ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Але тады яны яшчэ не адважваліся, путч чакаў свайго часу, а мы проста вярталіся. Пра тое сказаў Гарбачоў, сабраўшы дэлегацыю: у Арменіі бяда, растрэсла рэспубліку, раніцай адлятаем.

А ў нас на ранак было прызначана спатканьне зь дзелавой элітай Нью-Ёрку. Мы ня ведалі, што рабіць, тады Алег Багамолаў сказаў, што няёмка падводзіць важных людзей, якія зьбяруцца ў шыкоўным гатэлі «Роджэрс-Асторыя», трэба паехаць і ўсё правесьці ў тэмпе. Так і зрабілі. Але пакуль там, расьсеўшыся за ланчам, слухалі нетаропкія развагі старых мільянэраў, пачуваліся ўсе, бы на іголках. Час дужа падпіраў. Асабліва, як заўважылі, што некаторыя з нашых па адным зьнікаюць. Мы з Багамолавым і рэдактарам «Известий» Лапцевым сядзелі ў самым кутку, і нам нязручна было выбірацца з холу. Тая нязручнасьць нас здорава падвяла, бо як мы нарэшце выбраліся, аўтобусаў перад гатэлем ужо не было — усе зьехалі ў аэрапорт. Пачалі бегаць, каб злавіць якое таксі. Нарэшце Багамолаў згледзеў знаёмага журналіста ў машыне, які нас і завёз у аэрапорт імя Кенэдзі. Мы ледзьве пасьпелі ў самалёт.

А Уладзімер Карпаў не пасьпеў, самалёт ужо вырульваў на ўзьлёт, і Герою Савецкага Саюза давялося крычаць і махаць рукамі, каб яго не пакінулі. Сам Гарбачоў даў каманду прыпыніцца і ўзяць пасажыра. Узьлезшы на борт, Карпаў гучна лаяўся з такой арганізацыі візыту, астатнія маўчалі. Усе былі незадаволеныя тым, што важны візыт па сутнасьці сарваны. Самы раз было б выпіць, але алкаголю ў самалёце не было, Гарбачоў прапаведаваў цьвярозасьць і змагаўся з п’янкамі. Затое ва Унукаўскім аэрапорце знайшоўся і каньяк і яшчэ нешта. Там усе добра расслабіліся. Пад раніцу Алег Цімафеевіч падвёз мяне ў Шарамецьева1, адкуль я скіраваў у Менск.

Тая паездка была, можа, самай прыкрай з усіх маіх паездак за мяжу. Вядома, шмат што можна было сьпісаць на жахлівую катастрофу ў Арменіі, але ня ўсё. Я ўбачыў тады акружэньне ініцыятара перабудовы і дужа засумняваўся, што яно імкнулася да яе. I м і без таго было няблага. А можа, нават і лепей, чым у тым часе, які наступіў пасьля і ў які яны зусім не імкнуліся. Адзін зь іх, самы тады лісьлівы і надзейны паплечнік, пасьля назаве Гарбачова «ангелом тьмы» і кінецца роспачна аднаўляць тое, што было неспадзявана адкінута гісторыяй.

110. Гішпанія

А ў Менску пачалося неспакойнае, каламутнае жыцьцё. Партыйная прэса, тэлебачаньне, а таксама партыйныя органы ўсіх узроўняў накінуліся на новы нацыянальна-дэмакратычны рух. Абвінавачваньні былі самыя страшныя. Бэнээфаўцаў называлі фашыстамі, нямецкімі прыслужнікамі, паліцаямі. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг абвясьцілі фашыстоўскім і бясконца даводзілі, што менавіта пад ім немцы з паліцаямі расстрэльвалі яўрэяў. Пра Пазьняка гаварылася, што ён паліцай (гэта 1945 года нараджэньня) і сын паліцая (а не салдата-чырвонаармейца, які загінуў на фронце). Пазьняк, аднак, захоўваў спакой і цьвёрдасьць, ня кідаўся з абвяржэньнямі, а нястомна згуртоўваў пад сьцягам БНФ нацыянальны актыў. Ягонымі паплечнікамі з самага пачатку сталі: М. Дубянецкі, а таксама знакамітыя гісторыкі М. Ткачоў і А. Грыцкевіч, навуковец прафэсар Ю. Хадыка, выкладчыкі Г. Вашчанка, В. Вячорка, Ю. Сіўчык, мастацтвазнаўцы В. Чуйко і В. Трыгубовіч. А таксама мастакі М. Купава, А. Марачкін, Я. Кулік, журналіст С. Навумчык з жонкай Галяй. Пісьменьнікаў у новым руху было няшмат: я, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі. I ўсё. Пісьменьнікі ў бальшыні дыстанцыяваліся ад БНФ. Пасьля шмат іх увайшло ў Таварыства беларускай мовы, лібэральную арганізацыю, са згоды ўладаў створаную Н. Гілевічам?.

Зімой пачалі ладзіць зьезд, каб узаконіць Фронт, зрабіць яго легітымным. Правесьці зьезд у Менску было немагчыма, дык выручылі літоўскія сябры — памаглі з арганізацыяй, далі здатнае памяшканьне. На жаль, я ў тым зьезьдзе ня ўдзельнічаў — падпала даўно заплянаваная паездка ў Гішпанію. Міжнародная пісьменьніцкая супольнасьць заплянавала ў Сэвільлі кангрэс, я там быў прызначаны дакладчыкам. Была і яшчэ адна прычына, якая змусіла мяне паехаць ня ў Вільню, а ў Сэвільлю: прапанова адной выдавецкай фірмы выдаць мой Збор твораў з уключэньнем у яго ўсяго мной напісанага, у тым ліку і забароненага ў Саюзе. Я падрыхтаваў адпаведныя рукапісы, сабраў чарнавікі — такая была ўмова. Пераслаць тое па пошце было немагчыма, а перавезьці асабіста я мог, карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасьцю на мытні. Выдавецтва дало некалькі замежных адрасоў, у тым ліку і ў Мадрыдзе. Прыляцеўшы туды, я хутка ўсё запакаваў і адправіў на мадрыдзкі адрас. I — назаўжды. Hі слова ў адказ не атрымаў. Пасьля спрабаваў што-нішто даведацца пра тое выдавецтва, ды ніякіх яго сьлядоў не знайшоў. Так усё і прапала. (Можа, калі знойдзецца ў бяздонных сховішчах КДБ, ФСБ, Фапсі і г. д.)

Некалькі дзён з тае паездкі я затрымаўся ў Мадрыдзе. Увогуле ўсе эўрапейскія гарады ў чымсьці аднолькавыя — архітэктурай, добраўпарадкаванасьцю. Але кожны мае і свой твар, уласную асаблівасьць — у галіне пляніроўкі, абзеляненьня, ня кажучы ўжо пра музэі. Мадрыдзкі Прада ашаламляў, як, мабыць, і ўсе падобныя асяродкі шматвекавой культуры Эўропы. Ня тое, што галерэя Пікаса, наведвальнікаў у якой было небагата ды і выглядала яна празьмерна мадэрнова — нават для Пікаса. Знакамітая яго «Герніка» тым ня менш заслужана стала сымбалем хуткай сусьветнай бойні.

Але ці ня самае вялікае ўражаньне на мяне зрабіў мэмарыял, разьмешчаны за паўгадзіны язды на аўтамабілі ад Мадрыду.

Яшчэ здалёк на гары бачны быў аграмадны каталіцкі крыж, пад якім месьціўся мэмарыял — вялізная касьцельная заля ў скале, разьдзеленая на дзьве палавіны. У ад ной знайшлі свой апошні прытулак рэспубліканцы, у другой — мяцежнікі-франкісты. Пасярэдзіне высілася гранітная магіла самога Франка, які пасьля сьмерці аб’яднаў усіх — і ворагаў, і прыяцеляў. То было выдатнае ўвасабленьне хрысьціянскага пастуляту пра тое, што перад Богам усе роўныя, сьмерць аб’ядноўвае. Пастулят, які, на вялікі жаль, у нас даўно занядбаны нават у межах аднае нацыі, ня кажучы пра адносіны да іншых нацыянальнасьцяў, колішніх ворагаў. Калі ў Эўропе збудаваны сотні мэмарыялаў, старанна дагледжаны ўсе могілкі нашых салдатаў, ахвяраў Другой сусьветнай вайны, на нашай зямлі зь нямецкіх помнікаў не засталося ніводнага. Усе пабурылі на хвалі натуральнага ваеннага гневу і нянавісьці да акупантаў, якая не затухае і дагэтуль. I цяпер нашыя ветэраны гатовыя на ўсё, каб не дазволіць немцам за свой кошт аднавіць памяць пра іхнія ахвяры на нашай зямлі. У той жа час гуманітарную дапамогу ад іх жадаюць рэгулярна атрымліваць. Такая мараль. Нават у межах адноўленага і ўшанаванага хрысьціянства.

Сэвільля зь зялёнай травой газонаў у лютым і вечназялёнымі пальмамі прыемна нагадала вясну зь яе памаранцавымі дрэвамі на вуліцах, абсыпанымі жоўтымі пладамі, якія на смак выдаліся нясмачныя — горкія. Мы наведалі былую тытунёвую фабрыку, дзе колісь працавала несьмяротная Кармэн, а цяпер стаяла нязмоўчная гамана студэнтаў Сэвільскага ўнівэрсытэту. Адзін дзень пачуваўся блага, зранку на паседжаньне кангрэсу не пайшоў, ляжаў у нумары і стаўся міжвольным сьведкам, як у суседнім пакоі абшуквалі валізы майго таварыша-масквіча. Рабілі тое два нашы землякі, якія прыехалі разам з Мадрыду. Дарма было вінаваціць гішпанцаў, калі ў таго што зьнікла. А можа, і ня зьнікла — прыбавілася, што магло стацца і яшчэ горш.

Па дарозе назад у мадрыдзкім аэрапорце спаткаў Алега Яфрэмава, які вяртаўся дамоў з гастроляў. Ён выглядаў кепска, быў поўны застарэлага пэсымізму, не чакаў для культуры нічога добрага. Тое было трохі дзіўнавата на фоне прыкметнай эйфарыі, якая панавала ў Маскве з поваду перабудовы. Але Яфрэмаў быў чалавек мудры, цяжка было яму не паверыць.

Вярнуўся ў Менск і адразу трапіў у вір палітычнай барацьбы, якая ваўсю разгортвалася ў беларускай сталіцы. БНФ адразу пасьля стварэньня кінуўся апэляваць да народу, заклікаў яго на вуліцы. Народ ня надта ахвотна рэагаваў на палымяныя заклікі Пазьняка, але патроху зьбіраўся, слухаў прамоўцаў на мітынгах. Пазьняк ставіў вельмі радыкальныя мэты, якія ў адных выклікалі сумнеў, іншых палохалі менавіта сваім радыкалізмам. Часта засядаў сойм, у якім мы з Барадуліным стараліся рэгулярна ўдзельнічаць. Рыгор выступаў коратка, але заўсёды востра і зьмястоўна. Якіх-небудзь умоваў для палітычнай работы не было, памяшканьня для паседжаньняў сойм ня меў і зьбіраўся ў выпадковых будынках — школах, музэях, часам у Доме літаратара, пакуль ён належаў пісьменьнікам. Тады ж у Доме літаратара адбыліся паховіны Міхася Ткачова, які памёр ад наступстваў зьбіцьця на Мсьціслаўшчыне. А перад тым ён зьезьдзіў у Горадню на пахаваньне Аляксея Карпюка. Той памёр улетку, цяжка памучыўшыся ад раку страўніку. Мала яму было пры жыцьці іншых пакутаў… I нават у апошнія гады, калі старыя камуністы абвінавацілі яго ў газэтах, што ён няправільна паказвае калектывізацыю, у брыдкіх выразах абразілі аўтара. За абразу Карпюк падаў у суд і выйграў яго, абвясьціўшы кошт уласнай зьнявагі — адзін рубель. Ягоныя праціўнікі толькі пасьмяяліся: Карпюковы сарказм да іх не дайшоў… Неўзабаве за зьнявагі і паклёп яны навучыліся спаганяць мільёны — дзеля патрэбаў дзіцячых садкоў. Самі ўжо нахапаліся, самім стала ня трэба.

111. Камісія па мове

Нарэшце Вярхоўны Савет БССР заклапаціўся пра беларускую мову і, як заўжды, каб пахаваць праблему, стварыў адпаведную камісію. Старшынём яе прызначылі Ніла Гілевіча, даўняга змагара за беларушчыну. Пачаліся доўгія паседжаньні, нудныя абмеркаваньні, калі адзін перад адным шматслоўна даказвалі, як неабходна беларусам іх родная мова. Тут не было разыходжаньняў, і тады аднагалосна пераходзілі да канкрэтыкі. Мова дзяржустаноў, вышэйшай школы, выдавецтваў і літаратуры… Ну а мова кіруючай і ўсё вызначаючай партыі? Тут калегі прыводзілі спрытны і загадзя падрыхтаваны аргумэнт: мова партыі — справа самой партыі, мы ня можам што-небудзь ёй дыктаваць. Дык вось, сказаў я аднойчы, пакуль камуністычная партыя Беларусі не пяройдзе на беларускую мову, ня будзе ў беларусаў ніякае роднае мовы. «Аднак загнуў!» — зьедліва кінуў Iван Чыгрынаў, тады дужа актыўны сакратар СП, які пры Лукашэнку атрымаў званьне народнага. Ніл Гілевіч змрочна маўчаў. Абодва яны, як, зрэшты, і астатнія ў камісіі, належалі да партыі камуністаў, і няцяжка было здагадацца, зь якой мэтай былі ў камісію прызначаныя. У лепшым выпадку — імітаваць змаганьне за мову, а як нічога ня выйдзе, сказаць: «Але ж мы стараліся».

Быў прыняты падрабязны і даволі мудрагелісты плян беларусізацыі мовы, у аснове сваёй папулісцкі і безнадзейны. Тое асабліва стала відавочна, як на апошнім паседжаньні камісіі быў аб’яўлены парадак уводу ў дзеяньне таго пляну. Прачытаўшы яго, я адно хацеў згледзець позіркі Гілевіча і Дземянцея, які сядзеў побач і пад кіраўніцтвам якога, мабыць, тое і пісалася. Позіркі свае гэтыя людзі сарамліва патупілі, зразумела чаму. Кожнаму, хто хоць бегла зірнуў на той плян-расклад, рабілася зразумела, што пісаўся ён для адчэпнага, каб супакоіць «крыклівых» і асабліва БНФ, які на кожным мітынгу патрабаваў: мову!! Сапраўды, што карысьці ад пляну, які прадугледжвае штосьці на дзесяць гадоў, г. зн. нейкую меру па мове аднесьці на канец стагодзьдзя. Я ім сказаў, што да канца тысячагодзьдзя можа так стацца, што нікога з нас ня будзе на сьвеце, хто будзе выконваць тое фантазёрства? Яно забудзецца гэтаксама, як і прозьвішчы яго складальнікаў. Так яно і сталася.

Поделиться с друзьями: