Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Сьпярша займалі ПТОРы, дзе-небудзь за пяхотай, але не на перадку. Акопвалі гарматы, маскавалі і чакалі, калі будзе прарыў нямецкіх танкаў. У нашай батарэі аказалася тры гарматы, якія камбат падзяліў так: дзьве гарматы Борматаву і адну — Быкаву. (Зноў, значыць, з адной гарматай.) Але з таго я не сумаваў. У разьліку было некалькі чалавек зь Беларусі (Заходняй), а камандаваў ім старшына Лук’янчанка, стары салдат з трыма ордэнамі. Ён звыкла клапаціўся пра ўсё.
Карміліся вельмі добра, зь мясам, часьцяком і зь віном, — пра тое дбаў старшына батарэі Жараў. Калі было ціха, наведваліся ў бліжняе венгерскае паселішча, які фальварак. Вячэралі і распытвалі мадзяраў пра іх аднаасобную жытку, параўноўвалі з савецкай, калгаснай. Тое параўнаньне, вядома, было ня ў нашу карысьць. Добра, заможна і культурна жылі венгры, было даволі і хлеба, і мяса. З агародніны і садавіны нічога ў іх не прападала. Усё перапрацоўвалі і захоўвалі ў скляпах і сутарэньнях, звычайна скрозь застаўленых слоікамі, гаршкамі і бутэлькамі. Неяк сядзелі, як бамбілі фальварак, елі і пілі ў тым склепе, і хтось пажартаваў: хай бы яны (немцы) бамбілі хоць тыдзень. Харчу і пітва хапала…
Часам на батарэю прыходзіў камсорг палку. Павячэрае з камбатам, вып’е. Зойдзе на агнявыя. «Ну як вы?» Нічога.
Праверыць планы камсамольскай работы. Баявы лісток. Вельмі клапаціўся, каб гэты блянк баявога лістка быў запоўнены. І пойдзе. Канешне, у тыл, дзе болей спакойна і бліжэй начальства.
У баі мы яго ніколі ня бачылі.
Ды і што яму рабіць у баі?
Звычайна, калі была вольная часіна, я маляваў у невялічкім альбомчыку, алоўкам. Так, замалёўкі быту, партрэты-профілі салдат, пейзажы. Апошні малюнак зрабіў на гэтай агнявой. Там ён і застаўся.
Сьнег ужо растаў, поле было голае, чорнае, мы як заўжды займалі ПТОР. Перадавая пяхота была кілямэтры праз тры наперадзе. Я прачнуўся ў бліндажы на золку ад страшэннага грукату, грому, — выскачыў да гарматы, дзе ўсё раўло, і праз дым пырскалі іскры полымя. На нас накіравалі «мэсэршміты»: з кулямётаў яны стралялі па агнявых пазыцыях, запалілі скрынку з сыгнальнымі ракетамі, і тыя гарэлі, разьлятаючыся ва ўсе бакі. Уся агнявая была ў дыме. Мы кінуліся тушыць пажар, а ў той час за дарогай поўз густы танкавы грукат. Стрэлы і выбухі скаланалі зямлю ва ўсіх напрамках, цяжка было зразумець, што адбываецца. Дым і пажар на нашай агнявой, аднак, уратавалі нас, бо за той час за дарогай прайшла калёна нямецкіх танкаў, якая зьлізала зь зямлі ўсю нашую артылерыю і пяхоту. Нашая другая батарэя была па гэты бок дарогі, і яна ўцалела, хоць засталася ў тыле танкаў. Хутка Ахрын атрымаў загад камандзіра палку адыходзіць кружным маршрутам, і да гармат пад’ехалі «студэбэкеры»: мы, шалёна сьпяшаючыся, пагрузіліся.
Цэлы дзень і ноч мы выбіраліся з акружэньня, ехалі па нейкім лесе, равах; як праяжджалі адкрытую мясцовасьць, танкі расстралялі дзьве машыны з разьлікамі. Нас усё ж Бог убярог.
Ранак застаў нас на нейкім фальварку. Тут сабралася ўсё, што засталося ад палку. Мы кіравалі на пераправу, што была пад станцыяй Шыманторніа, але спазьніліся — пераправу ўжо занялі немцы.
У нас засталіся дзьве гарматы, якія паставілі ў вішаньніку па абодва бакі фальварку. У машыне-радыёстанцыі камбрыг палкоўнік Парамонаў зьвязаўся па радыё з начальствам. Перад маім разьлікам ляжаў голы, шырокі роў, за якім ішла шаша на станцыю. І на гэтай шашы і абапал раптам пайшоў танкавы натоўп — іначай ня скажаш, — можа, сотня танкаў. Усё навакол скаланалася, дрыжэла і раўло. Камандзір брыгады загадаў мне адкрыць агонь. І ў ранішняй смузе над ровам бліснуў першы трасэр. Але чаму ён пайшоў далёка за танкі — у неба? Я кінуўся да наводчыка Расцалуева, мы паправілі прыцэл, той навёў — стрэл і — снарад ударыў праз 15 мэтраў у зямлю. Гармата аказалася няспраўная. Цягаючы яе ноччу па равах і зарасьніках, мы, відаць, пашкодзілі цягі яе прыцэлу. Агонь спынілі. Зноў тое нас уратавала.
Танкі прайшлі на пераправу, нас у фальварку зусім адрэзалі. Камбрыг загадаў мне з групай салдатаў абысьці Шаманторніа збоку, пераправіцца цераз канал Шыо і зьвязацца з нашымі, што былі па той бок каналу.
З групай чалавек дванаццаць я перайшоў цераз роў, і полем мы пайшлі да каналу. Але нас тут добра бачылі з пагоркаў з-за каналу і зь цяжкіх мінамётаў пачалі абстрэл. На тым адкрытым полі я страціў трох забітымі, чатырох параненымі і зразумеў, што яшчэ на падыходах да каналу нас усіх пераб’юць. Мы ўзялі двух цяжкапараненых і вярнуліся на фальварак. Камбрыг мяне дужа аблаяў, але болей туды не пасылаў. Ён паслаў другую групу на чале зь лейтэнантам Борматавым убок да станцыі. Тыя таксама не прабіліся, але Борматаў супрацьтанкавай гранатай падарваў нямецкі танк на шашы і таксама вярнуўся.
Цераз канал рашылі прарывацца, як сьцямнее.
Нас сабралася невялікая калёна, машынаў, можа, шэсьць. Гарматы, вядома, наперадзе. Мой «студэбэкер» ішоў другім. Перад пантонным мастом на пераправе быў закрыты шлягбаўм, немец у касцы паказаў нам чырвоны кружок, хальт, маўляў. Але замест таго, каб спыніцца, пярэдні «студэбэкер» даў газу, зьбіў рэгуліроўшчыка, шлягбаўм і выскачыў на пантон. За ім астатнія. Немцы ачомаліся не адразу, абстралялі з аўтаматаў апошнія машыны, а першыя ўжо схаваліся на паваротцы, за каменнымі дамамі на вуліцы.
Мы праскочылі начное паселішча і выехалі на дарогу па той бок станцыі.
Тут камбрыг падаў каманду спыніцца.
Агнявыя пазыцыі занялі ўправа ад дарогі. Мой разьлік на краі кукурузнага поля, што займала тут схіл вышыні. Вышыня ляжала перад намі, гэта быў даволі вялікі і высокі пагорак на поўдзень ад станцыі. Зьлева ад нас была дарога і блізка за ёй пракляты канал Шыо.
Немцы былі на вышыні і за каналам.
За ноч мы як-колечы акапаліся, замаскавалі гармату. А раніцай пачаўся бой — за вышыню, на якой абаранялася нашая пяхота. Немцы ірваліся пашырыць пляцдарм. Сьпярша бамбілі іх самалёты. Лежачы ў ровіку побач з гарматай, я назіраў за іх д’ябальскай карусельлю. Высунуцца з ровіку было нельга, і за вышынёй я назіраў толькі бокам, праз адзін акуляр біноклю. Мы былі бліжэй за ўсіх ад немцаў, але дужа старанна замаскавалі гармату, і яны стралялі цераз нашыя галовы ў наш тыл.
Упартыя баі за тую вышыню працягваліся цэлы тыдзень. Некалькі разоў немцы зьбівалі з яе нашу пяхоту. Аднойчы раніцай рэшткі яе ўцяклі ў тыл, мінаючы наш разьлік. Некаторыя мае хлопцы запанікавалі: трэба ратавацца. Але я меў загад: ні кроку назад, і мусіў яго выконваць. На шчасьце, туманным ранкам немцы нас не заўважылі ў кукурузе, пад сваім носам. Увесь іх агонь быў скіраваны далей, у наш тыл. Тым іх агнём быў забіты камандзір пятай батарэі капітан Кавалёў, сьмяротна паранены камандзір палку Аўчароў, забіта нямала салдатаў. Пасьля ўначы на падмогу нам падышлі з тылу танкі, але як разьвіднела, іх папалілі «тыгры», б’ючы з-за каналу. Неяк ноччу нас прабамбілі нашыя ж «кукурузьнікі», павесілі бомбыліхтары і адбамбіліся.
Трэба было ўтрымацца, не пусьціць далей немцаў, асабліва іхнія танкі.
Звычайна ўначы праводзілася палітработа. З тылу прыяжджалі камсорг, парторг, прапагандыст палку на чале з нампалітам маёрам Цквітарыям. Ён зьбіраў разьлікі і «толкал» ім мараль. Якраз у такі час пачаўся артналёт, салдаты шмыганулі ў перапоўнены ровік. А тоўсты маёр Цквітарыя ляжаў зьверху і крычаў: «Пусьціце мяне, я намесьнік камандзіра палку». Як налёт скончыўся, усе вылезьлі, і маёр ніякавата ірвануў у тыл.
Праз колькі дзён ноччу маю гармату вывезьлі з-пад носа ў немцаў, крыху далей ад вышыні. Тут ужо можна было хоць зірнуць сьмялей з ровіку. Мы чакалі танкаў. Але танкі таранілі нашу абарону па той бок станцыі — на паўднёвы ўсход. Ім трэба было прарвацца да Дунаю.
Ноччу, як трохі заціхаў бой, сваю работу вялі і нямецкія агітатары. Іх самалёты ўдзень засыпалі нашы пазыцыі ўлёткамі з заклікамі, каб здаваліся, пераставалі ваяваць за крывавага Сталіна. Ноччу з вышыні праз дынамік пачынала гучаць знаёмая музыка — песьні пра Волгу, пра ямшчыка, а затым выступалі прапагандысты. На добрай расейскай мове ўсё выкрывалі пра крывавы сталінізм, ангельскую плутакратыю, пагражалі вялікаю карай, калі хто не захоча здацца ў палон. Здавацца, аднак, у нас не было дурняў.
8 сакавіка на сьвітаньні недзе за вышынёй грымнуў магутны выбух, і мы зразумелі — штось здарылася. І праўда, здарылася — немцы ўзарвалі пераправу і пачалі адыход на поўнач, за Балатон. Неўзабаве наша пяхота ўжо была на вышыні: хадзіла там, не баючыся, ва ўвесь рост. Мы таксама завіталі туды. Заўжды страшнавата і цікава зазірнуць туды, дзе быў вораг. Схілы вышыні былі заваленыя трупамі — нашых і немцаў, уся зямля перакапана траншэямі, абрушана выбухамі бомбаў і снарадаў. Сьвежыя трупы немцаў былі пры зброі, з майном, і нашыя мелі магчымасьць пажывіцца.