Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса
Шрифт:
Самым жа дзіўным было тое, што дрэвы, і ўвогуле мясцовасць, заставаліся на месцы, як бы хутка яны не беглі. “Няўжо яны рухаюцца разам з намі?”- разгублена падумала небарака Аліса. А Каралева, нібы пачуўшы яе думкі, крычала яшчэ грамчэй: “Не размаўляць! Рухацца!”
Але Аліса і не збіралася гэтага рабіць. Яна так моцна запыхалася, што вырашыла, ў яе наўрацці атрымаецца загаварыць калі-небудзь. Каралева ж працягвала яе падштурхоўваць і цянуць далей.
– Ці хутка ўжо?- праз сілу спытала дзяўчынка.
– Амаль!- прамовіла Каралева,- Мы апынуліся там дзесяць хвілін таму! Хутчэй!- і колькі часу яны працягвалі моўчкі, усё што чула Аліса, гэта вецер, які свістаў у яе вушах і здавалася хутка абарве з галавы ўсё валоссе.
– Давай! Давай!- працягвала крычаць Каралева.- Хуценька! Хуценька!- І яны пабеглі так хутка, што здавалася ляцяць у паветры, ледзь кранаючыся зямлі нагамі. Раптам, калі Аліса ўжо ўшчэнт стамілася, яны спыніліся, і дзяўчынка села на зямлю. Яна ледзь дыхала, і ў яе моцна круцілася галава.
Каралева прытулілася да дрэва і з пяшчотай прамовіла:
– Цяпер, можаш крыху адпачыць!
Аліса здзіўлена азірнулася:
– Мы так і засталіся пад гэтым дрэвам! Няўжо?!
– Зразумела!- адказала Каралева.- А ты хацела інакш?
– У маёй краіне,- задыхаючыся прамовіла Аліса,- калі б мы беглі доўгі час гэтак жа хутка, мы бы абавязкова трапілі бы ў іншае месца.
– Якая дзікая краіна,- адказала Чорная Каралева.- У нас трэба бегчы з усяе сілы, каб застацца на месцы. А каб патрапіць кудысьці, хуткасць павінна быць ўдвая большай!
– Лепш не будзем спрабаваць,- усклікнула дзяўчо.- Мне і тут падабаецца - толькі я ўся ўзапрэла ды адчуваю моцную смагу.
– Ведаю, як табе дапамагчы,- далікатна сказала Каралева і дастала невялічкую скрыначку з кішэні,- Трымай печыўка!
Спачатку Аліса шляхетна вырашыла адмовіцца, але сіл на гэта ў яе ўжо не засталося. Таму ўзяла слодыч і праз сілу пачала есці. Печыва было вельмі сухое, і дзяўчынка вырашыла, што ёй ніколі яго не з’есці.
– Ну, цяпер лепш?- спытала Каралева,- А зараз мне трэба правесці некаторыя вымярэнні. Яна выцягнула з кішэні рулетку і пачала вымяраць зямлю, утыкаючы сюды-туды невялічкія слупкі дзеля арыентыроўкі.
– Праз два метры,- утыкнуўшы чарговы арыентыр сказала яна,- Я дам табе апошнія настаўленні!.. Яшчэ печыўка?..
– Не, дзякуй вам,- адказала Аліса,- мне ўжо до!
– Спадзяюся, твая смага скончылася,- сказала Каралева.
Аліса ня ведала, што і казаць, але на шчасце Каралева і не чакала адказу, яна працягвала:
– Яшчэ праз тры метры, я іх паўтару, каб ты нічога не забылася. Праз чатыры, мы развітаемся. А праз пяць, я адыйду!
Каралева ўтыкнула апошні слупок і вярнулася да дрэва, дзе за яе працай з цікавасцю назірала Аліса, яны пачалі рух уздоўж атрымаўшыхся арыентыраў.
Праз два метры, жанчына пачала настаўленні:
– Пешка, як ты ведаеш, першым ходам можа перамясціцца праз клетку. Так што праз Трэцюю клетку ты праедзеш па чыгунцы і хуценька апынешся на Чацвёртай. Там ты сустрэнеш Цілідона ды Цілідзіна... Пятая запоўненая вадою... На Шостай жыве Ханьці-Данці... Ты маеш якія заўвагі?
– Я... Я нават няведаю, што казаць,- нерашуча адказала Аліса.
– Ты, напрыклад, магла б прамовіць: “Я вельмі ўдзячная вам, за вашыя настаўленні!”... уявім, што ты гэдак і сказала... На Сёмай клетцы - лес... але адзін з Вершнікаў будзе клапаціцца пра цябе... А на Восьмай, мы адсвяткуем тваю Каранацыю і зладзім шыкоўны баль.
Аліса паднялася, зрабіла рэверанс і зноў прысела.
Ля наступнага арыентыра Чорная Каралева зноў звярнулася да дзяўчынкі:
– Калі не ведаеш, што казаць, кажы французкаю... назірай за тым, як ходзіш... і не забывайся, хто ты ёсць!
Не дачакаўшыся, калі Аліса зробіць чарговы рэверанс, яна хутка падыйшла да наступнага слупка, на імгненне павярнулася, каб развітацца і знікла.
Аліса не зразумела, як ў яе гэта атрымалася, але калі апынулася ля апошняга арыентыру, ад Каралевы нават і сляда не засталося. Ці то яна растала ў паветры, ці папросту хутка знікла ў бліжэйшым лесе (“Што, што, а бегае яна хутка!”- падумала дзяўчо), невядома як, але Каралева адыйшла. Тут Аліса прыгадала, што цяпер яна Пешка і ёй трэба рабіць ход.
Раздзел III
Насякомыя З-за Люстэрка
Зразумела, перш чым пачаць вандроўку, Аліса вырашыла зрабіць ўсебаковы агляд краіны.
– Першапачаткова,- падумала яна, устаўшы на пальчыкі, каб бачыць, як мага далей,- трэба разабрацца з Геаграфіяй Краіны: Галоўныя рэкі - адсутнічаюць. Галоўныя горы – адзіная, і я на ёй стаю, але не думаю, што яна мае якуюсь назву. Галоўныя гарады -... о, што там за істоты ляцяць роем? Ніколі не бачыла пчол такога вялікага памеру.
Колькі часу дзяўчынка стаяла моўчкі, назіраючы за дзівоснымі насякомымі, што мітусіліся па-над кветкамі, збіраючы з іх мёд. Гэта былі не пчолы, а... сланы. Ад падобнай вынаходкі ў Алісы на якісьці час перахапіла дыханне.
– Пэўна і кветкі павінны быць велізарнымі,- прыйшло ёй ў галаву,- сапраўдныя дамы на сцяблінках, уяўляю колькі ў іх можа быць мёду! Мабыць падыйсці бліжэй і... не, лепш не трэба,- стрымалася Аліса, ужо гатовая збегчы з узгорка і паспрабавала знайсці апраўданне сваёй раптоўнай баязлівасці.- Каб ад іх адмахвацца, трэба знайсці галінку памерам з дрэва... Як будзе смешна, калі ў мяне будуць пытацца аб маёй вандроўцы. Скажу: “Ну, з большага было дастаткова добра,- (Аліса, крыху хіснула галавою ў бок, гэта быў яе улюбёны жэст),- толькі вельмі пыльна і спякотна, а яшчэ гэтыя сланы лятаючыя па-над самым вухам!”
– Як-небудзь ў наступны раз,- крыху пачакаўшы сказала дзяўчынка,- сланы ад мяне нікуды не збягуць. Тым больш, мне трэба рабіць першы ход!
Супакоіўшы гэдак сваю дапытлівасць, Аліса спусцілася з узгорку і пераскочыла першы з пяці невялічкіх ручаёў.
– Рыхтуйце вашыя квіткі,- аб’явіў Кантралёр, сунуўшы галаву ў акенца. Праз імгненне, усі, як адзін, прадэманстравалі свае квіткі, памерам з добрага чалавека, і здавалася, запоўніўшы імі ўвесь вагон.
– Так! А дзе твой квіток, дзіця?- спытаў Кантралёр, гледзячы на спалоханую Алісу, а пасажыры вагону разам (“Як той хор!”- вырашыла Аліса) прамовілі:
– Не прымушай яго чакаць, дзіця! Ці ты ведаеш, што яго час каштуе - тысяча фунтаў за кожную хвіліну?!
– Я шчыра прашу прабачэння, але ў мяне няма квітка,- баязліва прамовіла Аліса,- Там, дзе я села, не было касы.
– Дзеля касы не было месца,- адказаў Хор Пасажыраў.- Ці ты ведаеш, што зямля там каштуе - тысяча фунтаў за кожную пядзю?!
– Гэта не дае табе апраўдання,- адказаў Кантралёр,- Ты павінна была набыць квіток у машыніста.
– У чалавека які кіруе цягніком,- заявіў Хор Пасажыраў.- Ці ты ведаеш, што дым цягніка каштуе - тысяча фунтаў за кожнае кольца?!