Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Упэўненым, дзелавітым голасам Галадзед расказваў зале, што глядзела на яго, уважліва слухала з прыціхлых радоў партэра i балкона, якіх поспехаў дабіліся за першы год пяцігодкі прамысловасць i сельская гаспадарка Беларусі, называў лічбы, працэнты. Гэтыя лічбы ўзмацнялі ў Апейку адчуванне ўздымнасці i гонару. Ён браў ix з радасцю, яны был i суладныя таму, чаго яму заўсёды хацелася: добрай хады ў справе, у вялікай дарозе. Тут, сярод агульнай святочнасці, асабліва цешыла: ішлі добра. Пра гэта казалі багата лічбаў, i якіх лічбаў!

Як асаблівае дасягненне Галадзед вылучыў — узмацненне зернавой базы; гэтае дасягненне асабліва важнае тым, растлумачыў ён, што вырашэнне зернавой праблемы ідзе па лініі разгортвання аграмаджанага сектара сельскай гаспадаркі. Гэта дало магчымасць запраектаваць больш павышаны хлебанарыхтоўчы план i выканаць дагэтуль больш чым на 90 працэнтаў. Акрамя таго, гэта дало магчымасць прыступіць да арганізацыі хлебнага рэзервавага фонду.

Тут у радасны настрой Апейкі няпрошана ўнізалася насцярожлівае: легкаватай, здалося, наказана была задача — павышаны хлебанарыхтоўчы план i яго выкананне. І арганізацыя рэзервавага фонду.

— Характэрным i важнейшым фактарам, — гаварыў Галадзед, — з’яўляецца тое, што мы мелі рост калгасаўгігантаў i што мы гэты рост мел i не на былых маёнтках i дзяржаўных землях, а мы мелі рост на сялянскіх землях, гэта значыць, мелі зруйнаванне межаў, i на гэтых межах выраслі i вырастаюць калгасы-гіганты ў дзесяткі тысяч гсктараў.— Ледзь Галадзед нагадаў "калгасы-гіганты", Апейка ўспомніў, што думаў пра гэта, калі чытаў "Год вялікага пералому" Сталіна. Зноў вярнулася тое двоістае, супярэчлівае: i захапленне смелым размахам, i недаверлівая абачлівасць — ці не журавель у небе гэта?

— Найбольш сур’ёзным фактарам у развіцці сельскай гаспадаркі,— тлумачыў Галадзед, — з’яўляецца тое, што ў наступным годзе мы будзем мець магчымасць атрымаць не менш пяцідзесяці працэнтаў таварнага хлеба ад аграмаджанага сектара сельскай гаспадаркі. Калі нам прыходзілася часта праз меру траціць энергію на загатоўку хлеба ў індывідуальных гаспадарках, то ў гэтым годзе мы будзем мець пяцьдзесят працэнтаў таварнага хлеба з нашага абагуленага сектара…

У святочную бесклапотнасць Апейкі зноў уплялося: ці не занадта смела заяўляць, колькі будзе таварнага хлеба ад гаспадарак, якія яшчэ трэба аграмадзіць i наладзіць. Праўда, тут жа стрымаў сябе: у Галадзеда няйнакш ёсць падставы для такога, ён больш ведае…

— Пры дакладзе на Мінскім гарсавеце аб дванаццатай гадавіне Кастрычніка, — згадаў Галадзед, — я асмеліўся высунуць наступны лозунг: у трынаццатым годзе пралетарскай дыктатуры мы ў Беларусі павінны ўдзесяцярыць колькасць калгасаў.— Калі Галадзед стаў тлумачыць, як гэта задача будзе выглядаць у лічбах калгасаў i пасеўнай плошчы, хтосьці з залы крыкнуў: "Яшчэ мала!"

Па зале пайшоў шумок, рады заварушыліся. Апейка азірнуўся туды, на голас. Як i ён, многія паварочваліся, вялі позірк туды, адкуль пачуўся голас. Друпя глядзелі зацікаўлена ўперад, чакалі, што скажа старшыня Саўнаркома. Апейка заўважыў: у зале не адзін падтрымліваў нецярплівы вокліч: "Мала!" Яго не здзівіла гэта: знаёмы ўжо быў з такім настроем. Ды i, хоць сам быў іншай думкі, разумеў ix.

— Мне могуць сказаць, што гэта — фантастыка, — Галадзед нібы не чуў воклічу i хвалявання ў зале, развінаў сваю думку: — Фантастыкай гэтага, канечна, назваць нельга, але, таварышы, гэта вельмі агромная i вельмі смелая задача. — Апейка ахвотна ўхваліў цвярозую разважнасць дакладчыка: справядліва. — Аб ёй трэба думаць, i думаць можна рэальна толькі пры адной умове, — упэўнена вёў Галадзед, — калі мы зможам як мага лепш падцягнуць арганізацыйную нашу працу… бо мы ў шэрагу выпадкаў,— таксама ж пераканана судзіў ён, — адстаём ад калгаснага руху, ён у шэрагу раёнаў перарастае нашы адпаведныя органы…

Апейка слухаў гэта ўжо з насцярогай, з нязгодай: як так — "перарастае"? З чаго гэта ўзята — перарастае? Але дакладчык не стаў тлумачыць, упэўнена пайшоў далей:

— Мы заўсёды павінны быць на чале гэтага руху… Не чакаць, што толькі тады будзем калектывізавацца, калі нам дадуць трактар i дзяржаўны крэдыт…

"А хто чакае? Але ж i трактар i крэдыт трэба…"

— Гэта зусім не азначае таго, — як бы прадчуваючы, што яму могуць запярэчыць, разважліва загаварыў Галадзед, — што мы не павінны клапаціцца аб трактарах i дзяржаўных крэдытах для калектывізацыі… бо трактар, як гэта ўжо ўсім вядома, з’яўляецца асноўным рычагом калектывізацыі. Але справа абстаіць так, што ў першыя гады пяцігодкі ў нас трактараў не хопіць для поўнага задавальнення нашых патрэб, a калектывізацыю мы не павінны ні ў якім разе паслабляць. Наадварот, трэба ўсямерна яе разгортваць!..

Думка спадабалася Апейку разважлівасцю, i ён як бы паспакайнеў. Слухаў зноў з даверлівай увагай.

— Я павінен сказаць наступнае, — гаварыў Галадзед. — Паўночны Каўказ i Украіна ставяць перад сабой такую задачу: Украіна, напрыклад, мяркуе калектывізаваць стэпавую паласу ў два гады на сто працэнтаў, Паўночны Каўказ таксама думае калектывізавацца поўнасцю на працягу двух гадоў. Ці можам мы такую прыблізна — ну, не ў два, дык у тры гады — задачу ставіць перад сабою? Па-мойму, не толькі можам, але i павінны… — Апейка ў думках падтрымаў гэта. У тры гады — відаць, рэальна. — Вопыт мінулага года нам паказаў,— ішло да Апейкі,— што мы перавыканалі ўсе нашы планы па калектывізацыі, i перавыканалі ix на трыста працэнтаў. І мне думаецца, што, калі мы зможам арганізацыйна ахапіць гэты pyx i калі мы зможам i далей яго развіваць, мы можам "дзерзнуць" на такі крок, каб у найхутчэйшы тэрмін калектывізаваць сельскую гаспадарку БССР усю — на сто працэнтаў. Падставы для гэтага ёсць: маса беднаты сёння ўжо жыве імкненнем ісці ў калектыў… Вось, напрыклад, такі выпадак, — Галадзед адарваўся ад напісанага, i Апейка, i — адчуў ён — усе у зале яшчэ прыціхлі, зацікавіліся. — Калі мы началі гаварыць, — стаў апавядаць дакладчык, — аб арганізацыі буй нага агракамбіната-гіганта ў сотні тысяч гектараў… які павінен будзе ўюночыць у сябе не толькі справу паляводства… але i арганізацыю індустрыяльных мерапрыемстваў… дык мне старшыня Рагачоўскага РВК прыслаў тэлеграму, што ў ix раёне запісалася ўжо ў калгас 60 працэнтаў сялянства!.. Пачуўшы, што ў нас на Беларусі будзе арганізоўвацца такі гігант-агракамбінат… з прамысловымі прадпрыемствамі — электрастанцыяй i гэтак далей… сялянства ўжо само, часам i праз галаву многіх нашых арганізацый… пачало нечуванай хваляю ўлівацца ў калектывізацыю навокал такіх буйных сацыялістычных адзінак!..

Апейка адвёў вочы ад трыбуны, пабег позіркам няёмка абы-куды. "Самі… Нечуванай хваляю… Цераз галовы… Ледзь пачулі пра аграгігант…" — Адчуў раптам, быццам стала муляць шыю, як бы трапіла за каўнер сянінка. Паварухнуў шыяю, але яе ўсё муляла.

— Асноўнае, што з палітычнага боку павінна кіраваць намі ва ўсёй рабоце па ажыццяўленню гаспадарчых планаў,— казаў старшыня СНК з націскам, як бы падагульняючы, — гэта далейшае рашучае, няспыннае наступленне на капіталістычныя элементы… Другім кіруючым лозунгам павінна быць самая бязлітасная барацьба з правабухарынскай апартуністычнай апазіцыяй. Біць па панікёрах, дробнабуржуазных ідэолагах — гэта адна з важнейшых задач, абумоўліваючых pyx наперад…

Апейка ўсё гэта адзначаў сабе з пільнай увагай, усё тут было вельмі важна яму.

Зацікаўлена i клопатна слухаў Апейка, калі Галадзед тлумачыў дэлегатам задачы на бліжэйшы час работнікаў сельскай гаспадаркі, навукова-даследчых устаноў, задачы тых, хто працуе ў розных галінах прамысловасці. Яму падабалася: гаворка тут была вельмі канкрэтная, дзелавая, было тут што не толькі паслухаць, але i добра запомніць. Адчувалася, з павагай i нейкай нават зайздрасцю, як ён багата ведае i як шырока бачыць, старшыня СНК рэспублікі. Галадзед нібы аддаліўся ад Апейкі i разам вырас у гэты час.

— Тое, што мы перарастаем нашы планы, ставіць ва ўвесь свой рост перад нам i задачу падрыхтоўкі кадраў, пашырэння гэтых кадраў,— загаварыў Галадзед пасля паўзы. — Асабліва гэта будзе зразумела тады, калі мы напомнім i аб тым, што ў нас за мінулы час сярод часткі старых спсцыялістаў мела месца яўнае шкодніцтва ў ix працы, як ва ўсім Саюзе, так i ў БССР — Цікаўнасць Апейкі ўзяла іншы лад, павастрэла: зараз будзе асаблівае, пагрознае, што трывожыць усіх. — Акрамя таго, што ў нас маецца тонкая праслойка кадраў спецыялістаў,— нецярпліва слухаў Апейка ў нацятай цішыні,— мы маем яшчэ такія выпадкі, калі некаторыя з ix працуюць не на карысць савецкай улады. а на карысць капіталізму… Калі па Саюзе ССР выкрыты цэлы шэраг яўна шкодніцкіх арганізацый, то ў Беларусі мы без гэтага, на жаль, не абышліся. У нас ёсць падставы думаць аб тым, што па некаторых галінах нашай працы, асабліва па прамысловасці, i ў нас койчым некаторыя "спецы" займаліся, гэта значыць, займаліся шкодніцтвам, падрывам сацыялістычнай рэканструкцыі, а не яе ажыццяўленнем. — З усяго гэтага Апейкава ўвага выхапіла асабліва: "ёсць падставы думаць аб тым…" Што значыць гэтае туманнае: "падставы думаць"? Факты ёсць? — прайшло ў ім без адказу. Але няпэўнае "кой-чым", "некаторыя спецы" — засела ў памяці трывожна, як кожны намёк, за якім самы шырокі прастор для здагадак. — Гэтае шкодніцтва на культурным фронце, — прабівалася да Апейкі праз развагі яго, — праводзілася ў выглядзе выхавання дзяцей i моладзі ў нацыянальна-дэмакратычным напрамку. Шэраг "культурных" людзей давалі нам такую прадукцыю, i зусім свядома яе давалі, на якой не можа выхавацца савецкі грамадзянін. Я маю на ўвазе некаторыя падручнікі i "навуковыя" працы паасобных ярых праціўнікаў савецкай улады, якія прыкрываюцца вуаляй "лаяльнасці"…

Поделиться с друзьями: