Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пробным каменем новай палітыкі Гарбачова стала нацыянальная праблема (Грузія, Арменія, Азербайджан, Цэнтральная Азія, Прыбалтыка). Нават недасьведчанаму чалавеку было зразумела, што гэтыя народы імкнуцца да свабоды і незалежнасьці, што яны даволі нажыліся ў турме, якая звалася СССР. Iмпэрцы таго не разумелі. Я тады кантактаваў з прыбалтамі — эстонцамі і літоўцамі, якія ўзялі выразны курс на незалежнасьць і пачалі пасьлядоўна яе дамагацца. Для таго патрэбна было прызнаць незаконнасьць сакрэтных пратаколаў да пакту Рыбэнтропа — Молатава.
Але каб зрабіць так, сьпярша трэба было знайсьці тыя пратаколы. Дыпляматы і кадэбоўцы даводзілі, што пратаколы — фальсыфікацыя Захаду. Намаганьнямі дэмакратаў была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў Ландсбергіс і ў якую ўвялі і мяне. Нам належала даказаць, што апублікаваныя на Захадзе копіі тых дакумэнтаў — сапраўдныя. Гэта было няпроста, бо акадэмік Фалін з трыбуны зьезду пераконваў дэпутатаў, што ніякіх пратаколаў няма ў прыродзе. Бальшыня яму верыла. Але бальшыня не ўлічыла сілу настойлівасьці балтыйцаў, у прыватнасьці Ландсбергіса зь яго палітычнай хваткай бульдога. Гэты літоўскі прафэсар музыкі цягам некалькіх паседжаньняў даказаў, што фальсыфікуе ня Захад, а МЗС СССР. Кіраўніцтва краіны прадаўжала ўпарціцца ў сваім ашуканстве, што празь нейкі час прывяло да крывавых эксцэсаў у Вільнюсе, Рызе ды і ў Закаўказьзі. Пралілася кроў, супраць чаго сурова папярэджваў Гарбачова няўрымсьлівы Адамовіч, які з актыўнага яго староньніка нарэшце ператварыўся ў праціўніка. Зрэшты, як і ўся міжрэгіянальная група Афанасьева — Папова.
На перапынку паміж паседжаньнямі мне давялося спаткацца і пагутарыць з Андрэем Сахаравым. Дэпутаты стаялі ў чарзе да буфэтчыцы, як у дзьвярах паявіўся Сахараў. Ён быў яўна разгублены, убачыўшы чаргу, і спыніўся, ня ведаючы, куды стаць. Бальшыня ў чарзе ставілася да яго варожа, толькі нядаўна яго спрабавалі сагнаць з трыбуны. Тады я выйшаў з чаргі і прапанаваў яму сваё месца. Сахараў падзякаваў, але ў чаргу ня стаў. Мы сталі ўдвух асобна ад іншых і размаўлялі. Андрэй Дзьмітравіч сказаў, што чытаў мае кнігі і хоць сам у вайне ня ўдзельнічаў, але верыць беспамылковай рэакцыі на іх жонкі Алены Бонар, якая ёсьць франтавічка і была нават паранена. А што да маральнай каштоўнасьці кнігаў, дык тая бясспрэчная. Я ў сваю чаргу распавёў акадэміку, як супраць яго і Салжаніцына дамагаліся подпісаў ад пісьменьнікаў, падтрымаў яго барацьбу і сёньняшняе выступленьне наконт Афганістану, дзе савецкія лётчыкі спрабавалі разбамбіць сваіх, каб яны ня трапілі ў палон. Toe выклікала буру пратэсту ў залі, ветэран-інвалід выступіў з гнеўнай водпаведзьдзю ў тым сэнсе, што факту расстрэлу не было, бо не магло быць ніколі.
Так сталася мая першая і апошняя гутарка з гэтым чалавекам. Ноччу Сахараў памёр у сваёй кватэры, а праз два дні дэпутаты ехалі на аўтобусах яго хаваць. Я трапіў у аўтобус, куды пасьля села група генэралаў і зь імі маршал Ахрамееў. Не зважаючы на сумную нагоду, генэралы паводзілі сябе даволі ажыўлена, маршал жартаваў. Цяжка было тады меркаваць, што мінецца трохі часу, і той Ахрамееў павесіцца ва ўласным кабінэце. Такія во дзьве сьмерці. Ці ўраўняюць яны нябожчыкаў?
У залі паседжаньняў сярод беларускай дэлегацыі насьпеў канфлікт, да якога прычыніўся і я. Спатрэбілася даабраць дэпутатаў у Вярхоўны Савет. Дэмакратычна настроеная частка дэпутатаў памкнулася вылучыць сваіх — Шушкевіча ці Дабравольскага. Але тою справай заклапоціўся Сакалоў, ён правёў галасаваньне па «спрошчанай» схеме — у залі, са сваіх месцаў. Падлічваць галасы даручыў кадэбісту Балуеву, які сядзеў насупраць мяне. Я адразу падняў руку супраць усіх іхніх кандыдатаў, ды, вядома ж, застаўся ў пройгрышы, абралі камуністаў. Тады я не стрымаўся і, мабыць, празьмерна рэзка, а то і зьняважліва вымавіў Сакалову. Ленінградзкі сьледчы Iваноў, што сядзеў недалёка і назіраў тую сцэну, сказаў мне: «Сьмела вы, аднак». Можа, і сьмела, але па-дурному і бескарысна, бо нічога тым не дамогся. А галоўнае, сабе на шкоду, — пасьля паглытаў таблетак.
На паседжаньні камісіі, у якую быў залічаны, я ня езьдзіў.
Прысылалі позвы, якія прывозіў адмыс ловы кур’ер — стукаўся ноччу гадзіны ў чатыры, прымушаў расьпісацца, пасьля чаго я тую паперку выкідваў у сьметнік. Але аднойчы на чарговым зьезьдзе ў канцы дзённага паседжаньня мяне паклікалі. Камісія засядала ў шыкоўнай залі старога Крамлёўскага палацу. Я прыйшоў, спазьніўшыся, але лепш бы не ішоў зусім. Гэта быў жах, які не здараўся нават у вялікай залі паседжаньняў зьезду. Iшло нейкае абмеркаваньне, кіраваў усім старшыня камісіі, чалавек у цывільным, але, як значылася ў паперах, у чыне генэрал-палкоўніка. Астатнія таксама былі генэралы — узброеных сілаў і КДБ, цэкоўцы і рэспубліканскія лідэры. Жарсьці тут былі распаленыя, ва ўсіх чырвоныя твары. Чарговы выступоўца даводзіў, што палітыка Гарбачова — здрадніцкая, што ён не дае магчымасьці дабудаваць «авианесущие крейсера, позарез необходимые армии и флоту». Iншыя рэплікамі зь месцаў падтрымлівалі яго. Пасьля выступалі самі — усе супраць здрадніцкай палітыкі Гарбачова, які «продал Россию и гробит партию». Затым узяліся абмяркоўваць «гнюсны паклёп» журналіста Кароціча, які ў сваім часопісе «Огонёк» напісаў, быццам у Савецкай арміі мае месца «выдуманная им дедовщина». Адзін сталага веку палкоўнік ледзьве не заплакаў ад тае зьнявагі, бо наша «рабоче-крестьянская армия, победившая злейшего врага — немецкий фашизм…» і г. д. Яго дружна падтрымалі астатнія. Прагучала прапанова выклікаць на сэсію рэдактара Кароціча і «пропесочить его, чтобы десятому заказал, как клеветать на доблестную рабоче-крестьянскую…». Далей я не стрываў і выйшаў.
Болей у той камісіі я не зьявіўся. Я не хацеў мець нічога агульнага са злачыннай палітыкай відавочнага рэваншу, які задоўга да вядомага путчу насьпяваў, рыхтаваўся тымі, хто апынуўся перад рэальнай пагрозай страціць шматгадовую ўладу. Я разумеў Адамовіча, які разам зь іншымі інтэлігентамі асуджаў Гарбачова, але і ня мог не паспачуваць апошняму.
Гарбачоў апынуўся ў зьвярынцы, які незнарок ці наўмысна сам разварушыў і, мабыць, ужо ня ведаў, як зь ім справіцца.
113. На родным возеры
Рыгор Барадулін, як заўжды поўнячыся рознымі (ня толькі паэтычнымі) ідэямі, надумаў зьняць фільм пра маю «малую радзіму». Як усё было ўлагоджана, на мікрабусе «Беларусьфільму» паехалі ў Вушачу.
Тая дарога праз Плешчаніцы і Бягомлю была мне даўно знаёмая, я любіў яе навакольныя бары і пагоркі, цяністы лесавы шлях празь Бярэзінскі запаведнік. Мабыць, дарога і была самым прыемным з таго падарожжа, бо астатняе… Астатняе было надта жыва зьвязана з труднымі ўспамінамі пары дзяцінства, сумам адміраньня і запусткаў у некалі знаёмых ваколіцах. Toe вярэдзіла душэўныя сілы, самотай дацінала нэрвы. Усё, што для іншых, староньніх, было дэтальлю іхняй цікавасьці, для мяне — болем. I я, можа, не пагадзіўся б, калі б хітраваты Рыгор, ведаючы адну маю слабасьць, не падмануў мяне любым маім азярком. Заплянавалі здымкі на возеры, і я паехаў.
Па дарозе заехалі ў Воўчу па сястру Валю, якая ўжо ведала пра прыезд кіношнікаў і чакала нас. Валя выйшла замуж у Воўчу за калгаснага мэханізатара Шурку, увогуле добрага і майстравітага чалавека, які, аднак, меў адзін недахоп — усё той жа. Дзяцей у іх не было, і сястрычка даволі адпакутавала за Шуркам-Сашкам, які праз сваё хіба і памёр яшчэ не старым. Удавіца засталася адна ў няновай хаце, з катом, пры агародзе, якім адно і клапацілася ад раньняй вясны да позьняй восені. З таго і жыла.
Пасадзілі ў аўтобус Валю і паехалі ў Бычкі — на закінуты, зарослы дзядоўнікам і крапівой падворак бацькавай хаты. Памятаю, як яе будавалі, як яна была новаю і радавала дзяцей і бацькоў. Але мінула небагата часу, хата пахілілася, урасла ледзь не па вокны ў зямлю і стаяла з прадраным дахам і згнілымі дошкамі ганку. Адна радасьць была з двух пасаджаных бацькам дрэваў — дубу і клёну, якія з кожным годам усё болей раскашавалі, узьнёсшыся высока над хатай. На тым ганку кіношнікі змусілі мяне прымаць патрэбныя для іх позы, адказваць на пытаньні, якія задаваў, застаючыся «чалавекам за кадрам», рэдактар і рэжысэр Валодзя Халіп. Затым паехалі на возера, зьехаць да якога з гарыстага берагу было немалой рызыкай. Але неяк зьехалі. А там на спрытным пагорачку, які я любіў зь дзяцінства, распалілі цяпельца, пачалі ладкаваць вучоную размову. Дужа я не любіў тых пастановачных размоваў, калі трэба было дэманстраваць сваю глыбакадумнасьць або лірычную ўзьнёсласьць. I тое ды іншае, на мой пагляд, лепей трымаць пры сабе, а калі ўжо давяраць каму, дык найлепш — паперы. Сястрыца сядзела побач і слухала, дзівячыся кіношнай «мудрасьці», перажываючы за наша агульнае мінулае. Як усё скончылі, Валодзя Халіп бухнуўся ў возера і — на маё захапленьне — пераплыў яго туды і назад без супынку. Тое я бачыў упершыню. Ніхто раней так сьмела не пераплываў наша возера — можа, не было спрытных, а мо палохала глыбіня. Казалі старыя, што возера дужа глыбокае. Але ня дзіва — Валодзя вырас на возеры. Як вярнуліся ў вёску, пакуль брат Мікола з жонкай Тоняй ладзілі пачостку, я пайшоў па пустэльнай, зарослае травой маёй колішняй вуліцы. Родная мая, бедная і няшчасная вёсачка, яна дажывала свае апошнія дні. З нашых былых суседзяў жылі толькі ў дзьвюх хатах, астатнія стаялі пакінутыя, ды і тых засталося некалькі. Зеўрала пабітымі вокнамі хата Галавачоў, куды я некалі любіў хадзіць да Валодзі, ня стала хатаў дзядзькі Васіля, памерлага ад сухотаў волата Куца. Праўда, няблага асталяваўся на сядзібе малодшы брат майго сябра Колі — Сямён, дбайны і працавіты селянін. У хаце Мішы, які працяглы час быў дырэктарам школы, жыла-дажывала яго ўдовая сястра, адзіную дачку якой забіла маланкай. У другім сяле жылых хатаў было трохі болей, але я ўжо забыўся імёны іхніх жыхароў. Апроч хіба кінамэханіка Васіля Паршонка, што жыў на краі за могілкамі.
Навакольле таксама зьмянілася. У мой любы зялёны роў нельга было і ўлезьці, так ён зарос алешнікам; прапала безь людзкой патрэбы і наша крынічка. Хмызьнякі і алешнікі ўсё болей заваёўвалі колішнія вясковыя палеткі і падступалі да самых гародаў. Дашчэнту пазарасталі палявыя дарожкі, а тыя, што засталіся, былі бязьлітасна зьнявечаныя вялізнымі коламі аўтатрактарнай тэхнікі і круглы год зеўралі правальлем-каляінамі. Добра, што галоўную дарогу я ўсё ж дамогся заасфальтаваць у свой дэпутацкі час. Вайскоўцы не далі заасфальтаваць адрэзак з магістральнай дарогі на Кублічы, — адкуль у іх пачыналася манэўровая аўтаракетная траса, якую належала маскаваць ад НАТА. Цяпер няма ні трасы, ні ракетаў, але няма і людзкай дарогі.
Мой брат Мікола, які тут пражыў жыцьцё, працуючы ў калгace, дачакаўся нарэшце пэнсіі і з тае нагоды быў дужа рады. Яго ніхто ня гнаў на дармовую працу, можна было пакалупацца на падворку, ля хаты, што брат дужа любіў. Плёў з дроту сеткі на загарадзі, у суседніх хмызьняках назапашваў дровы. У хляве гадавалася сьвінка, пасьвілася кароўка. Грошай плацілі мала, але рэгулярна, хлеб раз на тыдні прывозіла аўталаўка. Чаго яшчэ было трэба? Такога жыцьця ніколі не было ў вёсцы, і пэнсіянэрам здавалася, што дажыліся нарэшце да камунізму, які абяцалі бальшавікі. Каб толькі болей здароўя. Але менавіта здароўя і не хапала, — здароўе дарэшты адабрала шматгадовая калгасная паншчына. Нядоўга парадаваўся сваёй пэнсійнае волі і мой Мікола…
Так, насунулася пара стратаў, усё бліжэй падступаў час разьвітаньня. Меней і меней заставалася крэўных, сяброў і нават знаёмых. Рыгор дык зусім застаўся адзін — апошнімі сышлі яго цётачка, што колісь ласкава частавала нас сьнеданьнямі (мужчынскую годнасьць яна часьцяком вызначала па спрадвечнай сялянскай шкале: ешчы-няешчы. Ня ведаю, як Рыгор, а я ў яе апынуўся ў ліку няешчых), нядаўна пайшоў і дзядзька Пятрок, апошні з Рыгоравай радні, ня дужа дбайны вартаўнік Рыгоравага падворку, на якім ці ня кожнай зімы гаспадарылі вушацкія зладзеі.