ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– Тое самае,- адказаў Цілідон.

– Зразумела ж тое самае,- закрычаў Цілідзін.

Ён галасіў так моцна, што Аліса не ўстрымаўшыся сказала:

– Цішэй! Ты разбудзіш яго сваімі енкамі.

– Не трэба непакоіцца аб тым, што ён прачнецца,- заявіў Цілідон, Ты ж толькі частка яго сна. Насамрэч цябе няма!

Я ёсць,- адказала Аліса і заплакала.

– Ад таго што ты пачала плакакаць, рэальней не станеш,- заявіў Цілідзін,- ты ўсё роўна не існуеш.

– А калі ж я не існую,- адказала дзяўчынка і засмяялася праз слёзы, бо гэта ўсё здавалася ёй смешным,- Чаму я здольна плакаць?

– Хіба ж ты не думаеш, што гэта сапраўдныя слёзы,- перарваў яе Цілідон з пагардаю ў голасе

– Гэта ж дурота з дуротаў,- разважала сама з сабою Аліса,- і няма чаго з гэтага плакаць,- Яна выцерла слёзкі і прамовіла, як мага больш бадзёрым тонам.- Ва ўсялякім выпадку, мне тэрмінова патрэбна выйсці з лесу, бо хутка будзе цёмна. І напэўна хутка пачнецца дождж!

Цілідон расчыніў над сабой і братам вялізны парасон і паглядзеў па баках.

– Тут,- сказаў ён,- яму нас не дастаць. Ніяк.

– Але ж дождж будзе звонку!

– У адваротным выпадку,- знайшоўся Цілідзін,- звону хай сабе ідзе. Мы не супраць.

– Якія эгаісты,- вырашыла Аліса, яна ўжо збіралася пажадаць ім добрай ночы ды ісці прэч, але раптам Цілідзін выскачыў з-пад парасона і схапіў яе за руку.

– Ты бачыш гэта?- спытаў ён, задыхаючыся ад жарсці. У момант яго вочы пачырванелі і павялічыліся ў памеры. Ён паказваў пальцам на нейкую маленькую белую рэч, што ляжала пад дрэвам.

– Гэта звычайная бразготка,- адказала Аліса, разглядзеўшы цацку, якая ляжала там.- Яна не зробіць табе нічога благога, ані,- хутка дадала яна, вырашыўшы, што той напалохаўся,- Толькі старая бразготка... надта старая і да таго ж паламаная.

– Людцы добранькія!
– енчыў Цілідон, вырываючы валоссе з фрэзуры.- Яе зламалі! Хто?- ён паглядзеў на Цілідзіна, які сядзеў на зямлі, хаваючыся за парасонам.

Аліса звольнілася з яго рук і паспрабавала яго супакоіць:

– Ну, не пакутуй гэдак аб старой бразготцы.

– Але ж яна не старая. Ані,- стагнаў чалавечак, шалеючы з кожнай хвілінай яшчэ больш,- Кажу табе, яна была новая... Я толькі ўчора яе набыў... А мая ж найноўшая бразготачка!- яго голас ператварыўся на сапраўдны віск.

Тым часам Цілідзін змагаўся з парасонам, жадаючы зачыніць сабе там, гэта на колькі часу адцягнула Алісіну ўвагу ад яго лютуючага брата. Але ж у чалавечка нічога не атрымлівалася. Урэшце рэшт ён схаваўся ў парасоне, але галава ўсё адно была звонку. Цілідзін ляжаў на зямлі, хапаючы ротам паветра і лупаючы вачыма.

– Гэдак ён больш нагадвае рыбу, чым чалавека,- падумала Аліса.

– Здаецца, што павінна распачацца бойка,- супакоіўшыся прамовіў Цілідон.

– Прапанова прынята,- змрочна адказаў Цілідзін, вылязаючы з парасона,- толькі хай яна дапаможа нам падрыхтавацца.

Узяўшы адно аднаго за рукі, абодва сыйшлі кудысьці ў лес і праз хвіліну-другую вярнуліся несучы вялізную колькасць прыладаў для абароны: падушкі, коўдры, дыванкі, абрусы, жалезныя талеркі і вёдры для вугля.

– Трэба ўсё добра прывязаць! Ці ты зможаш?- уважліва спытаў Цілідон.- Трэба ўсё гэта да шчэнту на нас апрануць ды добра прымацаваць.

Потым Аліса распавядала, што за ўсё свае жыццё не бачыла большай мітусні, як ў той момант, пакуль яна дапамагала абодвум братам... а якую ж колькасць ўсяго яны пыталіся на сябе начапіць! І усё гэта дзяўчынцы трэба было замацаваць з дапамогаю кнопак і добра прывязаць.

– Гэдак яны ператворацца на кучы старой бялізны, калі я скончу!- вырашыла Аліса, прымацоўваючы падушку да шыі Цілідзіна.

– Гэта перашкодзіць яму адсячы мне галаву,- канстатаваў ён, а потым сур’ёзным тонам дадаў,- застацца без галавы... гэта самае кепскае, што можа стацца падчас бойкі.

Аліса рассмяялася, але адразу ж зрабіла выгляд, што закхекалася, каб не пакрыўдзіць чалавечка.

– Ці не вельмі я бляднючы?- спытаў Цілідон, калі дзяўчынка прывязвала да яго галавы шлем. (Дакладней тое, што ён называў шлемам, хаця гэта больш нагадвала звычайную каструлю.)

– Самую крышачку,- далікатна адказала Аліса.

– Я вельмі адважны,- прашапатаў чалавечак,- але ж сёння ў мяне моцна баліць галава.

– А ў мяне зубы,- сказаў Цілідзін, падслухаўшы брата.- Мая хвароба мацнейшая за тваю!

– Тады вам сёння нельга біцца,- прамовіла дзяўчо, спадзеючыся, што гэдак зможа прымірыць змаганцаў.

– Але ж хаця б самая маленечкая бойка павінна адбыцца, нашто нам доўгае змаганне,- супакоіў Алісу Цілідон.- Колькі зараз часу?

– А палове на пятую,- адказаў Цілідзін, гледзячы на гадзіннік.

– Ну вось, паб’емся гэдак да шостай гадзіны і абедаць!

– Выдатна,- крыху маркотна адказаў яму брат,- а яна хай назірае... Толькі глядзі, не падыходзь надта блізка,- дадаў ён,- Падчас бойкі ты можаш трапіць пад маю гарачую руку. Калі я моцна раззлуюся, я б’ю па ўсім што бачу!

– А я ўвогуле разбураю ўсё да чаго дацягнуся,- крычаў Цілідон,- бачу я гэта ці не!

– Дык вы гэдак ўсе дрэвы пашкодзіце,- рассмяяўшыся прамовіла Аліса.

– Думаю,- сказаў Цілідзін азіраючыся па баках з усмешкаю задавальнення,- калі мы скончым, вакол нас будуць адны трэскі.

– І ўсё з-за нейкай бразготкі,- уздыхнула дзяўчынка, усё яшчэ спадзеючыся пасароміць іх за тое, што б’юцца з-за такой дробязі.

– Мне таксама не хочацца гэтага рабіць,- сказаў Цілідон,- але ж яна была зусім новай.

– Хучшэй бы ўжо варона прыляцела,- падумала Аліса.

– У нас толькі адна шабля на дваіх,- сказаў Цілідон брату,- але ў цябе ёсць парасон, а ён, ведаеш, які востры. Тым не менш трэба пачынаць шпарчэй. Бо хутка тут будзе цёмна, як у склепе.

– І нават яшчэ цямней,- заявіў Цілідзін.

Сцямнела настолькі раптоўна, што Аліса вырашыла, што набліжаюцца грымоты.

– Якая вялізная чорная хмара,- заўважыла яна-. І як хутка набліжаецца! Здаецца яна мае крылы!

– Варона!- у непакоі завішчаў Цілідон і абодва браты, схапіўшы ногі ў рукі, праз імгненне зніклі.

Поделиться с друзьями: