ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Выпісаўся акурат перад восеньскай інспэктарскай праверкай.

На праверку прыехаў са штабам камандуючы Адэскай акругай маршал Жукаў. Пастроілі афіцэраў палку. Далажылі. Выйшаў, стаў перад строем — каржакаваты, у шынялі, са строгім тварам. І загадаў — усіх у фізгарадок. Прывялі, перастроілі ў калёну па два. Загадаў: на «каня» — наперад! Адзін за адным пабеглі. Мала хто пераскокваў, большасьць не магла. Яно і зразумела: афіцэры былі розныя — маладыя і гадоў пад пяцьдзясят. Жукаў загадаў: хто пераскочыў — вольныя, астатніх трэніраваць і пасьля далажыць. Адбэсьціў нас усіх: «Зажрались, разжирели!.. Вот смотрите, как надо!». Падагнуў полы шынялю, коратка разьбегся і гоп — пераскочыў.

Мы засталіся, ашаломленыя зласьлівасьцю знакамітага палкаводца сталінскай школы.

Полк перабраўся на зімовыя кватэры — у гарадзкія казармы. Трэба было шукаць якое жытло ў горадзе. У часьці нікому кватэр не давалі. Я перанёс свой мяшэчак да Валькі, які яшчэ раней кватараваў за паркам імя Пятроўскага. Гаспадыняй кватэры была старая сівенькая бабка ды бабчын кот. Яна папрасіла ў нас ня грошай — прасіла: можа б прывезьлі якога паліва. Мы бадзёра абяцалі, хоць ведалі добра — дзе мы яго возьмем, тое паліва? Так і жылі ў сьцюдзёнай бабчынай хатцы, накрываліся салдацкімі коўдрамі, шынялямі і плашч-палаткамі. Саграваліся лепш на вуліцы, хуткім крокам па дарозе ў казармы. Па-ранейшаму было галаднавата, грошай амаль не было зусім. Да новага, 1947 году ўвесь мой заробак пераводзіўся на атэстат, які я не хацеў адклікаць. Неяк перабіваўся на надзённым пайку. Пасьля новага году стаў атрымліваць свае 650 рублёў у месяц.

Між тым у паўднёвым горадзе Нікалаеве буяў бандытызм. Былі выпадкі нападу бандаў на каравул пры складах. Ноччу рабавалі запазьнелых прахожых і афіцэраў. Асабліва ў раёне Пятроўскага парку. Аднойчы камандзір роты суседняга палку, позна вяртаючыся са службы, прыхапіў з сабой свой ТТ, і як яго спынілі двое, патрабаваўшы зьняць боты, стрэліў і забіў аднаго. Афіцэра судзілі і далі шэсьць гадоў за забойства. Такое было заканадаўства — у інтарэсах крымінальных элемэнтаў, як і заўжды, дарэчы. Пасьля таго выпадку забаранілі даваць афіцэрам іх зброю. Хай лепш зьдзіраюць боты.

А зьдзіралі доўга яшчэ. Беспакарана.

У лютым нечакана мне далі адпачынак. Выправіў дакумэнты і кінуўся на вакзал. (Там сустрэў колішняга вучылішчнага выкладчыка тапаграфіі Рамественскага.) Валька зьезьдзіў у свой Ачынск, здаецца, раней за мяне.

Дабіраўся зь перасадкамі: у жахлівым Харкаве, Вільнюсе. І вось на золаку зьлез з цягніку ў Падсьвільлі, дзе працавала рахункаводам сястра Валя. Знайшоў яе ў нейкай раённай установе. Разам зь сяброўкай яна начавала на сталах у той жа ўстанове. Былі сьлёзы і радасьць сустрэчы. Удзень мы пехатой выбраліся цераз лес і балота да Кублічаў. Трохі падвезьлі на санях лесанарыхтоўшчыкі. А каля Кублічаў сустрэла стрыечная сястра Жэня, паклалі на яе сані мой няцяжкі ўвогуле, але надаедны чамадан.

Дома ўсё аказалася такім, якім я пакінуў гадоў 7 таму.

Вёска неяк убераглася ад разгрому. Маці пастарэла дужа, бацька таксама. Затое падрос брат Мікола. Удвох зь ім мы зьезьдзілі ў Гаі, сьсеклі і прывезьлі сухадрэвіну на дровы. Жыцьцё тут было да жаху беднае, каровы не было. Бацька хадзіў прасіць паўлітра малака ў брыгадзіра — для афіцэра Чырвонай арміі. Гадавалася малое парасё, якога вырашылі прырэзаць з нагоды госьця. Каб хоць заскварыць булён. Расказвалі пра вайну, што давялося перажыць. Страху натрываліся даволі і за сябе, і за сына, ад якога не было ні слыху, ні духу. А затым па вызваленьні ў 44-м прыйшла «пахаронка». Добра, што тут жа прыйшоў ад мяне ліст. Сястру Валю немцы вывозілі ў Германію, ды яна ўцякла — саскочыла з цягніку. Пасьля былі нямецкія аблавы, у часе адной зь якіх яе выдала стрыечная сястра. Схавалася была ў кусьце каля сажалкі, а тая паказала немцу. З зайздрасьці, што ўратуецца.

Хлеба не было, бульбы таксама. Успамінаючы, аднак, вайну, казалі: затое тады ад’еліся. І хлеба было, і да хлеба. Калгасы распусьцілі, абраблялі свае надзелы. Было і немцам, і партызанам, і сабе заставалася. Ня тое, што ў калгасах… Ды мінулася тое. Цяпер зноў калгас.

Сябры дзяцінства былі дзе хто. Некаторыя маладзейшыя яшчэ служылі. Некаторыя пагінулі ці зьніклі за вайну. Настаўнікі таксама. Ды і настаўніцы. Мястэчка Кублічы, ладнае такое, старажытнае мястэчка, было панішчана дашчэнту, засталося некалькі хат. Усё яўрэйскае насельніцтва знайшло свой канец яшчэ ў верасьні 41-га году каля Ушацкіх могілак, у агульнай яме.

Увечары прыходзілі да мяне старэйшыя аднавяскоўцы, расказвалі пра свае партызанскія жахі. Жахі блякады. Жахі пераходу фронту, як іх бяззбройнымі калонамі пасылалі празь Віцебскія вароты па зброю. Пра тое расказваў Азевіч Дзям’ян, сын «ворага народу».

Маці падумала схадзіць у свой родны Завулак пазнаёміць мяне са сваім братам Лявонам і яго сям’ёй. Першы раз у жыцьці перайшлі зь ёй былую дзяржаўную мяжу, лесам, каля спаленай Асінаўкі выйшлі да спаленага Завулку. Дзядзька Лявон зь немалой сям’ёй жыў у асеці. Там мы з маці і гасьцявалі дзень. Адзін сын дзядзькі Лявона загінуў пад Кёнігсбэргам, другі яшчэ служыў у войску. А дзядзька Лявон, аднавокі вясёлы чалавек, як і ўсё жыцьцё, лавіў рыбу. З таго і жылі.

Трэба было зрабіць адзнаку ў ваенкамаце аб прыезьдзе і выезьдзе, таму паехаў у Вушачу. Там спаткаў сябра дзяцінства Мішу, які працаваў загадчыкам парткабінэту, а жанаты быў з маёй аднаклясьніцай Сімай. Ён нядаўна дэмабілізаваўся і цалкам ужо ўвайшоў у грамадзянскае жыцьцё. І, вядома, быў членам ВКП(б). У Мішы і Сімы я добра пачаставаўся самагонам і пайшоў дадому. Ішоў доўга. Сьпярша па саннай дарозе, пасьля з Селішчаў па цаліку. Ледзьве дабрыў.

Некалькі разоў падаў, але, паляжаўшы, уставаў. Баяўся замерзнуць.

Няласкава сустрэла мяне радзіма Беларусь, але дужа не хацелася ад’яжджаць на далёкі апрыклы поўдзень. Ды мусіў. Нічога нельга было зрабіць па сваёй волі, усё маё жыцьцё падлягала волі чужой. Дзяржаўнай. І не было каму скардзіцца, да каго апеляваць.

На тлумных, набітых пасажырамі цягніках неяк дабраўся да Нікалаева. Урэзаў свой водпуск дні на тры — каб не спазьніцца ў часьць. За спазьненьне дужа ўшчувалі. А я і так быў ня самы ўзорны ўзводны. Прыехаўшы, адразу падаў рапарт на дэмабілізацыю. І тут жа атрымаў адмову. Трэба служыць, мацаваць абароназдольнасьць Радзімы, у чым і заключаецца абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Дзякуй за тлумачэньне, думаў я, пакідаючы кабінэт начальніка аддзелу кадраў дывізіі. Мацуем, аж уваччу цёмна.

Вясной зноў пярэбары ў надакучлівы, пракляты лягер пад Цярноўкай. Уся мая душа пратэставала супраць бязмозглых армейскіх парадкаў, камандзірскай дэспатыі, улады паліторганаў, якая пасьля вайны ўсё болей убіралася ў сілу. Пасьля зімовага водпуску я, здаецца, абсьмірэў, мабыць, рашыў, што па-добраму з войска ня вырвацца. Думаў, як быць далей. Менавіта ў той час да мяне пачалі пад’язжджаць: уступай у партыю. Хоць малады, але франтавік і г. д. А мне ўжо абрыдзеў нават камсамол зь яго нуднымі папяровымі справамі, фармальнымі сходамі, усёй яго дзелавой нікчэмнасьцю. Я, колькі можна было, аднекваўся. Але ўрэшце парторг загнаў у кут: дамовіўся, рэкамэндацыю дадуць. Ужо і далі. Што ж, напісаў заяву. На сходзе пярвічнай нават прынялі. І я думаў: здаецца, папаўся, што было рабіць?

Але душа мая пратэставала, не згаджалася. Адчуваў: прымуць у партыю — з арміі ня вырвуся. А я не хацеў служыць ні аднаго дня.

І тут у канцы красавіка — загад аб дэмабілізацыі вялікай групы афіцэраў. І Быкава ў тым ліку.

Я кінуўся ў штаб, з абхадным лістом аббегаў службы.

Хутчэй-хутчэй, пакуль не затрымалі тыя… Бо ўжо засталася толькі парткамісыя пры дывізіі… Але я адчуў волю, да якой імкнуўся і апроч якой у мяне нічога не было ні ў душы, ні ў сэрцы.

У Дзень перамогі 9 мая 1947 году шчасьлівы і вольны ехаў цягніком з Харкаву ў Менск. Будучае ўяўлялася дужа няпэўна. Канешне, да бацькоў у галодны, разбураны край ехаць ня мела сэнсу. Якой хлебнай спэцыяльнасьці таксама ня меў. Думаў, можа ўдасца паступіць вучыцца ў тое ж мастацкае вучылішча? Дачуўся, што ў Менску жыве колішні наш дырэктар мастак І. Ахрэмчык. У паўразбураным горадзе адшукаў Саюз мастакоў, сказалі, Ахрэмчык будзе пасьля абеду. Пасоваўся па горадзе, пасядзеў на лаўцы ў сквэры. А надвячоркам і праўда пабачыў Ахрэмчыка.

Поделиться с друзьями: