Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Хата была акурат пад гарою, у ціхім, парослым травою завулку, так што, ідучы сюды, Яўхіму не трэба было вельмі асцерагацца напаткаць каго-небудзь з куранёўцаў ці алешнікаўцаў. Трэба было асцерагацца хіба цікаўных позіркаў з хат ды двароў, але мала хто i па якой патрэбе мог ісці завулкам, збочыць у хату! Яўхім зусім i не чуў якой-небудзь насцярожанасці; як i тады, калі падыходзіў да мястэчка, i калі спускаўся з гары, i калі ішоў завулкам, ён чуў сябе вельмі спакойна. Схільны хадзіць па свету ганарліва, не туляючыся, ахвочы нават да рызыкі, ён лічыў, што ўся гэта зубрычаўская асцярожнасць ні да чаго, i калі трымаўся яе правіл, то толькі таму, што на гэта быў цвёрды Зубрычаў загад, i таму, што злаваць Зубрыча не было ніякай рацыі. Праўда, яго ні трохі не турбаваў клопат пра тое, каб не ўгнявіць Зубрыча: чым бліжэй падыходзіў Яўхім да сустрэчы з Зубрычам, тым менш тлела ў Яўхіма спадзявання i на самога Зубрыча i на гэты паход, у які ён выправіўся найбольш таму, што прасіў бацька. Ва ўсім гэтым паходзе Яўхіму бачыўся цяпер толькі той сэнс, што будзе ці не будзе якая-небудзь карысць, а паспрабаваць — можна. Каб не гадаць потым. Іншага выхаду ўсё роўна няма.

У Пелюхавай хаце былі толькі жонка з дзіцем на руках ды малая гадоў дзевяці. Малая, чарнявая, надобная на бацьку, адразу, як толькі ўвайшоў Яўхім, падалася да маткі, таропіла з-за матчынай спадніцы дзікаваты, пільны позірк. Уважліва, не вельмі гасцінна глядзела i Пелюхава жонка, невысокая, таўставатая, распатланая, у расшпіленай бруднай сарочцы. Можа быць, яе раззлавала дзіця, якое яна трымала, яна i цяпер нервова хітала яго, — але i Яўхіму, здавалася, нічога добрага не хацеў зычыць гэты позірк. Калі Яўхім сказаў, што яму трэба пагаварыць з чалавекам, яна, як бы злуючыся, загадала малой пазваць бацьку. Без ветлівага слова павярнулася, падалася, важка ступаючы босымі нагамі, хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Не запрасіла нават сесці. Яўхіма гэта ні трохі не збянтэжыла: ён спакойна агледзеўся, выбраў месца на лаўцы ля акна. Сеў, як у бацькавай палавіне.

Пелюх прыйшоў скора. Чорны, няголены, жвава ўскочыў, угледзеўся, не пазнаючы; відаць, чакаў кагосьці іншага, бо калі пазнаў, Яўхім заўважыў — юрлівыя, з бляскам вочы расчаравана пахаладнелі. З расчараваннем на твар легла насцярожанасць: пільна, коса павёў позіркам на жонку. Гэта было адзін міг, Пелюх амаль адразу ж адолеў разгубленасць: як перад найлепшым прыяцелем заюрліў перад Яўхімам, выказваючы радасць, якая можа быць толькі ад госця, якога даўно i нецярпліва выглядвалі. Яўхім, здзіўлены такім уменнем хлусіць, хоць, як заўсёды, чуў непрыхільнасць да такой хлусні, як мог падтрымліваў яе: здагадаўся, што жонка нічога не ведае, дзеля чаго ён прыбіўся, i не павінна ведаць. Запінаючыся, выціскаў з сябе выдумку: вінаваты, што не заходзіў доўга: але быў вельмі заняты, работа насела — не перарабіць. От толькі цяпер вырваўся, i то на хвіліну. Толькі калі жонка выйшла прынесці гуркоў на закуску да той пляшкі, якую паставіў гаспадар на стол, Пелюх, не крыўляючыся ўжо, не тоячы неспакою, запытаў Яўхіма, чаго яму трэба.

Пасля гэтага з паўгадзіны яшчэ сядзелі за сталом. Пілі спачатку з гаспадыняй, якая ахвотна перакуліла чарку самагонкі, ужо больш зычлівая прысела збоку стала. Яна, відаць, сядзела б увесь час i выпіла б яшчэ не адну чарку, калi б у баковачцы не захліпала, настойліва, патрабавальна, дзіця. Жанчына, зноў узлаваная, важка патупала ў бакоўку. Мужчыны пілі i закусвалі адны, пілі, пакуль бутэлька не апусцела. Тады толькі Пелюх, ужо непрытворна вясёлы, жвавы, падаўся з хаты, загадаўшы Яўхіму сядзець чакаць.

Прыйшоў ён не вельмі скора. У пакоі была зноў жонка з дзіцем на руках, i ён зноў з прытворнай весялосцю загаварыў пра тое, што на складзе спакойна, была адна падвода, дык ён адпусціў яе i вярнуўся. Жонка, мабыць, адчула, што ён нешта тоіць, бо прыглядвалася i ўслухоўвалася вельмі ж уважліва i недаверліва; толькі выйшаўшы правесці, ужо ў завулку ля плота, Пелюх перадаў, што Зубрыч вялеў чакаць яго пры дарозе, якая вядзе ў Крыты. У лесе, праз кіламетры два ад мястэчка. Праз гадзіну…

Дарога была ціхая, без людзей. Насустрач ішлі толькі спачатку бярэзнік, а пазней — сасоннік, там i тут перамешаны з бярозамі. Ужо калі Яўхім падыходзіў туды, дзе, па яго адліку, трэба было чакаць, учуў ён наперадзе рыпенне калёс, што ехалі з боку Крытаў; сышоў з дарогі, схаваўся ў зарасніку. На калёсах ехалі двое дзядзькоў: адзін правіў, a другі седзячы драмаў. Той, што правіў, быў у свіце, у старой шапцы, з рудой барадою, — вясковы дзядзька, a другі — малады, у паліто, з настаўленым каўняром. Збоку відно было — гарадскі госць, — які-небудзь упаўнаважаны…

Зубрыча давялося чакаць доўга. Пачуўшы лёгкі бег калёс, Яўхім не выйшаў на дарогу, глядзеў з-за дрэва, праз гушчэчу зарасніку: думаў выйсці тады, калі ўпэўніцца, што гэта іменна Зубрыч. Ехаў-такі — адразу пазнаў — Зубрыч, — на лёгкім, з рысорамі, вазку, у палатняным плашчы з капюшонам, у выгаралай, з памятым казырком шапцы. Сядзеў так, што можна было падумаць — нудзіцца дарогаю, дрэмле, але Яўхім зводдалек улавіў заклапочаны позірк яго ўперад.

Яўхім, спакойна адхінаючы галлё, выйшаў на дарогу. Зубрыч спакойна ж, павольна пад’ехаў. Спадылба прастрэліў дарогу наперадзе.

— Падвязеце, можа? — сказаў Яўхім прытоена насмешліва.

— Сядай. — Зубрыч прытрымаў каня. Не ўзяў Яўхімавага гулліва-насмешлівага тону, сказаў стрымана, сур’ёзна.

Зубрыч дзелавіта варухнуў лейцамі, вазок крануўся.

— Што такое? — Зубрыч зірнуў на Яўхіма строга, патрабавальна.

Яўхім, ужо без гуллівасці, коратка, грубавата, расказаў.

— Я ведаю гэта, — прамовіў Зубрыч, адварочваючыся ад яго.

Яўхім заўважыў i ў тоне гаворкі яго, i ў тым, як адвярнуўся, глядзеў кудысьці ўперад, недавольнасць: нібы яго патурбавалі з-за нейкай дробязі!

Яўхім зазлаваў. Узяла непрыхільнасць да Зубрыча, упартасць.

— Дак чаму ж не зрабілі нічого? Пальцам не варухнулі! — сказаў груба, непрыязна, знарок паказваючы гэта.

— Не магу, — Зубрыч пібы не заўважыў Яўхімавага тону. Ці не палічыў вартым прыніжацца да гэтага тону. Мякка i як бы звысака, павучаючы, растлумачыў: — Рашэнне зверху. Рашэнне Цэнтральнага Камітэта! І савецкага ўрада!..

— Дак нічого i зрабіць не можно було? — не змяняў Яўхім тону.

— Можна было, — лагодна згадзіўся Зубрыч. — Але — таварышы ў вас вельмі граматныя. Таварыш Гайліс i ваш новы старшыня калгаса… Вялікую, можна сказаць — пахвальную актыўнасць праявіў ваш наваяўлены старшыня! Дайшоў да сакратара райкома таварыша Башлыкова! Дамовіўся са старшынёй райвыканкома таварышам Апейкам!.. Дамовіўся не наогул, а — канкрэтна! Канкрэтна дамовіўся, які ўчастак выдзеліць! Мне паведамілі толькі рашэнне! Канкрэтнае! Я быў бяссільны!..

Зубрыч развёў рукою. Яўхіма злавала не толькі тое, што ён казаў, але i яго манера гаварыць: крыўляецца, як на спектаклі, як перад малым; калі такое робіцца!

— Што ж вы — можаце? — сказаў Яўхім з пагардай. Падумаў зласліва пра сябе: знайшоў на каго спадзявацца!

— Не трэба істэрыі! — ужо без артыстычнасці, уважліва i холадна прамовіў Зубрыч. — Цярплівасць i вытрымка — вось што трэба! — Ён загаварыў стрымана, дзелавіта — Мы не можам не лічыцца з абставінамі. Абставіны пакуль што, на жаль, мацней за нас. Нам, незалежна ад нашых жаданняў, астаецца пакуль адно — чакаць. Чакаць, калі абстаноўка зменіцца. Стане больш спрыяльнай нам.

— Як жа ждаць? Жыць ужэ няма як! — абурыўся Яўхім. Абурыўся так, нібы Зубрыч у гэтым быў вінаваты.

— Нявесела жыць, — згадзіўся Зубрыч. — Не хочацца спяваць хвалу жыццю, калі бяруць за горла… — Ён неяк уважліва зірнуў Яўхіму ў твар, памаўчаў, нібы разважаючы, i раптам сказаў: — Але самае невясёлае тое, што гэта, можна сказаць, — пачатак. Што наперадзе — горшае… — Чуючы, як насцярожыўся, як ловіць кожнае яго слова Яўхім, ён загаварыў жорстка, бязлітасна: — Бальшавіцкая партыя толькі пачала генеральнае наступленне, — "партыя" i "генеральнае наступленне" ён сказаў з асаблівым, злавесным сэнсам. Амаль паўтарыў, нібы падкрэсліў: — Толькі пачала наступаць на капіталістычныя элементы ў сяле. Гэта значыць — на мужыка. У першую чаргу, вядома, на мужыка заможнага, гаспадарлівага, які імянуецца кулаком… Партыя — не спыніцца, — усё больш, быццам знарок, трывожыў ён Яўхіма. — Не спыніцца, пакуль не давядзе лінію да канца. Пакуль, інакш кажучы, — не сатрэ мужыка ў парашок…

Поделиться с друзьями: