Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Хутка i гэтае выглядванне надакучыла, падаўся насустрач, дайшоў да цагельні. Толькі калi ўбачыў на грэблі купку малых, стаў, цярпліва i хмурна пачакаў. Хмурны ж падышоў i да Хведзькі, моўчкі пацёгся побач, сярод хлопцаў i дзяўчат у світках, у каптанах, з торбачкамі,— адзін унураны, сур’ёзны ў дураслівай, гаманкой чародцы. Ужо ля сяла адвёў Хведзьку ўбок, сказаў са сталай стрыманасцю:

— Знаеш, мы з табой, мабуць, будзем сваякамі…

Хведзька шмаргануў чырвоным з чарнільнай плямай носам.

— Чаму ето?

— Васіль праганяе Маню. Ганну вашу хоча ўзяць за жонку.

Хведзька толькі зірнуў заклапочана:

— А як жа Яўхім яе?

— Яўхіма яна, мабуць, кіне.

От добра! — сказаў Хведзька.

Валодзя як бы прасіў парады, помачы, прызнаўся нявесела:

— Добра-то добра, ды яна не хоча — Маня! Плача!

— Ну i няхай плача! — проста рашыў Хведзька.

Валодзю не вельмі ўсцешыла гэта рашэнне, але яму ўсё ж стала спакайней. Раптам найшла вялікая любасць да Хведзькі. Абодва любілі адзін аднаго ў гэты момант, як ніколі, пяшчотна, моцна. Шчаслівыя, блізкія, як ніколі, ішлі ў сяло: родныя ужо, можна сказаць, людзі!

Калі Хведзька пайшоў у хату — кінуць торбу з букваром i сшыткам, пад’есці, Валодзька астаўся чакаць на выгане. Баяўся, што матка затрымае прыяцеля, не пусціць, але Хведзька хутка прыбег. Удваіх — поўныя радасці неспадзяванаму свайму сваяцтву — шасталі па хмызняку, па прыгуменнях, пакуль не разлучыла халодная цемра.

Дома ж, калi Валодзька залез пад коўдру, ледзь улавіў Маніны ўздыханні ды хліпы, нядаўняя радасць ураз растала. Узяла зноў вялікая маркота, лёг на душу жаль. Якніяк, шкода вельмі яе, Мані! Спачуваючы ёй шчыра, прагнучы неяк памагчы, Валодзя падумаў разважна: а чаму б не зрабіць так, штоб i яна, Маня, не ішла з ix хаты нікуды, i Ганна штоб жыла тут з Васілём. Калі ўжо ім абедзвюм з Васілём быць хочацца. Услед за гэтым падумаў: чаму канешне ў кожнага па адной жонцы? Уздыхнуў сам сабе: карміць, мабуць, дваіх не накорміш!..

Амаль тады ж, калі сышоў з двара Валодзя, дзед Дзяніс з вінаватым i лагодным выглядам, з лутавым карцом мёду пакльшаў к Пракопу. Вярнуўся ён поцемкам, стомлены i ціхі. Васілёва маці, што чакала яго ля варот, хоць пачула, што невясёлы ён, не ўтрывала:

— Што яны?..

— Што! Яна, тым часам, нічого. Мірно. Ён, Пракоп, як камень, — слова не выціснуць. Злы вельмі!..

Убачыў упоцемках Васілёву постаць, цвёрда пайшоў да яго, заявіў строга:

— Жаніўся, тым часам, дак аднаго дзяржыся! Хваціць бегаць!

Васіль павярнуўся, моўчкі падаўся ад яго…

8

Тoe, што здарылася ў гэты дзень, Васіля нібы не вельмі ўразіла: бяда, не відная другім, вярэдзіла ж яго ўжо не адну ноч, не адзін дзень.

Нялёгка было чуць, таіць яе ў душы, ведаць, што ў любы час яна можа выплыць, што спакой i дабрабыт яго такія нетрывалыя. Цяпер, калі адкрылася ўсё, была разам з супярэчлівасцю розных нядобрых пачуццяў наваг нейкая палёгка: няма ўжо чаго таіцца, чакаць з аиаскай, трывожыцца!..

У даўняй супярэчнасці пачуццяў найбольш пякло адчуванне як бы наўмыснай няскладнасці жыцця, якое вечна блытала нібы цвёрдыя, надзейныя разлікі, нібы знарок абдзельвала нічасцем…

Убіраўся ў сілу. Лез, дзёрся ўгару — упарта, безупынна. Дня не было такога, каб ранкам, днём, вечарам не рабіў чаго для гаспадаркі, не поўніўся няўціхным клопатам аб сваім дабры.

Лез, дзёрся, рады, здаецца, павінен быць бы. Цешыцца, здаецца, трэба было б адно: збывалася ўсё, што хацеў, пра што марыў Гаспадаром станавіўся, не абыякім, спраўным; зямлі пабольшапа, пабольшала ў гумне i ў клеці; конь, карова — не сорам i перад людзьмі; хата расце. Цешся ды радуйся! A радасці, а шчасця поўнага не было!

Дзіўна абыходзілася з Васілём жыццё. Ці так ужо на раду яму напісана: адно ладзіцца, адно цешыць, дык другое — бы назло гэтай радасці. Бы знарок нішчыць яго ўцеху! Другім, канешне, можна i не паказваць гэтага, а сам жа ад сябе не ўтоіш, не ашукаеш самога сябе: ці ж такую трэба жонку! Не тое што не да душы — злосць век бярэ на яе, маруду, цяльпуху! Няўдача, а не жонка! Дабро — дабром, a толькі ж i дабро — не ўсё шчасце, з-за няўдаліцы i дабро неяк не цешыць часам. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй — хоць бы што! Другая дык i дома ўпораецца, i скаціну пакорміць, i чалавеку прыбяжыць паможа ў гумне ці ў полі, а гэта — каб не матка яго, дык i ў хаце прапала б адна! Жыве не жыве, а — нібы спіць, ходзячы, робячы! Так i хочацца ўхапіць, зрабіць за яе — глядзець на яе нудна!..

Колькі разоў, асабліва ўпачатку — пакуль не прывык, не сцярпеўся трохі — успамінаў з жалем Ганну. Ноччу, дык доўгі час проста бачыў яе з сабою, проста прымірыцца не мог, што жыццё так перакруціла марыспадзяванні! Ён не песціў думак пра Ганну, гнаў ix, як мог, убіваў у сябе: непатрэбшчына, пустое — уздыхаць, шкадаваць аб тым, што ўпала — прапала, а не ўздыхаць, не шкадаваць не мог!

Не адну ноч, не адзін месяц прыкрай чуў побач Маню, адварочваўся, адсоўваўся, a калі яна тулілася, лашчылася — злаваў. Потым усё ж як бы перастаў бедаваць аб няўдачы: як бы прывык да Мані. За часам, за навалаччу турбот радзей i радзей успамінаў ужо Ганну; можа, i зусім перастаў бы згадваць, калі б не тая сустрэча на бульбяным полі, не спатканні упоцемку ля гумна; калі б не Ганніна шчырасць, не бяда яе, свая бяда: капі б усё не ажыло раптам, не запякло зноў! Ажыло, запякло — ды з якой сілай!..

Яшчэ адно даўно ужо хмарыла шчасце: бясконцыя сходы; абы сабралі — пра калектывы, калгасы. Думаў, што не паддасца ўгаворам-абяцанкам, будзе трымацца свайго дабра, хоць бы што, не дасць крыхоткі адной, — а спакою, пэўнасці надзейнай не было!..

Лез, пяўся, колькі змогі, зладжваў будыніну свайго шчасця, бервяно за бервяном, плашку за плашкай, паплецінку за пагілецінкай. Складваў, стараўся, а будыніна крывілася, хілілася, гатова была ў любы момант разлезціся, разламацца; не было грунту, асновы добрай у будыніны, кволай, няпэўнай будыніны яго шчасця!

Цяпер нетрываласць гэта чулася як ніколі. Ці хадзіў, паіў каня, ці карміў карову — моўчкі, унурана думаў аб няскладнасці, крыўднай несправядлівасці жыцця, думаў без вялікага бедавання, з нейкай стомленасцю, нават нібы абыякавасцю. Маня, збітая тым, што адкрылася, нічога не рабіла па гаспадарцы; Васіль рабіў i за яе. Як праз туман, да Васіля даходзіла: яна не кляла, не папракала, адно хліпала i хліпала аднастайна, нудна. У яго не было ні шкадавання аб ёй, ні шкадавання за тое, што гора гэта — ад яго. Абыякавы быў да яе, абыякавы быў i да яе скрухі…

Hi жалю аб ёй, ні шкадавання за свой учынак не было i тады, калі ўночы ляжалі побач. Звыклыя ў галаву ішлі клопаты — аб скаціне, аб няскончанай хаце; плынь думак гэтых увесь час перарывалі то ўспаміныразвагі пра Ганну, то згадкі пра апошні дзень. Бугай паганы — укалоў як!.. Пракоп-маруда — аж дайсці не мог доўга, што рабіць!.. Сядзеў усё, моўчкі цюкаў!.. Як яно цяпер паверпецца: не прыйдуць, мабыць, ужо — аднаму канчаць трэба будзе!..

"Ганна ў етай хаце жыць будзе!.." — казаў Бугай. "Згаварыліся, што к Васілю пяройдзе!.." Набрахаў на ўсю вуліцу ды i падыбаў, бы праўду сказаўшы!.. Ca злосцю на Бугая — не першы раз за гэтыя ночы — любая, неадступная, увайшла, узяла Васіля думка-мара: калі б тое можна было, калі б праўда Ганна гаспадыняй стала! Усё было б тады ў яго, усё, чаго не хапае! Шчасце было б поўнае — не падман!.. Бы ўвачавідкі — не першы раз ужо — убачыў, як Ганна пораецца каля печы, як ходзіць па двары, — i ўсярэдзіне аж забалела!

Поделиться с друзьями: