Подых навальніцы
Шрифт:
Думкі перабіў плач малога, якое прачнулася ў калысцы ля ложка. Ён пачакаў, калі Маня, што была, як заўсёды, бліжэй да дзіцяці, возьме паўрозку ад калыскі, загушкае, але яна нібы i не чула. Дзіця ж не ўціхала, галасіла ўсё мацней.
— Вазьмі пагушкай! — не ўтрываў Васіль.
Яна хоць бы варухнулася.
Васіль зазлаваў:
— Не чуеш?!.
Яна была як нежывая, як калода. З палацяў злезла маці, узяла малога на рукі, пачала тупаць па хаце, прыгаворваць:
— А-а… а-а… Спі, маленькі… Спі, разумненькі!.. Курачкі ўсе спяць!.. Цяляткі, парасяткі!.. А-а, а-а…
Яна насіла, гушкала, пакуль малое не ўціхла, не заснула добра; паклала ў калыску, иагушкала яе. Потым яшчэ доўга стаяла ў цемры, як бы не цяміла, што рабіць; схамянулася, пасунулася к палацям сваім тады, калі штосьці загаварыў праз сон Валодзька.
— Пайду я! — раптам ціха, цвёрда сказала Маня. У голасе яе пачулася злосць: —Жыві з етай сваёй!.. — Яна не ўтрывала, захліпала: — Мало ёй аднаго… свайго!..
Васіль не сказаў нічога. Не абнадзеіў, не супакоіў. У галаву зноў лезла — што ж цяпер будзе з гаспадаркай, з канём, з зямлёй, якую даў цесць? Між гэтай клопатнай няпэўнасці ныла згадка пра Ганну, шкадаванне, што не пабачыліся сёння. Гэта дамашняя неспадзеўка не дала выйсці к назначанаму месцу, а яна ж — Ганна — пэўна, чакала!.. Чакала — i не дачакалася! А пабачыцца трэба было б, нават цяпер… Цяпер, дык асабліва трэба было б…
Ён не ведаў, што Ганна ў той вечар таксама шкадавала, што не можа выйсці…
9
Яны пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала чуццё. Першая прыйшла Ганна; ідучы загуменнай дарогай, азірнулася, стала ўпоцемку ля Васілёвага гумна, прытулілася да сцяны. Слухала, узіралася, поўнілася такім неспакоем, што дрыжала ўся.
Няўжо не прыйдзе, не пабачыцца — Ганна аж стаяць не магла на месцы ад думкі, што так можа i стацца. Як заўважыла цёмную постаць ад двара, як пазнала, што — ён, дрыготка ўзяла яшчэ мацней.
— Я ўжэ баялася! — сказала ціха, шчыра. — Не здагадаецца, думала!..
Ён памаўчаў момант. Не ўзяў яе рукі, не абняу
— Я i ўчора прыходзіў… Думаў: можа, будзе…
— Няможно було мне… Сягоння — як вырвалася да сваіх… Жывасілам, можно сказаць…
— І за мной — глядзяць… Не вераць…
У ix была тая ж шчырасць, як i ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці — дзіўна — не было ўжо. Ca шчырасцю, няпрошанае, неадступнае, чулася яшчэ нешта, што як бы — трэцяе — стаяла між ix, не давала ім быць блізкімі, роднымі. Асабліва гэта трэцяе стрымлівала Васіля — Ганна чула востра, крыўдна…
— Знаю ўжэ… Мачыха сказала… як у цябе було… — гаварыла яна, стараючыся не заўважаць яго стрыманасці.— Як Пракоп пайшоў…
— Пайшоў…— Васіль за тым, што яна сказала, чуў яшчэ пытанне — а як жа Маня будзе? — але не адказаў нічога. Не хацеў ні гаварыць, ні думаць пра гэта. Сам не ведаў.
Тое, што стаяла між ix, аддаляла, было няяснае, непадатнае, важкае. Яны стаялі, можа, хвіліну моўчкі — блізкія i далёкія разам.
Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася:
— От i няма чаго баяцца! Знаюць усе!
Васіль не засмяяўся.
— Знаюць…
— Не так яно страшно, як здавалася!..
Васіль прамаўчаў. Яго маўчанне не толькі не стрымала яе, а як бы дало большай рашучасці.
— Пацярплю шчэ трохі,— сказала яна аж дзіва легка. — А там!..
Васілю здалося: Ганна вось-вось засмяецца! Ён хмурна пацікавіўся:
— Што — там?..
— Кіну ўсё! Хай яно згарыць! — Як пра даўно абдуманае, сказала, ужо без смеху: — Пайду!
— Куды ето?
— Хоць куды! Куды вочы глядзяць!
— Сказала!..
— Надумалася — i пайду! Толькі таго i свету, што Курані. Як прападаць тут век, дак мо знайду што! — Яна гаварыла ўсё гарачэй, сур’ёзна: — У Мазыр пайду, а мо i далей! Абы — далей адсюль! Штоб Карчоў i духу не было! І не відно, i не чутно!.. — Ганна раптам дадала шчыра: — От кеб ты буў!
Яна не толькі хацела гэтага, яна быццам назвала: так гэта было сказана. Васіль чуў: сказала пра яго не так сабе, не выпадкова, думала пра гэта; яму стала хораша, радасна. Момант было адчуванне шчаслівай, вялікай блізкасці — у свеце было толькі яго i яе шчасце.
— Не бойся! Нічого не бойся! — як бы чуючы яго настрой, казала яна. — Ето толькі зразу, асмеліцца страшно! А там — добра будзе! Пабачыш!.. Ці мы паны якія! З чужого жыць прывучаны змалку? Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! Што я кажу — не прападзём! Жыць будзем, як ніхто не жыве тут! На зайздрасць усім жыць будзем! Удваіх — дружно, шчасліво, як ніхто! Я ж цябе так люблю! Так любіць буду век! Родны, мілы мой Васілёчак!..
Ніколі нічыя душа не хвалявала Васіля так, як яе ў той вечар. Ніколі нікога не любіла Ганна так, як яго, — у тым халодным, беспрытульным поцемку каля гумна. У бядзе, у роспачы Васіль быў Ганне не проста любым — быў надзеяй, ратункам, быў тым жыццём, да якога яна рвалася. І яна Васілю была тым шчасцем, якога яму так не хапала заўсёды…
Яе гарачы шэпт, яе рашучасць глушылі заўсёдную Васілёву разважнасць. Момант была дзіўная лёгкасць, чуў вясёлую волю ў сабе — нібы ўжо ішоў разам…
Усё ж — больш са звычкі — стрымаў сябе:
— Не так ето просто…
— Просто не просто, а — не трэба баяцца! Ето адважыцца толькі — страшно! А як адважышся — лягчэй! Страшно — толькі пачаць! А там лягчэй будзе — пабачыш!.. Не век жа жыць, не любячы! Штоб любіў — тады б другое було! А як не любячы — дак чаго баяцца! Чаго шкадаваць тых кароў, той хаты! Які ў ix толк — як церпіш толькі адзін аднаго! Любоў будзе — усё нажывецца! І не на гора — на радасць! Усё на радасць будзе!..
Яна раптам абарвала свой шэпт. Парывіста ступіла да яго, абхапіла рукамі за шыю, прыціснулася так, што ён пачуў усю яе — ад гарачага лба да дужых ног. Хвіліну стаяла так, як бы перадаць хацела ўвесь агонь сваёй душы, усю адвагу. Адарвалася так жа рэзка, сказала ціха:
— Не канешне зразу рашаць. Падумай… Як надумается, дай знак!
Апошнія словы прамовіла спакойна, неяк дзелавіта — павярнулася, цвёрда, хутка пайшла ў цемру загуменнай дарогі.
Васіль пастаяў трохі, падаўся паволі к двару. Ці стаяў потым ля павеці, ці ляжаў на палацях, згадкі, думкі аб спатканні з Ганнаю, аб тым, што яна гаварыла, важка варочаліся ў галаве, вярэдзілі душу з нязнанай горыччу. Былі хвіліны, калі здавалася, што ён гатоў кінуць усё — прападзі яно пропадам! — кінуць i ісці з ёю, з Ганнаю, па тое шчасце, што недзе ж i праўда можа, ёсць, можа быць іхнім! Праўду казала: не жыццё — калi не любіш, не век жа цярпець, не любячы!
Але за гэтым находзіла іншае, халаднаватае, разважнае, i душу гнёў камень. Куды ён пойдзе, як ён кіне ўсё, чым жыў усе дні, цэлыя годы, што набываў такой упартасцю — па крупінцы, па зярнятку — такім трудом, — свету белага не бачачы. Можна было б не ісці нікуды, не кідаць нічога, проста Ганну ўзяць да сябе — але ж тады што з тае гаспадаркі будзе: зямля лепшая прападзе, каня аддаць трэба, за хату век не расплоцішся! Ды i пра малое падумаць — як яму, бязбацькавічу няшчаснаму, быць, жывога бацьку маючы! А што без бацькі будзе — ясна: не аддасць жа Маня яму хлопчыка, не аддасць! А там — возьме хто яе сабе з хлопцам, — звядзе, гад які, занішто чалавечка, бацькаву кроў!..