Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
105. Чарнобыль
Я сядзеў на дачы і замест таго, каб паліваць свае ружы, пісаў нейкі артыкул. Апошнім часам здорава даймалі газэты і часопісы, зрэдчас радыё і тэле, — усім спатрэбіліся артыкулы наконт перабудовы. Мабыць, прафэсіяналаў-перабудоўшчыкаў бракавала, і яны ўспомнілі аматара Быкава. Нядаўна яшчэ пазьбягалі ўспамінаць маё імя, цяпер жа напрамілы Бог прасілі: напішы хоць што-небудзь. Я і пісаў, а яны рэдагавалі, было, што і дапісвалі і перапісвалі так, як ім было трэба. Колькі разоў я даваў зарок не пісаць, але яны былі кваліфікаваныя прафэсіяналы і ўмелі дамагчыся свайго. I Быкаў чарговы раз змушаны быў пісаць.
У такі час прыйшла наша мілая суседка Валянціна Мікалаеўна Мільто, сказала, што ўчора адбылася нейкая катастрофа на Украіне, Захад дужа ўстрывожаны. Катастрофаў у нас заўсёды хапала, хаця пра іх і не паведамлялі, каб не псаваць настрой працоўных, не выклікаць панікі. I я не трывожыўся — працягваў сваю пісаніну. Але ўсё ж весткаў пра бяду болела, штось перадало Бі-Бі-Сі. Надвячоркам стала вядома, што сапраўды сталася катастрофа — выбухнуў рэактар у Чарнобылі. Але тое — на Украіне, чаго нам баяцца?
У Беларускім ЦК так і сказалі, калі туды патэлефанаваў хтось з дачных суседзяў. Але неўзабаве на сваю дачу ў пасёлку прыехаў Васіль Барысавіч Несьцярэнка, які быў дырэктарам ядзернага цэнтру ў Соснах. Ён толькі што прыляцеў з Масквы і першым чынам завітаў у ЦК біць вялікую трывогу, прымаць меры. Радыенукліды ўжо засыпаюць Беларусь — прыборы рэгіструюць небясьпечныя дозы. Кіраўніцтва ЦК яго супакойвала — нічога страшнага. Той, аднак, не сунімаўся — тузаўся да ўсіх інстанцыяў, ужо ён разумеў, чым тое пагражала народу. Але што ён мог зрабіць? Што наогул можна было зрабіць? Кузьмін, якому я патэлефанаваў, сказаў, што трэба ўжываць ёд. Некалькі кропляў ёду на драбок цукру, і ўсё. Болей сродкаў ад атаму мы ня мелі.
Увечары зь Кіславодзку патэлефанаваў Адамовіч, — ён выяжджае. Я жартам сказаў, каб з тым не сьпяшаўся, хай бы захаваўся адзін зь беларусаў — дзеля чысьціні генафонду. Нам ужо ратавацца позна. Тым ня менш Адамовіч прыехаў. Адразу пабег у ЦК, дзе супакоіць яго таксама нічым не маглі. Хаця перад тым і запэўнілі Гарбачова, што беларусам чарнобыльскі атам не пагражае. Гарбачоў паставіў іх у прыклад украінцам, якія запанікавалі і прасілі грошы. Беларусы нічога не прасілі. Тады Адамовіч спаткаўся зь Несьцярэнкам і дазнаўся ад яго, што насамрэч нашыя справы — дрэнь. Галоўнае, няма прыбораў, каб мераць ступень паразы, няма ніякіх іншых сродкаў. Адамовіч паімчаў у Маскву, да Гарбачова — ратаваць беларускую нацыю. Гарбачоў быў у стане вялікай трывогі і разгубленасьці — каму верыць? Партыйнаму кіраўніцтву, якое маўчала, вучоным, што захоўвалі зайздросную вытрымку, ці «панікёру» Адамовічу? Усё ж ён паверыў дылетанту Адамовічу, якому ўдалося празь яго выбіць нейкую колькасьць дазіметраў. Генсек адчуў нутром, чыя праўда і хто яго ашуквае. Зрэшты, мабыць, і самому Гарбачову хацелася ашукацца, калі б была магчымасьць.
На выхадныя, калі ні ў Маскве, ні ў Менску нікога з начальства нельга было знайсьці, Адамовіч прыехаў дадому. У гарадзкіх умовах спаткацца было немагчыма, нашы кватэры даўно і шчыльна праслухоўваліся, і мы дамовіліся махнуць на прыроду. Паехалі ў бок Iвянца, на Iслач, ля рачнога беражку паставілі машыну. Пакуль жонкі Iрына і Вера ладзілі закусь, паволі пайшлі між дрэваў. Саша пачуваўся дужа заклапочаны, нават падаўлены тым, што нядаўна адбылося. А галоўнае — замшэлай глухатой кіраўніцтва, якое дбала пра адно: каб як мага далей ад народу схаваць небясьпеку. Каб ён ціха сядзеў і памалу, неўпрыкмет канаў, не трывожачы начальства. Мы тады мала што ведалі, але пра небясьпеку радыяцыі Адамовіч ужо начуўся ў Маскве. Ды й наш Несьцярэнка нямала пра тое паведаміў. Акадэмік Лягасаў распавёў болей за іншых, бо, мабыць, лепей за іншых ведаў, што гэта такое — чарнобыльскі выбух. Хутка атамныя электрастанцыі будуць выбухаць адна за адной, сказаў ён — Курская, Смаленская, Ленінградзкая… Паратунку ад таго пры гэтай сыстэме акадэмік ня бачыў і, мабыць, з тае прычыны празь нейкі час скончыў жыцьцё самагубствам. Адамовіч быў вельмі ўстрывожаны і сказаў, што надышоў час, калі трэба званіць ва ўсе званы — ратаваць чалавецтва. Да таго шэраг гадоў ён біў у званы — ратаваў сьвет ад ракетна-ядзернага шаленства, цяпер надышла чарга рабіць тое ад «мірнага» атаму. Мы павінны як мага болей выступаць у друку, па тэлевізіі, проста гаварыць зь людзьмі, даводзіць, што ім нарыхтавала савецкае кіраўніцтва на чале з выпрабаваным ленінскім авангардам. Гарбачоў, падобна, пачынае што-нішто разумець, але ён адзін, да таго ж абкружаны шчыльнай чэкісцкай сьцяной, для якой не існуе нічога, апроч іхняй звыродлівай ідэі — улады на грунце марксызму-ленінізму. Дзеля яе чысьціні і нязрушнасьці яны гатовы ахвяраваць чалавецтвам.
Тады ж Саша распавёў мне, як па сканчэньні ўнівэрсытэту яго вербавалі ў сэксоты і як ён выкручваўся. А нядаўна дазнаўся, што вярбоўка выпускнікоў была зусім ня выбарачнай, як пра тое гаварылі вербаўшчыкі (мы вас паважаем і толькі вам прапануем і г. д.), а спрэс і ўсіх, — каб кожнага мець у сваёй кішэні. З разьлікам на ягоную кар’еру, удачу, непрадбачаныя абставіны, калі завербаваць будзе болей складана. Агенты-сэксоты ўсюды патрэбныя, менавіта яны, а зусім ня члены партыі ёсьць галоўнае апірышча рэжыму. Мабыць, сапраўды ўсе камуністы — патэнцыяльныя ці сапраўдныя сэксоты, хаця, зразумела, ня ўсе сэксоты — камуністы, нямала там і беспартыйных. То ёсьць згуртаваны і разгалінаваны сакрэтны клан, які пераўзыходзіць усе вядомыя ў гісторыі кланы, у тым ліку і масонскі. Калгасьнік з паляводчай брыгады такі ж сэксот з клічкай, як і міністар або прафэсар, і змушаны аднолькава верна служыць свайму куму, якому падпарадкаваны да сьмерці. Бясьпека разводу не дае, слушна заўважыў калісьці Сакрат Яновіч.
Я тады папытаўся: як жа нам адносіцца хоць бы да некаторых сяброў, пра якіх можна з упэўненасьцю меркаваць, што яны — там? Што сэксоты. Саша са скрухай сказаў: «Увогуле тое — невырашальная праблема. Гэта ўсё роўна як сьмяротная кара. Што лепш — забіць усіх, каб сярод іх не прамінуць ніводнага злачынцу, ці ўсіх памілаваць, каб не дакараць ніводнага невінаватага? Тое пазытыўна вырашыць нельга, у любым выпадку застанецца шанец на памылку, і на надзею таксама».
О, гэта праклятая людзкая надзея, матка дурных, як яе трапна вызначыў некалі Максім Гарэцкі! Яе выдатна навучыліся скарыстоўваць усе — ад Гітлера да Сталіна! Няшчасных быццам бы вялі ў лазьню, дзе труцілі цыклёнам, стралялі ў Курапатах, сказаўшы, быццам саджаюць на дзесяць гадоў без права перапіскі. Будавалі турму народаў, а казалі — камуністычнае грамадзтва, і заклікалі да надзеі на сьветлую будучыню. Менавіта надзея болей як страх паралізавала волю, адбірала сілы і суцяшала чалавецтва. А зараз, пасьля Чарнобылю, чым суцешымся? Распад плутонію магчымы праз сто тысяч гадоў. Адамовіч спасылаўся на нядаўнюю выснову Макса Борна наконт таго, што калі нават нуклеярную катастрофу і ўдасца папярэдзіць, нічога, апроч цёмнай будучыні, не чакае чалавецтва. Во што натварыла навука, тэхнічны прагрэс і камунізм разам з капіталізмам напрыканцы тэхналягічнага XX стагодзьдзя.
Мілы, разумны Саша, якую балючую праўду ты кажаш! I як нам жыць, ведаючы тую тваю праўду? — разгублена думаў я.
106. Дубянецкі. Адамовіч
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала некалькі тамоў майго Збору твораў, Надышла чарга двух апошніх, і я здаў у рэдакцыю рукапіс «Мёртвым не баліць». Гэтая аповесьць асобнаю кніжкай у Беларусі не друкавалася (у Расеі таксама), упамінак пра яе не дазваляўся. За тым пільна сачыў сам куратар савецкай цэнзуры, намесьнік загадчыка ідэалягічнага аддзелу ЦК КПСС таварыш Сеўрук. Калі аднойчы В. Аскоцкі ў прадмове да зборніку маіх аповесьцяў напісаў пра яе некалькі фактаў, увесь тыраж кнігі вярнулі ў друкарню і прымусілі выдзіраць тыя старонкі. Друкарня, выдавецтва і аўтар артыкулу пратэставалі, ды марна. Зьнявечаная кніга пайшла ў продаж.
Але час быццам зьмяніўся. З моманту першай, часопіснай публікацыі аповесьці мінула болей за дваццаць гадоў, і выдавецтва вырашыла, што ў Зборы твораў аповесьць можна надрукаваць. Тым болей, як паведаміў мне дырэктар [выдавецтва «Мастацкая літаратура»] Міхал Хведаравіч Дубянецкі, яна значылася ў каталозе і на кніжнай ярмарцы сабрала нямала кантрактаў. ЦК КПБ у асобе А. Кузьміна таксама не пярэчыў яе выданьню. Рэспубліканскі галоўліт паставіў свой штамп, і рукапіс быў адпраўлены на паліграфкамбінат.
Ды выдаўцы і іх аднадумцы, відаць, не ўлічылі аднаго моманту — пільнасьці ўнутраных сэксотаў. I вось менавіта зь іхняй ініцыятывы ў Менск з маскоўскага галоўліту прыйшоў загад аповесьць Быкава не выдаваць. Дубянецкі паведаміў мне пра тое і раззлаваны сказаў, што ён паслаў у Маскву тэлеграму на імя сакратара ЦК тав. Зімяніна, дзе скардзіцца і пратэстуе. Усё ж і Зімянін, і Сеўрук — нашыя землякі, павінны ж яны паспачуваць сваім людзям.
Бедны і наіўны, нягледзячы на свой партыйны вопыт, Міхал Хведаравіч, на што ён спадзяваўся! Я распавёў яму пра выпадак з вайны, калі адзін з паліцаяў расстрэльваў групу землякоў, сярод якіх быў ягоны стрыечны брат. Паліцай быў добры чалавек і як для брата зрабіў выключэньне — падаслаў яму ў магілку сьвежага хвойнічку. Усё ж брат… Дубянецкі мне не паверыў, сказаў: вось убачыце, яны свой загад адменяць. Трэба пачакаць адказу.
Замест іхняга адказу ён неўзабаве дачакаўся выкліку ў ЦК КПБ, строгай вымовы і ўрэшце — адстаўкі. Пазьней з руплівым заступнікам за беларускую літаратуру здарыўся інфаркт, пасьля якога ён хутка апынуўся на Паўночных могілках. Але тады прыгоды са злашчаснай аповесьцю працягваліся. Паклікаўшы мяне пасьля Дубянецкага, Кузьмін сказаў, што трэба ў аповесьці нешта перарабіць, хаця б для прыліку памяняць словы ці што? Тое дасьць падставу паведаміць у Маскву, што аўтар грунтоўна перапрацаваў твор. Я трохі падзівіўся наіўнасьці Аляксандра Трыфанавіча, але зрабіў так, як ён раіў, — трохі пачысьціў стыль. I праўда, аповесьць у такім выглядзе (надта, дарэчы, зьнявечаным пасьля шматлікіх рэдагаваньняў) і была надрукаваная ў апошнім томе майго Збору твораў. На гэты раз Сеўрук ня мог дамагчыся свайго і адступіў — вырашыў дабраць у іншым.