Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пры ўладзе камуністаў нічога з таго пляну не было і не магло быць рэалізавана, на краіну хутка абрушылася навала розных падзей, зрабілася не да мовы. Аж покуль зацяты Ніл Гілевіч, пакінуўшы СП, не стварыў ТБМ. Кульгаючы і буксуючы, яно змагаецца ўсё за тое ж, за што змагаліся беларускія інтэлігенты з пачатку стагодзьдзя. Мабыць, сапраўды, як казалі разумныя людзі, мы зблыталі прыярытэты, запрагаем калёсы наперадзе каня. Ці не найперш трэба дамагчыся незалежнасьці краіны, здабыўшы якую, вельмі лёгка і проста будзе ўдзяржавіць беларускую мову. Iначай — марная барацьба, пусты намер. Хіба што імітацыя змаганьня бяз жаднай надзеі на колькі-небудзь прыстойны вынік.
Аднак тое, што было відавочна кожнаму незамутнёнаму позірку, не хацелі бачыць нашыя нацыянал-камуністы. Нават зь ліку самых сумленных і самых разумных. Хіба што тая барацьба патрэбна была партыі, каб адцягнуць нацыянальна актыўныя (інтэлігенцкія) сілы ад радыкальных ідэяў БНФ і ўключыць іx у загадзя беспэрспэктыўную (і бясшкодную) барацьбу за мову. Але з кім барацьбу, калі партыя заўжды дэмагагічна стаяла за разьвіцьцё нацыянальнай мовы? Па сутнасьці з народам, які, як кажуць, ня хоча размаўляць па-беларуску, а хоча па-расейску. І тое — праўда. Бо навошта народу размаўляць на мове, якая далей як за выганам не ўжываецца? На якой не гавораць у горадзе, куды перасялілася моладзь, не гаворыць начальства. Расейская мова — здаўна мова начальства, і народ мкнецца разумець яе найперш, каб разумець ягоныя каманды. Бо, ня ўцяміўшы тыя каманды, лёгка атрымаць па карку, — як і ў акупацыю ад немцаў. А сьцяміўшы, глядзі, — можна і самому кімсь пакамандаваць. Тым, хто ніжэй. Прамая выгада — гаварыць па-расейску. Тады і элемэнтарны сэнс для барацьбітоў за беларускую мову — пачынаць з начальства, з тагачаснай кіруючай партыі. Але ж як выступаць супраць партыі, да якой сам належыш? Яшчэ выключаць зь яе шэрагаў. Адсюль і пачынаецца імітацыйная валтузьня.
Увогуле шкада. Бо сапраўды надарыўся пэўны момант, які быў бяздарна ўпушчаны. Камуністы тады пачалі болей дбаць пра сябе, сваю дужа няпэўную будучыню, праз год яны пагадзіліся на сувэрэнітэт, маглі б пагадзіцца і на мову. Хаця ўсё тое — ня болей чым марныя развагі. Як паказалі наступныя падзеі, беларуская кампартыя лепш прыняла ўласную сухотную сьмерць, чым народную мову…
112. Народны дэпутат СССР
Паводле новых, перабудовачных законаў пачалося вылучэньне кандыдатаў у народныя дэпутаты СССР. З Масквы былі спушчаны квоты, у тым ліку і ў СП БССР. У Доме літаратара сабралі сход, вёў Ніл Гілевіч, які быў прызначаны кіраўніком тутэйшай выбарчай камісіі. А гэта азначала, што ён ня мае права на вылучэньне кандыдатам у дэпутаты. Toe засмуціла ня толькі яго, але і мяне, бо я адчуў, каго будуць вылучаць, і ня ведаў, як з таго выкруціцца.
Прыкладна так і атрымалася, як я прадбачыў.
На сходзе некалькі чалавек усталі і прапанавалі — Быкава! Я ў сваю чаргу выступіў з самаадводам. Тады пачалі галасаваць, і мой самаадвод не прынялі. Я зноў не пагадзіўся. Зноў выступілі, угаворвалі мяне. Адзін толькі Дамашэвіч, мабыць, зразумеўшы мяне, сказаў: «Ну што вы прычапіліся? Чалавек ня хоча, ужо немалады, нездаровы…». Яго не паслухаліся, гэтак жа, як і мяне. На тым і разышліся.
На другі дзень рана пазваніў Анатоль Вярцінскі, які тады рэдагаваў «ЛіМ». Ён ці ня з роспаччу сказаў, што ня ведае, як быць. У газэту трэба даваць паведамленьне пра вынікі вылучэньня, а ты не пагаджаешся. У пратаколе, які ляжыць перада мной, запісана: вылучыць Быкава. Дык што рабіць?
Я паважаў Вярцінскага, быў зь ім у сяброўскіх адносінах і, сьцяўшы душу, змушаны быў пагадзіцца. Дзеля рэдактара, дзеля «ЛіМу», а не дзеля сходу, які гвалтоўна вылучыў мяне на пакуты.
Вынікі таго вылучэньня пайшлі ў Маскву. I паколькі выбары павінны былі адбыцца ў Саюзе пісьменьнікаў, дзейнічала ўсесаюзная квота — 10 дэпутатаў ад СП. Там належала зноў выбіраць з усіх, вылучаных ад рэспублікаў і аўтаномных абласьцей. Я думаў-спадзяваўся, што, можа, там не прайду, пройдуць іншыя. Ды так ня здарылася — абралі і там. I вось Быкаў у ліку дзесяці стаў народным дэпутатам СССР ад усесаюзнай пісьменьніцкай арганізацыі. Алесь Адамовіч таксама ім стаў, але ад Саюзу кінэматаграфістаў. Toe, што быў абраны Адамовіч, трохі ўсьцешыла мяне — усё ж будзе свой чалавек побач. Не адзін я ў гэтай намэнклятурнай грамадзе, якая ад Беларусі налічвала каля сотні. I трохі цешыла, што я — ад творчай арганізацыі. Думалася, ня буду сядзець сярод гэтых — ужо наседзеўся за дзесяць гадоў у Вярхоўным Савеце БССР. Ды так, на жаль, не адбылося. Выбіралі ад розных арганізацыяў і саюзаў, а ў залі пасадзілі ўсіх паводле альфабэту і тэрытарыяльнага прынцыпу. Адамовіч апынуўся сярод дэпутатаў Масквы, а я — Беларусі. Маімі суседзямі сталі старшыня Берасьцейскага выканкаму, майстар з маладэчанскага заводу, старшыня калгасу Бядуля, старшыня КДБ Балуеў. Ззаду сядзелі старшыня Саўміну [Беларусі] Кебіч, беларускі першы — Сакалоў. Яшчэ тая кампанія!
Але сьпярша належала абраць Вярхоўны Савет СССР, для чаго ў Менску сабралі ўсіх дэпутатаў, вёў паседжаньне Малафееў. Абіралі за сталом прамым і адкрытым галасаваньнем. Пачуўшы сваё імя, я адразу заявіў самаадвод, які не прынялі. Толькі генэрал Чумакоў і яшчэ пара чалавек прагаласавалі супраць Быкава, і я ня ведаў, ці тое — мае прыяцелі, ці супраціўнікі. Паехалі ў Маскву. Там у залі прэзыдыуму ВС склікалі савет старэйшын, на якім прысутнічалі і мы з Адамовічам. Мы сядзелі ўгары, на задніх лаўках, і назіралі, як Гарбачоў з Лук’янавым абмяркоўваюць кандыдатуры, вылучаюць кіраўнічыя органы. Я паслаў Гарбачову запіску аб самаадводзе. Гарбачоў голасна зачытаў яе і падняў мяне зь месца: якая прычына? Я сказаў, што хворы. Гарбачоў паківаў галавой: ну во, папулярны пісьменьнік, адмаўляецца. Ну што ж… Паклаў маю паперку ўбок, аднак са сьпісу [прэзыдыуму] Вярхоўнага Савету выкрасьліў.
Адамовіч, наадварот, — хацеў, каб яго абралі, ды марна. Нават ня вылучылі. Бачна было, ён трохі перажываў, бо быў чалавек значнай грамадскай актыўнасьці. Але ўжо так здаўна ўладкавана ў нас, што хто хоча, таму не даюць, а хто ня хоча, таго прымушаюць. Гэты бальшавіцкі прынцып не ўдалося зрушыць і Гарбачову. Як пачалі разьмяркоўваць па камісіях, было прапанавана падаваць заяўкі — хто куды хоча. Я нікуды не падаваў, намерыўся па-салдацку сачкануць, Адамовіч падаў адразу ў дзьве камісіі, думаў, можа, у якую залічаць. На жаль, яго не залічылі ні ў адну, а я, таго не жадаючы, апынуўся ў камісіі па абароне і дзяржбясьпецы. Калі пасьля паскардзіўся Лук’янаву, які тым займаўся, на нечаканае прызначэньне, той адказаў:
«Дык вы ж пішаце пра армію і пра КДБ». Так я ўліп.
Адамовіч тады зь мяне пасьмяяўся — надумаў каго абхітрыць! А я распавёў яму старую байку пра адэскага бамжа, які праспаўся ранкам у порце і ідзе шукаць заробку. Бачыць, на мосьціку акіянскага лайнэру стаіць прыгажункапітан, і бомж, пачухаўшыся, гукае: «Эй, кэп, табе памочнік ня трэба?» — «Не», — кажа кэп. — «А боцман?» — «Таксама не». — «А кок?» — «I кок не». — «Пашэнціла, падла, а то б я табе наработаў…» Я не адэскі бомж, але на камуністычнага кэпа таксама працаваць не зьбіраўся.
Пачалася вірлівая, бязладная і шмат у чым драматычная дзейнасьць на зьездах народных дэпутатаў, якія зачасьцілі ў Крамлі. Дэпутатаў было вялікае мноства з усіх рэспублікаў Савецкага Саюзу. Найбольш — з рэспублікаў Сярэдняй Азіі, і найменш — з Прыбалтыкі і Каўказу. Разьмяшчаліся ў залі строга на адпаведных месцах, у часы перапынкаў кучкаваліся каля сваіх партыйных лідэраў, якімі тады былі першыя сакратары ЦК. Тыя працавалі ў якасьці рэжысэраў, вызначалі выступоўцаў, давалі палітычныя ўказаньні. Тыя, што зьбіраліся выступіць, пасылалі запіскі: прашу слова ў падтрымку і г. д. Тым і давалі слова, у той час, як іншыя абураліся. Поруч зь беларускай дэлегацыяй цэлы гектар плошчы займала дэлегацыя Узбэкістану, і я назіраў за яе паводзінамі. Там было некалькі дырыжораў, у тым ліку адна жанчына, якія кіравалі ня толькі выступоўцамі, але і падавалі рэплікі, выкрыквалі, зачыналі аплядысмэнты. Дужа згуртаваная была дэлегацыя.
Увогуле палітычны напал у залі для неспрактыкаванага чалавека часьцяком быў нясьцерпны. Асабліва, як выступаў Сахараў ці Афанасьеў. Ці нават Сабчак. Сахараў гаварыў пра Афганістан, і яму выключалі мікрафон, воплескамі спрабавалі сагнаць з трыбуны. Затое, як выступаў генэрал Радзівонаў, што наладзіў вядомую крывавую лазьню ў Тбілісі, яго праводзілі з трыбуны бурнымі воплескамі, палова залі ўстала. Я тады выразна зразумеў, што трапіў яўна не туды, што неяк трэба адсюль рваць кіпці.
Алесь Адамовіч, наадварот, — быў поўны энэргіі і палемічнага азарту, гатовы быў выступаць з кожнага поваду. Нярэдка яму тое ўдавалася, бо сядзеў ён у першым радзе, якраз перад трыбунай.
Аднойчы выступіў вельмі рэзка (і слушна), папярэдзіў Гарбачова аб небясьпецы, якую несла для яго генэральскае акружэньне. Тады яму дасталося ад іншых, у тым ліку і ад расейскіх камунапатрыётаў, калегаў па СП. Вельмі сумна, што да іх (пакуль што моўчкі) далучыліся некаторыя зь беларускіх дзеячаў культуры, як, напрыклад, Міхаіл Савіцкі і некаторыя іншыя. Я неяк зрабіў спробу пагутарыць з Валянцінам Распуціным, зь якім быў у добрых адносінах, але хутка зразумеў, што між намі — пустка. Гэтыя людзі ня бачылі і не прызнавалі нічога, апроч іх любай матушкіРасеі. Ну дык гэта — расейцы, а нашыя?..