Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Да чаго ж моцны гэты жывёльны інстынкт самазберажэння! Вось i гэты — што пайшоў недавольны — патрабуе, суцзіць непахісна, нават — з пагардай; а сам — сядзіць у балотным зацішку, за балотамі, за лясамі, i аб адным толькі думае: каб перабыць, каб навала прайшла паўз яго! У калгас ужо гатоў, каб як уцалець! І гэта той, які здаваўся такім баявітым! На якога, здавалася, можна было надзейна спадзявацца!.. Не, не, — цвяроза стрымаў ён сябе, — гэты — баявіты. Трэба быць справядлівым! Каб такіх была сотня, можна было б упэўнена адчуваць сябе пры належнай сітуацыі. Можна было б адчуваць камандзірам становішча. Але такіх — адзінкі! Колькі ён сабраў за цэлыя гады такіх, на якіх ён можа ў належнай сітуацыі надзейна спадзявацца? Нават з той невялічкай кучкі, нейкіх паўтара дзесятка, якія больш прывязаны, ён не можа быць цапкам упэўнены, — што той ці другі не зашыецца ў кусты, не здрадзіць, пры першых жа стрэлах у адказ, пры першай небяспецы. Але калі дапусціць, што ўсе з гэтай жменькі — не падвядуць, што яны зробяць, пры ўсёй ix адвазе, сярод нікчэмнай, труслівай чарады паўчалавекаў, паўмалп? Што яны зробяць, — што зробіць у такой сітуацыі ён, з усімі яго здольнасцямі i энерпяй, — калі насупраць коціць цэлы ледніковы вал? Калі насупраць i бальшавіцкія абяцанні даверлівым, i пагрозы, i жалезныя краты — непаслухмяным? Няпростая сітуацыя, — i выходзіць, што нейкая нікчэмнасць, як Башлыкоў, Апейка, Харчаў, быццам — дужэй за яго. І ён павінен хіліцца перад імі, поўзаць, як шчаня, перад імі, лісліва круціць хвастом, сведчыць сваю любоў, адданасць ім, бальшавіцкай справе. Поўзаць i штохвіліны аглядвацца, як бы не заўважылі, што ён час ад часу выпускае зубы, точыць ix. Трывожыцца, як бы раптам не вылезла наверх старанна зацертае калісьці, засыпанае пылам гадоў…

Ён — гэта прызнаў бы ўсякі аб’ектыўны назіральнік — мае такія-сякія поспехі ў майстэрстве маскіроўкі. Потым — у лепшую пару, у якім-небудзь міністэрскім кабінеце — можна будзе, пасміхваючыся, расказваць, як ён убіўся ў давер’е нават высокапільнаму i прынцыповаму сакратару райкома таварышу Башлыкову. Можна каларытна расказаць, як страсна абараняў таварыша сакратара на партыйнай чыстцы; як гэта асабліва пікантна будзе — пільны i прынцыповы таварыш Башлыкоў сам аказаў высокае давер’е — прапанаваў, як адданаму савецкай уладзе грамадзяніну, паступіць у бальшавіцкую партыю!.. Прапанаваў,— не першы раз на чало загадчыка райза легла клопатнасць, якая нарадзілася з гэтай прапановы. Ён тады падзякаваў таварышу сакратару, сказаў, што быць партыйцам лічыць для сябе вялікім гонарам, абяцаў рыхтавацца. З таго дня, колькі ні думаў, не мог адолець назольную, супярэчлівую клопатнасць; i цяпер яна звыкла, нібы здзекліва, апанавала: i хацелася не страціць такую ўдачу, такую важную ўдачу, якая проста сама ішла ў рукі,— i разам хапала, цвяроза цягнула назад апаска: нагадвала, што ўлезці ў партыю — гэта не толькі ўшыцца ў кіруючую эліту, прыдбаць сабе новыя магчымасці,— але i пайсці самому на новыя чысткі, праверкі. Гэтае, апошняе, — проста сказаць, непатрэбная раскоша для чалавека з яго радаслоўнай, з прыхаванымі эсэраўскімі грахамі, якіх было даволі, каб у горшым варыянце зменлівай жыццёвай лініі стаць да сценкі перад бальшавіцкімі вінтоўкамі…

Той даўні недавучаны студэнцік, легкадумны, упэўнены ў сабе прапаршчык, даверлівы, саманадзейны керанец, потым верай i праўдай падпольны эсэраўскі дзеяч, што неразумна ўскочыў у безнадзейную авантуру, у паўстанне, якое не магло не праваліцца, — нібы знарок, як мог, папсаваў на будучыню сваю біяграфію. Добра, што хапіла яшчэ розуму ўлезці ў паўстанне з чужымі дакументамі, з чужым прозвішчам. Гэта шчасце, што пра бурную маладосць у цёплым стэпавым гарадку, адкуль выпраўляўся ў дарогу i куды пасылалі запытанні, правяраючы як савслужачага, нічога не ведалі пра найбольш цікавыя старонкі яго біяграфіі. Адтуль абмяжоўваліся весткамі пра род, пра бацькоў. Род, вядома, не з тых, якімі ганарацца цяпер, але i не з тых, якія закрываюць дарогі ў свет. Матка — настаўніца, бацька — скрыпач у аркестры мясцовага тэатра; няўдачнік, які марыў пра лаўры Глінкі, а ледзь ліпеў у бяздарным аркестры. Самае небяспечнае, вядома, тое, што няўдаламу эсэрыку захацелася потым расшукаць сваіх: порсткаму, поўнаму жыццёвых сіл i прагі дзейнасці, не сядзелася ў ратоўнай, але нуднай цішы. Сябры памаглі: перацягнулі з адной ямы ў другую, толькі што з пасадай, толькі што ў людным беларускім краі. Сяброў гэтых, якія ведаюць усё, небагата, адзінкі, але ж яны ўсё-ткі ёсць; двое нават ужо ў пакойчыках, вокны якіх аздабляюць жалезныя краты. І без таго ходзіш па жыццю, як той цыркач па дроце, так i глядзі, што сарвешся, паляціш цемем уніз. Разважная цвярозасць раіць: сядзі лепей i не рыпайся, а спакуса вярэдзіць: не прапускай, не траць такой удачы. Мала іншага клопату, дык яшчэ думай, ісці ці не ісці ў партыю! Думай, як быць з давер’ем пільнага, прынцыповага таварыша Башлыкова!.."

Дасціпная іронія прабегла, як павеў ветрыка. Пакалыхваючыся ў вазку, не заўважаючы, што лес ужо адступае i пачынаецца шэрае, ветранае поле, клопатна, зласліва думаў: нявесела жыць так, ходзячы, як цыркач па дроце. Ды яшчэ пад пільнымі позіркамі, кожны з якіх можа заўважыць тое, што загубіць, Хадзіць побач з гэтай лысай пенай Апейкам, які, здаецца, любы момант гатовы ўткнуць смяротныя кіпцюры. Такі акуратны, старанны перад гэтай пенай, а ён — хоць бы зірнуў калі-небудзь прыхільна. Увесь час такое адчуванне, як бы падазрае ў нечым ці — нават ведае… Глупства, бясспрэчна: не ведае нічога; каб ведаў — не маўчаў бы! A ўсё-ткі бярэ неспакойнае: а што, калi ведае ды сцеражэ, каб заспець на месцы, прыперці да сценкі?.. Зубрыч разважна супакоіў сябе, але спакою поўнага не было. І як мог прыйсці спакой, калі пры тым, што пена гэтая пакуль не ведае нічога, разумееш i ніяк не адкінеш: пена гэтая — самая небяспечная! Любы момант можа ўсадзіць кіпцюры!

Ад гэтай нянавісці так цешыць Зубрычава сэрца помслівая радасць: дасталося аднойчы i гадзюцы гэтай. Моцна ўпіліся ў таварыша старшыню райвыканкома, у самыя чулыя месцы, стрэлы, намочаныя едкім ядам, — якія ён, Зубрыч, у час кінуў. Прыцэл быў дакладны, усе факты — падобныя на праўду, ні аднаго не адкінеш, як выдумку. Запісачкі сталі матэрыяламі, аўтарытэтнымі, партыйнымі дакументамі. Атрымалі ўжо належную ацэнку і, можа быць, — яшчэ паслужаць. А мы можам — i дадаць да ix… "Вось гэта надзейна, — разважліва выводзіць загадчык райза, ціха пакалыхваючыся ў вазку, што паволі паўзе дарогай праз поле. — Тут i рызыкі ніякай i амаль поўная гарантыя, што будзе карысць. І псіхалагічна, i палітычна — бездакорны сродак у цяперашняй сітуацыі. Ён давядзе пачатае да канца, ён убачыць таварыша Апейку не такім ганарлівым, — абшчыпаным, кінутым з пагардай усімі, растаптаным. Ён не пашкадуе для гэтага ні часу, ні таленту. Ён зробіць гэта з радасцю: акрамя ўсяго іншага, ён помніць, што ад гэтага багата ў чым залежыць бяспека яго самога…

Падумаць толькі, у якім гадзючым гняздзе круціцца ён цэлыя гады. І ў які час. Штодня сустракаецца, здароваецца з Харчавым — гэтай грубай жывёлай, якую рэвалюцыя ўзняла на раённую вышыню. Гэтай гадзюкай, якая больш небяспечна не толькі за Башлыкова, a i за Апейку. Бязграматная, тупая жывёліна гэтая адным позіркам прымушае халаднець. Варта яму толькі аднаго факта, i можна развітвацца з жыццём. Ад гэтага літасці не будзе!..

І ў такім гадзючніку ён ходзіць, есць, спіць, жартуе нават! І яго яшчэ лаюць нейкія лясныя дзікуны; замест таго каб здзіўляцца, як ён можа дзейнічаць у гэтай яме, у гэтым нікчэмным сяле, дзе ўсё так відна адусюль, дзе ўсюды вочы ДПУ. Дзе засыпацца, як гілюнуць. Дзейнічае тады, калі амаль усе ніці з верхам парваны, тады, калi там бязвер’е i трусасць. Дзікун i ведаць не хоча, што ён вымушан быць асцярожны, вымушан — i нярэдка — устрымлівацца; што яму, калі на тое, можа быць i страшнавата. Што дзікуну да таго, што i табе цяжка жыць так бясконца; што i ў цябе нервы ёсць! І, нарэшце, — узяло Зубрыча кволае, — гады ўжо не тыя. Як ні старайся не паддавацца гадам i скрусе, няма ўжо той прапаршчыцкай лёгкасці! "Воленс-ноленс: старэю!.." — мінорна, філасофскі адзначыў ён.

За хвілінай расчуленасці думкамі завалодала энергічнае, дзелавое: "Трэба перабірацца ў большае месца. У Гомель ці хоць бы ў Мозыр". Не сядзець жа тут, пакуль не ўскочыш у харчаўскую пастку. У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, i гарадскіх, i прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Не будзе таго нагляду, той рызыкі i скаванасці, разгарнуцца можна будзе. Ды i ўздыхнуць лягчэй, вальней пара б… Колькі гадоў ужо толькі ў ямах…

Зноў узяло мінорнае: ідуць год за годам, а ён усё ў ямах, усё гібее. І ўсё без прыкметнай прасветліны: тое, лепшае, якога даўно чакае, усё не ідзе. А час ідзе, годы Ідуць. Ідуць i бураць усе надзеі, нішчаць жыццё. Толькі i ўцехі, што вып’еш, задурманіш галаву, забудзеш усё. Адна "радасць". Жыць без гарэлкі не можна ўжо; без гарэлкі дзень — як пакута. Добра, што атруты гэтай, самагонкі,— у кожным сяле, i даюць ахвотна. Але так i закончаным алкаголікам стаць нядоўга, спіцца на нішто. A ці не можна сказаць, што ён ужо i співаецца?..

Не бачыў, як зняў шапку, схіліў галаву, здароваючыся, дзядзька, што ішоў сцежкаю паўз дарогу. У думкі, звыклае ўжо, але крыўднае, як бязлітасны суддзя, як кат, увайшло: не на тую стаўку паставіў порсткі, непрадбачлівы прапаршчык. Не на таго каня сеў. Хоць мог бы сесці i на таго: быў выбар у сваю пару. І меціў жа высока, а не скеміў, не хапіла ў галаве.

Не на таго сеў. І вось туляецца па ямах, рыецца ў гразі, ды яшчэ азіраецца, рызыкуе. Хоць мог бы хадзіць у сталіцах, красавацца ў вялікіх кабінетах, на віднейшых трыбунах, i кожнае яго слова лавілі б. І кожнае выступленне адзначалі б у газетах, выдрукоўвалі. Дзіру такую раённую наведваў бы раз у год, як бы рабіў гераічнае падарожжа. Сталічная кватэра з усімі выгодамi, імклівая машына, паслужлівая сакратарка… Як многа значыць, сесці на таго каня!

"Нічога, — запярэчыла ўпартае самалюбства. — Яшчэ не ўсё кончылася!" Невядома яшчэ, той гэта ці не той конь. Яго конь, можа, яшчэ чакае, калі падыдзе пара. Падыдзе пара, конь выскачыць, толькі, глядзі, спрытна сядзь на яго! Мацней толькі трымайся за грыву, узнясе на такую гару, якая толькі сніцца можа. Няпэўны вобраз мары адразу ж заспяшаліся падмацаваць доказы: мужыкі гудуць. Штодзень — гудуць больш. Крыўда i злосць збіраюцца, кіпяць усё больш нецярпліва. Збяруцца — выбухнуць з такою сілай, што на ўвесь свет загрыміць. Толькі каменне астанецца ад усяго, што будуюць цяпер. Няхай толькі давядуць да краю лютасці звера!.. І там, за дзяржаўнай граніцай, збіраецца, — няхай толькі здарыцца сітуацыя! Сітуацыя, якая, можа быць, ужо вельмі блізкая!..

"Цярплівасць, вытрымка i — вера!" — нагадаў сам сабе Зубрыч, адагнаў націск думак. Ён ужо ўязджаў у вуліцу сяла: трэба было станавіцца загадчыкам райза, упаўнаважаным па калгаснай справе.

4

Каля самай цагельні Міканор не ўтрываў, сышоў з дарогі, пайшоў полем. Пожня была брудна-шэрая i мокрая, у разорах i ямках на картаплянішчы там i тут цьмяна льснілася вада. Дзе-нідзе боты паслізгвалі на цвердаватай ужо i абмоклай зямлі. Імжыла халоднай, асенняй імжою, вецер нібы мазаў па твары i руках мокрай анучай. Стылы, у нізкай навісі цьмяных хмар, дзень нібы створаны быў для суму, для санлівасці, для марудных i невясёлых думак.

Але Міканору не было ні сумна, ні санліва, усяго яго поўніла нецярплівая, прагная да дзейнасці радасць. Толькі сёння нарэшце дакончыла вялікую працу сваю камісія, толькі от правёў ён каморніка, што ехаў назад з усім сваім інструментам, да грэблі, толькі от цяпер мог ён, Міканор, развітаўшыся з каморнікам, астаўшыся адзін, сам-насам пайсці на поле, сам-насам пабыць з полем, з вялікай радасцю, у якую i верылася i нібы, ад непрывыкласці, не верылася. От i цяпер, калі ўжо ўсё скончылася, калі ішоў сваім, калгасным полем, не мог звыкнуцца з думкаю, што гэта ўсё ўжо — не ў марах, a папраўдзе — не чыё-небудзь, а калгаснае поле.

Поделиться с друзьями: