Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Бургаская дывізія таксама доўга не ўтрымалася на месцы — пачала грузіцца ў вагоны для адпраўкі ў Саюз.
Увогуле, у Саюз мы ўвесь час імкнуліся. «Дамоў», — было ва ўсіх на языку, хоць і любілі Балгарыю, хоць і неблагая тут была жытка. Але доўгая ростань з роднымі, з Радзімай ужо станавілася нясьцерпнай. Цяпер мы ехалі дамоў. Толькі надта вялікі быў наш «дом», і шанец трапіць мне ў маю Беларусь быў мізэрны. Тое не магло не засмучаць.
Нядоўгае чыгуначнае падарожжа скончылася на прыгранічнай станцыі Унгены, пад якой нашая дывізія стаяла ў абароне ўлетку 44-га і якую затым бралі. Якраз выгрузіліся і на сваім гужавым транспарце паехалі цераз Малдову на ўсход. Праяжджалі знаёмыя месцы. І тую вёску, куды мы з НП з камандзірам палку хадзілі ў самаволку, і тую вышыню, за якую полк біўся ўсю вясну 44-га. Але які жах быў перад намі! Скрозь ляжалі чорныя палі, палеткі не былі засеяныя, усё спляжыла другая запар засуха. Сёлы стаялі пустыя, ратуючыся ад голаду, людзі падаліся хто куды: на поўнач, у Букавіну, на Украіну. Мы ўсе панылі, прадчуваючы кепскае.
Перайшлі Днестр і спыніліся на станцыі Кодыма Адэскай вобласьці. Тут належала расфармавацца, здаць людзей, тэхніку, майно і атрымаць новае прызначэньне. Нямногія з нас, маладых афіцэраў, прагнулі тых прызначэньняў, — мы хацелі дэмабілізавацца і пачаць новае, цывільнае жыцьцё. Але ў нас не пыталіся. Усё вырашалі за нас вышэй, адпаведна зь яшчэ больш высокімі загадамі.
Клопату ў Кадыме было няшмат, заняткаў амаль не праводзілі. Хапала вольнага часу, толькі зусім не было грошай. Яшчэ ў вайну я паслаў бацькам атэстат на 600 рублёў, сабе засталіся нейкія рублі. Але гэта тады ў вайну і за мяжой. Тут жа, на радзіме, права на тыя дадатковыя грошы я страціў.
А ў станцыйным буфэце між тым прадавалі віно і напоі. І заўжды былі на закусь бутэрброды з чырвонай ікрой. Каб грошы… А ўвогуле, жытка тут ня тое, што ў Балгарыі: усё па картках, на кірмашы — дарагоўля. Нас, вядома, кармілі. Але заўжды былі мы галодныя — і афіцэры, і салдаты. Дужа хацелася дамоў — у адпачынак, якога ніхто з нас ня меў, ці назусім. Тады я падаў ці не другі рапарт на дэмабілізацыю. Але адказу — ніякага.
Напачатку лета атрымаў прызначэньне ў стралковы полк, які кватараваў у Нікалаеве.
Прыехаў у гэты вядомы на поўдні горад, які мне ўвогуле спадабаўся. Казармы яшчэ старой, царскай будоўлі, у цэнтры гораду. Побач зьліваюцца дзьве ракі. Адносна зялёныя вуліцы. Адно кепска — полк за Бугам, у стэпе ў лягерах. Каля вёскі Цярноўка.
Зноў, як і колісь, трапіў у палкавую батарэю 45-мілімэтровых гарматаў. Адразу — на заняткі ў стэп. Сьпёка, пыл, вецер. Жылі ў палатках. Скрозь усё пакрыта пяском і пылам: коўдра і падушкі на ложках, сталы і посуд у сталоўцы. Ценю ў лягеры няма ніякага. Неўзабаве стаў, як і ўсе — загарэлы, аж аблупілася скура на носе.
Бясконца марыў пра Беларусь, нашыя палі і пашы, лясы і гайкі. Дрэвы! Вязы, клёны на падворках, бярозкі. І дубы. І хваёвыя бары, пошум якіх зь дзяцінства стаяў увушшу. А азёры! Маё зь дзяцінства Белякоўскае возера жыло ў маёй душы, прыходзіла ў снах… А прачнуўшыся, бачыў зусім іншае. Найперш пясок на зубах, сухавей у стэпе. Ссохлая трава навакол, хамлакі палыну. Адно прывабнае месца было адразу за лягерам — бераг Бугу. Але туды не падступіся: ганяе начальства. Ды і заняткі. Ад штабу відаць усё вучэбнае поле — хто дзе займаецца. Хіба калі тактыка. Тады можна адысьціся далей.
І я адышоўся. Заняткаў было да самага абеду, справіліся трохі раней. Заставалася якая гадзіна часу, і памкамузвод кажа: а давайце пакупаемся, таварыш лейтэнант. Кажу: ладна, толькі нядоўга. Сам сеў над абрывам, салдаты распрануліся і — у ваду. Трохі пабоўталіся. Даў каманду заканчваць. Вылезьлі, апрануліся. А адзін камплект абмундзіроўкі ляжыць на пляжы. Дзе? Хто?
Хутка вызначылася — хто.
Пачалі шукаць у вадзе — знайшлі. Але ўжо тапелец. Хлопец з Заходняй Беларусі. Чаму і як — ніхто не заўважыў.
Далажыў начальству. Тапельца адвезьлі ў горад, у шпіталь на ўскрыцьце. Мяне пачалі цягаць па начальстве: чаму дазволіў купацца?
Празь дзён тры камандзір батарэі адправіў з фурманкай на пахаваньне. Змайстравалі труну, усё зрабілі, як мае быць. Выкапалі магілу на гарадзкіх могілках. Пахавалі. Памкамузводу асабліва перажываў — то быў ягоны зямляк. Пасьля паховінаў кажа: давайце памянем бедалагу, у мяне во трохі грошай ёсьць. Зьбегаў ён у закусачную, купіў дзьве бутэлькі «Горнага дубняку», нейкую закусь. Селі мы на старых могілках пад акацыямі і выпілі той напой. Пасядзелі. Вяртацца ў наш лягер было ранавата, некаторыя расьцягнуліся ў засені, падрамалі. Калі сонца апусьцілася, я падаў каманду «Пад’ём». Усталі, пачалі строіцца. Аднаго няма.
Шукалі, крычалі, бегалі па вуліцы, пыталіся прахожых — ніхто нікога ня бачыў. Зьнік чалавек.
Праклінаючы ўсё на сьвеце, павёў строй у полк.
Не хапіла духу далажыць камбату, што прапаў салдат. Думаў: далажу заўтра, усё роўна вечар, вячэра і адбой. Аж уначы выклікае камандзір палку. Мяне і камбата. Прыйшлі да яго ў палатку. Палкоўнік сьвірэпы, як тыгр. Камбат не разумее, у чым справа. А я разумею, але маўчу. Толькі думаю: адкуль яму ўначы стала вядома пра маю бяду? Наіўны я быў яшчэ хлопец. Толькі споўнілася 22 гады.
З тае палкоўнікавай палаткі адправіўся на гарнізонную гаўптвахту.
Першую за маю нядоўгую службу.
А салдат назаўтра прыйшоў на абед.
Аказваецца, так добра заснуў, што праспаў амаль суткі. Казаў, спаў бы і болей, ды захацеў есьці.
Мне ж усё роўна трэба было адбыць пяць сутак.
Парадкі на гаўптвахце былі жорсткія, зусім турэмныя. Арыштаваныя жылі напаўгалодныя, у цесных камэрах. Трэба было яшчэ выконваць рэжым. У 5 гадзінаў быў пад’ём, канваіры забіралі тапчаны — каб ня спалі. А каб не ляжалі на бэтоннай падлозе, налівалі на яе 2–3 вядры вады. Добра, аднак, што не было сумна. У камэрах сядзела па пяць-шэсьць афіцэраў, якія ўвесь час «травілі», размаўлялі. І ня толькі размаўлялі. З волі знаходзілі спосаб перадаць бутэльку, і тады тайком выпівалі. Але начальнік гаўптвахты быў чысты зьвер — здавалася, ён усё жыцьцё ненавідзеў афіцэраў і помсьціў ім за штосьці.
Вярнуўшыся з гаўптвахты, я падаў чарговы рапарт на дэмабілізацыю.
Самае горкае становішча ў вайсковай службе — апынуцца ў адзіноце, страціць сувязь зь сябрамі, быць вырваным са звыклага сяброўскага асяродзьдзя. Шчасьлівыя тыя людзі, што праваявалі ўсе гады вайны ў адной часьці, не апыналіся, як я, кожны раз у якасьці новенькага, чужога. І ўжо шчасьцем было спаткаць на вайсковых дарогах старога сябра. Выпадкам у Нікалаеве я сустрэў Вальку Бахцігозіна, аказваецца, ён служыў у артпалку гэтай жа дывізіі. І ўсё быў малодшым лейтэнантам. Не шанцавала Вальку на службе. Мабыць, як і мне таксама.
Увосень я захварэў на дызэнтэрыю і трапіў у шпіталь. Хвароба гэта, як вядома, ня надта цяжкая, але даволі дакучлівая, трэба выконваць дыету, прыймаць нейкія лекі. Сьпярша было нават прыемна — адпачыць ад прыгнёту службы, заняткаў, пастраеньняў, парадаў. Нават ад арганізаваных паводле плянаў нампалітаў выхадных дзён. Ад выводак конскага саставу, якія выматвалі сілы ў салдатаў і афіцэраў. Але шпітальнае жыцьцё хутка і надакучвала — найперш адсутнасьцю волі. Так хацелася проста выйсьці за агароджу, на гарадзкія вуліцы. А нельга ў шпітальным халаце, тапках.