ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

Бедны Кароль быў разгублены і азадачаны. Нічога не кажучы, ён колькі часу моўчкі змагаўся з алоўкам. Але Аліса была мацнейшай за яго, і ўрэшце Кароль выпаліў:

– Даражэнькая! Мне патрэбен больш тонкі аловак, з гэтым я не магу ўправіцца, ён піша зусім не тыя рэчы, што я хачу!

– І якія рэчы ён піша,- спытала Каралева, зірнуўшы ў блакнот (там Алісінаю рукою было напісана: “Белы вершнік рухаецца па качарзе і хутка згубіць раўнавагу”),- Хіба ж гэта памятка, аб тваіх адчуваннях?

Тым часам Аліса, пакуль назірала за Белым Каралём (дзяўчынка яшчэ крыху непакоілася аб Каралі і была гатовая пырснуць на яго з чарніліцы, калі той зноў згубіць прытомнасць), заўважыла нейкую вялікую кнігу, якая ляжала на стале, яна ўзяла том і папыталася знайсці, чаго б пачытаць.

– Ой не, тут ўсё напісана моваю, якой я не ведаю,- сказала яна сабе.

Тэкст на старонцы выглядаў вось так.

Яна колькі часу была ў разгубленасці, але ўрэшце здагадалася.

– Зразумела! Вядома, гэта ж Люстраная Кніга! І калі я буду трымаць яе ля шкла, словы будуць напісаныя, як трэба.

Яна падыйшла да люстэрка і прачытала наступную паэму:

Жаблацмокія”
Ў час верчавання, крыпезу Свюлiлi склiбкiя таўкi. Ды шкробныя, як баргузы, Смыхчалi мамсюкi. "Да Жаблацмока не хадзi У край жахлiвай даўнiны, Каб не сустрэўся Юб'юб злы Ды Бандэрцап фрумны." Але хлапчук ўзяў ворплы меч I ворлага пайшоў шукаць. Пад дрэвам тумтумным прысеў, Каб манлака чакаць. Але нядоўга ён уфеў: Паветра, раптам, нехта спёк, То вогнiшчам забурбулеў Благлiвы Жаблацмок. Раз! Два! Раз! Два! Та! Да! Та! Да! Жыгжыгае лязом клiнок! I галава ў манлака Адлётвае у бок! "Забiт табою Жаблацмок?! Прамень жа, у рук маiх палон! О фрабны дзень! О скок! О скок!"- З усмешкай харлiць ён! Ў час верчавання, крыпезу Свюлiлi склiбкiя таўкi Ды шкробныя, як баргузы, Смыхчалi мамсюкi.”

– Выглядае прыгожа,- сказала яна скончыўшы,- але цяжка зразумела,- (Аліса, як і заўсёды, нават сабе не прызналася, што не зразумела нічога, ані),- Мая галава перапоўненая думкамі... але не вядома якімі! Адно ведаю дакладна, тут хтосьці забіў кагосьці.

– Але,- падумала Аліса, нечакана падскочыўшы,- калі не паспяшацца, мне прыйдзцца вярнуся назад, перш чым я пагляджу ўвесь астатні Дом! Спачатку трэба паглядзець сад!

Праз імгненне яна была ўжо за межамі гасцёўні і пабегла па лесвіцы... дакладней гэта не зусім нагадвала бег, гэта быў новы спосаб рухацца па лесвіцы хутка і лёгка, вырашыла Аліса. Яна толькі трымалася кончыкамі пальцаў за парэнчы і мягка рухалася ўніз, нават не кранаючыся нагамі прыступак. Дзяўчынка праплыла праз вітальню і пэўна вылецела б у дзверы, калі б не ўхапілася за касяк. У Алісы крыху круцілася галава ад плавання ў паветры, таму яна была задаволеная, што можа працягваць ісці больш натуральным для сябе спосабам.

Раздел II

Сад з Жывымі кветкамі

– Трэба лепей разглядзець сад,- вырашыла Аліса,- трэба дайсці да вяршыні ўзгорка, а вось і сцежачкі. Адна з іх напэўна мяне хутка туды прывядзе... а можа не... (Аліса прайшла колькі метраў, зрабіла некалькі крутых паваротаў),- ну, яшчэ колькі крокаў. Як жа ж моцна яна пятляе!.. Гэта не сцежка, гэта - штопар!.. Думаю гэты паварот дакладна ідзе да ўзгорка... Аёй, не!.. Я зноў прыйшла да Дому! Добра... Паспрабую іншым шляхам.

І вось яна зноў пайшла. Угору-уніз, угору-уніз, паварот за паваротам, сцежка за сцежкай, але штораз вярталася да Дому. Аднойчы, Аліса папыталася праскочыць паварот хучшэй чым звычайна, яна пабегла так, што з цяжкасцю магла спыніцца.

– Усё бескарысна,- канстатавала Аліса, ледзь не наляцеўшы на Дом.- Мне ніколі не дабрацца да саду. Я павінна вярнуцца ў гасцёўню і праз люстэрка пайсці назад... у Сваю Гасцёўню… і скончыць гэтую прыгоду!

Аліса вырашыла паспрабаваць апошні раз і рашуча павярнуўшыся спіной да Дому пайшла на ўзгорак. Колькі хвілін усё было добра, і Аліса ўжо казала сабе, што на гэты раз яна зможа дасягнуць сваёй мэты, калі сцежка нечакана хістнулася, узварухнулася (як распавядала Аліса потым), і ў наступны момант яна ледзь не трапіла носам ў дзверы.

– Як жа так,- заплакала яна.- гэты Дом мяне пераследуе! Ніколі з падобным не сутыкалася!”

Але ўзгорак дражніўся і маніў да сябе так, што прыйшлося пачынаць ўсё наноў. Праз колькі крокаў яна нечакана трапіла да кветніку, па краях раслі стакроткі, а ў цэнтры ўзвышалася вярба.

– Ах, Тыгровая лілея,- сказала Аліса кветке, якая прыгажэй за іншыя хісталася пад ветрам,- Як жа я хачу, каб вы маглі размаўляць!

– А мы размаўляем,- адказала Лілея,- калі ёсць з кім!

Аліса так моцна здзівілася, што нават на хвіліну замаўчала, здавалася, што ў яе нават перахапіла дыханне. Але паглядзеўшы на спакойнае хістанне кветкі, яна зноў спытала баязлівым голасам (амаль шэптам):

– І што, тут ўсе кветкі размаўляюць?

– Можа й лепш за цябе,- адказала Тыгровая Лілея,- Ва ўсякім выпадку грамчэй!

– Мы проста выхаваны так, што ніколі не пачынаем размову першымі,- заявіла Ружа,- напрыклад, я глядзела на цябе й разважала, ці пачнеш ты размову?! Я падумала: “На яе твары маюцца сляды асэнсаванасці, можа розуму замала, але...” Галоўнае, што ты правільнага колеру, а для пачатку і гэтага годзе..!

– Я не звяртаю ўвагі на колер,- заўважыла Лілея.- Калі б толькі яе пялёсткі былі больш узнятыя, вось тады было б добра!...

Аліса не надта любіла, калі яе крытыкуюць, таму пачала задаваць пытанні:

– А ці не пужае вас тое, што вы тут адны і няма анікога хто б за вамі даглядаў?

– У нас жа ж ёсць вярба,- адказала Ружа,- што яшчэ трэба?

– А што яна можа зрабіць ў выпадку небяспецы?- не зразумела Аліса.

– Яна ж мае карэнне,- усклікнула Стакротка,- ім яна каго хочаш пакарае! Няўжо ты гэтага не разумееш?

Тут усе стакроткі пачалі гаманіць адначасова, і здавалася, паветра патанула ў іх пранізлівых галасах.

– А ну, цішэй,- раздражнёна хістаючыся, ускрыкнула Тыгровая Лілея, яна па просту дрыжала ад гневу.- Шкада, што мне да іх не дабрацца,- яна нахілілася ў напрамку Алісы,- Тады б яны былі больш паслухмяныя!

– Не бяры ў галаву,- супакоіла яе дзяўчынка і, нахіліўшыся да стакротак, прамовіла шэптам,- Замаўчыце, ці я вас ўсіх павырываю!

У імгненне вока наступіла цішыня і колькі з ружовых стакротак перамянілі свой колер на белы.

– Ну, вось і добра!- сказала Лілея.- Не ведаю кветак, горшых за стакротак, як толькі адна пачала гаварыць, адразу далучаюцца і астатнія і пачынаюць такі гоман, што хоць вянь!

– А, як вы навучыліся размаўляць?- спытала Аліса, спрабуючы зрабіць камплімент.- Я бачыла шмат садоў, але ані ў водным кветкі не гаварылі!

– Працягні руку і дакраніся да глебы ў кветніку,- адказала кветка.- адразу здагадаешся!

– Яна цвёрдая, нібы камень,- дакрануўшыся да зямлі сказала дзяўчынка,- але пры чым тут гэта?

– У большасці садоў,- растлумачыла Лілея,- глеба мягкая, як тая пярына - вось кветкі заўсёды і спяць!

Здавалася, што кветка мае рацыю, і гэта вельмі задаволіла Алісу.

Поделиться с друзьями: