Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Зноў паспачувала: няма нябожчыцы, ляжыць у сырой зямлі,— стала збірацца дадому.

Увечары Хоня выбраўся да Міканора. Ідучы вуліцай, абапал якой ужо чырванелі агні ў вокнах, прыглядваючыся да цемнаватай ужо сцежкі паўз плот, гадаў, як Міканор прыме навіну. Адтаго, што ведаў Міканора ўсяго, да драбніц, не чакаў нічога добрага; ведаў, што гаворка будзе i непрыемнаю, i нялёгкаю, але цешыў сябе: растлумачу ўсё, як мае быць. "Няхай знае ўсё. Можа, i зразумее. Павінен зразумець…"

Міканора ў хаце не было. Знайшоў яго на гумнішчы Хведара; кончыўшы малаціць, мужчыны, накінуўшы світы на плечы, гаманілі. Міканор сказаў, што трэба паставіць на праўленні, дзе будаваць калгасны двор; пара кончыць непарадак: калгаснае дабро раскидана па ўсім сяле. Андрэй Руды згаджаўся: пара, калгас таму i завецца калгасам, што ўсё у адным масіве; Хведар пярэчыў: трэба найперш з тым, што не можа чакаць, управіцца…

Хоня маўчаў. Яму здавалася: пасля таго, што ён надумаўся, ён i права ніякага не мае ўмешвацца ў калгаснае. Моўчкі ішоў ён i з Міканорам. Ужо як ішлі Міканоравым агародам к двару, рашыў гаварыць тут: без сведак. У хаце — Міканорава матка, бацька; не пагаворыш адзін на адзін…

— Пастой, — папрасіў.— Пагаварыць хочу. — Міканор стаў, але Хоня момант не мог гаварыць. Адчайна, знарок бесклапотна аб’явіў: — От, жанюся!

— З Хадоськаю? — нібы насцеражыўся Міканор.

— З Хадоськаю. Месяц перабуду, а тады… Не будзе ў Куранях шчэ аднаго халасцяка!..

— Што ж, ад етаго зла мало хто ўберажэцца! — Міканор нібы таксама жартаваў, але стрымана, клопатна. — Дзело жывое. Да й камандзіра трэба ў хату! Не сакрэт…

— Трэба!

— А як яна? — зноў пачуў Хоня пільную ўвагу.

— Ды што яна! Згодна! — Раптам кінуўся ў вір. — Да от толькі — трэбуе, штоб — у царкве. І з папом.

— Я падумаў, што патрэбуе чаго-небудзь, — нібы пахваліўся сваёй здагадлівасцю Міканор. Падумаў, параіў: — Калі ўжэ ето так канешне: што Хадося, дак ты патрэбуй — штоб усё — па-твойму.

— Я пробуваў…

— Толькі так. А не — дак скажы: вот табе — хамут i дуга. Толькі так. Калі ўжэ так прысох да яе.

— Пробуваў Дак нічого не выйшло ў мяне… — Хоня як бы паскардзіўся, шчыра, вінавата. — Здаецца, брат, такая мяккая. Чуць якое гора ў каго — у слёзы. А як што сама скажа, дак усё кеб точно — як яна хоча. Штоб усё на яе. І слухаць нічого іншаго не хоча! Усё, штоб як яна грэбуе. А не — дак зразу паварочвае аглоблі!.. От, брат, шчасце на маю голаву!..

— Дак ты што ж — рашыў, як яна хоча! — не мог паверыць Міканор.

— А што ж зробіш!

— Да ты што! Ты даеш адчот — што ето будзе! Камсамолец — у цэркве, з папом! Ето ж — дзёгаць на увесь сельсавет, на ўсіх камсамольцаў! Ты можаш падумаць, які вывад зробіць народ з усяго!

— Думаць я думаў, да што — зробіш!.. — З адчаем, з рашучасцю: няхай усё адразу, прызнаўся: — Тут шчэ от задача! З калгаса трэба будзе выйсці!

Міканор — у цемры было чутна — засоп важка, гнеўна. Гнеў не даваў яму гаварыць.

— Шчэ што яна захоча! — сказаў едка. Цвёрда, нібы загадваючы, заявіў: — Ето, брат, не сакрэт, зразу ж трэба абсекці! Зразу ўсе цэпі. А то абкруціць, зацісне па руках i нагах, што варухнуцца не зможаш! Загубіць у кулацкім сваім кубле! Зразу ж — абсякай, па-камсамольскі, па-бальшавіцкі! Раз — i ўсё гатова! Ето — адзін выхад!

— Дак не магу…

— Як ето не можаш! Павінно — штоб мог! Ето здаецца — што не можаш! Набярыся духу i — адным махам, секані! І ўсе кончано будзе зразу!.. Вазьмі сабе ў голаву: кулачка яна форменная!..

Хоня запярэчыў:

— Ты ето — не ўзводзь на чалавека за нішто! Яна такая ж кулачка, як я!

— Кулачка па ўсёй форме. У бацьку пайшла. Ігнат — той кулак на ўсе сто працэнтаў. Не важно, што па гаспадарцы ў серадняках лічыцца. Што не багаты. Па нутру — кулак. Разгаворы аб калгасах такія разводзіць, што i багацей не ўсякі гаворыць. І яна — кулачка па нутру. Уся ў бацьку!

— За нішто ты ето на яе, Міканор! От ён — бацько яе — аж кіпіць, штоб не йшла за мяне! А яна: пайду — кажа! Проціў яго ідзе! От што! А ты — узводзіш на яе!..

— Ето так толькі паказуюць!.. Абсякай, раю табе, — покуль не позно! Абсякай цэпі! Не давай, штоб абкруцілі! — Міканор раптам змяніў тон, загаварыў мякка, нават нібы з усмешкай: — Етаго цвету хопіць, — не бойся! Знайдзем другую, не горшую! І з нашым духам! У сельсавеце распішам, з музыкай! Па ўсёй камсамольскай форме!

— Не магу, брат! Думаў я ўжэ пра ўсё. І парваць усё сабіраўся, — дак не магу! Люблю, брат, так яе, што жыць, здаецца, не рад адзін!.. Нішто мне ўсё — як без яе… Яна, хітрая, мабуць, чуе сілу i ўсё трэбуе пасвойму!..

— Я цябе, Хартон, — загаварыў Міканор ужо інакш, без знаку якой-небудзь таварыскай паблажлівасці,— папярэджую, як таварыш i як парціец.

У яго голасе Хоню пачулася прытоеная, неабыякая пагроза. Але Хоню ўжо нічога не магло стрымаць.

— Не магу я! — сказаў шчыра i рашуча. — Люблю, кажу! — Падумаў, што Міканор разумець нічога не хоча, але страх не сціх. Няхай хоць што, ён выкажацца да канца; усё выкладзе! — Люблю!.. А што яна — кулачка, то ты — не ўзводзь дарэмно! Я ето не горш знаю — хто яна! Дзеўка яна — харошая! І з твару, i нутром, я ето знаю! Нутром, можа, шчэ лепей!.. Толькі адно пагано — што цёмная! Ето — праўда, цёмная! Але ето бяда не канешная. Прасвятліць можно! Я, пабачыш, прасвятлю яе! Не ўсе зразу!.. Думаеш, чаму я шчэ паддаюся цяпер? Я наўперад гляджу!.. Я, дай час, i бязбожніцай шчэ зраблю! І ў калгас прывяду! Дай час!

— Я цябе папярэдзіў, Хартон! — адно сказаў Міканор.

Ён першы пайшоў, паказваючы, што гаварыць больш няма чаго. Хоня пайшоў услед, няпэўна ступаючы ўпоцемку па незнаёмай разоры. З маркотаю падумаў, што Міканор нейкі чэрствы стаў. "Саўсім не тое, што некалі…"

Калі пералезлі цераз плот на двор, Міканор стаў зноў.

— Як не перадумаеш, паставім пытанне на ячэйцы, — прамовіў з пагрозай. — Не сакрэт — вытурым з камсамола!

— Ето ваша дзело, — Хоня сказаў раптам спакойна, нават нібы — абыякава.

— Унь, як ты!.. — абурыўся Міканор.

— Так, як i ты!

Разыходзячыся каля хаты, упершыню не падалі адзін аднаму рукі.

Раздзел пяты

1

Сесія пачыналася ўвечары. Днём было вольнага часу: зранку Апейка пайшоў з Анісяй у краязнаўчы музей; рад быў удвайне: i таму, што бачыў, якімі вачыма глядзела Аніся i на даўняе, знаёмае, i на макеты новых, нябачаных вёсак, i таму, што i самому, хоць бачыў не першы раз, было ўсё цікавым. Да абеду пахадзіў Апейка яшчэ па магазінах; здагадваючыся, што часу вольнага можа не быць потым, купіў, што знайшлося патрэбнага, жонцы, дзецям.

Поделиться с друзьями: