякчаць культурны клімат у краіне. Зьмяняліся і адносіны да нядаўніх дысыдэнтаў. Я ня быў дысыдэнтам у дакладным азначэньні гэтага слова, але таксама адчуў, што нешта мяняецца.
Найперш СП Беларусі вылучыў «Знак бяды» на Ленінскую прэмію. Таму найбольш пасадзейнічала прыватная ініцыятыва Ніла Гілевіча, які нядаўна стаў першым сакратаром Саюзу (пасьля шматгадовага сакратарства Iвана Шамякіна). Раней такога кшталту вылучэньне было немагчыма, бо Iван Пятровіч, набыўшы тузін ордэнаў за літаратуру, ня мог яшчэ дамагчыся сабе Ленінскай прэміі. Такім чынам Быкава вылучылі як бы ў абыход законнай чаргі. Масква не аспрэчвала, мабыць, меркавала — хай дзеля прыліку ў немалым сьпісе намінантаў пабудзе і адзін беларус. Ды раптам на тайным галасаваньні ў камітэце па прэміях бальшыню галасоў якраз набраў ён. Як пасьля распавялі, той вынік схіліў на мой бок выдатны і паважаны расейскі музыка Георгі Сьвірыдаў, які сказаў прыкладна гэтак: «Я люблю расейскую культуру і расейскую літаратуру, але яшчэ больш — ісьціну. А ў дадзеным выпадку ісьціна ў тым, што аповесьць „Знак бяды“ ёсьць лепшая сярод іншых».
Toe ўсё і вырашыла. Ляўрэатам стаў Быкаў.
99. Юбілей. Тураў
Прэмія — хай сабе, так ці інакш яна апраўдана канкрэтным учынкам, плёнам аўтарскіх высілкаў. Трохі іначай выглядаюць іншыя ганараваньні, узаконеныя за дзесяцігодзьдзі савецкай улады — усе і ўсялякія ўзнагароды, колькасьць якіх пад канец царства Леаніда Iльліча пераваліла за сотню. На кожным прадпрыемстве, ва ўстанове, нават у калгace цяжка было знайсьці працаўніка, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам, тым болей мэдалём. Iншыя іх мелі тузіны — ад міністраў да даярак. З таго ліку не былі выключэньнем і пісьменьнікі. У шаноўнага Максіма Танка толькі ордэнаў Леніна было болей, чым у маршала Конева, і трохі меней, чым у маршала Жукава. Хоць Яўген Iванавіч, як пісаў Карпюк, за вайну ні разу ня стрэліў.
У мой 60-гадовы юбілей прыйшла вестка пра прысваеньне мне званьня Героя сацыялістычнай працы.
Па-праўдзе кажучы, таго я ніяк не чакаў, узнагароджаньне мяне напачатку зьдзівіла, а пасьля засмуціла. Iнстынктыўна я адчуў, што карысьці з таго будзе няшмат, а клопату хопіць, і як бы ня стала бяды. Увогуле недалёка ад таго ўсё і атрымалася.
Сябры, аднак, былі іншага меркаваньня: адны шчыра радаваліся, ішыя былі задаволеныя (усё ж лепш, чым каму іншаму), некаторыя і пазайздросьцілі — не без таго. Усё, як у людзей. Тою ўзнагародаю я быў прыроўнены да маіх калегаў Iвана Шамякіна, Максіма Танка, Петруся Броўкі. Да доўгага шэрагу пранырлівых старшыняў калгасаў, прабіўных дырэктараў прадпрыемстваў-скрынак, перадавых мэханізатараў і даярак. Было б, аднак, разумней, калі б тую ўзнагароду атрымаў той, хто яе дужа дамагаўся, або той, хто быў болей варты, чым я, болей плённы ў літаратуры. Мне думалася, што тое ганараваньне не па заслугах. Праўда, сябры і жонка казалі, што тое — за талент. Але я не адчуваў за сабой такога таленту — талент у мяне калі і быў, дык інакшы, далёка не апалягетычны ў адносінах да рэжыму. I рэжым ведаў пра гэта.
Але, мабыць, рэч у тым, што мяняўся час, — нязграбна, непаваротліва, ды саступаў месца новаму — новым людзям і новай палітыцы. Першым сакратаром ЦК КПБ стаў Сьлюнькоў. У Маскве ўсё большую сілу набіраў малады, пэрспектыўны Гарбачоў, які фактычна і браўся кіраваць дзяржавай. Як я дазнаўся пасьля, у час нейкага мерапрыемства Сьлюнькоў папытаўся ў Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя, і той пагадзіўся. Усё вырашалася апэратыўна, але, як заўжды, да пары, да часу таемна.
Толькі падпісаўшы ўказ, Грамыкапрыслаў віншаваньне маладзёну-герою.