Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

— Шкода! — уздыхнуў хтосьці гулліва.

Башлыкову давялося перажыць яшчэ некалькі важкіх хвілін, калі Белы запытаў у залу, хто хоча выступіць, i к сталу камісіі лёгкай, пругкай хадой падышоў Гайліс. Гайліс ледзь дайшоў, дзіцячым сваім галаском кінуў у залу:

— Тут неразумно смяялісь з запіска: Башлыкоў не здымае шапка, не здароваеца! Нічого нет смешного. Правільно. Таварыш Башлыкоў не знімает шапка. Конечно, это маленькі недостаток. Товарыш Башлыкоў, можа быць, дажэ не знал, что туг есць такі звычай: здароваца з незнаемы чалавек. Але это — што таварыш Башлыкоў не здароваеца — не есць дробязь, ерунда. Бо тое — што товарыш Башлыкоў не здароваеца — не есць случайносць. Бо этот факт говорыт пра тое, як товарыш Башлыкоў звычайно паступает. Он звычайно i таварышам, з каторымі разом работает, таварышам па парціі, руку не подас. Он нікогда не пытаеца: "Як вы жывьёце?" Он болей любіць крычат у трубку: "Ві там чорт знает, что дзелаетэ! Ві спітэ! Bi — опортуністы! Mi будзем з вамі говорыт на бьюро!" Вот як говорыт часто товарыш Башлыкоў…— Гайліс памаўчаў, паглядзеў на Башлыкова, як бы хацеў пераканацца, ці слухае той.

Башлыкоў, пачырванелы, стоены, слухаў, i Гайліс павярнуўся зноў да залы. — Товарыш Башлыкоў, можа быць, лічыць, што сэкрэтар павінен быць строгі. Это правільно: павінен быць строгі. Он не есць, як гаворыцца, кум. Але этаго мало. Сэкрэтар райкома павінен быць не толькі строгі, але i ўважлівы, i справядлівы. Чуткій павінен быць. Культурный. Этого часто нет. — Ён зноў павярнуўся да Башлыкова, дакончыў: — Вучыца. таварыш Башлыкоў, трэба!

Ён гаварыў так шчыра, пераканана, што ўся зала моўчкі лавіла кожнае слова. Уражвала, мусіць, i тая адкрытасць, смеласць, з якой ён рэзаў праўду самому Башлыкову, не думаючы зусім пра тое, што можа быць потым. Апейку гэтыя адкрытасць i смеласць не дзівілі, ён адно думаў з ухвалай, як добра тое, што ён, Гайліс, рэжа ў вочы Башлыкову, i іменна тут, у гэты момант; бачыў, як чырванеў, як стрымліваў сябе не вельмі ахвотны да такіх урокаў сакратар. "Слухай, слухай, — мімаволі думаў Апейка. — Вучыся…"

Гайліс такой жа лёгкай хадою сышоў, як чалавек, які зрабіў тое, што павінен быў, падаўся на сваё месца, на другім радзе, недалёка ад Апейкі. Апейка не азіраўся, але адчуваў, што на Гайліса глядзяць з павагай, — у зале яшчэ ціха, ні аднаго галаска. У цішыні гэтай i пачулася:

— Дазвольце мне слова!

К сталу ішоў Зубрыч. Ускочыў на адну ступеньку, на другую, зірнуў у залу, але гаварыць не стаў спяшацца. Пачакаў увагі.

— Я — беспартыйны, — сказаў ён спачатку да камісіі.— Але я таксама хачу сказаць. Паколькі думка беспартыйнай масы, як мне вядома, таксама не абыякавая для камісіі. Голас мой як чалавека непартыйнага, можа быць, i не так многа значыць, але я магу таксама ўнесці сваю долю для высвятлення ісціны. І такім чынам, па гэтай хоць бы прычыне, я адчуваю абавязак сказаць сваё слова. — Ён павярнуўся к зале, памаўчаў момант i загаварыў больш павольна, моцна. — Я павінен сказаць шчыра некалькі слоў. Перш за ўсё, не буду таіцца, таварыш Башлыкоў са мной таксама не цырымоніўся. Мне, наколькі я помню, ён таксама не толькі не падаваў рукі, але i, здаралася, гаварыў словы не менш вострыя, чым таварышу Гайлісу. Здаралася, было такое, таіцца няма чаго. Я буду гаварыць шчыра. — Ён кінуў позіркам на Башлыкова, які насцярожана сачыў, да чаго ўсё гэта.

Апейка таксама глядзеў з цікавасцю з залы, з першага рада; праўда, з цікавасцю асаблівай: непрыемны i не зусім зразумелы быў яму гэты чалавек, з якім даводзілася ўжо не адзін год рабіць блізка. І падхалім, i не падхалім, нешта горшае: брыдкае, нейкае слізкае. Для чаго ён вылез сюды, з якім намерам? Што яму трэба тут?

— Я — не друг таварышу Башлыкову. Hi ён да мяне, ні я да яго не мелі асаблівай сімпатыі. Будзем гаварыць шчыра. Але я люблю праўду. І вось гэтая праўда i прымушае мяне гаварыць, не маўчаць. Я з таварышам Башлыковым сустракаўся не раз, бачыў яго збоку, слухаў — i магу сказаць, што ведаю таварыша Башлыкова някепска. Ведаю як кіраўніка, ведаю як чалавека, як партыйца. Я ведаю таварыша Башлыкова. — Зубрычаў голас яшчэ падужэў, набыў як бы святочнасці.— І таму я, скажу шчыра, не магу згадзіцца з таварышам Гайлісам. — Зубрыч адолеў шум у зале. — Не магу! Таварыш Башлыкоў надзвычай энергічны, дзелавы кіраўнік! Вельмі чулы да людзей. — Ён зноў адужаў шум. — Так, вельмі чулы! Я згодзен, што ён — строгі, патрабавальны, але ён разам з тым i чулы. Тут няма ніякай супярэчнасці: яго строгая патрабавальнасць i ёсць не што іншае, як сапраўдная чуласць. Дзелавая. У наш час, калі класавая барацьба так абвастрылася, калі сам закон класавай барацьбы патрабуе быць заўсёды напагатове, заўсёды быць пільным, нельга быць чулым i не быць патрабавальным. Не разумеючы гэтага, нельга правільна зразумець таварыша Башлыкова. — Тут Зубрыч прымоўк i далей загаварыў ужо цішэй, мякчэй, але з той жа шчырасцю ў голасе: — Я павінен адказаць i яшчэ аднаму прамоўцу. От тут пыталіся, ці працаваў таварыш Башлыкоў у сельскай гаспадарцы. Маўляў, ці ведае сельскую гаспадарку. Магу сказаць: ведае! Як спецыяліст, які часта сустракаецца з ім іменна ў гэтай галіне, гавару: ведае. І што яшчэ больш важна: ведае душу селяніна, ведае, чым ён, селянін наш, як кажуць, дыхае! Я магу сказаць з поўнай адказнасцю, што паргыя не памылілася, прыслаўшы такога работніка ўмацаваць кіруючае партыйнае ядро! Добры кіраўнік, сапраўдны бальшавік! Такая мая, беспартыйная, думка!

Хтосьці крыкнуў: "Правільна!" — некалькі чалавек запляскалі, i Зубрыч сышоў як чалавек, які таксама сумленна зрабіў сваё. Зноў у зале гаманілі, i таму, хто выйшаў за ім, давялося чакаць, пакуль старшыня камісіі супакоіць залу. Звонкі, не па гадах важны, сталы тарогіячыся ў залу ўпартым позіркам, Косцік Кудравец ca ўсім сваім камсамольскім пылам рынуўся раскідаць усё, што сказаў Гайліс, што пакрыквалі з залы. Ён заявіў усім у зале, што прынцыпова згодны з усім тым, што гаварыў таварыш Зубрыч; што ён наогул не разумее, як можна сумнявацца ў тым, што таварыш Башлыкоў больш, як хто іншы, годны быць у бальшавіцкай партыі…

У зале зноў прыціхлі, калі старшыня камісіі загіытаў у тых, хто сядзеў побач, якія ёсць пытанні. Беразоўскі сказаў, што няма i ўсё ясна. Ясна яму, ведаў Апейка, было не толькі з таго, што ён пачуу гут, але i з таго, што яму вядома было яшчэ да сходу: камісія рабіла ў мястэчку ўжо больш за два тыдні. Неахвочы да лішняй гаворкі, ён, відаць, лічыў, што няма чаго пытацца попусту, дзе ўсё зразумела; калі, да ўсяго, уперадзе яшчэ столькі нялёгкай працы. Галенчык жа, строга перабіраючы нешта ў памяці, у роздуме, памаўчаў. Зала сачыла за ім, чакала. Пайшоў шумочак.

— Чаму ў вас такі малы працэнт рабочай праслойкі? — нацэліўся Галенчык на Башлыкова.

Башлыкоў адказаў, што ў раёне вельмі мала рабочых: толькі на млыне ды ў арцелях. Але Галенчыка гэта не супакоіла. Ён не тое што не таіў, ён усім паказваў, што недавольны адказам. Ніжняя губа яго была вельмі зразумела адтулена. Ён пакруціў галавою: як такое можна гаварыць? Мала рабочых! Адно за адным стаў кідаць пытанні: колькі арцеляў у раёне ўсяго; колькі ў раёне ўсяго рабочых; колькі ўсяго ў паргыі? Што далей, то больш: чаму ў партыі аказаліся элементы з заможнай праслойкі, элементы з цёмным прошлым; элементы, якія злучыліся з класава чуждымі элементамі? У той час, калі рабочая праслойка не расла. Башлыкоў гаварыў спачатку цяргіліва, потым, Апейка прыкмеціў, стаў злаваць, абурацца пытанням, што былі як несправядлівыя абвінавачванні.

— У мяне ёсць пытанне, — перапыніў нарэшце Галенчыка Белы. — Я хацеў бы, таварыш Башлыкоў,— загаварыў ён спакойна, па-сяброўску, — каб вы расказалі, канкрэтна, фактамі, як вы працуеце з сялянамі? Як вы пераконваеце ix, што калгасы — адзіная дарога да лепшага жыцця? Што вы, як сакратар райкома, робіце, каб арганізаваць сялян у калгасы?..

Башлыкоў, расказваючы, зноў пачуў сябе спакойна i ўпэўнена. Белы слухаў яго ўважліва, ківаў раз-пораз у знак згоды, ухваляў; трагіна памагаў новымі пытаннямі. Усё ж Башлыкову давялося яшчэ перацярпець некалькі хвілін: Галенчык, якому прагнулася зноў заявіць пра сябе, узяў слова. Стоячы за сталом, абводзячы вачыма залу, ён пачаў з таго, што паправіў усіх, якія выступалі. І таварыш Гайліс i таварыш Зубрыч, сказаў ён, гаварылі аднабакова: таварыш Гайліс не адзначыў таго станоўчага, што ёсць у таварыша Башлыкова, а таварыш Зубрыч — адмоўнага; тых вялікіх памылак, якія дапусціў таварыш Башлыкоў. Непахісна выкрываючы гэтыя небяспечныя памылкі, Галенчык зноў падышоў да тых пытанняў, якія не даў яму дакончыць старшыня камісіі. Даводзячы, як шкодна для партыі тое, што ён выкрываў сваімі пытаннямі, ён ужо выпраўляў не толькі лінію Башлыкова, а разам i лінію тых партыйцаў, якія бяруць такую лінію пад абарону. Галенчык знарок не называў прозвішча старшыні, ён, відаць, i так ведаў, што ўсе зразумеюць, каго ён папярэджвае. Белы слухаў яго цярпліва, не перабіў ні разу, i Галенчык зноў вярнуўся да Башлыкова. Таварыш Башлыкоў павінен улічыць, павінен помніць, павінен не забываць усяго, што яму было тут сказана. Такім жа тонам Галенчык i скончыў: таварыша Башлыкова можна аставіць у партыі, але ўказаць на тыя недахопы, якія тут былі ўскрыты…

Выйшла так, што Белы, які гаварыў апошні, проста нібы падтрымаў прапанову Галенчыка. Пасля некалькіх спакойных, дзелавых слоў старшыні Башлыкоў i сышоў па ступеньках уніз, у залу.

2

Белы выклікаў к сталу камісіі Апейку. Калі Апейка ўзышоў, Белы спакойна, будзённа зірнуў, папрасіў расказаць біяграфію.

Апейка павярнуўся i ўбачыў звыклае: залу, людзей, што чакалі яго слоў. І ад гэтага звыклага адчуў сябе раптам вельмі спакойна. Спакойна, роўна расказваў пра жыццё сваё, адказаў на пытанні.

Яго трохі здзівіў тон, штосьці нядобрае, незразумелае ў тым тоне, з якім Галенчык сказаў:

— Я прапаную прачытаць кампрамеціруючыя матэрыялы, якія паступілі на таварыша Апеньку.

Тады Апейка надумаў быў, што Галенчык незнарок перайначыў яго прозвішча; Апейку больш кінуўся на ўвагу нядобры, нібы зларадны бляск у чорных, пранізлівых вачах. Па гэтым бляску Апейка зразумеў, што яму грозіцца небяспека. Здагадаўся, што небяспека — ад запісак.

Ён з насцярожанасцю глядзеў, як Белы выбіраў з папкі, перачытваў паперкі. Падрыхтаваўся мімаволі да паганага. Але першыя ніякай небяспекі не зычылі. Хтосьці нават пісаў, што "камплімеціруюшчых мацерыялаў пра таварыша Апейку можна напісаць багата", бо ён "такі парціец, што ў яго няхай бы ўсе вучыліся". Другі пісаў, што яго няма чаго чысціць, таму што ён свой i ўсе яго i так ведаюць. Былі запіскі, у якіх наракалі на парадкі ў раёне. Дзве з ix былі напісаны, мабыць, тымі ж людзьмі, якія пісалі на Башлыкова: у адной скардзіліся, што не хапае солі i карасіны, у другой — што прыцясняюць веруючых. Потым ужо адна — вось яно! — пэцнула брудным намёкам: "Чаму таварыш Апейка скрывае, што сапраўднае яго прозвішча не Апейка, а Апенька? Ці не таму, што вядомы міраед-кулак Апенька — яго родны брат?" Тады яшчэ адна, такая ж дурная i злая: "Няхай скажа, сколькі з’еў кулацкага сала?" Але самая паганая была апошняя: "У парційную камісію. Прашу заявіць на сходзе: ці можа займаць важны савецкі пост такі чалавек, як Апейка, які зросся з кулакамі i сам факцічаскі яўляецца ix пасобнікам i заступнікам?"

У зале, калі Белы чытаў апошнія запіскі, захадзіў гоман такі, што Белы пасля кожнай прыпыняў чытанне i паглядваў у гаманлівы прыцемак. Хтосьці крыкнуў хрыпла i моцна: "Брахня!" Яго падтрымапі, між мужчынскіх, стрыманых, — некалькі абураных, жаночых. Апейку гэтыя галасы супакойвалі i падтрымлівалі. Але i з ix падтрымкаю стаяць спакойна было няпроста: удар быў важкі, небяспечны. І ўсё ж Апейка стараўся не паказваць хвалявання: не толькі таму, што на яго глядзела столькі вачэй. Недзе там, сярод добрых, прыязных, помніў ён увесь час, цікавалі вочы, якія прагнулі яму бяды, болю.

Поделиться с друзьями: