Подых навальніцы
Шрифт:
— Васілько! — учапілася ў Васіля матка, але ён як бы i не заўважаў яе.
Глядзеў толькі на Міканора. Не зводзіў воч.
Міканор ступіў крок, упэўнена ўзяў яго за плячо. Хацеў саштурхнуць яго. Васіль нібы толькі i чакаў гэтага.
— А-а, т-ты так!
Ён адарваў матчыну руку, нейкі дзіка-радасны — не помнячы ўжо, што робіць, — хутка рынуў на Міканора. Ухапіў загрудкі.
— А-а, ты… так!..
Ён дужа сціснуў Міканораву паддзёўку, так што Міканору цяжка было варухнуць плячамі. Моцна рвануў на сябе, Міканор амаль упрытык убачыў сляпыя i радасныя, поўныя лютасці вочы; скрыўлены нянавісцю, прагай пометы твар. Міканор упёрся ў Васілёвы грудзі рукамі, стараючыся адціснуць яго, але Васіль не даўся. Раптам ён штурхнуў назад так, што Міканор ледзь устаяў.
Усё гэта было які момант, бо к Васілю i Міканору адразу ж падскочылі Хоня, Алёша, яшчэ некалькі чалавек. Васіля ўхапілі за рукі, за шыю, за каўнер світы. Але i гуртам ледзь адарвалі.
Ён усё кідаўся ў дужых руках, запалена хрыпеў, намагаўся вырвацца. Зіркаў на Міканора люта, помсліва.
— Васілько!.. Ашалеў саўсім! — бедавала, бегала навокал сына i тых, якія яго трымалі, матка. Абхапіла рукамі галаву, загаласіла з адчаем, на ўвесь голас.
Міканор, узлаваны, трохі зніякавелы, аддыхваўся, выціраў далонню пот. Стараючыся трымацца з годнасцю, плюнуў знарок спакойна, як бы прыгразіўся:
— K-кулацкая душа!.. Контра!..
Дзятліха, як ні галасіла няшчасна, прыкмеціла Міканораў позірк, кінулася, просячы, молячы:
— Не сердзіся на яго, Міканорко!.. Ты ж старэйшы, спакайнейшы!.. Ашалеў ён саўсім! Не помніў ён, што рабіў!..
— Напомнім — штоб не забуваўся! — з пагрозным намёкам прамовіў Міканор i падаўся ад натоўпу.
Дзятліха дробна, хапатліва пабегла каля яго. Збоку было відаць, прасіла Міканора не злавацца…
— Дарэмно ты ето, брат! — весела гаварыў Васілю Хоня, здавалася, адно ўзрадаваны гэтай спрэчцы. — Рашылі, брат! Рашылі, значыць — кончано!..
— Што ж цябе аднаго абходзіць?! — як бы тлумачыў Алёша.
Васіль невідуча вадзіў вачыма, дыхаў горача, але ўжо не рваўся. Стаяў нейкі аслабелы, абвялы, быццам абыякавы да ўсяго. Раптам зноў неспакойна павёў вачыма, крутнуўся недавольна. Яму не сталі працівіцца, выпусцілі з рук. Ён момант пастаяў, як бы ў роздуме. Потым важка пайшоў цераз паласу ад людзей.
Ішоў, горбячы плечы, угнуўшы галаву. Лапці ўязджалі ў пульхную раллю, тапталі, нявечылі сцябліны руні. Так жа важка i абыякава пацягнуліся чужым полем. Матка неўзабаве дагнала яго, дробна заспяшалася побач. Штосьці загаварыла лагоднае, супакойлівае.
Ён быццам не чуў яе.
У той дзень матка некалькі разоў бегала да Дамеціхі. Бегала нібы з гаспадарчымі клопатамі — параіцца, пазычыць запалак, мукі на зацірку; але большасць цікаўных жанок меркавалі, што гэта ўсё — для прыліку, для чужых вачэй; што напраўду — для таго, каб улагодзіць Дамеціху, упрасіць заступіцца перад Міканорам за Васіля, — каб не злаваў, не перадаваў у суд. Пад вечар, калі Міканор паявіўся на двары сам, падсцерагла, калі ён астанецца адзін, без каморнікаў, таксама ледзь не кінулася ў ногі…
Неўзабаве пасля гэтага Міканор i Васіль сутыкнуліся яшчэ раз. Нахіліўшыся над калодзежам, Васіль зачэрпваў ваду, калі да калодзежа, у расшпіленай сарочцы, без шапкі, з вядром у руцэ падышоў з хаты Міканор. Васіль, заўважыўшы яго, не падымаў вачэй, на нейкую хвіліну перастаў нават цягнуць вочап. Як бы чакаў чагосьці. Ці, можа, думаў, што Міканор кінецца біцца.
Міканор стаяў нямірны. З пагрозай i шкадаваннем прамовіў:
— Шкода толькі матку тваю… Да i дзеда паважаю…
Васіль нядобра зіркнуў, пацягнуў вочап. Ужо калі зняў вядро, заявіў упарта:
— Я ето так не кіну! — Голас яго быў нацяты, рукі дробна дрыжалі.— К Апейку пайду! Папытаюся, ці можно так — па савецкаму закону!
— Ідзі, ідзі,— Міканор упэўнена надзеў вядро на кручок вочапа. Затрымаўся, глянуў на яго. — Толькі б лепей у калгас пайшоў! Зразу ўсё i рашылася б!
Раздзел чацвёрты
1
У гэты вечар ледзь не ў кожнай хаце гаварылі пра падзеі ў полі. Кожнаму ў Куранях было ўжо вядома, i што казаў Яўхім, i як махаў рэйкаю Нібыта-Ігнат, i што рабілі Гайліс i Міканор, i як кінуўся на Міканора Васіль. Усё гэта выклікала самыя розныя меркаванні: адны хвалілі Васіля i Нібыта-Ігната за смеласць, друпя судзілі, як неразумных: таксама героі знайшліся! Гаварылі, што Міканору цяпер трэба будзе сцерагчыся Яўхіма, пільна паглядваць увечары. Найбольш было гаворкі пра Нібыта-Ігната: можна было чуць такое, што Ігнату — пры цяперашніх строгіх парадках — не паздаровіцца. Шэптам i з належнай шматзначнасцю пераказвалі, што за такія штукі — чутно — дзе-нідзе i к сценцы ставяць.
Вялікім i розным клопатам былі поўны хаты тых, хто трапіў у героі гэтых падзей. Васілёва матка i, як магла, лагодна суцяшала Васіля, каб не бедаваў пра страчанае, i, хоць асцярожна, дакарала — што не беражэцца. З бясконцай матчынай цярплівасцю вучыла свайго неслухмянага сына Дамеціха, папракала, што заядаецца са ўсімі, трывожна прарочыла, што гэта не давядзе да дабра. У Ігнатавай хаце было цёмна i маркотна. Уся вялікая сям’я, нібы асірацелая без бацькі, сядзела за сталом нязвыкла маўкліва; ціха разышліся ўсе пасля вячэры па палацях, на прыпечак, на печ. Нават меншыя не дурэлі, не чапаліся адно з адным.
Набедаваўшыся за дзень, Ігнаціха таксама сабралася ўжо лажыцца, калі на ганку пачуліся немагчыма знаёмыя крокі, патрабавальна ляснула клямка. Хадоська, што ляжала ўжо з малымі, несамавіта крыкнула: "Татко!", ускочыла, — як была ў адной сарочцы, кінулася ў сенцы. Яшчэ да таго як увяла яна нявіднага бацьку, хата напоўнілася радасным галасам. Скакалі, крычалі большыя, лямантавалі малыя. Жонка i Хадоська з нядаўняй бяды, з неспадзяванай радасці таксама загадает! жагнаючыся, божкаючы.
— Да сціхніце вы, — недавольна i звыкла злосна зыкнуў раптам Ігнат. — Як па нябожчыку!.. Есці лепей дайце!
Ён скінуў світу i сеў да стала. Спыніў Хадоську, што хацела запаліць лучыну: "Як-небудзь траплю ў рот i без святла!" — нявідны, моўчкі, прагна жаваў, сёрбаў, не адказваў на нецярплівыя жончыны пытанні. Ужо калі леглі, неахвотна i панура, нібы паказваючы, што радавацца асабліва няма чаго, сказаў, што сядзеў увесь час у Алешніках, што латыш гаварыў строга i гразіўся аддаць пад суд, але ўвечары адпусціў. Памагло, мабыць, што заехаў Апейка. Адпускаючы, латыш наказваў, каб быў разумнейшы, каб гэта было "апошні раз"!.. Ледзь выведаўшы ўсё, Ігнаціха не ўгрывала, упікнула: "Я што казала…", але Ігнат так зыкнуў, што яна адразу ўціхла. Услухоўваючыся ў яго неспакойнае дыханне, старалася адгадаць адно, чаму ён па-ранейшаму такі невясёлы, пра што так цяжка думае…
"Злы, — прыйшло ў думкі.— Век — злы. Быў i — будзе…"— Успомніла — з недарэчным гонарам i скрухай: а быў жа вясёлы! Калі жаніўся, больш галасістага за яго i не было. На ўсе Курані самы галасісты быў хлопец!.. Як скакаў! Лепей за ўсіх у цэлых Куранях!.. І кучаравы быў, чупрына — як лаза густая! І паверыць не паверыла б, каб не помніла. Аблез саўсім, чэрап свеціцца голы… Зацяты быў змоладу… З зацятасці гэтай i ссох, аблез. Зацятасць гэта i зрабіла злым. Зацятасць ды — няшчасці… Як знарок, век не шанцавала… То ж з-за адной Хадоські колькі наперажываўся. Як радаваўся ўпачатку, што Карчоў улягаць пачаў быў. Як цешыўся, што прыпяваючы жыць будзе. І от дачакаўся!.. З-за аднаго гэтага ссохнуць нядоўга… Цяпер от — Хоня, — не адыходзілі думкі ад Хадоські.— Хоня — хлопец непаганы, ён, Ігнат, сам ведае. Але ж — бядняк, горкі бядняк. Ды шчэ з маткай-калекаю… Хіба ж цяжка дагадацца, чаму ён, Ігнат, так коса глядзіць на Хоню. Чуе ж, што не соладка будзе дочцэ… Як знарок не шанцавала! — тоіць Ігнаціха ўздыханне. — То пакралі сена, то жыта градам пабіла. То згарэлі — згалелі саўсім. Як — кара якая божая. Дзеці — век хворыя, век чэзлыя, кожную вясну з галадухі скуголяць. То ж не было года, каб наеліся ўдосыць… Адна надзея на гэту палоску была, — узяў Ігнаціху пякучы жаль. — Усё дабро, лічы, з яе адной. А цяпер, — як цяпер будзе? — падступіў страх. — Калі — не дай Бог — удзеляць пясок!.. З торбай вясной пайсці давядзецца!.. І што наогул будзе?.. От i — будзь добры, вясёлы! Не злы будзь!.."