Подых навальніцы
Шрифт:
"Па закону папробуваць трэба. Будзе што, не будзе, а папробуваць трэба. У цюрму за ето не пасадзяць…" Ціхай вуліцай, між двух радоў чорных хат, чорных варот i платоў, маўклівых дрэў пацёгся ў той бок, дзе жыў Дамецік. Ідучы, не першы раз пашкадаваў, што адабраў калісьці добры лужок у Дамеціка, судзіўся i адсудзіў, паддобрыўшы суддзю; што прыціскаў, як другіх, то пазычыўшы чаго, то заспеўшы каня яго ў сваім жыце: трэба было тады застаўляць яго, каб адрабляў! Але ж i так падумаць можна — адкуль было ведаць яму, Халімону, што так потым павернецца; што смаркаты вырадак таго Дамеціка стане тваім распарадчыкам!
Вокны ў Дамецікавай хаце былі цёмныя, на двары — пуста, але дзверы ў сенцы былі адчынены, i там хтосьці корпаўся. Глушак даў невядома каму "добры вечар" — з цемры адгукнулася Дамеціха.
— Дамецік дома твой?
— Дома. Чухаецца ўпоцемку…
Глушак пільным позіркам i ў цёплай цемры заўважыў: стары адзін, Міканора няма — знарок рассеўся на лаўцы так, быццам нікога i не трэба. Толькі пагаманіўшы пра розную драбязу, пацікавіўся:
— А дзе ж ето Міканор ваш?
— У сельсавеце, — адгукнулася Дамеціха заклапочана. — Сход парцейны сягоння.
— Hi дня, ні ночы спакою чалавеку няма, — паспачуваў Глушак. У галаве прайшла думка: "Мяркуе, вашывец, пэўне, як шчэ тужэй пятлю на шыі сціснуць", — але для Дамеціхі ўздыхнуў нават: — Нялёгко, сказаць, i парційным цяперашнім часам!
— A няўжэ ж легко. Рэдко калі i дома пасядзіць! — шчыра пашкадавала Дамеціха.
Глушак разважыў, што яно i непагана, што Міканора няма: пакуль прыйдзе, можа, удасца выведаць штонебудзь, знайсці, з якога боку падступіцца. Можа, удасца саміх, Дамеціка i Дамеціху, схіліць да сябе: каб закінулі добрае слова перад сынам. Паскардзіўся, што сэрца нешта вельмі ж тахкацець стала, i ногі паслабелі, i холадна чамусьці робіцца: сорам — а хоць ты летам кажух надзявай іншым разам!.. Старасць — ведама!.. Старасць — не радасць!..
Дамеціха i слухала i сама гаманіла ахвотна, нават прыхільна. Дамецік жа, чуў Глушак, толькі i чакаў, што ён сціхне ды сыдзе з хаты. Знарок пазяхаў на ўсю хату, чухаўся санліва: не хацеў забываць старыя крыўды! Глушак таіў злосць: як мяняюцца людзі: гадоў яшчэ тры назад бегаў бы, круціўся, каб дагадзіць як найлепей такому госцю, а от — воўкам маўчыць! Што значыць — сілу пачуў: "бацько парційнага сакратара!"
Не гаворачы нічога, Дамецік вылез з-за стала, пашаргаў босымі нагамі па земляной падлозе. Узлез на пол, пачухаўся гам. Засвістаў носам. А Глушак усё сядзеў, гаманіў, падступаўся к сэрцу, здаецца, i праўда спачувальнай Дамеціхі. Нарэшце наважыўся паскардзіцца на падатак: хоць разарвіся — не выканаеш столькі!
Старая ківала, спачувала. Але як толькі стукнулі веснічкі, затупалі па двары мерныя, упэўненыя крокі, Глушак пачуў сябе так, нібы зараз мусіць счапіцца люта. Яшчэ да таго як бразнула клямка ў хату, ведаў: Міканор ідзе!
Міканор нават не адказаў на прывітанне. Упоцемку сунуўшы шапку на цвік ля дзвярэй, адразу нядобра кінуў:
— Чаго прыйшлі?
— Просьба ў мяне… — Глушак казаў, як мог, лагодна. — Па справядлівасць, сказаць, прыйшоў…
Старая акурат запаліла газнічку, i Міканор быў перад Глушаком: у картовым мятым пінжачку, віслым галіфэ, у прыпыленых лапленых ботах; рабы, пляскаты твар моршчыўся, вочы мружыліся — пэўна ж, не ад газнічнага святла.
Глушак лавіў позірк яго: той не зычыў літасці. Яшчэ да таго як скончыў тлумачыць Глушак, Міканор адрэзаў:
— Справядлівасць, дзядзько, такая: здайце ўсё. Да астатняго хунта. Калi па-добраму хочаце! — У голасе яго яшчэ прыбавілася пагрозы, нагадаў: — І не застаўляйце, як летась, — штоб мы шукалi!
— Дак ці ж я проціў, Міканорко, штоб выконуваць! — Глушак трохі не маліў.— Дак багато ж вельмі! Кеб хоць зрэзалі сколькі! Штоб пад сілу було!
— Дзядзько, здавайце i — хутчэй! — пагразіўся непрыступна Міканор, выцершы твар i рукі, сядаючы за стол.
Дамеціха, што падавала міску з баршчом, паспрабавала заступіцца за госця, які так прасіў, але Міканор зразу ж загадаў строга:
— Мамо, не ўмешвайцеся, куды не трэба!
Міканор сёрбаў, не гледзячы на Глушака, не тоячы непрыхільнасці, недавольнасці тым, што ён прыйшоў, сядзіць; а Глушак, хоць бачыў усё, сядзеў, са сціплым, няшчасным тварам, цярпліва чакаў, не хацеў траціць надзеі.
Было ціха. Глушак чуў, што самае лепшае пакуль — сядзець так i маўчаць. Маўчала i Дамеціха, баючыся, мабыць, угнявіць сына. У цішыню адно Дамецік уплятаў залівісты свіст з палацяў. Доўга маўчалі. Глушак яшчэ спадзяваўся, што прыйдзе зручная хвіліна, калі можна будзе пачаць зноў. Прасіў толькі ў думках Бога, каб не прыперла не ў час каго-небудзь з суседзяў. І калі ўвайшоў хтосьці на двор, пачуў адразу. Чалавек ішоў хутка, рашуча.
Бразнула клямка, i ў хату рушыў — не хто іншы — Яўхім. Без шапкі, з раскіданым чубам, з расхрыстаным каўняром, кінуў на Міканора, на Глушака неспакойным бляскам вачэй. З аднаго позірку ўбачыў бацька, што Яўхім "сарваўся". Стрымлівацца, думаць ужо не зможа. Папрэ напралом.
— Ето ты распарадзіўся? — Голас яго прыкметна дрыжаў. Яўхім узяў з кішэні паперку, сунуў на стол.
Міканор кончыў есці, адставіў міску, выцер далоняю губы. Спакойна паглядзеў на паперку, на Яўхіма.
— Улада распарадзілася.
— Ты знаеш, с-сколькі ў мяне будзе?
— Знаем.
— Знаеш! — Яўхім ледзь стрымліваў сябе. — Дак калі я ўсе, што змалачу, аддам вам! Сабе не аставіўшы! Не хваціць на налог вам!
Міканор пакапаў мезенцам між зубоў.
— Хваціць.
— Хваціць! Ты знаеш усе! — Яўхіму нібы цяжка было дыхаць. Вочы гарэлі; гатоў быў, здавалася, рынуцца на Міканора.
Дамеціха пабялела ад страху.
Глушак устрывожана памкнуўся да сына, разважным, бацькоўскім тонам папракнуў:
— Яўхім!..
Той — быццам не чуў — паліў вачыма Міканора.
Дамеціха схамянулася таксама, кінулася к сыну:
— Міканорко!.. І — ты!.. Будзь разумны!..
Міканор дужаю рукою адвёў яе. Устаў на поўны рост; як вартавы, на сцяне за ім устаў цень. Заявіў спакойна:
— Знаем! — Спакойна ж павялеў: — Ты не крычы тут!
Яўхім момант не ведаў, што сказаць. Было відаць: душыла лютасць.
— Волi багато ўзяў сабе! — Але гэтага было мала. Ад лютасці, ад бяссілля аж затросся, адштурхнуў Глушака, шалёна, з віскам крыкнуў:
— Дак хай яно — гніе! Усе адно!
На палацях ускінуўся, здзіўлена таропіў вочы Дамецік.
— От як ты загаварыў, кулацкая душа! — у Міканоравым голасе таксама пачуліся гнеў, пагроза. — "Хай гніе!.." А ты знаеш — што за злосны зрыў дзяржаўных нарыхтовак?
— Знаю! — Яўхім не збаяўся. Не таіў нянавісці.— І ты — знай: не астатні раз бачымся! Мо шчэ пабачымся калі! Так што i ў мяне сіла будзе!
Міканор ухмыльнуўся:
— Наўрад!
— Не заракайся!