Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Усім абрадам кіравала незвычайна ціхая, важная Сарока. Хоню не трэба было зваць яе, яна сама прыйшла яшчэ да таго, як Хоня падумаў пра новыя, неспадзяваныя клопаты; прыйшла, пачала хадзіць паволі, упэўнена, гаварыць з Хонем, як бы Богам самім прысланая. Прыгнечаны, прыціхлы, Хоня ні на момант не працівіўся гэтай няпрошанай апецы: паслухмяна рабіў усё, што яна раіла, што загадвала, сам ішоў раіцца з ёй. Амаль увесь час у хаце была Хадоська, якая першы раз прыбегла яшчэ пад вечар, глядзела на матку нема, — з жахам i вінаватасцю. Цяпер яна плакала час ад часу, памагала Сароцы, песціла, супакойвала дзяцей, што ціснуліся ці на палацях, ці на печы; у хісткім водсвіце лучыны памагла Сароцы прыгатаваць вячэру, накарміла малых.

На другі дзень Хоневу матку вынеслі з хаты, пад мокры снег, што сыпаў на мокрую, хлюпкую зямлю. Снег лажыўся матцы на белы, касцяны твар, на тонкія рукі i не раставаў, а яна ляжала ў сасновай труне i як бы радавалася — ці то снегу i беламу небу, ці то таму, што от вызваліла сына ад клопату. Жанкі галасілі: то — голасна, то сіпла вылі; Хоня ішоў, хлюпаючы лапцямі ў гразі, перамешанай са снегам, i ўвесь час паблізу бачыў, чуў вінаватую Хадоську, якая амаль няўціхна галасіла.

Калі дайшлі да могілак, снегу было ўжо багата i на матчыным твары, на адзежы. Сарока асцярожна сцерла яго з твару, вялела Хоню i меншым развітвацца. Хоня апошні раз прытуліўся да роднага твару, зноў пачуў, які ён халодны; на холадзе гэта не ўразіла так, як там у хаце; было ў гэтым нават нешта нібы жывое: нібы нахаладала на мокрай стыласці. Сарока за руку падвяла да маткі самых малых, Косціка i Вольку, якія паслухмяна прылажыліся да матчынага твару. Хоня адзначыў той момант, калі паклалі на труну века, прыкрылі разам з маткай i некалькі падляцелых сняжынак, — адзначыў з дзіўнай пустатой у сабе i спакоем. Калі труну сталі спускаць у яму, жанкі загаласілі, залямантавалі галасней, з адчаем, ён рантам пачуў роспачны, горкі лямант Хадоські: "Цётачко, цётачко! Век ужэ не пагавару з вамі! Не прыйшла, як казалі! А цяпер ужэ не пагавару! Не пачую ніколі, не пабачу!.. Не абіжайцеся, цётачко!.."

Калі над матчынай магілай абраўнялі горку зямлі з новым дубовым крыжам, калі пачалі разыходзіцца, Сарока з мінай пакорлівасці, паслухмянасці лёсу, з якой яна рабіла ўсё ў гэты дзень, узяла Хоню за локаць, сумна, нібы стомлена сказала, што трэба ісці дадому; ён ступіў быў некалькі крокаў, стаў, азірнуўся, — адчуў, што чагосьці не хапае.

— Дзе — Хадося? — успомніў ён.

Сарока павяла вачыма, потым моўчкі i сумна кіўнула на сярэдзіну могілак. Ён заўважыў за голым, прыцярушаным веццем знаёмую постаць у цёмным каптане, пайшоў да яе.

Хадоська была з Ганнай, перад магілкай з малым, толькі пасівелым крыжам, Хоня здагадаўся: тут пахавана Ганніна малая. Хадоська, якая стаяла спіной да Хоні, прытуліўшыся да Ганны, штосьці гаварыла.

— Злая була я. Паганая. Божачко, якая паганая!.. — Плечы Хадоські задрыжалі, галава яе ўпала на Ганніна плячо. — Даруй мне, Ганначко!

— Няма ў мяне зла на цябе. І не було, — стрымана сказала Ганна, не зводзячы вачэй з магілкі малой.

— Даруй, Ганулько! Бога я ўжэ прасіла! Цяпер цябе прашу: не таі зла! Даруй!..

— От найшла пра што!

— Даруй, Ганначко!

— Ну, дарую! Штоб ты не думала…

Хадоська не дала дагаварыць, парывіста абхапіла Ганну за шыю, пацалавала.

— Ганначко ты мая! Любіла я цябе i любіць буду зноў! Век буду! — паклялася аддана.

Хоня азваўся нарэшце:

— Людзі пайшлі памянуць нябожчыцу. Mo i вы зайшлі б.

Хадоська выцерла слёзы, з ласкай i просьбай зірнула на Ганну:

— Хадзем памянём.

Ганна адарвала позірк ад магілкі. Кіўнула стрымана, пайшла першая.

Да самых хат ішлі моўчкі. Задуменныя, паглыбленыя ў сябе. Ужо калі ступілі ў вулічную гразь, калі пайшлі паўз аблепленыя снегам платы, хаты, Ганна стала, клапотна зірнула на абаіх.

— Пажаніліся б вы, — сказала раптам. — Добрая пара будзе.

— Да я хіба проціў,— проста адказаў Хоня. — Я даўно гаварыў ёй. Дак — цягне невядома чаго. Бацько баіцца. Бацько не хоча.

— От найшлі час! — папракнула Хадоська. Абветраны роцік быў строга сціснуты, вочы глядзелі кудысьці далека, цвёрда.

— А чаму не час. — Як глыбокае, выпакутаванае, Ганна сказала ціха, спакойна: — Жывым пра жывое думаць.

— Матка-нябожчыца сама хацела, кеб пажаніліся, — адгукнуўся Хоня.

На памінках булькала самагонка з пляшак у карцы i чаркі; усе, хто прыйшоў, пілі i елі ў ахвоту; чым больш пілі i елі, тым болей голасна гаманілі, шумелі. Старыя дзядзькі i жанкі ўспаміналі, яка я яна была порсткая ды вясёлая, Хонева матка, ззамаладу; якая спрытная ды жылаватая ў працы. Бывала, як выйдуць у поле з сярпамі, ніхто не перагоніць: з ранішняга цямна да вячэрняга магла не выпускаць сярпа, не разгінацца. І ў кампаніі не зломак была: i паспяваць, i паскакаць, i пасмяяцца — на ўсё спраўная была. І як Хонеў бацька памёр, не апала духам з такою араваю на руках, шчыравала весела, пакуль не ўвалілася ў тую сцюдзёную ваду на балоце, не застудзілася так, што скора i ўстаць не магла. І Хоню хвалілі: таксама малайчына, у матку ўдаўся, не сагнуўся ў бядзе; глядзеў старую — кожны сын няхай бы так глядзеў. Хто-ніхто раіў Хоню абзаводзіцца гаспадыняй, ківаў на Хадоську, але Хоня ўсё зводзіў гаворку на іншае.

Маўкліва сядзелі, можа, толькі адны Хадоська i Ганна. Хоня падліваў ім, папракаў, што п ч юць мала. Ганна трохі піла, а Хадоська толькі прыгублівала чарку; абедзве сядзелі задуменныя, строгія. У Хадоські час ад часу жалліва моргалі вочы, гатова была, здавалася, заплакаць, але яна стрымлівалася. Больш за ўсіх шумела цяпер, мусіць, Сарока: сп’янелая, хадзіла яна вакол стала, падавала яду, падлівала гарэлку ўжо без якойнебудзь паважнасці, гаварыла амаль безупынку, голасна i складна: "Штоб ёй, нябожчыцы, легко було на том свеце, штоб жылі i радуваліся дзеці! Кеб у нашаго Хоні жызня буда ў багацці i ў звоні!.." У бязладны, п’яны гоман уплятаў сіплы галасок стары Глушак, таксама асалавелы, гаманлівы. Сарока ўсё падлівала i падлівала яму i растарэквала найбольш з ім, відаць, яна i запрасіла старога; хоць магло быць i так, што Глушак прыйшоў i сам. Хоня стараўся не глядзець на яго: ніхто не мог прагнаць таго, хто прыйшоў на памінкі,— не было ні ў каго такога права. Тым больш што Глушак таксама хваліў матку, i Хоню хваліў.

Ганна пайшла сярод першых, а Хадоська засталася, перачакала ўсіх. У пацішэлай, спусцелай хаце разам з Сарокай прыбрала посуд са сталоў, падмяла хату, ласкавым словам суцешыла малых. Калі надзела каптан, каб ісці дамоў, Хоня таксама накінуў світу на плечы. Выйшаў услед у мокрую цемру двара. Каля варот узяў за непаслухмяныя рукі, затрымаў.

— Дзеці як — да цябе. Як да сваёй. — Хацеў прытуліць, але яна лагодна i цвёрда ўперлася рукою. Ён не стаў дабівацца. Памаўчаў, ціха запытаўся: — Можа, усё-такі надумаешся?

— От найшоў калі.

— Матка ж сама хацела. — Яна не пярэчыла. Хоня зноў узяў яе за рукі.— Ганна ето праўду казала. Жывым…

— Не кажы!

Яна адабрала рукі i хутка, рашуча пайшла ў цемру.

Праз дзень, у самы сняданак, у Хоневу хату ўварваўся Нібыта- Ігнат. Дзеці завіхаліся за сталом вакол паліванай місы з крупнікам.

Хоня зычліва пазваў Хадосьчынага бацьку, пільна i насцярожана прыглядваючыся. Той, не пазіраючы на Хоню, штосьці нелагодна буркнуў, кінуў па хаце неспакойным, злым позіркам, сеў на лаўку. Нядоўга ўседзеў, ускочыў, ступіў да Хоні. Момант не мог гаварыць.

— Т-ты чаго ж ето — круціш голаву дзіцяці?

Хоня палажыў лыжку, таксама ўстаў.

— У яе — свая галава.

— Бач, нібыто — разумны які! Падабраўся к дзеўцы да й дурыць ёй голаву!

— Я не дуру, дзядзько. Я ужэ казаў, што я — сур’ёзно.

— Не дам! — закрычаў Ігнат. — Штоб i не думаў! Штоб з галавы выкінуў! Не будзе етаго!

— Ето, дзядзько, не ад аднаго вас залежыць.

— Няхай толькі папробуе! Як не паслухаецца, пойдзе сама — голую, нібыто, — путчу! Голую! Анучы ў прыданае не дам! Дулю!

Поделиться с друзьями: