Подых навальніцы
Шрифт:
Яўхім стукнуў дзвярыма з сянец з такой сілаю, што лямпа хітнулася i затрымцела. Хвіліну ўсе маўчалі. Міканор, нерухомы, не зводзячы воч з дзвярэй, глыбока засунуў кулакі ў кішэні, сказаў жорстка — нібы камусьці другому:
— От як шчэ гаворыць, сволач!
Глушак цярпліва перамаўчаў. Паказаў, што чуе сябе вінаватым. Што не хваліць Яўхіма. Вінавата, як бы просячы не браць вельмі ў галаву, адгукнуўся:
— Здурнеў саўсім! Як разгарачыцца, сам не помніць, што кажа! Не глядзіць ні свайго, ні чужога, бацьку, матку не глядзіць! На мяне дак сколькі разоў сляпіцаю лез! Заслепіць вочы — i лезе! Не кажы проціў яго нічого! — Глушак заўважыў: Дамеціха жалліва ківала, павёў зноў вачыма на Міканора. — Ето як буў малы — упаў раз у пограб. З таго часу ўсё. Абы загарэўся — дурнее! На мяне, кажу, сляпіцаю сколькі разоў лез! Дак ты не крыўдуй, Міканорко! Не думай, што тут што якое!.. — Ён узяў са стала Яўхімаву паперку, згарнуў.— Мы не проціў, штоб выконуваць. От толькі, кажу, няма як — штоб усе. Хоць жылы перарві — не хопіць!.. Кеб скінулі пудоў якіх пятнаццаць?..
Міканор ужо сядзеў ля стала, але яшчэ жорстка таропіўся ў дзверы. Не чуў, што казаў Глушак, не хацеў i слухаць. "От боўдзіла! — зазлаваў стары на Яўхіма. — Прыпёрся, зачапіў, раз’ятрыў гада! Сам сапсаваў усё!.." Калі цягнуўся ціхай вуліцай дадому, да злосці дамяшалася яшчэ трывога: каб не перадаў гэты васпаваты пра Яўхімаву гаворку ў Юравічы! Ліха тады не абярэшся!..
На другі ранак Глушак з’ездзіў на поле, прывёз яшчэ воз снапоў, скінуў абы-як. Hi за што аперазаў віламі каня. Усё было няміла, нават ненавісна: i конь, i сын, i снапы, i гумно. Увесь свет. Hi на момант не забывалася, кіпела злосцю, лютасцю: пяцьдзесят шэсць пудоў! На прыгуменні плюнуў, загадаў Сцяпану паставіць каня ў хлеў. Плюючыся, лаючы ў думках увесь свет, пабрыў на вуліцу, вуліцаю на дарогу к цагельні, к грэблі. Як быў у полі — у рваным зрэб’і, у штанах, праз дзірку ў якіх бялела калена, у лапцях — сунуўся ў Алешнікі. Загадзя амаль упэўнены быў, што дарэмна ідзе, a ішоў. Не мог не ісці, не паспрабаваць…
За грэбляю бачыў: i ў Алешніках ці не ўсе ў полі або пры гумнах. Здалёк на палосах, на дарогах, на прыгуменнях былі відны вазы. У сяле было ціха i пуста. "Робяць! А ты — лезь! Марнуй час залаты!.. Чорта ён — залаты! Буў — залаты! Буў ды — збуў, прапаў!.. Дак хай еты — прападае! Хай хоць усе прападае! Усе к ліху!.."
У доме, дзе быў сельсавет, у першым пакоі — "на пошце", век таўкліся людзі: адны з газетамі, з пісьмамі, друпя — гэтых найбольш — са ўсякімі гамонкамі, з самакруткамі; цяпер, дзякуй Богу, i за бар’ерчыкам, дзе сядзеў начальнік пошты, было пуста. За дзвярыма, у сельсавеце, гаманілі; Глушак асцярожна сунуў галаву ў непрычыненыя дзверы — былі толькі Трахім, сакратар, i Гайліс — старшыня сельсавета. Гайліс збіраўся кудысьці ісці — браў паперы са стала, лажыў у шуфлядку.
— Ві за што? — зірнуў ён на Глушака, акуратна замкнуўшы шуфлядку.
Калі Глушак тлумачыў, латышовы вочы, здавалася, сінелі, як неба зімой: худы, сухі, жаўтавата-загарэлы твар быў цвёрды i недаступны.
Усё даслухаў спакойна, не варухнуўся нават. Спакойна ж, мерна стаў адразаць слова за словам:
— Bi не есць бядняк, i ві не маеце права на льготу. Bi — кулак, эксплаататор, вот хто ві есць. — Гайлісавы словы білі роўна, цвёрда. — І мі налажылі на вас падаток — як на кулака. Это зроблено намі законно — согласно закона про сельскагаспадарчы падаток. Mi не зрабілі ніякого иарушэння этого закона, i ві не маеце право трэбоваць пераглядаць ваш падаток. — Ён маўчаў, пакуль Глушак нанава тлумачыў, што ён просіць; загаварыў зноў так жа роўна i так жа цвёрда: — Калі ві хочаце мірно жыць з савецкай уладой, то ві абовязаны всьо віконаць — до одного грама. Інакш — будзеце, согласно законаў савецкай улады, мець суд.
— Я… — Глушака раздзімала злая ўпартасць. — Я буду… Я падам… — хацеў сказаць "скаргу", але стрымаўся. — Я падам просьбу ў раён!
— Это можно, — спакойна ўстаў Гайліс. — На это ссць ваша право.
Глушак спраўдзіў слова: друпя толькі яшчэ паснедалі, калі яго калёсы ў крутой цеснаце між юравіцкіх гор сунуліся ўніз у вуліцу. Прывязаўшы каня, скінуўшы яму сена, патупаў старэча на сходцах; у пакоі перад Апейкавым кабінетам было ўжо людзей — не так проста i прабіцца. Ён прыліп да чаргі, прыгледзеўся: ледзь не ўсе такія ж — то ca скаргамі на падатак, то — што зямлю пад калгас адрэзалі. Як бы стараючыся ўведаць, што чакае яго, Глушак пільна цікаваў, якімі вяртаюцца з кабінета: чуў непрыхільнасць i нядобрую зайздрасць да тых, што ішлі давольныя, абнадзееныя; трывожыўся, калі паказваліся панурыя, сярдзітыя.
Чакаў, таміўся: чарга ішла марудна. З акна былі відаць гонтавыя стрэхі, фарбаваныя дахі, няблізкі ельнічак, за ельнічкам угадвалася Прыпяць; адтаго, што ўсё было нязвыклае, чужое — самота брала яшчэ мацней, чым у Алешніках. Як i тады, ён амаль не верыў ва ўдачу. Ён, праўда, згадваў, што чуў пра Апейку — добры, справядлівы, але згадкі гэтыя заўсёды натыкаліся на сваё, нязменнае: усе яны — добрыя! Каб добры быў, не сядзеў бы тут.
Апейка паглядзеў уважліва, здалося — пільна. Здалося — у твары паявілася штосыді нядобрае, пазнаў нібы. Але не сказаў пра гэта, запрасіў сесці на табурэт каля стала. Схіліўшы палыселую галаву, прабег вачыма прашэнне, якое даў Глушак.
— Дайце спісы Алешніцкага сельсавета, — папрасіў Апейка чалавека, што сядзеў збоку стала.
Той паважна i спрытна перагартаў пачак папер, выбраў адну, падаў старшыні.
Голькі цяпер Глушак як мае быць убачыў чалавека: пазнаў "парційнаго да нітачкі", які калісьці прыязджаў абрэзваць зямлю. Згадаў нейкія асцярожныя намёкі Яўхіма, што не такі ён — Зубрыч — i "да нітачкі", як паказваў сябе…
Зноў пільнаваў Глушак, як Апейкавы вочы бегаюць па паперы, загадзя прагнуў уведаць свой лёс. Вось — знайшоў, цішэй, уважней пайшоў па радку. Падняў галаву — i яшчэ да таго, як сказаў слова, Глушак прачытаў свой прысуд: ніякай літасці не будзе! Але таго, што сказаў Апейка, не чакаў:
— Глушак Яўхім — ваш сын, здаецца?
— Сын… — кіўнуў Глушак.
Ён зірнуў востра: Апейка, прыкмеціў, гіытаўся не так сабе; i ў Глушака засела нецярплівае: "А — што?" Але Апейкавы вочы былі як асенняя ноч — не ўгледзеў нічога. Насцярожаны, падумаў: "Васпаваты, мабуць, перадаў!.. Дурань, палез на ражон!.." — вылаяў зноў Яўхіма.
— Я не проціў, кажу, — ужо зусім не верачы ў добрае, прасіпеў Апейку. — Але няхай — штоб па сіле. Кеб скінулі трохі…
— Нам трэба хлеб, — нудным, трохі раздражнёным голасам прамовіў Апейка. — Вельмі многа хлеба! Хлеб — рабочым, гарадам. Хлеб — Чырвонай Арміі! Каб выканаць пяцігодку — патрэбен хлеб! Вельмі многа хлеба!
Тон Апейкавай гаворкі быў такі, што Глушак чуў — ён i не збіраецца ўгаворваць яго, пераконваць. Ён нібы паўтараў урок дурному вучню — казаў толькі таму, што трэба было сказаць нешта, неяк скончыць гаворку. Глушак чуў, што прасіць яго, Апейку, цяпер — тое ж, што прасіць сцяну, тую гару, што гарбаціцца за яго спіною, за акном. Яго ўмомант заліло нянавісцю, такой пякучай, што стала трудна дыхаць: ненавідзеў лысіну з рэдкімі валаскамі, ненавідзеў недаспаны, зямлісты твар, ненавідзеў расхрыстаную касаваротку, ненавідзеў доўгую, худую шыю з ямкаю над ключыцаю, што відна была ў росхрысце каўняра.
— Няма праўды, — прасіпеў, душачыся адчаем i лютасцю.
Апейка, нібы яго ўжо i не было, адчыніўшы дзверы, пазваў да сябе наступнага. Быццам выганяў яго.
Сляпы ад злосці, ехаў Глушак мястэчкам, стуганеў жалезнымі абадамі па бруку. Ужо ля рыначнай плошчы схамянуўся, што няма чаго тут рабіць больш, у мястэчку. Забег толькі на пошту, купіў аж тры газеты i павярнуў каня дадому. Усю дарогу лаяў сябе: знайшоў у каго шукаць праўды, дамаўляцца з кім! Дамовіўся! Кармі ўсякую нечысць — бальшавікоў гарадскіх ды салдат, якіх на тое i сабралі, каб — калі што якое — штык табе ўсадзіць! Гаворыць як, — успамінаў Апейку, — бы не чуў, што ты казаў, бы смяецца з цябе! Чуе, гад, што сіла ў ix, што астаецца — толькі гнуцца ды выконуваць, кленучы i сябе i свет увесь! Hi чорта, ні Бога не баяцца! І Бог маўчыць, як, бы скажы ты, сам за ix ці як бы — i праўда — няма Яго на небе!.. Схамянуўся, перахрысціўся хутчэй: што падумаў, дурная галава! Ёсць Бог — бачыць, чуе ўсё! Бачыць — прыйдзе час — скажа усё! Ён цярплівы, цярпіць, але i Яго цярпенне не вечнае! Прыйдзе пара — скажа сваё!..
Час ад часу сярод гэтых думак згадвалася пытанне пра Яўхіма, i ён стараўся дапасці: што яно значыла, ці не было ў ім якой бяды сыну. Нічога пэўнага не ішло ў галаву, была толькі няясная трывога, з якой нязменна мяшаўся дакор Яўхіму за тое, што не слухаў яго. Адтаго, што i Яўхім быццам не разумеў яго, не жыў душа ў душу, чуў сябе як рэдка калі адзінокім.
Захацелася прыбіцца да свайго чалавека, аднадумца, у якога тая ж трывога i злосць, — параіцца, памеркаваць удваіх — што рабіць? Ледзь калёсы дакацілі да таго берага, дзе разам з колішнім панскім садам прыступалі к шляху два рады калісьці панскіх, а цяпер — камунараўскіх таполяў, павярнуў каня на нешырокую, голую дарогу ў Загародкі. Вельмі раптам захацелася пабачыць Хрола.