ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пад вечар, як трохі сьціхла, камандзір гарматы сяржант Сьвінцоў кажа: трэба схадзіць на КП батальёну, падаць заяўку на падбіты танк (такі быў парадак). А я быў змораны, знэрваваны, ды і танкі стралялі яшчэ. Кажу: схаджу потым.

А як пайшоў уначы дакладваць пра бой камандзіру батальёну, той, выслухаўшы, кажа: «Ну во, ужо трэці падае заяўку. На адзін танк. Я яго яшчэ раніцай аформіў на маіх мінамётчыкаў».

Так я і вярнуўся з дуляй. А Сьвінцоў кажа: «Умей падбіць, але ўмей і далажыць. У час».

Што праўда, то праўда.

Той ранак застаў нас каля мэліярацыйнага каналу, дзе мы ўчора і спыніліся.

Але пяхота ноччу разьведала, што немцы адышлі з паселішча, і яна хутка заняла яго. Як разьвіднела, мы таксама падагналі коней і пераехалі невялікае сяльцо Таг. Па той яго бок было шырокае, бясьсьнежнае яшчэ, але ўжо ўмерзлае поле. Там заляглі ротныя ланцугі. Мы трохі ад’ехалі ад дарогі і адчапілі ад перадку гармату. Толькі пачалі яе акопваць, як наперадзе загрымела… Наўкось цераз дарогу ішлі танкі.

Танкаў было няшмат, можа сем ці дзесяць, і мы ня дужа сьпяшаліся.

Яны спыніліся перад батальёнам і пачалі мэтадычна расстрэльваць адзіночныя акопчыкі. Мабыць, снарадаў у іх было багата.

Мая саракапятка адкрыла агонь. Наводчык Пронін быў неблагі артылерыст, але ўсё ж адлегласьць была велікаватая для нашай гарматы. Лежачы крокаў празь пятнаццаць ад яе, я назіраў у бінокль. Трасэры бранябойных недзе там ля танку рыкашэцілі і адляталі ў хмарнае неба. Відавочна сьпярша танк нас не заўважыў, але вось прыкмецілі. У бінокль я згледзеў, як той бліжэйшы ад дарогі танк пачаў паварочваць гармату — у наш бок. Я закрычаў наводчыку, каб ён хутчэй, каб апярэдзіў ягоны стрэл, замахаў рукой, каб зразумеў камандзір Сьвінцоў. Аднак наводчык не пасьпеў. Перада мной грымнула, акаціла мяне гарачым паветрам і зямлёй, сыпанула камякамі… Дужа запякло руку. Зірнуўшы на правую кісьць, я ўбачыў кроў, якая лілася па рукаве, па пальцах… «Агонь, Пронін, агонь». Пронін яшчэ двойчы стрэліў, ды марна, снарады той танк ня бралі — было далёка. За час гэтай калатнечы мы, аднак, перасталі пазіраць у бок, дзе за прыдарожным кустоўем, аказваецца, паявіўся і яшчэ адзін танк. Мы адчулі ягоную там прысутнасьць, як ён урэзаў па нас з кулямёту. Людзі за гарматкай пападалі ніц, Сьвінцову прастрэліла плячо, двух забіла паміж станінаў.

З адной рукой я быў не ваяк, і, пакінуўшы ля гарматы Закірава, папоўз у тыл. Бой на полі неяк сьціхаў.

Там ля дарогі ў пасадцы, дзе быў перадок з коньмі, мяне перавязалі. Далейшы мой шлях быў у паселішча, дзе я знайшоў палкавую санчасьць.

Начальнік санчасьці выцягнуў з рукі даволі вялікі востры асколак і выпісаў накіраваньне ў шпіталь. Сказаў, што раненьне не цяжкое, але гэтыя косьці — зь імі заўжды невядома як будзе. Але адправіцца ў шпіталь пакуль было неяк — не было транспарту, і я, люляючы маю лялькуруку ад болю, прабыў ноч у мадзярскім доме. Дачка гаспадара карміла мяне, а пасьля малявала спрытныя дзявочыя фігуркі — такія, як у часопісах мод. Аказваецца, яна працавала мастаком-мадэльерам у Будапэшце.

Раніцай на грузавой машыне з групай параненых я паехаў па знаёмай дарозе на поўдзень.

Нас прывезьлі ў невялікі гарадок Сэксард, дзе на цэнтральнай вуліцы быў гатэль, які занялі пад шпіталь. Пасьля памыўкі абмундзіроўку пакінулі, у якой мы былі. Я быў апрануты ў жоўтую венгерскую скуранку, з пілоткай на галаве. Быў у мяне і прыхаваны пісталет — нямецкі «вальтэр»: штатны ТТ змушаны быў здаць у палкавой санчасьці. Пасьля перавязкі атрымаў месца — у аднамесным нумары таго гатэлю-шпіталю. Але ложак ужо быў заняты афіцэрам, параненым у сківіцу. Галава і твар яго былі абматаныя бінтамі, і ён выглядаў, бы касманаўт у шпіталі.

Доктаркі былі дзьве, маладыя жанчыны, мяне лячыла маладзейшая, ардынатар. Пасьля рэнтгену аказалася, што між фалангамі ў ране ёсьць яшчэ невялікі асколак, і яна, расьсекшы ранку, выняла яго. Яшчэ меншы асколачак, аднак, застаўся ў руцэ назаўсёды.

Гэты шпіталь быў нібы дом адпачынку, тое, што балела рука, было не ў залік. Я навучыўся ўпраўляцца адной. Прыгожы невялічкі гарадок вабіў утульнасьцю сваіх цэнтральных вулічак з фантанамі і мармуровай скульптурай. Там жа быў рэстаран, дзе нас абслугоўваў вёрткі, цыганістага выгляду, гарсон. На фасадах дамоў бялелі і чырванелі аб’явы з заклікам уступаць у венгерскую камуністычную партыю. А на гары за горадам, сярод вінаграднікаў былі вінныя сутарэньні, поўныя віна ў прастрэленых вялізных бочках. Віно па канавах цякло аж да гораду: наш брат-вызваліцель не цырымоніўся з буржуямі.

Параненыя са шпіталю пратапталі на тыя сутарэньні сваю сьцежку. Пару разоў схадзіў і я з аплеценым бутлем. Але другі раз мне не пашэньціла: у двары шпіталю мяне затрымаў нампаліт, адабраў бутлю і мой «вальтэр», якога мне было шкада і які мне неўзабаве дужа спатрэбіўся б.

Калі-нікалі мы пачалі наведваць сядзібы багацейшых мадзяраў, — проста так, дзеля знаёмства. Дзеля пачастунку. Венгры заўжды частавалі гасьцей-заваёўнікаў. Тады яшчэ яны не называлі нас вызваліцелямі.

Мы выбралі той раз прыстойны катэдж на краі гораду, зайшлі. Гаспадары адразу пасадзілі нас за столік, нарэзалі каўбас, вяндліны. Гаспадар прынёс невялічкі графінчык чагось рудога. Мы думалі, віно, і пашкадавалі, што так мала. Аднак выпіўшы па тры-чатыры чаркі, зразумелі: э, нешта ня тое… Аказалася, то быў каньяк, які я тады пакаштаваў упершыню ў жыцьці. Гаспадар, які аказаўся мясцовым банкірам, трохі гаварыў па-руску. Тады ён сказаў нам тое, што нас амаль абурыла (асабліва майго напарніка-сібірака): — Фашызм і камунізм — два канцы, адна палка.

Тое я моцна запомніў, хоць сьпярша і быў зь ім нязгодны.

У шпіталі, вядома, былі маладзенькія сёстры, а таксама параненыя вайсковыя дзяўчаты. Мне прыглянулася адна з фізыятэрапіі: статная, з кароткай стрыжкай (пасьля тыфу) бляндынка Галя, некалькі разоў я праводзіў яе са шпіталю да кватэры, дзе яна жыла. Пазнаёміўся яшчэ з Валяй, лейтэнантам мэдслужбы з нашай 4-й арміі. Зь імі і яшчэ з некалькімі параненымі афіцэрамі мы сустрэлі новы 1945 год. Выпілі трохі віна, памарылі пра будучае.

А тое будучае неўзабаве паднесла нам сюрпрыз. Адразу пасьля новага году немцы вялікімі сіламі прарвалі наш фронт. Сексард апынуўся пад пагрозай захопу. Параненыя былі ноччу паднятыя па трывозе, тых, што не маглі хадзіць, уладкавалі на які-колечы транспарт, а хадзячых адправілі сваім ходам.

Пісталет мне мой не аддалі, далі кавалерыйскую шаблю, і мы праз завею рушылі на поўдзень… Я ішоў з Галяй, разам зь яшчэ некалькімі параненымі. Тую ноч, а затым і дзень мы шмат перажылі і шмат перагаварылі. Цераз Дунай перапраўляліся пехатой па крыгах, ледзьве не патанулі. Затым сушыліся на левым беразе каля Баі, зноў ішлі і ехалі да Сегеда, куды эвакуяваўся ўвесь наш шпіталь. Там я нядоўга далечваўся…

У канцы студзеня мяне выпісалі са шпіталю і накіравалі ў аддзел кадраў арміі, які знаходзіўся ў Дунайварашы. Па дарозе я завітаў у ранейшы шпіталь, які ўжо быў у новым месцы пад Будапэштам, коратка пабачыўся з Галяй. Сумнае было тое спатканьне. І апошняе. У Венгрыі пад Балатонам ішлі лютыя баі, туды кідалі ўсё, што было на нашым фронце. Фронт пасьпяхова перамолваў і людскія рэсурсы.

Болей Галю я ўжо ніколі ня бачыў.

У аддзеле кадраў артылерыі мне далі накіраваньне ў 10-ю супрацьтанкавую брыгаду, якая была на фарміроўцы па той бок Дунаю. Мне гэта падабалася, бо дужа ўжо апрыкла ваяваць у пяхоце. У брыгаду я ішоў яшчэ з двума лейтэнантамі — Івановым і Ражковым. Тыя, наадварот, — былі дужа засмучаныя, бо разьлічвалі на пасады ў карпусной артылерыі — па спэцыяльнасьці. Абодва яны толькі што адбылі свой тэрмін у штурмбаце, куды трапілі як акружэнцы, што прыжыліся на Адэшчыне пасьля летняга разгрому ў 41-м годзе. Я іх супакойваў. Мне здавалася, што пасьля пяхоты горш ня можа быць. Зрэшты, для мяне і не было. У іх жа, канешне, тое прызначэньне ў супрацьтанкавую артылерыю выклікала расчараваньне.

10-я зьнішчальна-супрацьтанкавая брыгада была кінутая ў студзеньскіх баях насустрач нямецкім танкавым дывізіям пад Балатон і амаль уся там засталася. Рэшту афіцэраў і салдатаў вывелі недалёка ў тыл і там хутка папаўнялі. Нас трох разьмеркавалі па батарэях. Я трапіў у 2-ю батарэю старшага лейтэнанта Ахрына. Яшчэ ў батарэі быў лейтэнант Борматаў і лейтэнант Калегаў. Камандзір палку падпалкоўнік Аўчароў сьпярша загадаў мне зьняць маю белую кубанку, якую я сабе справіў у Сегедзе, надзець армейскую шапку. У палку (1245 ПТАП) кожны дзень ішлі заняткі, звычайная служба. Аднойчы, калі я быў у каравуле, здарыўся пажар, я тушыў яго і спаліў полы свайго шынялю. Нарэшце атрымалі гарматы 76-мм ЗІС-3, якія ня дужа былі здатныя для вайны супраць танкаў. Але я быў рады: у параўнаньні з маімі ранейшымі саракапяткамі гэтыя здаваліся сілай. У канцы лютага мы выехалі на фронт, які быў недалёка, кілямэтраў праз пяцьдзясят. Гарматы цягнулі магутныя амэрыканскія «студэбэкеры», і я дужа радаваўся.

Поделиться с друзьями: