Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
У нас да таго паставіліся няпэўна — некаторыя былі за, іншыя — супраць. Справа ў тым, што наш СП ніколі ня быў кансалідаваны ў палітычных стасунках, хіба толькі здаваўся такім. Сабраны зь пісьменьнікаў розных пакаленьняў, ён нёс на сабе ўсе родавыя адмеціны нядаўна пражытых часоў — старэйшыя былі болей кансэрватыўныя, шмат якія грунтоўна заангажаваныя рэжымам і цалкам сэрвільныя ў адносінах да ўлады. Спакваля, аднак, у СП папрыходзілі маладзейшыя, якія несьлі ў сабе пэўную апазыцыйнасьць да нядаўняга мінулага. Але была адна пазыцыя, дзе і тыя ды іншыя трымаліся амаль аднолькавых перакананьняў, гэта стаўленьне да нацыянальнай мовы. Мова гінула, а то быў сук, на якім трымалася ўся нацыянальная культура. Пісьменьнікі не маглі быць да таго абыякавыя, і шмат якія ініцыятывы звонку разглядалі ў сьвятле іхніх наступстваў у галіне мовы. Расейцы ў гэтым сэнсе, на жаль, не былі нашыя аднадумцы.
Апроч таго, у Расеі за часы перабудовы выплыла на паверхню шмат такога, чаго нельга было не спалохацца, чаго не прыкмячалася нават пры бальшавіцкім рэжыме. Нядаўнія апалягеты інтэрнацыяналізму ператвараліся ў зацятых абаронцаў уласнай культуры ад іншых народаў, якія «аб’ядалі Расею». Дэмакратыя ўсё ніяк не магла падняцца на ногі, у той час як нацыянал-бальшавізм пачаў шырока гойсаць па яе інтэлектуальных прасторах. Як заўжды, вольна пачуваў сябе антысэмітызм, асабліва на поўдні і ўсходзе Расеі. Быць разам у адным саюзе з расейскай дэмакратыяй было б няблага, але… Дзе гарантыя ўстойлівасьці тае дэмакратыі? Ці мог яе даць нават такі агульнапрызнаны майстра паэзіі і перакананы антыкамуніст, як Яўген Еўтушэнка?
Я паважаў Яўгена Аляксандравіча, як і шмат хто ў краіне, захапляўся ягонай паэзыяй, якая зрабілася знакавай у дысыдэнцкім супрацьстаяньні сталіншчыне і брэжнеўшчыне. У нас зь ім было некалькі сумесных паездак па краіне і за мяжу, дзе нашыя адносіны аформіліся ў добрае сяброўства. Памятаю, як мы трапілі ноччу на вясельле ў Ерэване, дзе Еўтушэнка сказаў тост у гонар мірнага суіснаваньня армянскага і турэцкага народаў, за які ледзьве не паплаціліся абодва. На практыцы гэта азначала: ня лезь са сваім статутам у чужы манастыр. Як мы ўваходзілі ў ягоны гатэльны нумар, працягваючы вольную бяседу, я засьцярожліва паказаў на столь, маўляў — змоўкнем. Яўген толькі засьмяяўся. Нашто, кажа, хай запішуць кожнае нашае слова — спатрэбіцца для нашчадкаў. Toe было праўда. Пройдзе небагата часу, і мы пераканаемся, што ня толькі рукапісы не гараць, але і сказанае застаецца. У тым ліку і схаванае ў сакрэтных аддзелах КДБ.
Абмеркаваньне на прэзыдыюме СП прывезенай Еўтушэнкам прапановы адбывалася вяла, ніякага рашэньня не было прынята. Хаця бальшыня з аб’яднаньнем не пагадзілася, я тады быў схільны аб’яднацца. Але час паказаў, што бальшыня мела рацыю. Неўзабаве СП СССР распаўся на некалькі пісьменьніцкіх саюзаў, некаторыя зь якіх набылі адметны антыдэмакратычны, праімпэрскі характар. У такой сытуацыі лепей было захаваць нэйтральнасьць і фармальную незалежнасьць.
Пасьля было яшчэ некалькі спробаў да аб’яднаньня з пэўнымі расейска-пісьменьніцкімі групоўкамі, ды і тыя скончыліся нязрушнасьцю нашай непадлегласьці. Гэта ці ня той рэдкі выпадак, калі палітычная індыфэрэнтнасьць пайшла на карысьць. Праўда, вытрымаўшы націск звонку, беларускі СП ня здолеў процістаяць паўзучай унутранай сіле разбурэньня. Праз кароткі час ён страціў сваю маёмасьць, сьціплыя фінансавыя сродкі і заняпаў арганізацыйна.
Але Бог не пакідае праведнікаў, а лёс часам дае ім птушыны хвосьцік надзеі.
У сьвеце даўно існаваў ПЭН-клюб (паэзія, эсэістыка, навэлістыка) — арганізацыя, якая за сваю амаль 80-гадовую дзейнасьць не была прызнаная савецкімі пісьменьнікамі, што бачылі яе як буржуазную. Але часы мяняліся, малатабоец-гісторыя кавала сваю лёгіку. Тая лёгіка прыводзіць да нечаканых высноваў. Частка расейскіх пісьменьнікаў адасобілася ад камунапатрыятычных СП і стварыла Расейскі ПЭН-цэнтар. Яго тагачасны кіраўнік Анатоль Рыбакоў па даручэньні міжнароднага ПЭНу патэлефанаваў мне ў Менск і перадаў прапанову стварыць беларускі ПЭН-цэнтар. Былі абумоўлены пачатковыя квоты — 20 сяброў зь ліку літаратараў, не ангажаваных у органы ўлады і камуністычную партыю. Я параіўся з Барадуліным, Разанавым, Някляевым і яшчэ некаторымі пісьменьнікамі. Мы склалі невялікі сьпіс і сабраліся на першы сход у Чырвоным касьцёле, адобрылі Статут міжнароднага ПЭНу, абралі кіраўніцтва. Першым прэзыдэнтам стаў Рыгор Барадулін, сакратаром (пасьля віцэ-прэзыдэнтам Карлас Шэрман. Новая пісьменьніцкая арганізацыя на той час ня мела ні памяшканьня, ні грошай, усё трэба было здабываць. Натуральна, ПЭН ня стаў зьвяртацца да ўлады, а найперш пачаў зарабляць папулярнасьць. Добрых публікацыяў для таго было недастаткова, спонсары, як заўжды, болей дбалі пра свае кашалькі, трэба было непасрэдна кантактаваць зь як мага большаю колькасьцю народу. Пачаліся выступы — у сталічных клюбах і з выездам на пэрыфэрыю. Паэты чыталі вершы, празаікі вялі палітыка-культурніцкія дыскусіі. Зацікаўленьне нацыянальнай публікі тады было велізарнае, Беларусь рыхтавалася да адраджэньня (якое, аднак, хутка згасла). Кіраўніцтва ПЭНу ў асобе Карласа Шэрмана наладзіла плённае супрацоўніцтва зь міжнароднымі гуманітарнымі арганізацыямі, нацыянальнымі ПЭН-цэнтрамі, фондам Сораса, пакуль яго не прагналі з краіны. Дзейнасьць ПЭНу значна абмяжоўвала статутнае патрабаваньне апалітычнасьці, якое сябры ПЭНу неяк навучыліся абыходзіць. Наша літаратура і палітыка традыцыйна былі зьвязаныя моцнай пупавінай, і тое няблага. Iншая справа, якая то палітыка. ПЭН-цэнтар у сваёй дзейнасьці імкнуўся праводзіць нацыянальна-дэмакратычную палітыку, скіраваную найперш на незалежнасьць і свабоду краіны. ПЭН-цэнтар стаўся саўтваральнікам такой важнай праваабарончай арганізацыі, як Хельсінкскі камітэт, дзе ягоныя сябры напачатку занялі ключавыя пасады. Да гонару ПЭНцэнтру як арганізацыі трэба зазначыць, што яна ці не адзіная ў краіне, якая за дзесяць год не зазнала расколу, захавала адзінства, у пяць разоў павялічыла свой склад і ў цяжкіх умовах нацыянальнай крызы прадаўжае кансалідаваць значную частку беларускай літаратуры.
117. Свабода
Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным сьвеце арганічнага існаваньня. Апроч хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітрасплецены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. I там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты біялягічнага існаваньня. Зрабіцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату — такім, як усе.
Але як быць асобе, калі яна выпадае з масы да сябе падобных, калі яна — творца, што дзеіць паводле ўнутраных імпульсаў самавыяўленьня? Як ёй пераадолець тую брутальную залежнасьць ад соцыюму, які нязьменна нівэлюе яе Богам дадзены дар? Ці, можа, ня трэба нічога пераадольваць, а падладзіцца, прыстасавацца, каб дамагчыся бесканфліктнага існаваньня? Дзясяткамі год у нашых вушах гучала нявольніцкая максіма: «Жить в обществе и быть свободным от общества нельзя». Сапраўды нельга, не дадуць, не дазволяць. Тыя, ад каго гэта залежыць, натхняюцца ня зманлівай ідэяй чалавечай свабоды, а рэальнай патрэбай прыгнёту і сілы. I праўда, яны валодаюць немалой сілай, бо яны — заўжды гурт.
Мабыць, сапраўды, каб выжыць, варта згуртавацца, што робяць шмат якія істоты ў жывой прыродзе. Асабліва калі гурт мае ідэю — малаважна якую, добрую ці благую. Часам ідэяй робіцца інстынкт нацыі ці клясы, ці якога гурта, і тады сьвет апынаецца перад імпэрскай, пралетарскай, нацысцкай ідэяй, якія заўжды каштуюць крыві. Апантаныя, так званыя папулісцкія ідэі каштуюць вялікай крыві і рэдка зьдзяйсьняюцца. Нават і сьвятая сярод іх ідэя свабоды.
Але ці дужа якая ідэя патрэбна творцу, калі ягоная душа ўжо захоплена ідэяй іншага кшталту — ідэяй праўды і прыгажосьці? Iншаму там месца няма, і ён — індывідуаліст.
Усё значнае ў мастацтве спрадвеку ствараецца на грунце індывідуалізму. Спробы заарганізаванай мастацкай творчасьці (тым болей літаратурнай) заўсёды зазнавалі фіяска. Творцы — аднаасобнікі, яны твораць штучны тавар. Творчы альянс двух, нават калі кожны зь іх геній, неверагодны. Толькі паасобку. Нават калі яны адзінадумцы, адзінаверцы, належаць да адной партыі. Калектыўны элемэнт у мастацтве мае несумненна дэструктыўны характар.
Праўда, наш час асаблівы — крывадушны і жорсткі, а што да мастацтва — разбуральны па сваёй сутнасьці, толькі мы яшчэ ня надта ўцямілі тое. Сучасная маскультура — не самаразьвіцьцё ранейшай, традыцыйнай культуры, як часам лічыцца, а контркультура. Таму цяпер у першую чаргу трэба клапаціцца не пра росквіт, а пра выжываньне і захаваньне таго лепшага з нацыянальнай і сусьветнай культуры, што гэтак брутальна бурыцца ўладай і часам. Пэўна, зрабіць тое лепей агулам. Але ці можна не разумець, што і бурыць таксама выгадна агулам — усё адразу. Так дзешавей для ўладаў, якія звыклі ўладарыць ня толькі над целамі, але і над душамі людзей. З тае мэтай у нядаўнім мінулым яны стварылі партыю, калгасы, гулаг, каб заграбсьці ўсіх адразу. I сагналі творцаў у «творчыя» саюзы, дзе ўзялі іх у «творчы» палон. Тое яны найбольш рабілі рукамі саміх жа творцаў зь ліку найбольш спрытных калябарантаў. Па прынцыпе колішняга самаабслугоўваньня: самі пішаце, самі сябе і саджайце.
Нашая літаратура быццам бы пакрысе выкараскваецца з таго інтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ належыць выбрацца нацыі. Свабода рабочых і сялянаў патрабуе, як кажуць, шмат валютных інвэстыцыяў, якіх у дзяржавы няма. Літаратуры ж ня надта патрэбны інвэстыцыі, але ёй патрэбна — свабода. Аднак інтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым свабода на карыстаньне зямлёй. Зрэшты, што да Беларусі, дык вынік аднолькавы — ні сяляне ня маюць зямлі, ні пісьменьнікі ня маюць свабоды. Хоць бы свабоды на родную мову. Нават на мяккі знак, каб ня корчыць язык у роце ад ненатуральнага, барбарскага вымаўленьня. Сапраўды, мова, паводле Генрыха Бёля, ёсьць апошняе апірышча свабоды.
Усё тое — непераможная сіла няволі, зь якой нацыя звыклася, параднілася, ад якой адступаць рызыкова. Як павінны ставіцца да таго творцы? Томас Венцлова, напрыклад, піша, што найвялікшы патрыятызм у тым, каб ваяваць з комплексамі сваёй нацыі. Гэта сказана ў дачыненьні да ня самай закамплексаванай нацыі, але тое праўда і, мабыць, адносіцца да ўсіх нацыяў без выключэньня.
Можна зразумець нашых калегаў, расейскіх дэмакратаў, якія нядаўна перажылі тое, што і мы, і цяпер памкнуліся да зманлівай, труднадасяжнай свабоды. Паяднаўшыся зь беларусамі, яны маюць намер набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кіруючыся ўсё той жа лёгікай — гуртам зручней. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калі ня маеш моцы яго спыніць. Ці маюць моц нашы расейскія калегі годна распарадзіцца хоць бы ўласнай свабодай? Ці ня болей рэальнай для іх і для нас застаецца рызыка страціць усё? Дзе гарантыя таго, што іхняя свабода дасягнута цалкам і назаўжды? Надта тое сумніўна ў краіне, дзе не спыняюцца ганебныя войны, усюды ліецца кроў, нішчыцца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай ідэяй робіцца ўсё той жа нацыянал-імпэрыялізм.