Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
У той дзень мы паехалі на поўнач, наўздагон ворагам. Недзе ненадоўга спыніліся, пераначавалі пад дахам, а галоўнае — атрымалі папаўненьне і новую матчасьць. Гармату маю замянілі (як і ўсім) на 57-мілімэтровую супрацьтанкавую. Гэта сапраўды была добрая гармата супраць танкаў, — трапная і добра прабівала браню. Я яе сам прыстраляў — за 1 км у ствол тонкага дрэўца. Толькі думаў: вось каб такую ды раней, калі я быў у пяхоце.
Ехалі ў напрамку Секешфехервара па знаёмай дарозе. Камандзір палку спыніў калёну, загадаў камандзірам батарэй заехаць на свае былыя АП, каб забраць снарады, што не пасьпелі забраць, як адтуль нас выбілі немцы. Мы з камбатам Ахрыным паехалі на АП першай батарэі, дзе цераз дарогу ад маёй гарматы засталіся дзьве гарматы лейтэнанта Беражнога. Ягоная агнявая пазыцыя была разварочаная гусеніцамі цяжкога танка, гармата разьбітая снарадам, між станінаў ляжалі два забітыя, а на бруствэры, зьвесіўшы ногі ў ровік, ляжаў Беражны. Кішэні ягоных штаноў былі вывернутыя, ордэн зрэзаны з грудзей. Мы сьпяшаліся, але закапалі ў тым ровіку забітых, забралі снарады ў скрынках і паехалі даганяць калёну.
А якраз за дзень да нямецкага прарыву я ўзяў у Беражнога кніжку Драйзэра, ды так і не пасьпеў вярнуць.
Гэта быў мой другі сябра з аднолькавым прозьвішчам Беражны. Нават і імя тое ж: Мікалай. Той, першы, мой аднакашнік па вучылішчы, загінуў на 2-ім украінскім фронце.
Зрэшты, і камадзіраў батальёнаў у мяне было два па прозьвішчы Сьмірноў. Адзін загінуў, другі застаўся жывы.
Вялікіх баёў на поўнач ад Балатону ў нас не было, аж пакуль мы не паспрабавалі перарэзаць ім шлях да адступленьня.
Усю ноч нас кідалі ў розных напрамках, ехалі то па прасёлках, то па полі. Празь нейкія паселішчы і ляскі — то на поўнач, то на ўсход. Ахрын трымаў радыёсувязь з камандзірам палку, які мяняў нам напрамкі. Нарэшце пад ранак пераехалі нейкае паселішча і спыніліся. Камбат загадаў займаць агнявыя пазыцыі.
На краі сяла былі сьцірты саломы, каля адной мы і нарыхтавалі гармату. Праз прыцемак ночы ня шмат было відаць, але мы чулі нейкі гул, грукат наперадзе. Там была дарога, і па дарозе ішлі і ехалі немцы. Мы напружана чакалі сьвітаньня.
Як трохі стала відаць у прыцэл, наводчык Расцалуеў клікнуў мяне. Праз оптыку прыцэлу стала відаць у тумане суцэльная калёна: машыны, танкі, падводы і пяхота. Мы тут жа адкрылі агонь.
Камандзір гарматы Лук’янчанка сваю справу ведаў, і як толькі загарэліся два танкі, загадаў страляць асколачнымі, каб болей параніць пяхоты. Колькі хвілінаў мы малацілі іх з адлегласьці якіх 800 мэтраў, усё там гарэла, дыміла, крычала і сквірчэла. І ніякага супраціўленьня. Немцы кідалі машыны, ратаваліся пешшу. А мы іх — асколачнымі.
Як разьвіднела, бой скончыўся.
Троху пагадзя мы пайшлі на шашу паглядзець на сваю работу. Слаўная была работа, здаецца, я расплаціўся за ўсе свае няўдачы і паражэньні. І трафеяў тады ўзялі. Толькі адзін зь недабіткаў-немцаў падстрэліў нашага старшыну батарэі.
1 красавіка выйшлі на мяжу з Аўстрыяй…
Далей немцы не хацелі пускаць — завязаліся ўпартыя баі. Мы стаялі з гарматамі перад вялізнай разложыстай далінай, за якой былі немцы — танкі і пяхота. Нашая пяхота спрабавала атакаваць, ды амаль уся засталася на гэтым схіле. Прыехала нейкае начальства на «вілісах», якраз палезла на маю гармату, і генерал загадаў: гармату на прычэп і цераз даліну — на той бок. Кепская гэта была справа, але нічога не папішаш… Хоць і не хацелася гінуць у самым канцы. Прычапілі, паехалі. А немцы сыплюць мінамі, толькі шмацьцё ляціць з абодвух бартоў. Неяк праскочылі між кусьцікаў, занялі АП, пачалі акопвацца. Болей з нашых — нікога. І толькі акапаліся, з нашага боку пачалі садзіць па нас з палкавых 120-мілімэтровых мінамётаў. Так ужо яны старанна нас абклалі, што мы думалі: канец! І быў бы канец, калі б не насунулася хмарка і не шыбануў лівень. Ён нас схаваў ад зыркастых вачэй сваіх жа «самаварнікаў».
Але пакуль па нас стралялі свае, немцы нас не чапалі, хоць мы былі ў іх пад самым носам. Мабыць, не маглі зразумець, што адбываецца.
Ад венгерскай мяжы ў Аўстрыі пайшлі суцэльныя баі, кожны дзень. Немцы не хацелі аддаваць Аўстрыю, хопіць таго, што яны страцілі Венгрыю. Колькі сваіх танкавых дывізіяў яны там пакінулі. Ды й нашых там засталося нямала.
У гарыстай мясцовасьці танкам не было дзе разьвярнуцца, болей дзейнічала пяхота. Танкі дробнымі групамі дапамагалі. На нашым участку дзейнічала самаходная артылерыя. 76-мілімэтровыя самаходкі з брызентавым верхам. Мы іх звалі «Прашчай, Родзіна». Яно так і было. Неяк не маглі зьбіць немцаў з ваколіцаў аўстрыйскага гарадка, расстралялі ледзьве ня ўсе снарады. Пакінулі толькі па два снарады — на крайні выпадак. І тут з тылу едуць штук шэсьць самаходак, сходу кіруюць у атаку. Мы крычым: «Ашалелі ці што? Там у іх „тыгры“». — «Ні чарта! — крычаць у адказ. — Мы тыграў не баімся, самі паляўнічыя, сібіракі!». І ўсьміхаецца чарнявы такі, вусаты самаходчык у танкавым шлеме.
А пад вечар, як узялі гарадок, бачым, стаіць каля рэчкі абгарэлая самаходка, на брані якой, зьвесіўшыся, ляжыць той вусаты. З абгарэлымі вусамі.
Як заўжды пад вечар ці нават ужо ўначы занялі пазыцыі на краі поля. Наперадзе — роў, а за ровам нейкія будынкі. Абнесеныя мураванай сьцяной. Раніца выдалася ціхая, дзе немцы — нікому не вядома. На ўскраіне недалёкага паселішча быццам наша пяхота. А за ровам у тых будынках, кажуць, манастыр.
Было цікава, і я наважыўся зьбегаць, паглядзець. Сапраўды, цікава. Царква з убранствам, кельлі, калідоры.
Кляштар. Насельнікаў манастыра нікога не было, толькі іхняе майно… І тут — страляніна. Чую: страляюць танкі. Выскокваю і — куляй цераз роў да сваёй агнявой. А гарматы ўжо няма. Па ўзараным полі да дарогі бяжыць пяхота, удалечы хаваюцца апошнія машыны… Далі драпу!
Над полем джагаюць кулямётныя чэргі, людзі то падаюць, то некаторыя ўстаюць, каб бегчы зноў. І тут я бачу нашага ўпаўнаважанага СМЕРШу, капітана. Мы бяжым зь ім удвох. Але тое, што творыцца, гэта — паніка. Чаго яны пабеглі? Хто пабег першы? Хто даў каманду на адход? Гэта і яшчэ шмат што раззлаванае я крычу на бягу «асабісту», а ён толькі маўчыць. Той мой крык таксама можна палічыць як праяўленьне панікі. Але здаецца, шанцу ў нас дабегчы да дарогі па гэтай ральлі няшмат. І тое надае мне рашучасьці.
Усё ж мы дабягаем. Тут за пагорачкам мае хлопцы. Я крычу: «Чаго вы рванулі?». А мне кажуць спакойна: «Усе рванулі, ня мы адны…».
А таго капітана я пачаў усяляк пазьбягаць, каб лішні раз не трапляцца яму на вочы, бо тое, што я яму выказаў у запальчывасьці пад агнём, вельмі лёгка магло спляжыць усё маё жыцьцё.
У баях, наступленьнях мы, афіцэры, дзейнічалі аўтаномна і рэдка калі сыходзіліся разам. Хіба што ўначы, на вячэры. Размова ішла галоўным чынам пра надзённыя справы, баі. Пра начальства таксама. Але ніколі пра генэралітэт, пра тых, што сядзелі ў Маскве, таму што ў баях ніякіх генэралаў мы ня бачылі — мы толькі на сваёй скуры адчувалі «мудрасьць» іхняга камандаваньня, але гаварыць пра тое было небясьпечна. Мы ўжо ведалі, што кожны другі-трэці — сэксот. Напэўна, у кожнай батарэі ён ёсьць. Але хто — во ў чым загвоздка. І таму лепш памаўчаць.
Ноч, імжыць дожджык, сьцюдзёна. Мы занялі АП на ўскраіне паселішча. Больш-менш акапалі гарматы. Дужа хочацца спаць. А побач ладны дамок, і я пастукаў у дзьверы.
Сям’я ўся ня сьпіць (вядома, які сон, калі ў двары гармата, гатовая адкрыць агонь па танках). Я зайшоў, кажу: пару гадзінаў шляфэн. Я, я, кажуць, фэрштэйн. Мне трэба было, каб яны зразумелі, што я — не забіваць, не рабаваць, а толькі пакімарыць трохі. А гаспадыня, папоркаўшыся, кажа: біттэ! Гляджу, чысты ложак, накрахмаленыя прасьціны… Але я не магу нават распрануцца. І няма сілы тлумачыць. Так і заваліўся на той ложак, у шынялі і ботах.
Пад’яжджалі на «студэбэкеры» з гарматай да ладнае вілы — наводшыбе ад гарадку, стукаем у дзьверы. Няхутка выходзіць дзяўчына, аднак не нямецкага (ці аўстрыйскага) выгляду, і пытаецца чыста па-расейску: «Что вы хотите?». Во як! «А ты хто такая?» — «А я тут работаю». — «Русская?» — «Русская. Из Днепропетровска». — «Дык чаго ж ты так нас сустракаеш?» А яна і праўда — стала на парозе і не пушчае. «А ну пакліч гаспадара!» Не ідзе, бароніць гэтага гаспадара ад сваіх. Во дзіва! Мы яе адпіхнулі, яна — у крык. Выйшаў стары гаспадар зь кіёчкам, нейкі адвакат ці што.